Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
28 снежня 2020 г. № Р-1253/2020
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «Об изменении законов по вопросам медиации»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Карповіч Н.А., суддзяў Бодак А.М., Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Козыравай Л.Р., Рабцава В.М., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абзаца другога часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкула 98 і часткі першай артыкула 101 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве»

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «Об изменении законов по вопросам медиации».

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Рабцава В.М., прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «Об изменении законов по вопросам медиации» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

Закон Рэспублікі Беларусь «Об изменении законов по вопросам медиации» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 18 снежня 2020 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 18 снежня 2020 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

Прыняцце Закона абумоўлена неабходнасцю рэалізацыі ў нацыянальным заканадаўстве палажэнняў Канвенцыі аб міжнародных міравых пагадненнях, дасягнутых у выніку медыяцыі, прынятай Генеральнай Асамблеяй ААН 20 снежня 2018 года (ратыфікавана Законам Рэспублікі Беларусь ад 25 чэрвеня 2020 г.) (далей – Канвенцыя), у мэтах прымянення медыяцыі як спосабу вырашэння міжнародных камерцыйных спрэчак, стварэння прававога механізму прызнання і прывядзення ў выкананне на тэрыторыі краіны міжнародных медыятыўных пагадненняў, дасягнутых у выніку працэдуры пазасудовай медыяцыі, пашырэння магчымасцей суб’ектаў гаспадарання ў выбары сродкаў урэгулявання спрэчак для забеспячэння сваіх правоў і законных інтарэсаў у міжнародных эканамічных адносінах.

1. Канстытуцыйны Суд у межах сваіх паўнамоцтваў па ажыццяўленні абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў правярае канстытуцыйнасць Закона зыходзячы з норм Канстытуцыі, згодна з якімі:

у Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права; дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства (часткі першая і другая артыкула 7);

Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства (частка першая артыкула 8);

дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (частка трэцяя артыкула 21);

усе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў (артыкул 22);

дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй (частка першая артыкула 59);

кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны (частка першая артыкула 60).

Правяраючы канстытуцыйнасць Закона, Канстытуцыйны Суд, кіруючыся часткай першай артыкула 54 Закона «О конституционном судопроизводстве», устанаўлівае адпаведнасць яго Канстытуцыі, міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь, па змесце норм, форме, размежаванні кампетэнцыі паміж дзяржаўнымі органамі і парадку прыняцця.

2. У межах прадугледжаных Канстытуцыяй (пункт 2 часткі першай артыкула 97, пункт 1 часткі першай артыкула 98) паўнамоцтваў па разглядзе праектаў законаў, у тым ліку аб асноўным змесце і прынцыпах ажыццяўлення правоў, свабод і абавязкаў грамадзян, аб судаводстве, заканадаўцам у мэтах удасканальвання прававых механізмаў пазасудовага парадку вырашэння спрэчак уносяцца змяненні ў Гаспадарчы працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь (далей – ГПК) і Закон Рэспублікі Беларусь «О медиации».

2.1. Закон «О медиации» дапаўняецца артыкулам 151, якім вызначаецца, што міжнародным медыятыўным пагадненнем з’яўляецца пагадненне, заключанае ў выніку працэдуры, пры дапамозе якой бакі дасягаюць урэгулявання спрэчкі пры ўдзеле трэцяй асобы (асоб), якая не валодае паўнамоцтвамі прапаноўваць бакам канкрэтныя варыянты вырашэння спрэчкі незалежна ад канкрэтнага наймення названых працэдур і асоб, пры выкананні наступных умоў: у момант яго заключэння ў пісьмовай форме камерцыйныя прадпрыемствы прынамсі двух бакоў пагаднення знаходзяцца ў розных дзяржавах або дзяржава знаходжання камерцыйных прадпрыемстваў бакоў пагаднення не з’яўляецца ні дзяржавай, у якой выконваецца значная частка абавязацельстваў па пагадненні, ні дзяржавай, з якой найбольш цесна звязаны прадмет пагаднення; пагадненне не заключана па спрэчцы, якая вынікае са здзелкі ў сямейных, асабістых, у тым ліку дамашніх, мэтах, і не датычыцца заканадаўства аб шлюбе і сям’і, спадчыннага права або заканадаўства аб працы (пункт 3 артыкула 2 Закона).

Згодна з прыведзеным артыкулам Закона «О медиации» міжнародныя медыятыўныя пагадненні прызнаюцца і выконваюцца ў адпаведнасці з гаспадарчым працэсуальным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь і Канвенцыяй; патрабаванні дадзенага Закона не распаўсюджваюцца на працэдуру заключэння міжнародных медыятыўных пагадненняў.

