Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
1 лістапада 2019 г. № Р-1196/2019
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «Об изменении Закона Республики Беларусь «О правовом режиме территорий, подвергшихся радиоактивному загрязнению в результате катастрофы на Чернобыльской АЭС»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Карповіч Н.А., суддзяў Бодак А.М., Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Козыравай Л.Р., Рабцава В.М., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абзаца другога часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкула 98 і часткі першай артыкула 101 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве»

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «Об изменении Закона Республики Беларусь «О правовом режиме территорий, подвергшихся радиоактивному загрязнению в результате катастрофы на Чернобыльской АЭС».

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Цікавенку А.Г., прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «Об изменении Закона Республики Беларусь «О правовом режиме территорий, подвергшихся радиоактивному загрязнению в результате катастрофы на Чернобыльской АЭС» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

Закон Рэспублікі Беларусь «Об изменении Закона Республики Беларусь «О правовом режиме территорий, подвергшихся радиоактивному загрязнению в результате катастрофы на Чернобыльской АЭС» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 2 кастрычніка 2019 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 25 кастрычніка 2019 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

Прыняцце Закона абумоўлена неабходнасцю далейшага ўдасканальвання прававога рэжыму тэрыторый Прыпяцкага Палесся, якія падвергліся радыеактыўнаму забруджванню ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, актуалізацыі рэжыму іх выкарыстання для гаспадарчай і іншай дзейнасці і аховы ў мэтах прадухілення распаўсюджвання радыенуклідаў, змякчэння шкоднага ўздзеяння на здароўе чалавека і навакольнае асяроддзе.

Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Канстытуцыйны Суд зыходзіць з наступнага.

1. Канстытуцыйны Суд, грунтуючыся на палажэннях Канстытуцыі, кіруючыся часткай першай артыкула 54 Закона «О конституционном судопроизводстве», ажыццяўляе праверку канстытуцыйнасці Закона, улічваючы неабходнасць забеспячэння вяршэнства і непасрэднага дзеяння Канстытуцыі. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд ацэньвае адпаведнасць  Закона канстытуцыйным патрабаванням з улікам:

канстытуцыйнага прызнання чалавека, яго правоў, свабод і гарантый іх рэалізацыі найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы і таго, што забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы; дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (частка першая артыкула 2, часткі першая і трэцяя артыкула 21 Канстытуцыі);

часткі першай артыкула 8 Канстытуцыі, якая абвяшчае, што Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных  прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства;

палажэнняў Канстытуцыі, якія прадугледжваюць, што ажыццяўленне права ўласнасці не павінна супярэчыць грамадскай карысці і бяспецы, наносіць шкоды навакольнаму асяроддзю, гісторыка-культурным каштоўнасцям, уціскаць правы і абараняемыя законам інтарэсы іншых асоб (частка шостая артыкула 44); дзяржава надае ўсім роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, акрамя забароненай законам, і гарантуе роўную абарону і роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці; ажыццяўляе рэгуляванне эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства (часткі другая і пятая артыкула 13);

гарантавання грамадзянам Рэспублікі Беларусь права на ахову здароўя, якое забяспечваецца ў тым ліку мерамі па аздараўленню навакольнага асяроддзя (часткі першая і трэцяя артыкула 45 Канстытуцыі);

артыкула 46 Канстытуцыі, якi ўстанаўлівае права кожнага на спрыяльнае навакольнае асяроддзе і на пакрыццё шкоды, прычыненай парушэннем гэтага права; ускладае на дзяржаву ажыццяўленне кантролю за рацыянальным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў у мэтах абароны і паляпшэння ўмоў жыцця, а таксама аховы і аднаўлення навакольнага асяроддзя;

абавязку дзяржавы прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй; абавязку дзяржаўных органаў, службовых і іншых асоб, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, у межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы (часткі першая і другая артыкула 59 Канстытуцыі).

