Прэзідэнту
Рэспублiкi Беларусь
Палаце прадстаўнікоў
Нацыянальнага сходу
Рэспублікі Беларусь
Савету Рэспублікі
Нацыянальнага сходу
Рэспублiкi Беларусь
ПАСЛАННЕ
КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ
АБ СТАНЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАЙ ЗАКОННАСЦІ
Ў РЭСПУБЛIЦЫ БЕЛАРУСЬ У 2020 ГОДЗЕ
Канстытуцыя, якая з’яўляецца па сутнасці грамадскім дагаворам аб прынцыпах дзяржаўнага і грамадскага ладу, змяшчае фундаментальныя палажэнні, што выступаюць рэгулятарамі сістэмы палітычных, эканамічных і сацыяльных адносін, служыць прававой асновай стратэгіі развіцця суверэннай Беларусі.
Вяршэнства і прамое дзеянне Канстытуцыі ў нарматворчасці і правапрымяненні, паслядоўная рэалізацыя канстытуцыйных ідэй, каштоўнасцей, прынцыпаў і норм у штодзённай жыццядзейнасці дзяржавы і грамадства забяспечваюць канстытуцыяналізацыю грамадскіх адносін, эфектыўнае функцыянаванне дзяржаўнай улады, дзейснасць канстытуцыйна-прававых механізмаў абароны правоў і свабод грамадзян.
Згодна з Канстытуцыяй адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца народ – гэта вызначае сутнасць канстытуцыйнага ладу і палітыка-прававога стану грамадскіх адносін.
У мінулым годзе ў адпаведнасці з нормамі Канстытуцыі і заснаванага на іх выбарчага заканадаўства беларускі народ выбраў А.Г.Лукашэнка Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
Воля народа, выказаная на выбарах, рэалізуе народны суверэнітэт, надае канстытуцыйным прынцыпам народаўладдзя рэальнае ўвасабленне, выступае народнай гарантыяй захавання стабільнасці і бяспекі дзяржавы.
Рэспубліка Беларусь ідзе па эвалюцыйным канстытуцыйным шляху развіцця, у аснове якога ляжаць выпрацаваныя ў працэсе самавызначэння нацыі канстытуцыйна-прававыя традыцыі, маральныя і духоўныя ідэалы і каштоўнасці.
Пры гэтым грамадскія адносіны ў сучасным інфармацыйным грамадстве ўсё ў большай ступені спалучаны з прымяненнем лічбавых тэхналогій. Узнікненне новых праваадносін у лічбавай сферы, адаптацыя традыцыйных прававых інстытутаў да інфармацыйна-лічбавай прасторы становяцца аб’ектыўнай рэальнасцю трансфармацыі права.
Далейшае развіццё аптымальна неабходных канстытуцыйна-прававых асноў функцыянавання грамадства і дзяржавы, забеспячэння і абароны правоў, свабод і годнасці асобы ў новых умовах лічбавай рэальнасці базіруецца на прынцыпах дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы, вяршэнства права, паслядоўнай прыхільнасці канстытуцыйным каштоўнасцям, прынцыпам і мэтам.
Дзейнасць Канстытуцыйнага Суда як органа канстытуцыйнага кантролю ў мінулым годзе была накіравана на зацвярджэнне вяршэнства Канстытуцыі, забеспячэнне канстытуцыйнай законнасці, абарону канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян праз ажыццяўленне канстытуцыйнага правасуддзя.
I
Рэалізуючы на падставе артыкула 116 Канстытуцыі, артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкулаў 98–106 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве» паўнамоцтва па абавязковым папярэднім кантролі канстытуцыйнасці законаў, прынятых Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд правярае на адпаведнасць Канстытуцыі заканадаўчыя палажэнні.
У 2020 годзе ў парадку ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю Канстытуцыйны Суд праверыў канстытуцыйнасць 44 законаў, прынятых Парламентам.
1. У рашэннях Канстытуцыйнага Суда сфармуляваны прававыя пазіцыі, якія канстатуюць, што ўдасканальванне заканадаўчага рэгулявання грунтуецца на канстытуцыйных прынцыпах і нормах, выпрацоўваюцца прававыя механізмы для забеспячэння абароны правоў і свабод чалавека як найвышэйшай каштоўнасці і мэты дзяржавы і грамадства.
1.1. У рашэнні па праверцы змянення Закона Рэспублікі Беларусь «О государственных символах Республики Беларусь» адзначана, што згодна з Канстытуцыяй дзяржаўныя сімвалы ўвасабляюць суверэнную дзяржаўнасць Рэспублікі Беларусь (артыкул 19). У дзяржаўных сімвалах адлюстроўваюцца гістарычна абумоўленыя светапоглядныя пачаткі і цівілізацыйныя мэты развіцця народа Беларусі як дзяржаваўтвараючага суб’екта, яго менталітэт, базавыя маральна-духоўныя імператывы і эстэтычныя перавагі. Дзяржаўны сцяг і Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь сімвалізуюць працавітасць беларускага народа, яго талерантнасць, мудрасць, імкненне да свабоды і справядлівасці, міралюбівы характар, сілу і працвітанне беларускай дзяржавы, а таксама прыгажосць і ўнікальнасць прыроды Беларусі.
Замацаванне заканадаўцам патрабаванняў аб адпаведнасці Дзяржаўнага сцяга і выяў Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба эталонам, якія прадугледжваюцца палажэннямі правяраемага Закона, дазваляе пазбегнуць скажэнняў пры ўзнаўленні дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, улічваючы неабходнасць праяўлення да іх належнай павагі, а таксама фарміравання аднастайнай практыкі прымянення прававых норм аб адказнасці за парушэнне прадпісанняў Закона «О государственных символах Республики Беларусь» (рашэнне ад 26 снежня 2020 г. па Законе Рэспублікі Беларусь «Об изменении Закона Республики Беларусь «О государственных символах Республики Беларусь»).
1.2. У рашэнні па праверцы канстытуцыйнасці Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях указана, што ўстанаўліваемая заканадаўцам індывідуалізацыя адміністрацыйнай адказнасці ў залежнасці ад цяжару ўчыненага, памеру і характару прычыненага ўрону, ступені віны правапарушальніка і іншых істотных акалічнасцей павышае папераджальнае ўздзеянне адміністрацыйных спагнанняў, узмацняе абарону правоў і законных інтарэсаў асоб, умацоўвае законнасць і правапарадак, забяспечвае выкананне дзяржавай устаноўленага ў частцы першай артыкула 59 Канстытуцыі абавязку па прыняцці ўсіх даступных ёй мер для стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй (рашэнне ад 28 снежня 2020 г. па Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях).
2. У рашэннях Канстытуцыйнага Суда звярталася ўвага, што з канстытуцыйных палажэнняў аб сацыяльнай дзяржаве вынікае абавязак дзяржавы забяспечваць рост дабрабыту грамадзян, ствараць умовы для паляпшэння іх жыцця, садзейнічаць развіццю іх эканамічнай актыўнасці.
