Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
8 ліпеня 2020 г. № Р-1220/2020
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «Об изменении Закона Республики Беларусь «О третейских судах»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Карповіч Н.А., суддзяў Бодак А.М., Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Козыравай Л.Р., Рабцава В.М., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абзаца другога часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкула 98 і часткі першай артыкула 101 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве»

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «Об изменении Закона Республики Беларусь  «О третейских судах».

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Козыраву Л.Р., прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «Об изменении Закона Республики Беларусь  «О третейских судах» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

Закон Рэспублікі Беларусь «Об изменении Закона Республики Беларусь «О третейских судах» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 25 чэрвеня 2020 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 30 чэрвеня 2020 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

Прыняцце Закона абумоўлена неабходнасцю ўдасканальвання прававога рэгулявання грамадскіх адносін, звязаных з дзейнасцю трацейскіх судоў, у мэтах далейшага развіцця і павышэння эфектыўнасці прымянення ў Рэспубліцы Беларусь інстытута трацейскага разбору.

1. Канстытуцыйны Суд у  межах сваіх паўнамоцтваў па ажыццяўленні абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў праводзіць праверку Закона зыходзячы з палажэнняў Канстытуцыі, якія:

прадугледжваюць, што Рэспубліка Беларусь – прававая дзяржава (частка першая артыкула 1), у якой устанаўліваюцца прынцып вяршэнства права; дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства (часткі першая і другая артыкула 7);

устанаўліваюць, што дзяржава гарантуе ўсім роўныя магчымасці свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці; ажыццяўляе рэгуляванне эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства (часткі чацвёртая і пятая артыкула 13);

вызначаюць, што дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (частка трэцяя артыкула 21);

замацоўваюць роўнасць усіх перад законам і права без усялякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў (артыкул 22);

вызначаюць, што кожны мае права на свабоду аб'яднанняў (частка першая артыкула 36);

устанаўліваюць, што дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй (частка першая артыкула 59);

гарантуюць кожнаму абарону яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны (частка першая артыкула 60).

Адным са спосабаў рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага абараняць свае правы і свабоды ад парушэнняў і проціпраўных замахаў у сферы грамадзянска-прававых адносін з'яўляецца зварот у трацейскі суд.

Магчымасць перадачы на разгляд трацейскаму суду спрэчак прызнана міжнародна-прававымі актамі. Агульныя прынцыпы разгляду спрэчак такімі судамі вызначаны Еўрапейскай канвенцыяй аб знешнегандлёвым арбітражы ад 21 красавіка 1961 года, удзельніцай якой з'яўляецца Рэспубліка Беларусь, і рэкамендаваны Арбітражным рэгламентам Камісіі ААН па праве міжнароднага гандлю (ЮНСİТРАЛ) ад 15 снежня 1976 года.

Кіруючыся часткай першай артыкула 54 Закона «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд правярае канстытуцыйнасць Закона на яго адпаведнасць Канстытуцыі, міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь, па змесце норм, форме, размежаванні кампетэнцыі паміж дзяржаўнымі органамі і парадку прыняцця.

2. У адпаведнасці з Законам у Закон Рэспублікі Беларусь «О третейских судах» (далей – Закон аб трацейскіх судах) уносяцца змяненні, якія пашыраюць паўнамоцтвы Міністэрства юстыцыі ў галіне стварэння і дзейнасці трацейскіх судоў.

Так, палажэнні артыкула 6 Закона аб трацейскіх судах, што вызначаюць умовы дзяржаўнай рэгістрацыі пастаянна дзеючага трацейскага суда, дапаўняюцца нормай, якая прадугледжвае, што Міністэрства юстыцыі, адпаведнае галоўнае ўпраўленне юстыцыі ажыццяўляюць праверку дакладнасці дакументаў, якія прадстаўляюцца для дзяржаўнай рэгістрацыі, пастаноўкі на ўлік пастаянна дзеючага трацейскага суда, дзяржаўнай рэгістрацыі змяненняў і (або) дапаўненняў, унесеных у статут пастаянна дзеючага трацейскага суда. Акрамя таго, пералік выпадкаў, пры якіх прымаюцца рашэнні аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі або пастаноўцы на ўлік пастаянна дзеючага трацейскага суда, дзяржаўнай рэгістрацыі змяненняў і (або) дапаўненняў, унесеных у статут пастаянна дзеючага трацейскага суда, дапаўняецца такімі падставамі, як неадпаведнасць наймення пастаянна дзеючага трацейскага суда, у тым ліку скарочанага, патрабаванням заканадаўства і (або) статуту гэтага суда; неўстараненне ў тэрмін, устаноўлены Міністэрствам юстыцыі, адпаведным галоўным упраўленнем юстыцыі, парушэнняў, якія паслужылі падставай для прыпынення дзяржаўнай рэгістрацыі або пастаноўкі на ўлік пастаянна дзеючага трацейскага суда, дзяржаўнай рэгістрацыі змяненняў і (або) дапаўненняў, унесеных у статут пастаянна дзеючага трацейскага суда (пункт 4 артыкула 1 Закона).