2. У новай рэдакцыі выкладаецца артыкул 17 Закона Рэспублікі Беларусь «О правовом режиме территорий, подвергшихся радиоактивному загрязнению в результате катастрофы на Чернобыльской АЭС» у мэтах узгаднення з прадпісаннямі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 21 студзеня 2013 г. № 41 «О Полесском государственном радиационно-экологическом заповеднике» з улікам змяненняў, унесеных Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 лістапада 2018 г. № 431 (пункт 3 артыкула 1 Закона). У дадзеным артыкуле ў якасці мэт стварэння Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка (далей – запаведнік) вызначаюцца: абмежаванне доступу грамадзян на тэрыторыі зон радыеактыўнага забруджвання, з якіх эвакуіравана і адселена насельніцтва; забеспячэнне радыяцыйнай абароны насельніцтва; прадухіленне распаўсюджвання радыенуклідаў; правядзенне радыяцыйнага маніторынгу; правядзенне радыеэкалагічных даследаванняў; вывучэнне жывёльнага і расліннага свету, тыповых і ўнікальных экасістэм і ландшафтаў, натуральнага ходу прыродных працэсаў, характэрных для Прыпяцкага Палесся (частка першая). У частцы дзявятай гэтага ж артыкула ўстанаўліваюцца наступныя асноўныя задачы ўстановы, якая ажыццяўляе кіраванне запаведнікам: правядзенне мерапрыемстваў па прадухіленні пераносу радыенуклідаў на прылягаючыя тэрыторыі; назіранне за змяненнем радыяцыйнай абстаноўкі; ацэнка ўплыву радыеактыўнага забруджвання на аб’екты жывёльнага і расліннага свету, асяроддзе іх пражывання і вырастання; захаванне прыродных комплексаў і аб’ектаў, стварэнне ўмоў для забеспячэння натуральнага ходу прыродных працэсаў; правядзенне навукова-даследчых і эксперыментальных работ.

Канстытуцыйны Суд адзначае, што ўказаныя палажэнні Закона, якія замацоўваюць мэты стварэння запаведніка і вызначаюць задачы па іх рэалізацыі, накіраваны на забеспячэнне радыяцыйнай бяспекі, гарантаванне правоў чалавека на ахову здароўя і на спрыяльнае навакольнае асяроддзе, прадугледжаных артыкуламі 45 і 46 Канстытуцыі, а таксама адпавядаюць міжнародным рэкамендацыям, у тым ліку замацаваным у Рэзалюцыі 71/125 Генеральнай Асамблеі ААН «Долговременные последствия чернобыльской катастрофы» ад 8 снежня 2016 года, якая арыентуе на працяг міжнароднага супрацоўніцтва і каардынацыю намаганняў у справе вывучэння, змякчэння і мінімізацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы.

3. Новай рэдакцыяй артыкула 17 Закона «О правовом режиме территорий, подвергшихся радиоактивному загрязнению в результате катастрофы на Чернобыльской АЭС» у мэтах забеспячэння радыяцыйнай бяспекі насельніцтва, канстытуцыйных правоў на ахову здароўя і на спрыяльнае навакольнае асяроддзе прадугледжваецца, што на тэрыторыі ўказанага запаведніка выдзяляюцца запаведная і эксперыментальна-гаспадарчая зоны (частка шостая), вызначаецца пералік відаў дзейнасці, якія дапускаецца ажыццяўляць у гэтых зонах (часткі сёмая і восьмая).

Так, часткай восьмай указанага артыкула ўстанаўліваецца, што на тэрыторыі эксперыментальна-гаспадарчай зоны, апрача дазволеных відаў дзейнасці ў запаведнай зоне, дапускаецца ажыццяўленне наступных відаў дзейнасці: правядзенне высечак прамежкавага карыстання і іншых высечак (пры ўмове адпаведнасці наяўнасці радыенуклідаў у драўніне рэспубліканскім дапушчальным узроўням); да правядзення ўсіх відаў высечак ажыццяўляецца высечка мадэльных дрэў для вызначэння наяўнасці радыенуклідаў у драўніне з выдачай дазвольнага дакумента; будаўніцтва і ўтрыманне капітальных збудаванняў (будынкаў, збудаванняў), якія выкарыстоўваюцца для аховы тэрыторыі запаведніка, ажыццяўлення навукова-даследчай, эксперыментальнай і гаспадарчай дзейнасці; выкананне комплексу мерапрыемстваў па лесаразвядзенні і лесааднаўленні; правядзенне вопытна-эксперыментальных работ; ажыццяўленне санітарна-ветэрынарных, лячэбна-прафілактычных і біятэхнічных мерапрыемстваў у мэтах папярэджання захворванняў дзікіх жывёл; пчалярства; конегадоўля; турызм; пладаводства; пітомнікаводства; арганізацыя і правядзенне палявання; правядзенне мерапрыемстваў па рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці дзікіх жывёл.