2.1. У рашэнні аб змяненні законаў па пытаннях аховы здароўя і аказання псіхалагічнай дапамогі адзначана, што прававым рэгуляваннем сістэмы кіравання якасцю медыцынскай дапамогі ўдасканальваецца прававы механізм павышэння якасці дзейнасці арганізацый аховы здароўя, аказання даступнай, якаснай, бяспечнай медыцынскай дапамогі на аснове сістэмы паказчыкаў якасці і методыкі іх ацэнкі для фарміравання больш эфектыўнай мадэлі аховы здароўя, што адпавядае нормам Канстытуцыі аб Рэспубліцы Беларусь як сацыяльнай дзяржаве (частка першая артыкула 1), у якой чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы (частка першая артыкула 2), аб праве кожнага на жыццё (частка першая артыкула 24), аб гарантаванні грамадзянам Рэспублікі Беларусь права на ахову здароўя, стварэнні дзяржавай умоў даступнага для ўсіх грамадзян медыцынскага абслугоўвання (часткі першая і другая артыкула 45) (рашэнне ад 1 снежня 2020 г. па Законе Рэспублікі Беларусь «Об изменении законов по вопросам здравоохранения и оказания психологической помощи»).
2.2. У рашэнні па праверцы канстытуцыйнасці змянення законаў па пытаннях пенсіённага забеспячэння і дзяржаўнага сацыяльнага страхавання ўказана, што ўносімыя змяненні, якія датычацца прававога рэгулявання ўмоў і парадку назначэння пенсій асобным катэгорыям грамадзян, адпавядаюць канстытуцыйнаму прынцыпу сацыяльнай справядлівасці, уласціваму сацыяльнай дзяржаве, і палажэнню часткі першай артыкула 32 Канстытуцыі аб тым, што сям’я, мацярынства, бацькоўства і дзяцінства знаходзяцца пад абаронай дзяржавы (рашэнне ад 1 снежня 2020 г. па Законе Рэспублікі Беларусь «Об изменении законов по вопросам пенсионного обеспечения и государственного социального страхования»).
2.3. У рашэнні па праверцы канстытуцыйнасці змянення Закона Рэспублікі Беларусь «О государственных минимальных социальных стандартах» адзначана, што новай рэдакцыяй палажэнняў гэтага Закона, якая прадугледжвае, што нароўні з мінімальнай заработнай платай (месячнай і пагадзіннай) да дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартаў у галіне аплаты працы адносяцца тарыфы аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый, якія вызначаюцца па базавай стаўцы і каэфіцыентах тарыфнага разраду тарыфнай сеткі (кратных памерах базавай стаўкі), удасканальваецца прававы механізм рэалізацыі канстытуцыйных правоў грамадзян у сацыяльнай сферы на аснове забеспячэння дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартаў у галіне аплаты працы ў мэтах павышэння ўзроўню жыцця і забеспячэння ўстойлівага развіцця грамадства, што адпавядае палажэнням Канстытуцыі, згодна з якімі кожны мае права на годны ўзровень жыцця, уключаючы дастатковае харчаванне, адзенне, жыллё і пастаяннае паляпшэнне неабходных для гэтага ўмоў; дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (часткі другая і трэцяя артыкула 21) (рашэнне ад 1 снежня 2020 г. па Законе Рэспублікі Беларусь «Об изменении законов»).
3. Пры праверцы канстытуцыйнасці законаў эканамічнага зместу Канстытуцыйны Суд зыходзіў з таго, што для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця ва ўмовах глабалізацыі і дынамізму інтэграцыйных працэсаў неабходны сучасныя падыходы да фарміравання заканадаўчага рэгулявання адносін у сферы эканомікі.
3.1. У рашэнні аб змяненні законаў па пытаннях гаспадарчых таварыстваў указана, што ўстанаўліваемае заканадаўчае рэгуляванне прававога статусу закрытага акцыянернага таварыства, правоў удзельнікаў такога таварыства на адчужэнне прыналежных ім акцый, у тым ліку магчымасці выбару як спосабу адчужэння, так і контрагента па здзелцы, забяспечвае баланс правоў і законных інтарэсаў асобных удзельнікаў таварыства, правоў і законных інтарэсаў самога таварыства і іншых яго членаў, адпавядае канстытуцыйнаму праву грамадзян на свабоднае выкарыстанне здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці.
У гэтым жа рашэнні адзначана, што ажыццяўляемае заканадаўчае рэгуляванне адносін па ўдзеле ў дзейнасці гаспадарчага таварыства і (або) кіраванні ім забяспечвае дадатковыя механізмы павышэння эфектыўнасці дзейнасці членаў органаў кіравання гаспадарчага таварыства, а таксама работнікаў, фарміруе ў іх зацікаўленасць у доўгатэрміновым развіцці гаспадарчага таварыства, стварае канкурэнтныя ўмовы на рынку працы ў спалучэнні з партнёрскімі адносінамі і тым самым рэалізуе палажэнні частак чацвёртай і пятай артыкула 13 Канстытуцыі, а таксама адпавядае частцы першай артыкула 42 Канстытуцыі, што прадугледжвае гарантаванне асобам, якія працуюць па найме, справядлівай долі ўзнагароджання ў эканамічных выніках працы ў адпаведнасці з яе колькасцю, якасцю і грамадскім значэннем (рашэнне ад 26 снежня 2020 г. па Законе Рэспублікі Беларусь «Об изменении законов по вопросам хозяйственных обществ»).
3.2. У рашэнні аб змяненнях Закона Рэспублікі Беларусь «О государственном регулировании торговли и общественного питания в Республике Беларусь» указана, што ў сілу палажэнняў артыкула 13 ва ўзаемасувязі з пунктам 2 часткі першай артыкула 97 і пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі заканадавец мае права вызначаць парадак і ўмовы гандлю як віду прадпрымальніцкай дзейнасці, звязанай з набыццём і продажам тавараў. Удасканальванне прававога рэгулявання адносін у галіне гандлю і грамадскага харчавання для рэалізацыі адпаведнай інтарэсам і патрэбнасцям грамадства дзяржаўнай эканамічнай палітыкі ў дадзенай сферы садзейнічае рэалізацыі правоў і законных інтарэсаў юрыдычных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць гандаль, юрыдычных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць грамадскае харчаванне, прытрымліванню балансу эканамічных інтарэсаў названых суб’ектаў гаспадарання, а таксама забеспячэнню пры гэтым захавання правоў і законных інтарэсаў насельніцтва, што адпавядае палажэнню Канстытуцыі аб Рэспубліцы Беларусь як сацыяльнай дзяржаве (рашэнне ад 26 снежня 2020 г. па Законе Рэспублікі Беларусь «Об изменении Закона Республики Беларусь «О государственном регулировании торговли и общественного питания в Республике Беларусь»).
4. У рашэннях Канстытуцыйнага Суда адзначалася, што сучасныя працэсы лічбавізацыі закранулі прававое рэгуляванне многіх грамадскіх адносін, запатрабаваўшы ад заканадаўца адлюстравання прававымі сродкамі іх лічбавай састаўляючай, атаксама стварэння прававых умоў для далейшага ўкаранення лічбавых інавацый.
