Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Карповіч Н.А., суддзяў Бодак А.М., Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Козыравай Л.Р., Рабцава В.М., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.,
кіруючыся артыкулам 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкулам 6 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкуламі 44–45 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве»,
выказвае канстытуцыйна-прававую пазіцыю па абароне канстытуцыйнага ладу:
1. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь – гэта грамадскі дагавор аб уладкаванні грамадства і дзяржавы, сістэме дзяржаўнай улады і парадку яе фарміравання, аб узаемадзеянні асобы, грамадства і дзяржавы. Усе грамадзяне і органы ўлады нашай краіны абавязаны кіравацца палажэннямі Канстытуцыі і няўхільна выконваць патрабаванні Асноўнага Закона зыходзячы з грамадска-дзяржаўнай і юрыдычнай значнасці яе зместу.
2. У адпаведнасці з артыкулам 3 Канстытуцыі адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляецца народ. Народ ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна, праз прадстаўнічыя і іншыя органы ў формах і межах, вызначаных Канстытуцыяй.
Канстытуцыйны Суд канстатуе, што 9 жніўня 2020 года беларускі народ у парадку, устаноўленым Канстытуцыяй і заснаваным на канстытуцыйных прынцыпах выбарчым заканадаўствам, выказаў сваё свабоднае волевыяўленне і выбраў А.Р.Лукашэнка Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Дэмакратычнасць і легітымнасць выбараў Прэзідэнта пацвярджаецца выкананнем прынцыпаў і норм Канстытуцыі ў выбарчым працэсе.
3. Дэмакратыя ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца на аснове разнастайнасці палітычных інстытутаў, ідэалогій і поглядаў. Удзельнічаючы ў выбарах, палітычныя партыі, іншыя грамадскія аб'яднанні, дзейнічаючы ў межах Канстытуцыі і законаў Рэспублікі Беларусь, садзейнічаюць выяўленню і выказванню палітычнай волі грамадзян (артыкулы 4, 5 Канстытуцыі).
Пры гэтым для абароны канстытуцыйных правоў грамадзян у выбарчым працэсе ў Рэспубліцы Беларусь як дэмакратычнай прававой дзяржаве ўстаноўлены юрыдычныя працэдуры, у тым ліку рэалізацыі права на судовую абарону.
4. Канстытуцыйны Суд адзначае, што грамадзяне Рэспублікі Беларусь як носьбіты канстытуцыйных правоў і абавязкаў з'яўляюцца ўдзельнікамі канстытуцыйных праваадносін. Удзельнічаючы ў выбарах, грамадзяне выказваюць палітычную волю па фарміраванні органаў улады, у тым ліку па выбранні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што пры рэалізацыі палітычных правоў грамадзяне павінны ўлічваць, што ў адпаведнасці з часткай другой артыкула 3 Канстытуцыі любыя дзеянні па змяненні канстытуцыйнага ладу і дасягненні дзяржаўнай улады гвалтоўнымі метадамі, а таксама шляхам іншага парушэння законаў Рэспублікі Беларусь караюцца згодна з законам.
Канстытуцыяй не дапускаецца стварэнне грамадскіх органаў або арганізацый, правамоцных пераглядаць вынікі выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Стварэнне Каардынацыйнага савета, які вызначыў сваёй мэтай перагляд вынікаў выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у парадку, не прадугледжаным ні Канстытуцыяй, ні выбарчым заканадаўствам, з'яўляецца неканстытуцыйным.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што ў цяперашні час выкананне рэжыму канстытуцыйнай законнасці з'яўляецца безумоўнай і неабходнай умовай дзейнасці ўсіх суб'ектаў грамадска-палітычных адносін і грамадзян нашай краіны ў мэтах забеспячэння процідзеяння любому дэструктыўнаму ўздзеянню на стабільнасць і суверэнітэт дзяржавы, грамадзянскі мір і згоду ў грамадстве, устойлівасць канстытуцыйнага ладу.