Канстытуцыйны Суд адзначае, што заканадавец, дзейнічаючы ў межах сваіх дыскрэцыйных паўнамоцтваў, карэкціруючы з улікам часткі першай артыкула 59 Канстытуцыі прававыя механізмы дзейнасці трацейскіх судоў, вызначае парадак дзяржаўнай рэгістрацыі пастаянна дзеючага трацейскага суда зыходзячы з неабходнасці забеспячэння балансу прыватных і публічных інтарэсаў, умацавання законнасці і правапарадку ў дзейнасці трацейскіх судоў, зварот у якія з'яўляецца адным са спосабаў рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага абараняць свае правы і законныя інтарэсы (артыкул 22 Канстытуцыі).

3. Законам (пункт 5 артыкула 1) выкладаецца ў новай рэдакцыі артыкул 7 Закона аб трацейскіх судах, палажэнні якога рэгулююць ліквідацыю (спыненне дзейнасці) пастаянна дзеючага трацейскага суда. Указаны артыкул дапаўняецца нормамі, якія прадугледжваюць, што ў выпадку атрымання Міністэрствам юстыцыі, адпаведным галоўным упраўленнем юстыцыі ад праваахоўных і іншых дзяржаўных органаў, іншых юрыдычных і фізічных асоб інфармацыі, якая сведчыць аб парушэнні пастаянна дзеючым трацейскім судом заканадаўства аб трацейскіх судах і (або) статута пастаянна дзеючага трацейскага суда, утворанага ў якасці некамерцыйнай арганізацыі (палажэння аб пастаянна дзеючым трацейскім судзе, утвораным у якасці адасобленага падраздзялення (падраздзялення) юрыдычнай асобы), за выключэннем парушэнняў пры ажыццяўленні трацейскага разбору, Міністэрства юстыцыі, адпаведнае галоўнае ўпраўленне юстыцыі ў межах сваёй кампетэнцыі выносяць пастаянна дзеючаму трацейскаму суду пісьмовае папярэджанне; пастаянна дзеючы трацейскі суд абавязаны пісьмова паведаміць у орган, які вынес пісьмовае папярэджанне, аб ліквідацыі парушэнняў, што паслужылі падставай для вынясення пісьмовага папярэджання, і прадставіць пацвярджаючыя дакументы не пазней трох дзён са дня сканчэння тэрміну ліквідацыі парушэнняў, устаноўленага ў пісьмовым папярэджанні; пісьмовае папярэджанне можа быць абскарджана ў суд у месячны тэрмін са дня яго атрымання; у выпадку, калі пастаянна дзеючы трацейскі суд ва ўстаноўленыя тэрміны не ўстараніў парушэнні, што паслужылі падставай для вынясення пісьмовага папярэджання, або не паведаміў у орган, які вынес пісьмовае папярэджанне, аб іх ліквідацыі з прадстаўленнем пацвярджаючых дакументаў, пастаянна дзеючы трацейскі суд можа быць ліквідаваны па рашэнні суда (часткі адзінаццатая, трынаццатая – пятнаццатая).

Заканадаўцам устанаўліваецца таксама, што ліквідацыя (прызнанне дзяржаўнай рэгістрацыі несапраўднай) пастаянна дзеючага трацейскага суда, утворанага ў якасці некамерцыйнай арганізацыі, ажыццяўляецца па рашэнні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь па заяве Міністэрства юстыцыі; ліквідацыя (прызнанне пастаноўкі на ўлік несапраўднай) пастаянна дзеючага трацейскага суда, утворанага ў якасці адасобленага падраздзялення (падраздзялення) юрыдычнай асобы, ажыццяўляецца па рашэнні абласнога (Мінскага гарадскога) суда па месцы пастаноўкі на ўлік пастаянна дзеючага трацейскага суда па заяве адпаведнага галоўнага ўпраўлення юстыцыі (часткі шаснаццатая і сямнаццатая артыкула 7 Закона аб трацейскіх судах).