Мэтамі Канвенцыі (прэамбула), якая прызнае важнасць медыяцыі для міжнароднага гандлю ў якасці аднаго з метадаў урэгулявання камерцыйных спрэчак, у межах якога бакі ў спрэчцы просяць трэцюю асобу або асоб аказаць ім дапамогу ў іх спробах вырашыць спрэчку дружалюбным шляхам, з’яўляецца садзейнічанне развіццю гарманічных міжнародных эканамічных адносін пры дапамозе стварэння асновы для міжнародных міравых пагадненняў, дасягнутых у выніку медыяцыі, прымальнай для дзяржаў з рознымі прававымі, сацыяльнымі і эканамічнымі сістэмамі.

Канвенцыяй (артыкул 1) вызначаецца сфера яе прымянення; устанаўліваюцца выпадкі непрымянення Канвенцыі. Так, Канвенцыя не прымяняецца да міравых пагадненняў, якія былі зацверджаны судом або былі заключаны ў ходзе разбору ў судзе і могуць быць прыведзены ў выкананне ў якасці судовага рашэння ў дзяржаве гэтага суда, а таксама да міравых пагадненняў, якія былі аформлены і могуць быць прыведзены ў выкананне ў якасці арбітражнага рашэння.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўстанаўліваемае прававое рэгуляванне сведчыць аб сістэмным удасканальванні існуючых прававых механізмаў прымянення медыяцыі, папулярызацыі дадзенага інстытута як спосабу вырашэння спрэчкі, што адпавядае палажэнням Канстытуцыі, якія прадугледжваюць, што Рэспубліка Беларусь з’яўляецца прававой дзяржавай (частка першая артыкула 1); у Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права; дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства (часткі першая і другая артыкула 7); Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства (частка першая артыкула 8), і карэспандуе палажэнням Канвенцыі.

Пры ацэнцы канстытуцыйнасці ўказаных палажэнняў Закона Канстытуцыйны Суд улічвае выкладзеную ў рашэнні ад 8 ліпеня 2013 г. № Р-841/2013 прававую пазіцыю, згодна з якой палажэнні Канстытуцыі з улікам мэт прававой дзяржавы, якой абвешчана Рэспубліка Беларусь, і неабходнасці гарантавання кожнаму права на судовую абарону не выключаюць магчымасці прымянення на пэўных умовах альтэрнатыўных спосабаў урэгулявання канфліктаў. Такі спосаб урэгулявання спрэчкі, як медыяцыя, не падмяняе сабой існуючыя юрысдыкцыйныя механізмы, а дапаўняе іх, надаючы ўдзельнікам грамадзянскага абароту дадатковыя магчымасці для ўрэгулявання ўзнікшых спрэчак.

2.2. Законам уносяцца змяненні ў ГПК, якімі пашыраецца падведамнасць судоў, што разглядаюць эканамічныя справы, забяспечваецца правядзенне працэдуры прызнання і прымусовага выканання міжнародных медыятыўных пагадненняў у Рэспубліцы Беларусь.

Артыкулам 1 Закона прадугледжваецца, што суд, які разглядае эканамічныя справы, разглядае справы аб выдачы выканаўчых дакументаў на прымусовае выкананне міжнародных медыятыўных пагадненняў; па хадайніцтве бакоў, якія знаходзяцца ў працэдуры ўрэгулявання спрэчкі ў мэтах заключэння міжнароднага медыятыўнага пагаднення, мае права прыняць меры па забеспячэнні прадмета міжнароднага медыятыўнага пагаднення (пункты 3 і 5); вызначаюцца патрабаванні да формы і зместу заявы аб выдачы выканаўчага дакумента на прымусовае выкананне міжнароднага медыятыўнага пагаднення; устанаўліваюцца пералік дакументаў, якія дадаюцца да дадзенай заявы, і парадак разгляду такіх заяў (пункт 7).

Згодна з Канвенцыяй кожны ўдзельнік Канвенцыі прыводзіць міравое пагадненне ў выкананне ў адпаведнасці са сваімі правіламі працэдуры і на ўмовах, выкладзеных у Канвенцыі (пункт 1 артыкула 3).