4.1. У рашэнні па праверцы канстытуцыйнасці змянення Гаспадарчага працэсуальнага, Грамадзянскага працэсуальнага, Крымінальна-працэсуальнага кодэксаў Рэспублікі Беларусь указана, што палажэнні правяраемага Закона, якімі прадугледжваецца выкарыстанне ў судаводстве сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, дапамагаюць дакладнаму і паслядоўнаму адлюстраванню ходу судовага разбору, вынясенню законных і абгрунтаваных судовых пастаноў у адпаведнасці з даследаванымі ў судовым пасяджэнні доказамі, гарантуюць ажыццяўленне дзейснага кантролю вышэйстаячымі судовымі інстанцыямі за выкананнем судамі патрабаванняў закона пры вырашэнні спраў і тым самым забяспечваюць рэалізацыю канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону яго правоў і свабод у поўным аб’ёме праз правасуддзе, якое адказвае крытэрыям адкрытасці, галоснасці і справядлівасці (рашэнне ад 8 ліпеня 2020 г. па Законе Рэспублікі Беларусь «Об изменении кодексов»).
4.2. У рашэнні аб змяненні законаў па пытаннях аховы здароўя і аказання псіхалагічнай дапамогі адзначана, што дапаўненне Закона Рэспублікі Беларусь «О здравоохранении» нормамі, якімі рэгулююцца адносіны па стварэнні, развіцці, суправаджэнні і эксплуатацыі цэнтралізаванай інфармацыйнай сістэмы аховы здароўя, аказанні медыцынскай дапамогі, медыцынскім назіранні і правядзенні медыцынскіх экспертыз з прымяненнем тэлемедыцынскіх тэхналогій, ва ўмовах развіцця лічбавай эканомікі, лічбавай трансфармацыі штодзённага жыцця грамадства садзейнічае стварэнню адзінай сістэмы электроннай аховы здароўя на аснове электроннай медыцынскай карты, іншых электронных медыцынскіх дакументаў, асабістага электроннага кабінета пацыента і інш., стварэнню адзінай інфармацыйнай прасторы грамадскіх адносін, якія ўзнікаюць пры ажыццяўленні медыцынскай, фармацэўтычнай дзейнасці, аказанні медыцынскай дапамогі, што адпавядае палажэнням Канстытуцыі, якія замацоўваюць права грамадзян Рэспублікі Беларусь на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў (частка першая артыкула 34), а таксама права на ахову здароўя (частка першая артыкула 45) (рашэнне ад 1 снежня 2020 г. па Законе Рэспублікі Беларусь «Об изменении законов по вопросам здравоохранения и оказания психологической помощи»).
4.3. У рашэнні аб змяненні законаў па пытаннях выканаўчага вядзення ўказана, што нормамі правяраемага Закона, якія рэгламентуюць пытанні прымянення ў выканаўчым вядзенні сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, забяспечваецца лічбавізацыя грамадскіх адносін у сферы прымусовага выканання выканаўчых дакументаў, ствараюцца дадатковыя магчымасці для больш дзейснай абароны правоў і законных інтарэсаў бакоў у выканаўчым вядзенні, аптымізацыі расходаў па выкананні выканаўчых дакументаў, эфектыўнага вырашэння дзяржаўнымі органамі задач выканаўчага вядзення і рэалізацыі функцый, аднесеных да іх кампетэнцыі, што адпавядае палажэнням часткі першай артыкула 2, часткі першай артыкула 21 і часткі першай артыкула 59 Канстытуцыі (рашэнне ад 28 снежня 2020 г. па Законе Рэспублікі Беларусь «Об изменении законов по вопросам исполнительного производства»).
5. Пры праверцы канстытуцыйнасці законаў, што ўстанаўліваюць палажэнні, якія абмяжоўваюць або іншым спосабам закранаюць правы і свабоды асобы, у рашэннях Канстытуцыйнага Суда падкрэслівалася, што прававыя абмежаванні павінны забяспечваць баланс паміж канстытуцыйнымі правамі і свабодамі грамадзян іпублічнымі інтарэсамі дзяржавы і грамадства. Любыя абмежаванні канстытуцыйных правоў і свабод павінны быць не толькі юрыдычна дапушчальнымі, сацыяльна апраўданымі, але і справядлівымі, неабходнымі і суразмернымі канстытуцыйна прызнаваемым мэтам такіх абмежаванняў.
5.1. У рашэнні па праверцы канстытуцыйнасці Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях звернута ўвага, што прадугледжваемыя гэтым Кодэксам меры забеспячэння адміністрацыйнага працэсу, у тым ліку адміністрацыйнае затрыманне фізічнай асобы, накладанне арышту на маёмасць, будучы па сваёй сутнасці мерамі працэсуальнага прымусу, у пэўнай ступені абмяжоўваюць правы і свабоды грамадзян, правы і законныя інтарэсы юрыдычных асоб.
Канстытуцыйным Судом выказана прававая пазіцыя аб тым, што палажэнні названага Кодэкса, якія вызначаюць прававы механізм прымянення мер забеспячэння адміністрацыйнага працэсу, адпавядаюць нормам Канстытуцыі і палажэнням міжнародна-прававых актаў, паколькі гэтыя меры абмежавальнага характару не скажаюць сутнасці канстытуцыйных правоў і свабод, не вядуць да страты іх рэальнага зместу, прымяняюцца толькі ў адносінах да пэўных катэгорый асоб і за ўчыненне асобных канкрэтных правапарушэнняў. Такія абмежаванні ўлічваюць прынцыпы прапарцыянальнасці, справядлівасці і гуманізму, з’яўляюцца сродкамі прававой абароны грамадскага парадку, правоў і свабод іншых асоб і суразмерныя мэтам і каштоўнасцям, якія абараняюцца Канстытуцыяй (рашэнне ад 28 снежня 2020 г. па Працэсуальна-выканаўчым кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях).
5.2. У рашэнні аб змяненні законаў па пытаннях выканаўчага вядзення ўказана, што палажэнні Закона Рэспублікі Беларусь «Об исполнительном производстве», якімі вызначаюцца выпадкі часовага абмежавання правоў даўжніка і яго маёмасці ў выканаўчым вядзенні, заснаваны на канстытуцыйных палажэннях аб адказнасці грамадзяніна перад дзяржавай за няўхільнае выкананне абавязкаў, ускладзеных на яго Канстытуцыяй, аб абавязковасці судовых пастаноў для ўсіх грамадзян і службовых асоб (частка другая артыкула 2, частка другая артыкула 115 Канстытуцыі) і маюць на мэце аднаўленне парушаных правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян, юрыдычных асоб, прытрымлівання і аховы інтарэсаў дзяржавы, у сувязі з чым прадугледжваемыя абмежаванні з’яўляюцца апраўданымі, дапушчальнымі, не празмернымі і прапарцыянальнымі інтарэсам, указаным у частцы першай артыкула 23 Канстытуцыі (рашэнне ад 28 снежня 2020 г. па Законе Рэспублікі Беларусь «Об изменении законов по вопросам исполнительного производства»).