Акрамя таго, згодна з новай рэдакцыяй артыкула 7 Закона аб трацейскіх судах звесткі аб тым, што пастаянна дзеючы трацейскі суд, утвораны ў якасці некамерцыйнай арганізацыі, знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі, аб парадку і тэрміне заявы патрабаванняў яго крэдыторамі размяшчаюцца на афіцыйным сайце юрыдычнага навукова-практычнага часопіса «Юстыцыя Беларусі» ў глабальнай камп'ютэрнай сетцы Інтэрнэт з наступным апублікаваннем у дадатку да ўказанага часопіса ў парадку, устаноўленым Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь (частка трэцяя).

Канстытуцыйны Суд адзначае, што Канстытуцыя надае заканадаўцу дастаткова шырокія дыскрэцыйныя паўнамоцтвы па рэгуляванні грамадскіх адносін, у тым ліку звязаных з дзейнасцю трацейскіх судоў, вызначэнню асаблівасцей прававога рэгулявання, устанаўленню, змяненню і абмежаванню правоў, умоў і механізмаў іх рэалізацыі, улічваючы, што трацейскі суд ажыццяўляе абарону грамадзянскіх правоў на падставе прыватнаправавой ініцыятывы саміх спрэчных бакоў. Удасканаленне прававога механізма гарантавання выканання трацейскімі судамі патрабаванняў заканадаўства садзейнічае забеспячэнню правоў і законных інтарэсаў бакоў трацейскага пагаднення, умацаванню законнасці і адпавядае палажэнням часткі пятай артыкула 13, часткі першай артыкула 59 Канстытуцыі.

Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу правапрымяняльнікаў, што пры прымяненні часткі пятнаццатай артыкула 7 Закона аб трацейскіх судах, згодна з якой пастаянна дзеючы трацейскі суд можа быць ліквідаваны па рашэнні суда за неўстараненне парушэнняў, змешчаных у пісьмовым папярэджанні, вынесеным у межах сваёй кампетэнцыі Міністэрствам юстыцыі, адпаведным галоўным упраўленнем юстыцыі, трэба зыходзіць з яе канстытуцыйна-прававога сэнсу, які заключаецца ў тым, што прадугледжаная ёю санкцыя – ліквідацыя пастаянна дзеючага трацейскага суда за неўстараненне парушэнняў, якія змешчаны ў прапанове органа юстыцыі аб іх ліквідацыі, – павінна прымяняцца не толькі па адной такой фармальнай падставе, як парушэнне заканадаўства аб трацейскіх судах і (або) статута або палажэння, а ў адпаведнасці з агульнаправавымі прынцыпамі юрыдычнай адказнасці і быць суразмернай дапушчаным пастаянна дзеючым трацейскім судом парушэнням і выкліканым імі наступствам.