Пашырэнне Законам відаў дзейнасці на тэрыторыі запаведніка, які адрозніваецца высокім узроўнем радыеактыўнага забруджвання, абумоўлівае, па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, неабходнасць асобага парадку ажыццяўлення  эканамічнай дзейнасці з улікам прыярытэту радыяцыйнай бяспекі чалавека, прадухілення і мінімізацыі шкоднага ўздзеяння на яго здароўе і навакольнае асяроддзе, а таксама забеспячэння разумнага балансу прыватных і публічных інтарэсаў у эканамічнай сферы і сферы забеспячэння экалагічнай бяспекі. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу правапрымяняльнiкаў (адміністрацый зон адчужэння і адсялення; установы, якая ажыццяўляе кіраванне запаведнікам) на тое, што пры ажыццяўленні дапушчальных відаў дзейнасці, нароўні з палажэннямі нацыянальнага заканадаўства, неабходна ўлічваць міжнародныя дагаворы Рэспублікі Беларусь, акты, якія састаўляюць права Еўразійскага эканамічнага саюза, уключаючы адпаведныя тэхнічныя рэгламенты, іншыя міжнародна-прававыя акты ў сферы забеспячэння радыяцыйнай бяспекі.

4. У частцы сёмай артыкула 17 Закона «О правовом режиме территорий, подвергшихся радиоактивному загрязнению в результате катастрофы на Чернобыльской АЭС» вызначаюцца ажыццяўляемыя на тэрыторыі запаведнай зоны запаведніка віды дзейнасці навуковай накіраванасці, што мае на мэце рэалізацыю палажэнняў дэкларацыі Міжнароднай канферэнцыі «Чернобыль 30 лет спустя: от аварийной ситуации к возрождению и устойчивому социально-экономическому развитию пострадавших территорий», якая адбылася 25 красавіка 2016 г. у г. Мінску. У прыватнасці, ажыццяўленне на тэрыторыі запаведнай зоны дзейнасці па правядзенні маніторынгу навакольнага асяроддзя, забеспячэнні радыяцыйнай бяспекі, захаванні ў натуральным стане прыродных комплексаў і аб’ектаў, выкананні навукова-даследчых работ, правядзенні інфармацыйна-экалагічных, асветніцкіх, навукова-пазнавальных і навучальных экскурсій пацвярджае міжнародную навукова-даследчую значнасць запаведніка, мае важнае навуковае значэнне ў галіне экалагічнай і радыяцыйнай бяспекі як для Рэспублікі Беларусь, так і для ўсяго свету.

Канстытуцыйны Суд адзначае, што ўстанаўліваемае прававое рэгуляванне накіравана на далейшае развіццё міжнароднага навукова-даследчага супрацоўніцтва ў галіне экалагічнай і радыяцыйнай бяспекі, на забеспячэнне рэалізацыі канстытуцыйных правоў на ахову здароўя і на спрыяльнае навакольнае асяроддзе і адпавядае палажэнню часткі чацвёртай артыкула 51 Канстытуцыі.

Такім чынам, палажэнні Закона маюць на мэце актуалізацыю прававога рэжыму тэрыторыі запаведніка, стварэнне заканадаўчых асноў для ажыццяўлення эксперыментальна-гаспадарчай дзейнасці з улікам забеспячэння радыяцыйнай і экалагічнай бяспекі, правядзення міжнародных навуковых даследаванняў у галіне экалагічнай і радыяцыйнай бяспекі; далейшага ўзмацнення гарантый канстытуцыйных правоў чалавека на ахову здароўя і спрыяльнае навакольнае асяроддзе; дасягнення разумнага, справядлівага, адказваючага канстытуцыйна-прававому сэнсу артыкула 46 Канстытуцыі балансу экалагічных і эканамічных інтарэсаў пры ажыццяўленні гаспадарчай і іншай дзейнасці.

Закон прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у межах паўнамоцтваў у адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97, адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі.

На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду аб тым, што па змесце норм, форме акта і парадку прыняцця Закон адпавядае Канстытуцыі.

Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткай другой артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкуламі 103–105 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь 

ВЫРАШЫЎ: 

1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «Об изменении Закона Республики Беларусь «О правовом режиме территорий, подвергшихся радиоактивному загрязнению в результате катастрофы на Чернобыльской АЭС» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

2. Рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

3. Апублікаваць рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

  

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                       П.П.Міклашэвіч