У сувязі з паступленнем у Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь шматлікіх зваротаў грамадзян аб узбуджэнні вядзення па справе аб ліквідацыі прабелаў, выключэнні калізій і прававой нявызначанасці ў прававым рэгуляванні парадку правядзення рэспубліканскіх сходаў паведамляем наступнае.
1. Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ажыццяўляе кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўных прававых актаў у дзяржаве.
Кампетэнцыя Канстытуцыйнага Суда, парадак унясення прапаноў на яго разгляд вызначаны артыкулам 116 Канстытуцыі, артыкулам 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, Законам Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве».
Згодна з абзацам восьмым часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў Канстытуцыйны Суд прымае рашэннi аб ліквідацыі ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці.
Падставай для ўзбуджэння вядзення па справе аб ліквідацыі ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці з'яўляюцца паступіўшыя ў Канстытуцыйны Суд звароты грамадзян, якія змяшчаюць інфармацыю аб наяўнасці ў нарматыўных прававых актах прабелаў, калізій і прававой нявызначанасці (частка першая артыкула 158 Закона «Аб канстытуцыйным судаводстве»).
Пры прыняцці рашэння аб узбуджэнні вядзення па справе аб ліквідацыі ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці Канстытуцыйны Суд зыходзіць з таго, што адпаведныя недахопы нарматыўнага прававога акта цягнуць такое яго вытлумачэнне і прымяненне, якія могуць парушыць канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзян, правы і законныя інтарэсы арганізацый, або перашкаджаюць забеспячэнню гарантый іх рэалізацыі.
У выніку вывучэння пытанняў, пастаўленых у зваротах, у адпаведнасці з артыкулам 158 Закона «Аб канстытуцыйным судаводстве», пунктамі 49–51 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда прабелаў, калізій і прававой нявызначанасці, якія маюць канстытуцыйна-прававое значэнне і з'яўляюцца падставай для ўзбуджэння Канстытуцыйным Судом вядзення па справе, не выяўлена.
2. У зваротах выражаецца нязгода з нормамі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 снежня 2020 г. № 492 «Аб скліканні шостага Усебеларускага народнага сходу», выкладаюцца доказы аб неадпаведнасці гэтага Указа Канстытуцыі.
У сувязі з гэтым інфармуем, што Канстытуцыйны Суд на падставе часткі чацвёртай артыкула 116 Канстытуцыі і часткі першай артыкула 22 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў па прапановах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь дае заключэннi аб адпаведнасці нарматыўных прававых актаў Канстытуцыі.
У Рэспубліцы Беларусь для грамадзян устаноўлены ўскосны доступ да канстытуцыйнага правасуддзя. Грамадзяне, якія лiчаць, што іх правы, свабоды і законныя інтарэсы парушаюцца прымяненнем нарматыўнага прававога акта, у канстытуцыйнасці якога яны сумняваюцца, маюць права звярнуцца да вышэйназваных упаўнаважаных органаў з ініцыятывай аб унясенні ў Канстытуцыйны Суд прапановы аб праверцы канстытуцыйнасці прымененага нарматыўнага прававога акта.
Ініцыятыўныя звароты накіроўваюцца і разглядаюцца ў парадку, устаноўленым заканадаўствам аб канстытуцыйным судаводстве, заканадаўчымі актамі, якія замацоўваюць прававы статус Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, органаў, надзеленых правам унясення ў Канстытуцыйны Суд адпаведных прапаноў, і прынятымі ў адпаведнасці з імі нарматыўнымі прававымі актамі (частка чацвёртая артыкула 22 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў).
Разглядаць пытанні аб канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў па ўласнай ініцыятыве і на падставе зваротаў грамадзян Канстытуцыйны Суд не ўпаўнаважаны.