Канстытуцыйны Суд лічыць, што ажыццяўляемым прававым рэгуляваннем, якім прадугледжваецца судовы парадак разгляду заявы аб выдачы выканаўчага дакумента на прымусовае выкананне міжнароднага медыятыўнага пагаднення, ствараецца прававы механізм прызнання і выканання міжнародных медыятыўных пагадненняў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, забяспечваюцца законнасць і абгрунтаванасць заключанага бакамі міжнароднага медыятыўнага пагаднення, што адпавядае палажэнням Канстытуцыі, згодна з якімі Рэспубліка Беларусь з’яўляецца прававой дзяржавай; Рэспубліка Беларусь забяспечвае законнасць (часткі першая і трэцяя артыкула 1); у Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права (частка першая артыкула 7); кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны (частка першая артыкула 60), а таксама адпавядае палажэнням Канвенцыі.

2.3. Палажэннямі Закона ў ГПК вызначаюцца падставы адмовы ў выдачы выканаўчага дакумента на прымусовае выкананне міжнароднага медыятыўнага пагаднення.

Выкладаемым у новай рэдакцыі артыкулам 2623 ГПК прадугледжваецца, што суд, які разглядае эканамічныя справы, адмаўляе ў выдачы выканаўчага дакумента на прымусовае выкананне міжнароднага медыятыўнага пагаднення, калі ўстановіць, што выкананне міжнароднага медыятыўнага пагаднення будзе супярэчыць публічнаму парадку Рэспублікі Беларусь; прадмет спрэчкі, урэгуляваны міжнародным медыятыўным пагадненнем, не можа быць урэгуляваны пры дапамозе медыяцыі ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь; абавязацельствы, замацаваныя ў міжнародным медыятыўным пагадненні, былі выкананы або з’яўляюцца няяснымі; прымусовае выкананне міжнароднага медыятыўнага пагаднення будзе супярэчыць яго ўмовам і інш.; пры гэтым адмова ў выдачы выканаўчага дакумента на прымусовае выкананне міжнароднага медыятыўнага пагаднення не перашкаджае звароту ў суд, які разглядае эканамічныя справы, для вырашэння спрэчкі па правілах, устаноўленых ГПК (пункт 8 артыкула 1 Закона).

Канстытуцыйны Суд лічыць, што прадугледжваемы Законам судовы парадак адмовы ў выдачы выканаўчага дакумента на прымусовае выкананне міжнароднага медыятыўнага пагаднення па падставах, вызначаных у артыкуле 2623 ГПК, дапамагае забеспячэнню законнасці заключанага бакамі міжнароднага медыятыўнага пагаднення, абароны іх правоў і законных інтарэсаў; справядлівага балансу публічна-прававых і прыватнаправавых інтарэсаў; абароны інтарэсаў грамадства і дзяржавы; забеспячэнню эканамічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь; недапушчэнню прымусовага выканання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь міжнародных медыятыўных пагадненняў, якія не адказваюць палажэнням Закона, што адпавядае нормам Канстытуцыі, згодна з якімі дзяржава забяспечвае на сваёй тэрыторыі законнасць, правапарадак, правы і свабоды грамадзян Рэспублікі Беларусь.

Канстытуцыйны Суд адзначае, што прыведзеныя нормы Закона карэспандуюць палажэнням артыкула 5 Канвенцыі, якія прадугледжваюць падставы для адмовы ў прадстаўленні дапамогі.

Такім чынам, Закон, якім рэгулююцца адносіны, што датычацца прымянення медыяцыі для вырашэння міжнародных камерцыйных спрэчак, устанаўлівае прававы механізм прызнання і выканання міжнародных медыятыўных пагадненняў, забяспечвае прымяненне судамі норм Канвенцыі, развівае інстытут медыяцыі ў Рэспубліцы Беларусь і тым самым пашырае магчымасці выбару сродкаў урэгулявання спрэчак на міжнародным узроўні з мэтай забеспячэння правоў і законных інтарэсаў бакоў спрэчкі, дапамагае захаванню і развіццю дзелавых адносін, спрашчэнню працэдур прымірэння і эканоміі сродкаў, што адпавядае прынцыпам і нормам Канстытуцыі.

Закон прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у межах паўнамоцтваў у адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97, пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі.

На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд лічыць, што па змесце норм, форме акта, размежаванні кампетэнцыі паміж дзяржаўнымі органамі і парадку прыняцця Закон адпавядае Канстытуцыі.

Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткай другой артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкуламі 103–105 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь 

ВЫРАШЫЎ: 

1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «Об изменении законов по вопросам медиации» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

2. Рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

3. Апублікаваць рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

 

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                                  П.П.Міклашэвіч