28 снежня 2020 г. № Р-1254/2020
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Карповіч Н.А., суддзяў Бодак А.М., Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Козыравай Л.Р., Рабцава В.М., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.
на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абзаца другога часткi трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкула 98 і часткі першай артыкула 101 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве»
разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб афіцыйных геральдычных сімвалах».
Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Чыгрынава С.П., прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб афіцыйных геральдычных сімвалах» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:
Закон Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб афіцыйных геральдычных сімвалах» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 18 снежня 2020 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 18 снежня 2020 г. i прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.
Прыняцце Закона абумоўлена неабходнасцю ўдасканалення прававога рэгулявання парадку стварэння, заснавання, дзяржаўнай рэгістрацыі і выкарыстання афіцыйных геральдычных сімвалаў з улікам практыкі прымянення заканадаўства аб афіцыйных геральдычных сімвалах.
1. Канстытуцыйны Суд у межах сваіх паўнамоцтваў па ажыццяўленні абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў праводзіць праверку Закона, улічваючы неабходнасць забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі і непасрэднага дзеяння яе норм, зыходзячы з палажэнняў Канстытуцыі, якія:
абвяшчаюць Рэспубліку Беларусь дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавай, у якой чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы (частка першая артыкула 1, частка першая артыкула 2);
прадугледжваюць, што Рэспубліка Беларусь валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе ўнутраную і знешнюю палітыку, абараняе сваю незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць, канстытуцыйны лад (часткi другая i трэцяя артыкула 1);
устанаўліваюць у Рэспубліцы Беларусь прынцып вяршэнства права, згодна з якім дзяржаўныя органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства (часткі першая і другая артыкула 7);
вызначаюць, што дзяржава адказная за захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны (артыкул 15);
прадугледжваюць, што забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы; усе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў (частка першая артыкула 21, артыкул 22);
замацоўваюць абавязак кожнага берагчы гісторыка-культурную, духоўную спадчыну і іншыя нацыянальныя каштоўнасці (артыкул 54);
устанаўліваюць, што дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй (частка першая артыкула 59);
гарантуюць кожнаму абарону яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны (частка першая артыкула 60).
Кіруючыся часткай першай артыкула 54 Закона «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд правярае канстытуцыйнасць Закона на яго адпаведнасць Канстытуцыі, міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь, па змесце норм, форме, размежаванні кампетэнцыі паміж дзяржаўнымі органамі і парадку прыняцця.
2. Законам (пункт 1 артыкула 1) артыкул 1 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб афіцыйных геральдычных сімвалах» (далей – Закон аб геральдычных сімвалах) выкладаецца ў новай рэдакцыі. Згодна з часткай першай артыкула 1 гэтага Закона пад афiцыйнымi геральдычнымi сiмваламi разумеюцца заснаваныя адпаведнымi дзяржаўнымi органамi (службовымi асобамi), iншымi арганiзацыямi сiмвалы, якiя адлюстроўваюць гiстарычныя, геаграфiчныя, нацыянальныя, сацыяльныя, культурныя, тапанiмiчныя i iншыя традыцыi i асаблiвасцi, з’яўляюцца сродкамі заахвочвання, ідэнтыфікацыі, ганаровымі сімваламі або ўказваюць на ўстанову адукацыі, якую скончыла асоба, службовую цi iншую прыналежнасць.
Часткай другой артыкула 1 Закона аб геральдычных сімвалах прадугледжваецца, што афiцыйнымi геральдычнымi сiмваламi з’яўляюцца: гербы, флагi адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльных i тэрытарыяльных адзiнак; штандар (флаг) Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь; эмблемы i нагрудныя знакi спецыяльных фондаў Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь; эмблемы, флагi, нагрудныя (за выключэннем знакаў ранення) і апазнавальныя знакi дзяржаўных органаў, iх структурных падраздзяленняў (службаў), воінскіх фармiраванняў, вiдаў і родаў войск Узброеных Сiл Рэспублiкi Беларусь, а таксама іншых арганiзацый; эмблемы і сцягi сiл тэрытарыяльнай абароны; сцягi, форменнае адзенне, у тым лiку ваенная форма адзення, форма адзення; знакі адрознення на форменным адзеннi; знакі ранення; эмблемы, флагi, нагрудныя i апазнавальныя знакi асобных службаў некалькiх арганiзацый рознай ведамаснай прыналежнасцi, якiя выконваюць аднолькавыя функцыi.