4. У новай рэдакцыі выкладаецца артыкул 10 Закона аб трацейскіх судах, які вызначае патрабаванні да суб'ектаў трацейскага пагаднення. Так, часткай трэцяй указанага артыкула прадугледжваецца, што не дапускаецца заключэнне трацейскага пагаднення, якое змяшчае палажэнні аб перадачы на вырашэнне трацейскага суда ўсіх або асобных спрэчак, што ўзніклі або могуць узнікнуць са звязваючых бакі праваадносін, калі адзін з бакоў гэтага пагаднення з'яўляецца заснавальнікам пастаянна дзеючага трацейскага суда або заснавальнікам (удзельнікам) юрыдычнай асобы, у якой пастаянна дзеючы трацейскі суд утвораны ў якасці адасобленага падраздзялення (падраздзялення) гэтай юрыдычнай асобы; юрыдычнай асобай, адасобленым падраздзяленнем (падраздзяленнем) якога з'яўляецца такі трацейскі суд; юрыдычнай асобай, у дачыненні да якой заснавальнік пастаянна дзеючага трацейскага суда або заснавальнік (удзельнік) юрыдычнай асобы, у якой пастаянна дзеючы трацейскі суд утвораны ў якасці адасобленага падраздзялення (падраздзялення) гэтай юрыдычнай асобы, з'яўляюцца заснавальнікам (удзельнікам), уласнікам маёмасці юрыдычнай асобы; мужам (жонкай), бацькам (апекуном, папячыцелем), паўналетнімі, эмансіпіраванымі або ўступіўшымі ў шлюб да дасягнення васямнаццаці гадоў дзецьмі і іх мужамі, падапечным, усынавіцелем (удачарыцелем), паўналетнім усыноўленым (удачаронай) і іх мужамі, дзедам, бабкай, дарослымі ўнукамі і іх мужамі, роднымі братамі і сёстрамі, а таксама бацькамі мужа (жонкі) заснавальніка пастаянна дзеючага трацейскага суда або заснавальніка (удзельніка) юрыдычнай асобы, у якой пастаянна дзеючы трацейскі суд утвораны ў якасці адасобленага падраздзялення (падраздзялення) гэтай юрыдычнай асобы; членам калегіяльных органаў кіравання пастаянна дзеючага трацейскага суда або юрыдычнай асобы, у якой пастаянна дзеючы трацейскі суд утвораны ў якасці адасобленага падраздзялення (падраздзялення) гэтай юрыдычнай асобы (пункт 7 артыкула 1 Закона).

У артыкуле 12 Закона аб трацейскіх судах вызначаецца, што трацейскае пагадненне, заключанае з невыкананнем патрабаванняў, прадугледжаных артыкулам 10 дадзенага Закона, лічыцца несапраўдным.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўстанаўленне ў Законе аб трацейскіх судах забароны заключэння трацейскага пагаднення асобамі, якія маюць дачыненне да трацейскага суда, указанымі ў частцы трэцяй артыкула 10 Закона аб трацейскіх судах, забяспечвае аб'ектыўную абарону правоў і законных інтарэсаў удзельнікаў грамадзянска-прававых адносін, умацаванне незалежнасці і непрадузятасці трацейскага разбору ад магчымых нядобрасумленных дзеянняў асоб, якія маюць дачыненне да трацейскага суда, накіраваных на вырашэнне спрэчкі ў сваіх інтарэсах, і выключае магчымасць атрымання імі пераваг са свайго становішча. Дадзеныя абмежаванні з'яўляюцца канстытуцыйна дапушчальнымі, адэкватнымі і суразмернымі абараняемым Канстытуцыяй інтарэсам, што адпавядае палажэнням часткі першай артыкула 23 Канстытуцыі.

5. Палажэннямі Закона ў Закон аб трацейскіх судах уносіцца шэраг змяненняў, якія датычацца дзейнасці трацейскіх суддзяў. Так, пры фарміраванні складу трацейскага суда выключаецца магчымасць назначэння трацейскіх суддзяў для трацейскага разбору старшынёй пастаянна дзеючага трацейскага суда; у адрозненне ад дзеючага прававога рэгулявання яны будуць выбірацца толькі бакамі; выключаецца патрабаванне, якое прад'яўляецца да трацейскіх суддзяў у выпадку калегіяльнага вырашэння спрэчкі, аб неабходнасці наяўнасці ў іх любой вышэйшай адукацыі і стажу работы па адпаведнай спецыяльнасці не менш трох гадоў (пункты 8, 9 і іншыя пункты артыкула 1 Закона).

Частка першая артыкула 15 Закона аб трацейскіх судах, якая прадугледжвае выпадкі адводу трацейскага суддзі, дапаўняецца палажэннем аб тым, што адвод трацейскаму суддзі можа быць заяўлены ў выпадку, калі яго звязваюць з адным з бакоў па разглядаемай справе адносіны шлюбу, сваяцтва, усынаўлення (удачарэння), апекі або папячыцельства.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што прыведзеныя нормы Закона забяспечваюць незалежнасць і непрадузятасць трацейскага суддзі, што з'яўляецца неабходнай умовай выканання прынцыпу справядлівага судовага разбору, які па сэнсе часткі першай артыкула 60 Канстытуцыі распаўсюджваецца як на разбор у дзяржаўным судзе, так і на трацейскі разбор. Такое заканадаўчае рэгуляванне адпавядае палажэнням Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (пункт 1 артыкула 14) і Канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод (пункт 1 артыкула 6), згодна з якімі кожны ў выпадку спрэчкі аб яго грамадзянскіх правах і абавязках мае права на справядлівы і публічны разбор справы ў разумны тэрмін незалежным, непрадузятым судом, утвораным на падставе закона, пры выкананні прынцыпу роўнасці ўсіх перад судом.