6. У шэрагу рашэнняў Канстытуцыйнага Суда адзначалася, што ва ўмовах трансфармацыі прававой сістэмы рэгуляванне грамадскіх адносін ажыццяўляецца нароўні з актамі нацыянальнага заканадаўства таксама актамі міжнароднага і наднацыянальнага права з мэтай стварэння неабходных прававых механізмаў для эфектыўнага рэгулявання эканамічнай і іншай дзейнасці ў інтарэсах чалавека іграмадства.
6.1. У рашэнні па праверцы змянення законаў па пытаннях медыяцыі адзначана, што прыняцце Закона абумоўлена неабходнасцю рэалізацыі ў нацыянальным заканадаўстве палажэнняў Канвенцыі аб міжнародных міравых пагадненнях, дасягнутых у выніку медыяцыі, прынятай Генеральнай Асамблеяй ААН 20 снежня 2018 года (ратыфікавана Законам Рэспублікі Беларусь ад 25 чэрвеня 2020 г.), у мэтах прымянення медыяцыі як спосабу вырашэння міжнародных камерцыйных спрэчак, стварэння прававога механізма прызнання і прывядзення ў выкананне на тэрыторыі краіны міжнародных медыятыўных пагадненняў, дасягнутых у выніку працэдуры пазасудовай медыяцыі, пашырэння магчымасцей суб’ектаў гаспадарання ў выбары сродкаў урэгулявання спрэчак для забеспячэння сваіх правоў і законных інтарэсаў у міжнародных эканамічных зносiнах (рашэнне ад 28 снежня 2020 г. па Законе Рэспублікі Беларусь «Об изменении законов по вопросам медиации»).
6.2. У рашэнні аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «О лекарственных средствах» указана на ўдасканальванне шэрагу норм гэтага Закона ў мэтах узгаднення іх з нормамі Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе ад 29 мая 2014 года, а таксама прынятых на яго падставе іншых міжнародна-прававых актаў, якія састаўляюць права Еўразійскага эканамічнага саюза.
Канстытуцыйным Судом звернута ўвага, што замацоўваемыя ўказаным Законам патрабаванні да вытворчасці лекавых сродкаў на падставе ліцэнзіі ў адпаведнасці з Правіламі належнай вытворчай практыкі Еўразійскага эканамічнага саюза і палажэннямі Пагаднення аб адзіных прынцыпах і правілах абарачэння лекавых сродкаў у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза ад 23 снежня 2014 года з’яўляюцца адной з сістэм кантролю якасці фармацэўтычнай прадукцыі, гарантыяй забеспячэння канстытуцыйных правоў грамадзян Рэспублікі Беларусь на ахову здароўя, уключаючы бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных установах аховы здароўя, і на даступнае медыцынскае абслугоўванне (часткі першая і другая артыкула 45 Канстытуцыі), належная рэалізацыя якіх выступае важнейшай састаўляючай сацыяльнай дзяржавы (частка першая артыкула 1 Канстытуцыі), у якой рэгуляванне эканамічнай дзейнасці ажыццяўляецца ў інтарэсах чалавека і грамадства (частка пятая артыкула 13 Канстытуцыі), і адпавядаюць праву Еўразійскага эканамічнага саюза (рашэнне ад 5 мая 2020 г. па Законе Рэспублікі Беларусь «Об изменении Закона Республики Беларусь «О лекарственных средствах»).
7. У шэрагу рашэнняў Канстытуцыйны Суд, адзначаючы рэалізацыю у правяраемых законах канстытуцыйных палажэнняў, указваў на неабходнасць павышэння якасці і эфектыўнасці нарматворчасці, удасканальвання прававых механізмаў рэгулявання грамадскіх адносін для дасягнення канстытуцыйных мэт і развіцця канстытуцыйных каштоўнасцей.
7.1. У рашэнні аб змяненні Закона «О лекарственных средствах» падкрэслена, што ў мэтах узмацнення гарантый мінімізацыі рызык для суб’ектаў клінічных даследаванняў (выпрабаванняў) лекавых сродкаў пры далейшым удасканальванні заканадаўства ў сферы абарачэння лекавых сродкаў заканадаўцу неабходна прадугледзець спецыяльныя прававыя механізмы забеспячэння правоў суб’ектаў клінічных даследаванняў (выпрабаванняў), уключаючы абавязковае страхаванне іх жыцця і здароўя.
У гэтым жа рашэнні адзначана, што ўстанаўліваемы ва ўказаным Законе парадак абарачэння лекавых сродкаў, у тым ліку іх рэалізацыі (аптовай і рознічнай), развівае нормы Канстытуцыі, згодна з якімі дзяржава надае ўсім роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, акрамя забароненай законам; гарантуе ўсім роўныя магчымасці свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці; забяспечвае накіраванне і каардынацыю дзяржаўнай і прыватнай эканамічнай дзейнасці ў сацыяльных мэтах (часткі другая, чацвёртая і пятая артыкула 13) для забеспячэння насельніцтва Рэспублікі Беларусь бяспечнымі, эфектыўнымі і якаснымі лекавымі сродкамі.
Разам з тым Канстытуцыйным Судом звернута ўвага заканадаўца на замацоўваемае ў частцы восьмай артыкула 25 Закона «О лекарственных средствах» палажэнне аб тым, што пры рознічнай рэалізацыі лекавых сродкаў юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі абавязаны ажыццяўляць сваю дзейнасць з выкананнем патрабаванняў Належнай аптэчнай практыкі, якія забараняюць аптэкам ажыццяўляць рознічную рэалізацыю лекавых сродкаў праз глабальную камп’ютэрную сетку Інтэрнэт. З улікам прымянення ў сістэме ахове здароўя электронных камунікацыйных тэхналогій, у тым ліку пераходу на выкарыстанне электронных рэцэптаў, улічваючы сфарміраваную практыку і міжнародны вопыт, у мэтах забеспячэння гарантаванага Канстытуцыяй права грамадзян Рэспублікі Беларусь на ахову здароўя заканадаўцу прапанавана ўстанавіць прававое рэгуляванне адносін, звязаных з дыстанцыйнай рознічнай рэалізацыяй аптэкамі лекавых сродкаў. Пры гэтым абавязковай умовай павінна быць забеспячэнне якасці і бяспекі рэалізуемых лекавых сродкаў (рашэнне ад 5 мая 2020 г. па Законе Рэспублікі Беларусь «Об изменении Закона Республики Беларусь «О лекарственных средствах»).
7.2. У рашэнні аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «О третейских судах» звернута ўвага, што ў мэтах рэалізацыі канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права заканадаўцу пры далейшым удасканальванні заканадаўства аб трацейскіх судах у рамках нададзенай яму дыскрэцыі, зыходзячы з неабходнасці забеспячэння балансу прыватных і публічных інтарэсаў, неабходна вызначыць пералік відаў спрэчак, якія не могуць быць перададзены на разгляд трацейскага суда ў залежнасці ад іх сацыяльнай значнасці, канкрэтных умоў развіцця грамадзянскага абароту і сацыяльна-эканамічнай сістэмы ў цэлым.