Ацэньваючы дадзеныя палажэнні Закона, Канстытуцыйны Суд адзначае, што афіцыйныя геральдычныя сімвалы маюць асаблівую сацыяльную, палітычную, ідэалагічную і культурную значнасць, паколькі ў іх адлюстроўваюцца гістарычна абумоўленыя светапоглядныя пачаткі, духоўныя, этычныя і эстэтычныя каштоўнасці беларускага грамадства, яго грамадска-палітычныя традыцыі, заснаваныя на гуманізме, справядлівасці, высокіх маральных прынцыпах. З’яўляючыся праяўленнямі нематэрыяльнай культуры, беларуская геральдыка і вексілалогія сведчаць аб багатай гісторыі і значных дасягненнях народа Беларусі ў справе культурнага і грамадска-палітычнага будаўніцтва.
Такім чынам, прыведзеныя палажэнні артыкула 1 Закона аб геральдычных сімвалах адпавядаюць нормам Канстытуцыі, згодна з якімі дзяржава адказная за захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны (артыкул 15); кожны абавязаны берагчы гісторыка-культурную, духоўную спадчыну і іншыя нацыянальныя каштоўнасці (артыкул 54).
3. У частцы другой артыкула 1 Закона аб геральдычных сімвалах вызначаецца, што эмблемы і сцягі сіл тэрытарыяльнай абароны з’яўляюцца афіцыйнымі геральдычнымі сімваламі (абзац шосты).
Канстытуцыйны Суд адзначае, што тэрытарыяльная абарона арганізуецца ў мэтах узмацнення аховы Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, абароны аб’ектаў, якія маюць стратэгічна важнае значэнне, удзелу ў забеспячэнні ваеннага становішча, вядзення сумесных з Узброенымі Сіламі Рэспублікі Беларусь і іншымі войскамі баявых дзеянняў, а таксама ажыццяўлення іншых мерапрыемстваў па ўзброенай абароне Рэспублікі Беларусь (частка першая пункта 41 Ваеннай дактрыны Рэспублікі Беларусь, зацверджанай Законам Рэспублікі Беларусь ад 20 ліпеня 2016 г. № 412-З). Такім чынам, тэрытарыяльная абарона як рэзервовы кампанент Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь выконвае аб’яднаўчую ролю паміж дзяржавай і грамадствам у справе згуртавання і мабілізацыі грамадзян Беларусі на абарону Айчыны ад узброенай агрэсіі.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўстанаўленне сіламі тэрытарыяльнай абароны сваіх геральдычных сімвалаў служыць выхаванню ў вайскоўцаў тэрытарыяльных войск адданасці свяшчэннаму доўгу па абароне Радзімы (частка першая артыкула 57 Канстытуцыі), захаванню і развіццю воінскіх традыцый і сведчыць аб прыняцці дзяржавай шырокага комплексу мер па рэалізацыі прадпісанняў Канстытуцыі аб абароне Рэспублікай Беларусь сваёй незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці, канстытуцыйнага ладу (частка трэцяя артыкула 1).
4. У адпаведнасці з часткай другой артыкула 1 Закона аб геральдычных сімвалах да афіцыйных геральдычных сімвалаў нароўні з іншымі адносяцца эмблемы, флагi, нагрудныя (за выключэннем знакаў ранення) і апазнавальныя знакi дзяржаўных органаў, iх структурных падраздзяленняў (службаў), воінскіх фармiраванняў, вiдаў і родаў войск Узброеных Сiл Рэспублiкi Беларусь, іншых дзяржаўных некамерцыйных арганiзацый, рэспублiканскiх дзяржаўна-грамадскiх аб’яднанняў, палітычных партый, прафесійных саюзаў, іншых грамадскiх аб’яднанняў, саюзаў (асацыяцый), фондаў, Беларускай натарыяльнай палаты, Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў, Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, Палаты падатковых кансультантаў, пастаянна дзеючых трацейскіх судоў, створаных у якасці некамерцыйных арганізацый, прыватных устаноў адукацыi (абзац пяты).
Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўключэнне Законам у пералік арганізацый, якім нададзена права мець афіцыйныя геральдычныя сімвалы, Беларускай натарыяльнай палаты, Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў, Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, Палаты падатковых кансультантаў, пастаянна дзеючых трацейскіх судоў, створаных у якасці некамерцыйных арганізацый, падкрэслівае значэнне дзейнасці гэтых арганізацый з улікам канстытуцыйнага палажэння аб забеспячэнні правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь як найвышэйшай мэты дзяржавы (частка першая артыкула 21 Канстытуцыі). Устанаўленне дадзеных сімвалаў выражае публічны характар дзейнасці названых арганізацый, іх сувязь з дзяржавай і грамадствам, нацыянальнымі культурнымі традыцыямі. Такое прававое рэгуляванне адпавядае палажэнню часткі першай артыкула 59 Канстытуцыі, згодна з якім дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй.
Акрамя таго, Канстытуцыйны Суд адзначае, што шляхам уключэння Законам у пералік арганізацый, якія валодаюць правам мець афіцыйныя геральдычныя сімвалы, нароўні з дзяржаўнымі органамі, воінскімі фарміраваннямі і дзяржаўнымі некамерцыйнымі арганізацыямі таксама палітычных партый, прафесійных саюзаў, іншых грамадскiх аб’яднанняў, саюзаў (асацыяцый), фондаў і прыватных устаноў адукацыi рэалізуецца канстытуцыйны прынцып роўнасці (артыкул 22 Канстытуцыі), што, у сваю чаргу, сведчыць аб значнасці грамадскіх аб’яднанняў і прыватных навучальных устаноў як інстытутаў, якія забяспечваюць стварэнне ўмоў для рэалізацыі грамадзянамі палітычных, сацыяльна-эканамічных і культурных канстытуцыйных правоў.
5. Законам (пункт 3 артыкула 1) Закон аб геральдычных сімвалах дапаўняецца артыкулам 21 «Віды нагрудных знакаў».
Ва ўказаным артыкуле ў сістэмным і комплексным выглядзе прадугледжваецца класіфікацыя нагрудных знакаў, якія падраздзяляюцца на знакі адзнакi і знакі адрознення; пры гэтым да знакаў адзнакi адносяцца: узнагародныя знакі; знакі ранення; памятныя знакі; кваліфікацыйныя знакi; да знакаў адрознення – знакі аб заканчэнні ўстаноў адукацыі; знакі службовай цi iншай прыналежнасці (часткі першая, другая і сёмая).
Канстытуцыйны Суд адзначае, што знакі адзнакі разам з дзяржаўнымі ўзнагародамі выступаюць арганічнай часткай беларускай сістэмы ўзнагарод, усталяванай у Рэспубліцы Беларусь як суверэннай дзяржаве, якая згодна з часткай другой артыкула 1 Канстытуцыі валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе ўнутраную палітыку. Такія нагрудныя знакі сведчаць аб значнасці заслуг пэўных асоб у ведамасным маштабе, у межах асобнай арганізацыі, сферы дзейнасці, галіны эканомікі. З’яўляючыся формай заахвочвання асоб за плённую, добрасумленную працу (службу), узорнае і паспяховае выкананне службовых абавязкаў, за асаблівыя дасягненні, знакі адрознення з’яўляюцца стымулам да далейшага ўдасканалення ў прафесійнай дзейнасці, сведчаць аб прызнанні дзяржавай важнасці і эфектыўнасці гэтай дзейнасці для забеспячэння канстытуцыйных каштоўнасцей і мэт.
Сістэмнае і комплекснае прававое рэгуляванне нашэння нагрудных знакаў адпаведных відаў, якое ажыццяўляецца Законам, грунтуецца на ўстаноўленым часткай першай артыкула 7 Канстытуцыі прынцыпе вяршэнства права і вынікаючага з яго імпліцытнага канстытуцыйнага прынцыпа прававой вызначанасці.
Канстытуцыйным Судом неаднаразова канстатавана, што адным з неад’емных элементаў канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права з’яўляецца прынцып прававой вызначанасці, што прадугледжвае сістэмнасць і комплекснасць прававога рэгулявання грамадскіх адносін, яснасць, дакладнасць, несупярэчлівасць і лагічную ўзгодненасць норм законаў, якія забяспечваюць іх аднастайнае прымяненне на практыцы (рашэннi ад 20 студзеня 2015 г. № Р-975/2015, ад 4 лістапада 2017 г. № Р-1104/2017, ад 6 ліпеня 2018 г. № Р-1130/2018 і інш.).