6. Артыкул 13 Закона аб трацейскіх судах дапаўняецца новай часткай, якая прадугледжвае, што ў мэтах каардынацыі дзейнасці, забеспячэння абароны правоў, прадстаўлення сумесных інтарэсаў, арганізацыі навучання, павышэння кваліфікацыі, забеспячэння выдавецка-асветніцкай дзейнасці без утварэння камерцыйных арганізацый і (або) удзелу ў іх могуць стварацца грамадскія аб'яднанні трацейскіх суддзяў у парадку, устаноўленым заканадаўствам аб грамадскіх аб'яднаннях.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што замацаванне права на стварэнне грамадскіх аб'яднанняў трацейскіх суддзяў абумоўлена неабходнасцю забеспячэння абароны правоў трацейскіх суддзяў, а таксама павышэння іх прафесійнага ўзроўню пры ажыццяўленні вядзення па справах ў трацейскіх судах, што адпавядае палажэнням часткі першай артыкула 36 Канстытуцыі, умацоўвае дэмакратычныя пачаткі правасуддзя.

7. Пунктам 13 артыкула 1 Закона ўносяцца змяненні ў артыкул 19 Закона аб трацейскіх судах, які вызначае спрэчкі, што вырашаюцца трацейскім судом. Так, устанаўліваецца, што трацейскі суд вырашае любыя спрэчкі, якія ўзнікаюць паміж бакамі, якія заключылі трацейскае пагадненне, за выключэннем спрэчак, што непасрэдна закранаюць правы і законныя інтарэсы трэціх асоб, якія не з'яўляюцца бакамі трацейскага пагаднення, і спрэчак, якія не могуць быць прадметам трацейскага разбору ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь або заканадаўствам замежнай дзяржавы, калі прымяненне заканадаўства замежнай дзяржавы прадугледжана трацейскім пагадненнем або іншым дагаворам паміж бакамі.

У рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 7 ліпеня 2011 г. «Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «О третейских судах» указана на неабходнасць пры вызначэнні кампетэнцыі трацейскіх судоў зыходзіць з дагаворнай прыроды трацейскага суда, што дапушчальна толькі ў грамадзянска-прававых адносінах.

Складанасць праваадносін, якія складваюцца ў рамках грамадзянскага абароту, стварае нявызначанасць у пытанні аб тым, ці з'яўляецца спрэчка прадметам трацейскага разбору. Артыкулам 19 Закона аб трацейскіх судах не прадугледжваецца, якія канкрэтна спрэчкі паміж бакамі грамадзянска-прававых адносін не могуць быць перададзены на разгляд трацейскага суда. Такое прававое рэгуляванне можа пацягнуць неадназначнае разуменне норм права і іх неаднастайнае прымяненне і тым самым парушэнне канстытуцыйных гарантый рэалізацыі і абароны правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян і юрыдычных асоб.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што ў мэтах забеспячэння канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права заканадаўцу пры далейшым удасканальванні заканадаўства аб трацейскіх судах у межах нададзенай яму дыскрэцыі, зыходзячы з неабходнасці забеспячэння балансу прыватных і публічных інтарэсаў, неабходна вызначыць пералік відаў спрэчак, якія не могуць быць перададзены на разгляд трацейскага суда ў залежнасці ад іх сацыяльнай значнасці, канкрэтных умоў развіцця грамадзянскага абароту і сацыяльна-эканамічнай сістэмы ў цэлым.

8. Законам (пункт 16 артыкулы 1) у артыкул 32 Закона аб трацейскіх судах уносяцца змяненні, якія прадугледжваюць, што нароўні з бакамі, згодна з дзеючым прававым рэгуляваннем удзельнікамі ў пасяджэнні трацейскага суда, асобамі, якія бяруць удзел у справе, з'яўляюцца таксама трэція асобы, якія ўступаюць у трацейскі разбор са згоды бакоў. Для прыцягнення да трацейскага разбору трэцяй асобы апрача згоды бакоў патрабуецца згода прыцягваемай асобы; заява бокам хадайніцтва аб прыцягненні трэцяй асобы дапускаецца да вынясення трацейскім судом рашэння; згода на прыцягненне трэцяй асобы выражаецца ў пісьмовай форме.