Гэта абумоўлена тым, што складанасць праваадносін, якія фарміруюцца ў рамках грамадзянскага абароту, стварае нявызначанасць у пытанні аб тым, ці з’яўляецца спрэчка прадметам трацейскага разбору. Артыкулам 19 Закона «О третейских судах» не прадугледжваецца, якія канкрэтна спрэчкі паміж бакамі грамадзянска-прававых адносін не могуць быць перададзены на разгляд трацейскага суда. Такое прававое рэгуляванне можа пацягнуць неадназначнае разуменне норм права і іх неаднастайнае прымяненне і тым самым парушэнне канстытуцыйных гарантый рэалізацыі і абароны правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян і юрыдычных асоб (рашэнне ад 8 ліпеня 2020 г. па Законе Рэспублікі Беларусь «Об изменении Закона Республики Беларусь «О третейских судах»).
Такім чынам, пры праверцы канстытуцыйнасці законаў Канстытуцыйны Суд звяртаў увагу заканадаўца на неабходнасць рэалізацыі ў заканадаўчых актах прынцыпаў і норм Канстытуцыі, стварэння дзейсных прававых механізмаў забеспячэння і абароны правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, канстытуцыяналізацыі грамадскіх адносін у розных сферах.
II
Рэалізуючы на падставе артыкула 116 Канстытуцыі, артыкула 22 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў паўнамоцтва прымаць рашэнні аб устараненні ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці, Канстытуцыйны Суд зыходзіць з вяршэнства Канстытуцыі, прызнання агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права, недапушчэння зніжэння ўзроўню гарантаванасці і абароны канстытуцыйных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна.
Права дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, а таксама грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, на зварот у Канстытуцыйны Суд па пытаннях устаранення ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэння ў іх калізій і прававой нявызначанасці замацавана часткай пятай артыкула 22 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, часткай першай артыкула 158 Закона «О конституционном судопроизводстве».
У 2020 годзе ў Канстытуцыйны Суд паступілі 43 звароты, што змяшчаюць, па меркаванні грамадзян і арганізацый, якія іх накіравалі, інфармацыю аб наяўнасці ў нарматыўных прававых актах прабелаў, калізій і прававой нявызначанасці.
Паступіўшыя звароты вывучаны ў Канстытуцыйным Судзе ў парадку, устаноўленым часткай трэцяй артыкула 158 Закона «О конституционном судопроизводстве».
Большасць зваротаў абумоўлена нязгодай грамадзян з дзеючым прававым рэгуляваннем грамадскіх адносін у пэўных сферах, а таксама ацэнкай правапрымяняльных дзеянняў і рашэнняў упаўнаважаных дзяржаўных органаў, іншых арганізацый і службовых асоб.
Па выніках вывучэння зместу зваротаў і прыкладзеных да іх матэрыялаў, аналізу адпаведнага прававога рэгулявання і практыкі прымянення, а таксама з улікам меркаванняў дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, выкладзеных у адказах на запыты Канстытуцыйнага Суда, прабелаў, калізій і прававой нявызначанасці, якія маюць канстытуцыйна-прававое значэнне, у заканадаўстве не выяўлена, што сведчыць аб дасягнутым пэўным канстытуцыйна-якасным узроўні нацыянальнага заканадаўства.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў мэтах умацавання даверу грамадзян да ажыццяўляемага нарматворчымі органамі прававога рэгулявання розных сфер грамадскіх адносін, а таксама да правапрымяняльнай дзейнасці праваахоўных і іншых дзяржаўных органаў, арганізацый і службовых асоб неабходна не толькі прыняцце законных і абгрунтаваных рашэнняў, накіраваных на рэалізацыю канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, але і растлумачэнне ў даступнай форме дзеючых механізмаў іх рэалізацыі.
У 2020 годзе рашэнняў аб устараненні ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці Канстытуцыйным Судом не прымалася.
III
Канстытуцыйны Суд у адпаведнасці з артыкулам 116 Канстытуцыі па прапановах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Палаты прадстаўнікоў, Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь дае заключэнні аб канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў у парадку ажыццяўлення наступнага канстытуцыйнага кантролю.
У 2020 годзе ўпаўнаважаныя органы з прапановамі аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў у Канстытуцыйны Суд не звярталіся, што сведчыць аб дасягнутым на канстытуцыйнай аснове якасным прававым рэгуляванні грамадскіх адносін, належным узаемадзеянні дзяржаўных органаў, якія ўдзельнічаюць у заканатворчым працэсе, пры няўхільным выкананні імі канстытуцыйных прынцыпаў і норм.
У адпаведнасці з часткай чацвёртай артыкула 22 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў з ініцыятывай аб унясенні ў Канстытуцыйны Суд прапаноў аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта, прымененага ў канкрэтных рашэнні дзяржаўнага органа або пастанове суда агульнай юрысдыкцыі, у выніку чаго, па меркаванні грамадзяніна, у тым ліку індывідуальнага прадпрымальніка, арганізацыі (за выключэннем дзяржаўных органаў), парушаюцца правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзяніна, у тым ліку індывідуальнага прадпрымальніка, правы і законныя інтарэсы арганізацыі, гэтыя грамадзяне і арганізацыі звяртаюцца да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, органаў, надзеленых правам унясення ў Канстытуцыйны Суд такіх прапаноў.
У 2020 годзе ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Вярхоўны Суд, Савет Міністраў паступіла 92 ініцыятыўных звароты грамадзян і 2 ініцыятыўных звароты арганізацый, што сведчыць аб значнасці канстытуцыйнага права грамадзян і арганізацый на доступ у апасродкаванай форме да канстытуцыйнага правасуддзя.
У большасці зваротаў ставіліся пытанні аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў, якія прымяняюцца ў рашэннях дзяржаўных органаў або пастановах судоў агульнай юрысдыкцыі, якія, па меркаванні заяўнікаў, маглі б стаць прадметам іх разгляду ў Канстытуцыйным Судзе.
Ініцыятыўныя звароты разгледжаны ўпаўнаважанымі органамі ў парадку, устаноўленым артыкулам 28 Закона «О конституционном судопроизводстве». У Канстытуцыйны Суд паступіла інфармацыя аб выніках разгляду ў мінулым годзе ініцыятыўных зваротаў Прэзідыумам Савета Міністраў, пастаяннымі камісіямі Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Прэзідыумам Вярхоўнага Суда. Упаўнаважаныя органы падстаў для ўнясення адпаведных прапаноў у Канстытуцыйны Суд не ўбачылі.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што рэзультатыўнасць ускоснага доступу грамадзян да канстытуцыйнага правасуддзя ў значнай ступені залежыць ад унясення адпаведнымі ўпаўнаважанымі органамі ініцыятыўных зваротаў па выніках папярэдняга аналізу адпаведнасці нарматыўнага прававога акта Канстытуцыі, устанаўлення наяўнасці абгрунтаваных сумненняў у яго канстытуцыйнасці, паколькі толькі Канстытуцыйны Суд, надзелены выключнай кампетэнцыяй па кантролі канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў у дзяржаве, правамоцны вырашаць, ці адпавядаюць нарматыўны прававы акт або яго асобныя палажэнні Канстытуцыі.
