Удзельнікі дэлегацыі былі праінфармаваны аб дзейнасці Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, яго складзе, парадку фарміравання, кампетэнцыі, новых паўнамоцтвах па абавязковаму папярэдняму канстытуцыйнаму кантролю законаў, якія прымаюцца Парламентам, да іх падпісання Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
П.П.Міклашэвіч таксама паведаміў аб прынятым 4 лютага 2009 г. Канстытуцыйным Судом Пасланні Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і палатам Парламента аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2008 годзе, у якім падкрэслена, што ў працэсе фарміравання прававой дзяржавы патрабуюцца няўхільнае прытрымліванне прынцыпу вяршэнства права, забеспячэння канстытуцыйнасці прававога рэгулявання грамадскіх адносін, устанаўленне аднастайнай практыкі прымянення прававых норм усімі дзяржаўнымі органамі, у тым ліку судамі, кантрольнымі і нагляднымі органамі.
Дадзены растлумачэнні па прававых падставах магчымасці адмены смяротнай кары ў Беларусі і аб’яўлення мараторыя на выкананне гэтага віду пакарання. Пры гэтым звернута ўвага на тое, што Канстытуцыйны Суд 11 сакавіка 2004 г. вынес Заключэнне па дадзенаму пытанню, у якім прызнаў неканстытуцыйнымі нормы Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь у частцы адсутнасці ў іх указання на часовы характар смяротнай кары.
Па пытаннях, звязаных з забеспячэннем прынцыпу незалежнасці судовай улады, было падкрэслена, што ў Асноўным Законе нашай краіны замацаваны прынцып раздзялення ўлад, на заканадаўчым узроўні ўстаноўлены працэдуры назначэння суддзяў, прававыя і сацыяльныя гарантыі, якія забяспечваюць неабходныя ўмовы для незалежнага ажыццяўлення правасуддзя.
У заключэнне П.П.Міклашэвіч выказаў надзею, што Парламент нашай краіны зможа ў бліжэйшы час атрымаць статус спецыяльна запрошанага ў ПАСЕ, што будзе садзейнічаць больш эфектыўнай імплементацыі дэмакратычных прынцыпаў і стандартаў у нацыянальнае заканадаўства.