Выкананне прынцыпу прававой вызначанасці ў нарматворчай дзейнасці з’яўляецца неабходнай умовай забеспячэння належнага прававога рэгулявання, папярэджвае неадназначнае разуменне, а значыць, і неправамернае прымяненне юрыдычных норм, якое можа пацягнуць парушэнне правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян і арганізацый.
6. Законам (пункт 9 артыкула 1) артыкул 10 Закона аб геральдычных сімвалах выкладаецца ў новай рэдакцыі, згодна з якой устанаўліваецца абавязковая геральдычная экспертыза афіцыйных геральдычных сімвалаў.
У артыкуле 10 названага Закона прадугледжваецца, што па вынiках праведзенай абавязковай геральдычнай экспертызы Геральдычны савет пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (далей – Геральдычны савет) выносiць адно з наступных экспертных заключэнняў: аб магчымасцi заснавання афiцыйнага геральдычнага сiмвала; аб неабходнасцi дапрацоўкi афiцыйнага геральдычнага сiмвала; аб немэтазгоднасцi заснавання афiцыйнага геральдычнага сiмвала (частка другая); экспертнае заключэнне Геральдычнага савета можа быць абскарджана ў Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь (частка сёмая).
Канстытуцыйны Суд адзначае, што прававое рэгуляванне, якое ўстанаўліваецца Законам, у поўнай меры забяспечвае рэалізацыю прадугледжанага часткай першай артыкула 60 Канстытуцыі права кожнага на гарантаваную абарону яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны.
7. Новай рэдакцыяй артыкула 10 Закона аб геральдычных сімвалах вызначаецца, што падставамi для вынясення Геральдычным саветам экспертнага заключэння аб немэтазгоднасцi заснавання афiцыйнага геральдычнага сiмвала могуць быць: тоеснасць, падобнасць афiцыйнага геральдычнага сiмвала да дзяржаўных сімвалаў і ўзнагарод Рэспублікі Беларусь, іншых дзяржаў, iншага сiмвала, якi раней быў унесены ў Дзяржаўны геральдычны рэгiстр Рэспублікі Беларусь, зарэгiстраванага ва ўстаноўленым парадку таварнага знака, знака абслугоўвання; выкарыстанне ў якасцi афiцыйнага геральдычнага сiмвала або яго часткi элемента, якi ўвайшоў у агульнае ўжыванне з iншым сэнсам (стаў агульнавядомым у іншым значэнні); парушэнне геральдычных правiл, неадпаведнасць агульнадзяржаўным iнтарэсам, гiстарычным, нацыянальным, сацыяльным, культурным i iншым традыцыям і інш. (частка трэцяя).
Пры ацэнцы прыведзеных палажэнняў як правамерных і абгрунтаваных Канстытуцыйны Суд разам з тым пацвярджае сфармуляваную ў рашэнні ад 17 мая 2012 г. № Р-707/2012 прававую пазіцыю, у якой звернута ўвага на тое, што пры вынясенні экспертнага заключэння аб немэтазгоднасці заснавання афіцыйнага геральдычнага сімвала на ўказаных падставах неабходна ў поўнай меры ўлічваць канстытуцыйнае палажэнне аб гарантаванні свабоды мастацкай і навуковай творчасці (частка другая артыкула 51 Канстытуцыі).
Зыходзячы з аналізу норм Закона, Канстытуцыйны Суд лічыць, што яны забяспечваюць сістэмнае і комплекснае прававое рэгуляванне парадку стварэння, заснавання, дзяржаўнай рэгістрацыі, выкарыстання і абароны афіцыйных геральдычных сімвалаў для захавання і развіцця традыцый геральдычнай спадчыны беларускага народа, што адпавядае палажэнням Канстытуцыі.
Закон прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у рамках паўнамоцтваў у адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97, пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі.
На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд лічыць, што па змесце норм, форме акта, парадку прыняцця і з пункту гледжання размежавання кампетэнцыі паміж дзяржаўнымі органамі Закон адпавядае Канстытуцыі.
Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткай другой артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкуламі 103–105 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь
ВЫРАШЫЎ:
1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб афіцыйных геральдычных сімвалах» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
2. Рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
3. Апублiкаваць рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь П.П.Міклашэвіч