Пацвярджэнне Канстытуцыйным Судом канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта або прызнанне такога акта неканстытуцыйным, фармуляванне ім прававых пазіцый, адрасаваных заканадаўцу або правапрымяняльніку, маюць на мэце ўдасканальванне канстытуцыйна-прававога рэгулявання, дасягненне аднастайнага разумення і рэалізацыі канстытуцыйных прадпісанняў у правапрымяняльнай дзейнасці і тым самым умацаванне канстытуцыйнай законнасці.
IV
Адным з важнейшых паказчыкаў стану канстытуцыйнай законнасці ў дзяржаве з’яўляецца поўнае і своечасовае выкананне рашэнняў Канстытуцыйнага Суда, якое сведчыць аб адказных адносінах дзяржаўных органаў і службовых асоб, уцягнутых у працэс забеспячэння выканання рашэнняў Канстытуцыйнага Суда, эфектыўнасці і дзейснасці канстытуцыйнага правасуддзя, рэалізацыі канстытуцыйных гарантый абароны правоў і свабод грамадзян, правоў і законных інтарэсаў арганізацый.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што дзяржаўнымі органамі і службовымі асобамі прымаюцца неабходныя меры па выкананні рашэнняў Канстытуцыйнага Суда, а таксама ўліку ў сваёй дзейнасці прававых пазіцый, якія змяшчаюцца ў гэтых рашэннях.
У 2020 годзе выкананы чатыры рашэнні Канстытуцыйнага Суда і рэалізаваны тры прававыя пазіцыі.
1. Выкананы рашэнні Канстытуцыйнага Суда аб устараненні ўнарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў іх прававой нявызначанасці, прынятыя на падставе часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкула 158 Закона «О конституционном судопроизводстве».
1.1. У рашэнні «О правовом регулировании исчисления срока предъявления исполнительного документа к исполнению» (прынята 14 лютага 2018 г.) прызнана неабходным у мэтах рэалізацыі канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права і забеспячэння прынцыпу прававой вызначанасці ўстараніць нявызначанасць у канстытуцыйна-прававым рэгуляванні перапынення тэрміну прад’яўлення выканаўчага дакумента да выканання ў выпадку прад’яўлення да выканання выканаўчага дакумента, раней вернутага спагнанніку па яго заяве.
Рашэнне выканана Законам Рэспублікі Беларусь ад 6 студзеня 2021 г. «Об изменении законов по вопросам исполнительного производства», якім артыкул 35 Закона Рэспублікі Беларусь «Об исполнительном производстве» дапоўнены нормай, якая ўстанаўлівае, што калі раней выканаўчае вядзенне было скончана ў сувязі з вяртаннем выканаўчага дакумента спагнанніку па падставах, указаных у абзацах другім і дзявятым часткі першай артыкула 53 дадзенага Закона, тэрмін прад’яўлення выканаўчага дакумента да выканання, устаноўлены заканадаўчымі актамі, скарачаецца на перыяд яго знаходжання на выкананні ў органах прымусовага выканання.
1.2. У рашэнні «О праве и порядке обжалования в суд осужденными к ограничению свободы, исправительным работам и иным видам наказания примененных к ним мер взыскания» (прынята 11 ліпеня 2018 г.) указана на неабходнасць у мэтах рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону, забеспячэння вяршэнства права і прававой вызначанасці ў дзеючым прававым рэгуляванні ўнесці ў Крымінальна-выканаўчы і Грамадзянскі працэсуальны кодэксы Рэспублікі Беларусь змяненняў, якія ўстанаўліваюць права і парадак абскарджання ў суд асуджанымі да абмежавання свабоды, папраўчых работ і іншых відаў пакарання прымененых да іх мер спагнання.
Рашэнне выканана Законам Рэспублікі Беларусь ад 10 снежня 2020 г. «Об изменении кодексов», якім артыкулы 43, 56 і 185 Крымінальна-выканаўчага кодэкса дапоўнены нормамі, што прадугледжваюць права асуджаных да папраўчых работ, абмежавання свабоды, а таксама непаўналетніх, асуджаных з прымяненнем прымусовых мер выхаваўчага характару, абскардзіць прымененыя да іх меры спагнання вышэйстаячай службовай асобе, пракурору або ў суд.
Адначасова палажэннямі ў адносінах да названых катэгорый асоб дапоўнены артыкулы параграфа 61 главы 29 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса, што вызначае пералік асуджаных, якія маюць права на абскарджанне спагнанняў, што накладаюцца на іх упаўнаважанымі органамі, службовымі асобамі ў парадку, устаноўленым Крымінальна-выканаўчым кодэксам.
1.3. Рашэннем «О правовом регулировании производства по уголовным делам по вновь открывшимся обстоятельствам» (прынята 23 красавіка 2019 г.) у мэтах рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону, забеспячэння вяршэнства права і ўстаранення прабела ў дзеючым прававым рэгуляванні прызнана неабходным унесці ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь змяненні, якія ўстанаўліваюць права зацікаўленых асоб на абскарджанне ў суд пастановы пракурора аб спыненні ўзбуджанага ім вядзення па крымінальнай справе па ізноў адкрытых акалічнасцях.
Рашэнне выканана Законам Рэспублікі Беларусь ад 6 студзеня 2021 г. «Об изменении кодексов по вопросам уголовной ответственности», якім у артыкулы 139, 142 і 421 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса ўнесены змяненні, што ўстанаўліваюць права зацікаўленых асоб на абскарджанне ў судовым парадку пастановы пракурора аб спыненні ўзбуджанага ім вядзення па крымінальнай справе па ізноў адкрытых акалічнасцях.
1.4. У рашэнні «О правовом регулировании приостановления деятельности юридических лиц и индивидуальных предпринимателей» (прынята 25 мая 2016 г.) у мэтах выканання канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права і законнасці, роўнасці ўсiх перад законам указана на неабходнасць устараніць прававую нявызначанасць у канстытуцыйна-прававым рэгуляванні прыпынення дзейнасці юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.
Рашэнне выканана Законам Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2020 г. «Об изменении законов по вопросам контрольной (надзорной) деятельности», якім у Гаспадарчым працэсуальным кодэксе Рэспублікі Беларусь замацаваны парадак падачы ў суд, што разглядае эканамічныя справы, заяў аб устанаўленні прыпынення (забароны) дзейнасці суб’екта (яго цэхаў, вытворчых участкаў), аб’екта будаўніцтва, абсталявання і аб прадаўжэнні прыпынення (забароны) вытворчасці і (або) рэалізацыі тавараў (работ, паслуг), эксплуатацыі транспартных сродкаў і парадак разгляду названым судом спраў па такіх заявах.
2. Рэалізаваны прававыя пазіцыі, якія змяшчаюцца ў рашэннях Канстытуцыйнага Суда, прынятых у парадку ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў.
2.1. У рашэнні «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам вынужденной миграции» (прынята 11 ліпеня 2016 г.) Канстытуцыйны Суд, зыходзячы з міжнародна-прававых стандартаў, указаў на неабходнасць кіравацца прынцыпам забеспячэння найлепшых інтарэсаў дзіцяці пры прыняцці ў адносінах да замежнікаў, на ўтрыманні якіх знаходзяцца дзеці, рашэнняў па пытаннях вымушанай міграцыі.
