1. Законам аб змяненні Канстытуцыі (пункт 1 артыкула 1) артыкул 67 Канстытуцыі, які прадугледжвае, што выбары дэпутатаў з'яўляюцца прамымі: дэпутаты выбіраюцца грамадзянамі непасрэдна, дапаўняецца часткай, згодна з якой выбары дэпутатаў праводзяцца ў адзіны дзень галасавання.
Увядзенне адзінага дня галасавання для выбараў дэпутатаў як Палаты прадстаўнікоў, так і мясцовых Саветаў дэпутатаў Канстытуцыйным Судом прызнана канстытуцыйна мэтазгодным, паколькі садзейнiчае скарачэнню арганізацыйных і фінансавых выдаткаў на правядзенне выбараў, стварэнню дадатковых зручнасцей для выбаршчыкаў і ўмоў для больш якаснай работы выбарчых камісій усіх узроўняў. Акрамя таго, адначасовае правядзенне выбараў дэпутатаў дазваляе грамадска-палітычным сілам краіны планамерна рыхтавацца да выбарчага працэсу.
Канстытуцыйны Суд у рашэнні ўказаў, што сумяшчэнне дзён галасавання па выбарах дэпутатаў не парушае прававых гарантый рэалізацыі канстытуцыйных правоў грамадзян Рэспублікі Беларусь на ўдзел у вырашэнні дзяржаўных спраў праз свабодна выбраных прадстаўнікоў, прынцыпаў выбарчай сістэмы і адпавядае палажэнням часткі першай артыкула 1, часткі першай артыкула 3, часткі першай артыкула 37, артыкулаў 38, 64–68, часткі першай артыкула 93, артыкула 118 Канстытуцыі, устанаўлівае канстытуцыйна-прававое рэгуляванне ў межах, дапушчальных палажэннямі раздзелаў I і II Канстытуцыі.
2. У адпаведнасці з пунктам 2 артыкула 1 Закона аб змяненні Канстытуцыі змяняецца тэрмін паўнамоцтваў мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць восьмага склікання. Канстытуцыя дапаўняецца артыкулам 147, згодна з якім мясцовыя Саветы дэпутатаў дваццаць восьмага склікання ажыццяўляюць свае паўнамоцтвы да пачатку паўнамоцтваў мясцовых Саветаў дэпутатаў, выбраных у адзіны дзень галасавання.
Канстытуцыйны Суд указаў, што ў Канстытуцыі не змяшчаецца норм, якія забараняюць прадаўжэнне тэрміну паўнамоцтваў мясцовых Саветаў дэпутатаў. Змяненне тэрміну паўнамоцтваў мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць восьмага склікання выклікана аб'ектыўнай неабходнасцю, якая ўзнікла ў сувязі з устанаўленнем адзінага дня галасавання, і ажыццяўляецца ў мэтах пераходу на правядзенне выбараў у адпаведнасці з Законам аб змяненні Канстытуцыі і сумяшчэння дзён галасавання па выбарах дэпутатаў.
Змяненне тэрміну паўнамоцтваў мясцовых Саветаў дэпутатаў указанага склікання забяспечвае сінхранізацыю пераходу выбараў дэпутатаў на адначасовае галасаванне, з'яўляецца часовай мерай, разлічанай толькі на пераходны перыяд. Гэта дазволіць правесці выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў дваццаць дзевятага склікання адначасова з выбарамі дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў восьмага склікання.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што прававое рэгуляванне, якое ажыццяўляецца Законам аб змяненні Канстытуцыі на пераходны перыяд, адпавядае прынцыпам разумнасці і мэтазгоднасці, абумоўлена ўвядзеннем адзінага дня галасавання для правядзення выбараў дэпутатаў, з'яўляецца выключнай мерай і не можа разглядацца як мера, якая носіць канстытуцыйна недапушчальны характар. Такое прававое рэгуляванне не з'яўляецца адступленнем ад прынцыпаў перыядычнасці выбараў мясцовых Саветаў дэпутатаў і бесперапыннасці іх дзейнасці, не перашкаджае рэалізацыі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь правоў удзельнічаць у вырашэнні дзяржаўных спраў праз выбраных прадстаўнікоў, свабодна выбіраць і быць выбранымі ў дзяржаўныя органы, а таксама выбарчых правоў (частка першая артыкула 3, частка першая артыкула 37, артыкулы 38, 64–68 і 118 Канстытуцыі).
3. Канстытуцыйны Суд адзначыў, што Закон аб змяненні Канстытуцыі прыняты ў парадку, які адпавядае нормам пункта 1 часткі першай артыкула 97, пункта 1 часткі першай артыкула 98, артыкула 139, часткі першай артыкула 140 Канстытуцыі.
Ацаніўшы змест норм Закона аб змяненні Канстытуцыі, Канстытуцыйны Суд зрабіў вывад, што ўстанаўліваемае канстытуцыйнае рэгуляванне адпавядае фундаментальным палажэнням Канстытуцыі аб асновах канстытуцыйнага ладу (раздзел I), правах чалавека і грамадзяніна (раздзел II), парадку змянення Канстытуцыі (раздзел VIII), іншым яе палажэнням, удасканальвае канстытуцыйна-прававое рэгуляванне грамадскіх адносiн па выбарах дэпутатаў і рэалізацыі выбарчых правоў грамадзян Рэспублікі Беларусь.