Пры ацэнцы канстытуцыйнасці ўказанай нормы Закона Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу, што права бакоў грамадзянска-прававой спрэчкі на яе перадачу ў трацейскі суд, які дзейнічае ў якасці інстытута грамадзянскай супольнасці, адпавядае палажэнням артыкулаў 13, 22, 44 Канстытуцыі і прадугледжана грамадзянскім заканадаўствам (пункт 1 артыкула 10 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь). Наданне зацікаўленым асобам права па сваім меркаванні звярнуцца за вырашэннем спрэчкі ў дзяржаўны суд у адпаведнасці з яго кампетэнцыяй, устаноўленай законам, або выбраць альтэрнатыўную форму абароны сваіх правоў і звярнуцца ў трацейскі суд ва ўзаемасувязі з гарантыямі, замацаванымі артыкуламі 22 і 60 Канстытуцыі, пашырае магчымасці вырашэння спрэчак у сферы грамадзянскага абароту.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўстанаўленне Законам права трэціх асоб уступаць у трацейскі разбор абумоўлена неабходнасцю забеспячэння гарантый правільнага і своечасовага разгляду спраў у трацейскім разборы, з'яўляецца дадатковым спосабам абароны канстытуцыйных правоў і законных інтарэсаў грамадзян і арганізацый.

9. Законам (пункт 19 артыкула 1) частка другая артыкула 50 Закона аб трацейскіх судах выкладаецца ў новай рэдакцыі, згодна з якой бок, на карысць якога вынесена рашэнне трацейскага суда, у выпадку яго невыканання добраахвотна мае права звярнуцца ў суд за выдачай выканаўчага дакумента на прымусовае выкананне рашэння трацейскага суда ў парадку, устаноўленым адпаведна грамадзянскім працэсуальным або гаспадарчым працэсуальным заканадаўствам, з улікам асаблівасцей, прадугледжаных дадзеным артыкулам.

Канстытуцыйны Суд адзначае, што бакі спрэчкі, заключаючы пагадненне аб яго перадачы на разгляд трацейскага суда і рэалізуючы тым самым сваё права на свабоду дагавора, добраахвотна пагаджаюцца падпарадкавацца правілам, устаноўленым для трацейскага суда. У Законе аб трацейскіх судах прадугледжваецца, што бакі, якія заключылі трацейскае пагадненне, прымаюць на сябе абавязак добраахвотна выконваць рашэнні трацейскага суда (артыкул 5); рашэнне трацейскага суда падлягае абавязковаму выкананню ў парадку і тэрмін, устаноўленыя гэтым рашэннем (артыкул 49).

Канстытуцыйны Суд лічыць, што зварот у суд з заявай аб выдачы выканаўчага дакумента ў выпадку невыканання добраахвотна рашэння трацейскага суда з'яўляецца гарантыяй рэалізацыі бакамі права на свабоду дагавора і ажыццяўлення імі канстытуцыйнага права на судовую абарону.

Такім чынам, устанаўліваемае заканадаўчае рэгуляванне парадку ўтварэння і дзейнасці трацейскіх судоў, патрабаванняў, якія прад'яўляюцца да трацейскага пагаднення, парадку трацейскага разбору забяспечвае больш шырокае выкарыстанне альтэрнатыўных спосабаў вырашэння спрэчак паміж суб'ектамі права, рэалізацыю канстытуцыйных гарантый роўнай абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян і арганізацый і адпавядае прынцыпам і нормам Канстытуцыі.

Закон прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у рамках паўнамоцтваў у адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97 Канстытуцыі, адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі.

На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд лічыць, што Закон па змесце норм, форме акта, размежаванні кампетэнцыі паміж дзяржаўнымі органамі і парадку прыняцця адпавядае Канстытуцыі.

Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткай другой артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкуламі 103–105 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь 

ВЫРАШЫЎ: 

1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «Об изменении Закона Республики Беларусь «О третейских судах» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

2. Рашэнне ўступае ў сілу са дня прыняцця.

3. Апублікаваць рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

  

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                     П.П.Міклашэвіч