Рашэнне выканана Законам Рэспублікі Беларусь ад 10 снежня 2020 г. «Об изменении Закона Республики Беларусь «О гражданстве Республики Беларусь», якім артыкул 3 Закона Рэспублікі Беларусь «О гражданстве Республики Беларусь», што ўстанаўлівае прынцыпы грамадзянства Рэспублікі Беларусь, дапоўнены новым прынцыпам, згодна з якім пры прыняцці рашэнняў у адносінах да дзяцей па пытаннях грамадзянства ўлічваюцца найлепшыя інтарэсы дзіцяці.
2.2. У рашэнні «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь» (прынята 27 снежня 2016 г.) адзначаны аб’ектыўны характар неабходнасці карэкціроўкі заканадаўчага рэгулявання пенсіённага забеспячэння ў частцы павелічэння стажу работы з выплатай абавязковых страхавых узносаў у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь.
Дадзеная прававая пазіцыя ўлічана ва Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 10 лютага 2020 г. № 48 «О повышении уровня социальной защиты граждан в связи с призывом на срочную военную службу, службу в резерве», якім, у прыватнасці, прадугледжана, што ў стаж работы з выплатай абавязковых страхавых узносаў у бюджэт названага фонду для назначэння працоўных пенсій уключаецца фактычная працягласць перыядаў тэрміновай ваеннай службы, за якія праводзілася выплата абавязковых страхавых узносаў згодна з заканадаўствам аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні, а таксама ва Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 мая 2020 г. № 171 «О социальной поддержке отдельных категорий граждан», палажэнні якога знайшлі адлюстраванне ў Законе Рэспублікі Беларусь ад 10 снежня 2020 г. «Об изменении законов по вопросам пенсионного обеспечения и государственного социального страхования».
2.3. У рашэнні «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «Об изменении кодексов» (прынята 8 ліпеня 2019 г.) у мэтах забеспячэння канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права звернута ўвага заканадаўца на неабходнасць пры далейшым удасканальванні прававога рэгулявання ўстараніць няўзгодненасць норм Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса, Гаспадарчага працэсуальнага кодэкса і Закона «Об исполнительном производстве» праз замацаванне ў якасці меры па забеспячэнні выканання выканаўчага дакумента часовага абмежавання грамадзяніна або індывідуальнага прадпрымальніка, якія з’яўляюцца даўжнікамі, у наведванні віртуальных ігральных устаноў і ўдзеле ў азартных гульнях.
Рашэнне выканана Законам Рэспублікі Беларусь ад 6 студзеня 2021 г. «Об изменении законов по вопросам исполнительного производства», якім артыкул 60 Закона «Об исполнительном производстве» дапоўнены такой мерай па забеспячэнні выканання выканаўчага дакумента, як часовае абмежаванне даўжніка – грамадзяніна, у тым ліку індывідуальнага прадпрымальніка, у наведванні віртуальных ігральных устаноў і ўдзеле ў азартных гульнях.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што своечасовае і поўнае выкананне яго рашэнняў садзейнічае эфектыўнаму прававому рэгуляванню грамадскіх адносін на аснове палажэнняў Канстытуцыі, павышэнню даверу грамадзян да органаў дзяржаўнай улады, умацаванню іх упэўненасці ў гарантаванні дзяржавай рэалізацыі і абароны правоў і свабод як найвышэйшай каштоўнасці і мэты грамадства і дзяржавы, зацвярджэнню канстытуцыйнай законнасці.
V
На падставе сістэмнага аналізу канстытуцыйна-прававога рэгулявання, разгледжаных спраў і матэрыялаў, зваротаў грамадзян і арганізацый Канстытуцыйны Суд прыходзіць да наступных вывадаў і прапаноў.
1. Ажыццяўляючы функцыю кантролю за канстытуцыйнасцю нарматыўных прававых актаў у дзяржаве, Канстытуцыйны Суд у 2020 годзе праверыў 44 законы, прынятыя Палатай прадстаўнікоў іадобраныя Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу, да іх падпісання Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. У цэлым усе законы, правераныя Канстытуцыйным Судом, прызнаны адпаведнымі Канстытуцыі.
Канстытуцыйны Суд пацвердзіў выкананне і развіццё ў прынятых законах прынцыпаў і норм Канстытуцыі, сфармуляваў прававыя пазіцыі, накіраваныя на далейшае забеспячэнне ў дзейнасці дзяржаўных органаў, арганізацый, службовых асоб і грамадзян рэжыму канстытуцыйнай законнасці.
У некаторых законах выяўлены дэфекты прававога рэгулявання, абумоўленыя наяўнасцю прабелаў і прававой нявызначанасці, у сувязі з чым заканадаўцу рэкамендавана ўстараніць іх пры далейшым удасканальванні заканадаўчага рэгулявання грамадскіх адносін.
У асобных рашэннях у мэтах недапушчэння парушэння правоў і свабод грамадзян у правапрымяняльнай практыцы Канстытуцыйны Суд арыентаваў на прымяненне законаў з улікам выяўленага канстытуцыйна-прававога зместу прававых норм.
2. Сучаснае канстытуцыйнае развіццё пацвярджае, што фундаментальныя канстытуцыйныя палажэнні валодаюць нароўні знарматыўна-прававым зместам высокім узроўнем палітыка-ідэалагічных, маральна-этычных, сацыякультурных пачаткаў канкрэтна-гістарычнага характару. Сістэма каштоўнасцей, якія з’яўляюцца абавязковымі элементамі канстытуцыяналізму, знаходзіць легітымнае нарматыўнае замацаванне ў Канстытуцыі і рэалізуецца праз прававое рэгуляванне грамадскіх адносін.
Канстытуцыяналізацыя права забяспечваецца заканадаўствам, заснаваным на вяршэнстве Канстытуцыі як вызначальным фактары гарманічнага і ўстойлівага развіцця грамадства і дзяржавы.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што заканадаўцу неабходна ў прымаемых законах адэкватна адлюстроўваць фарміруемыя грамадскія адносіны, абапірацца на падтрымку шырокіх слаёў насельніцтва пры ўстанаўленні і змяненні прававога рэгулявання ў важных сферах жыццядзейнасці грамадства і дзяржавы.
У гэтых мэтах мэтазгодна ў практыцы заканатворчай дзейнасці сістэмна выкарыстоўваць інстытуты прагназавання, грамадскага абмеркавання і грамадскіх экспертыз, агульнанацыянальных і рэгіянальных дыялогаў па праектах нарматыўных прававых актаў.
3. Развіццё сучасных інфармацыйных і камунікацыйных тэхналогій займае вызначальнае месца ў далейшым развіцці грамадства і дзяржавы.
Лічбавiзацыя грамадскіх адносін паслядоўна фарміруе новую сацыяльную, эканамічную, палітычную і прававую рэальнасць, абумоўлівае абнаўленне і трансфармацыю права.
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу заканадаўца, што канстытуцыяналізацыя фарміруемай інфармацыйна-лічбавай прасторы патрабуе дактрынальнага асэнсавання і эфектыўнага заканадаўчага рэгулявання. Пры гэтым у новых умовах лічбавай рэальнасці сістэма права павінна гарантаваць бяспеку рэалізацыі правоў і свабод чалавека, стабільнасць і дынамізм у канстытуцыйным развіцці, захаванне і ўмацаванне нацыянальных фундаментальных каштоўнасцей беларускага грамадства і дзяржавы.
4. Прыярытэтным напрамкам у цяперашні час з’яўляецца комплекснае і сістэмнае арганізацыйна-прававое забеспячэнне лічбавай эканомікі для стварэння максімальна спрыяльных умоў істымулявання дзелавой актыўнасці яе суб’ектаў, рэалізацыі мер падтрымкі прадпрымальніцтва з дапамогай лічбавых сервісаў у дыстанцыйнай форме, шырокага выкарыстання пераваг новых інфармацыйна-тэхналагічных рашэнняў у эканамічнай дзейнасці.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што для лічбавай эканомікі патрабуецца развіццё нарматыўнай прававой базы, стварэнне прававых рэгулятараў новага пакалення, якія забяспечваюць лічбавую трансфармацыю эканамічных працэсаў.
У гэтых мэтах неабходны развіццё заканадаўчага рэгулявання лічбавых праваадносін, удасканальванне інстытутаў права ўласнасці, карпаратыўнага права, аграрнага права, гандлёвага (камерцыйнага) права, замацаванне лічбавых правоў і раскрыццё іх зместу ў Грамадзянскім кодэксе Рэспублікі Беларусь.
5. Сутнасць сучаснай сацыяльнай дзяржавы заключаецца ў забеспячэнні ўмоў для павышэння дабрабыту, узроўню жыцця членаў грамадства, стварэнні сацыяльных гарантый і фарміраванні эканамічных стымулаў у грамадскай вытворчасці.
Працэсы лічбавiзацыi абумоўліваюць новы ўзровень канстытуцыйна-прававога забеспячэння развіцця сацыяльнай дзяржавы. Пры гэтым мадэрнізацыя нарматыўна-прававога рэгулявання ў сацыяльнай сферы абумоўлена трансфармацыяй працоўных праваадносін і ўзнікненнем новых форм занятасці, развіццём медыцынскіх, адукацыйных і іншых паслуг з выкарыстаннем лічбавых тэхналогій.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што заканадаўцу неабходна выпрацоўваць прававыя механізмы, якія забяспечваюць сучасныя стандарты сацыяльнай абароны і сацыяльнага страхавання для работнікаў усіх форм занятасці, эфектыўнае выкарыстанне новых магчымасцей інфармацыйных тэхналогій для павышэння даступнасці і якасці сацыяльных паслуг.
6. Сучасныя працэсы лічбавізацыi грамадскіх адносін напрамую ўздзейнічаюць на аб’ём і змест канстытуцыйнага статусу асобы, з’яўляюцца новыя інфармацыйна-лічбавыя магчымасці, фарміруюцца лічбавыя правы і абавязкі.
У гэтых умовах мадэрнізацыя канстытуцыйна-прававога статусу асобы патрабуе развіцця прававога рэгулявання з улікам таго, што агульнаправавы прынцып свабоды асобы ў цяперашні час уключае добраахвотную інфармаваную згоду чалавека на ўзаемадзеянне з інфармацыйна-інтэлектуальнымі сістэмамі і абавязак дзяржавы забяспечыць бяспеку такога ўзаемадзеяння.
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу Парламента на неабходнасць своечасовага заканадаўчага рэгулявання новых грамадскіх адносін, што ўзнікаюць у сувязі з лічбавiзацыяй, і новых механізмаў рэалізацыі правоў і свабод, якія маюць віртуальнае праяўленне. Для заканадаўчага вызначэння балансу паміж свабодай асобы ў лічбавым грамадстве і іншымі канстытуцыйна значнымі каштоўнасцямі патрэбна канстытуцыяналізацыя новых інфармацыйна-лічбавых магчымасцей як асобы, так і органаў дзяржаўнай улады.
7. Палажэнні Канстытуцыі аб дэмакратычным характары беларускай дзяржавы, непахіснасці ўстояў народаўладдзя, праве народа ажыццяўляць сваю ўладу непасрэдна, праз прадстаўнічыя і іншыя органы ў формах і межах, вызначаных Канстытуцыяй, рэалізуюцца ўдзелам грамадзян у вырашэнні пытанняў грамадскай і дзяржаўнай важнасці пры дапамозе разнастайных форм і спосабаў, утым ліку з выкарыстаннем сучасных сродкаў лічбавай камунікацыі.
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу, што сучаснае канстытуцыйна-прававое развіццё ў мэтах забеспячэння адзінства грамадства і даверу да ўлады на аснове сацыяльнага партнёрства, эканамічнай, палітычнай і сацыяльнай салідарнасці прадугледжвае неабходнасць пошуку балансу публічных і прыватных інтарэсаў, дзеянняў улады і свабоды асобы на розных узроўнях іх праяўлення.
Для гэтага ва ўмовах інфармацыйнага грамадства і працэсаў, якія адбываюцца ў дзяржаўна-грамадскім будаўніцтве, патрабуецца своечасовае заканадаўчае рэгуляванне новых форм і спосабаў грамадзянскага ўдзелу ў кіраванні справамі грамадства і дзяржавы.
8. Грунтуючыся на канстытуцыйных палажэннях, Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства, усваёй знешняй палітыцы зыходзіць з прынцыпаў роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, непарушнасці межаў, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутраныя справы і іншых агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнароднага права.
Глабальны характар лічбавiзацыi абумоўлівае прызнанне новай лічбавай рэальнасці на міжнародным узроўні і патрабуе прыняцця неабходных мер па забеспячэнні лічбавага, інфармацыйнага i ў цэлым прававога суверэнітэту, адаптацыі да яе дзеючай сістэмы права.
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу, што пры ўстанаўленні нарматыўна-прававога забеспячэння працэсаў у лічбавай прасторы неабходна выпрацоўваць дзейсныя прававыя механізмы забеспячэння балансу нацыянальных і наднацыянальных інтарэсаў зыходзячы з вяршэнства Канстытуцыі, канстытуцыйных асноў дзяржаўнага ладу, суверэнітэту Рэспублікі Беларусь.
9. Канстытуцыя, з’яўляючыся палітыка-прававым актам з асаблівымі ўласцівасцямі, дазваляе пераводзіць на мову дзеючага заканадаўства, прававой ідэалогіі і рэальнай палітыкі ідэалы асобы, грамадства і дзяржавы і служыць прававым падмуркам дэмакратычнага добраўпарадкавання грамадства і дзяржавы.
Эвалюцыйнае канстытуцыйнае развіццё на аснове фундаментальных канстытуцыйных ідэалаў і каштоўнасцей забяспечвае пераадоленне новых пагроз вяршэнству права і канстытуцыйнаму правапарадку.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што ў грамадскай свядомасці неабходна ўмацоўваць разуменне таго, што павага, асэнсаванае і добраахвотнае выкананне Канстытуцыі і законаў сваёй краіны з’яўляюцца асновай адзінства і кансалідацыі грамадства, стабільнага і дынамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь.
Гэта Пасланне прынята на пасяджэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь 11 сакавiка 2021 г.
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага
Суда Рэспублікі Беларусь П.П.Міклашэвіч