Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
10 чэрвеня 2019 г. № Р-1172/2019
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «Об изменении Закона Республики Беларусь «О почтовой связи»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Карповіч Н.А., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Козыравай Л.Р., Рабцава В.М., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абзаца другога часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкула 98 і часткі першай артыкула 101 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве»

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «Об изменении Закона Республики Беларусь «О почтовой связи».

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Чыгрынава С.П., прааналізаваўшы палажэннi Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «Об изменении Закона Республики Беларусь «О почтовой связи» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

Закон Рэспублікі Беларусь «Об изменении Закона Республики Беларусь «О почтовой связи» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 23 мая 2019 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 31 мая 2019 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

Закон прыняты ў мэтах удасканальвання прававых, арганізацыйных і эканамічных асноў дзейнасці ў галіне паштовай сувязі з улікам міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь і практыкі прымянення Закона Рэспублікі Беларусь «О почтовой связи», а таксама забеспячэння трывалага і эфектыўнага функцыянавання паштовай сувязі ў Рэспубліцы Беларусь.

1. Канстытуцыйны Суд у межах сваіх паўнамоцтваў па ажыццяўленні абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў праводзіць праверку Закона, улічваючы неабходнасць забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі і прамога дзеяння яе норм, зыходзячы з палажэнняў Канстытуцыі, якія:

абвяшчаюць Рэспубліку Беларусь сацыяльнай прававой дзяржавай, у якой чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы (частка першая артыкула 1, частка першая артыкула 2);

устанаўліваюць у Рэспубліцы Беларусь прынцып вяршэнства права, які абавязвае дзяржаўныя органы і службовых асоб дзейнічаць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства (часткі першая і другая артыкула 7);

вызначаюць, што Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства (частка першая артыкула 8);

прадугледжваюць ажыццяўленне дзяржавай рэгулявання эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства (частка пятая артыкула 13); гарантаванне дзяржавай правоў і свабод грамадзян Беларусі, замацаваных у Канстытуцыі, законах і прадугледжаных міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (частка трэцяя артыкула 21);

устанаўліваюць права кожнага на абарону ад незаконнага ўмяшання ў яго асабістае жыццё, у тым ліку ад замаху на тайну яго карэспандэнцыі, тэлефонных і іншых паведамленняў, на яго гонар і годнасць (артыкул 28);

гарантуюць права грамадзян Рэспублікі Беларусь на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцці, стане навакольнага асяроддзя (частка першая артыкула 34);

замацоўваюць абавязак дзяржавы прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй (частка першая артыкула 59).

Кіруючыся часткай першай артыкула 54 Закона «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд правярае канстытуцыйнасць Закона на яго адпаведнасць Канстытуцыі, міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь, па змесце норм, форме, размежаванні кампетэнцыі паміж дзяржаўнымі органамі і парадку прыняцця.

2. Часткай другой артыкула 8 Канстытуцыі вызначана, што Рэспубліка Беларусь у адпаведнасці з нормамі міжнароднага права можа на добраахвотнай аснове ўваходзіць у міждзяржаўныя ўтварэнні і выходзіць з іх.

На падставе дадзенага канстытуцыйнага палажэння Рэспубліка Беларусь з’яўляецца членам Сусветнага паштовага саюза – міждзяржаўнага аб’яднання, якое складае ў асобе дзяржаў-членаў адзіную паштовую тэрыторыю для ўзаемнага абмену паштовымі адпраўленнямі (пункт 1 артыкула 1 Статута Сусветнага паштовага саюза).

Як дзяржава – член Сусветнага паштовага саюза з мэтай аптымізацыі міжнароднага і ўнутрынацыянальнага абмену паштовымі адпраўленнямі Рэспубліка Беларусь Законам ад 10 лістапада 2017 г. ратыфікавала Дзявяты дадатковы пратакол да Статута Сусветнага паштовага саюза, Першы дадатковы пратакол да Агульнага рэгламенту Сусветнага паштовага саюза, Сусветную паштовую канвенцыю і Заключны пратакол Сусветнай паштовай канвенцыі, Пагадненне аб паштовых плацежных паслугах і Заключны пратакол Пагаднення аб паштовых плацежных паслугах, прынятыя на XXVI Сусветным паштовым кангрэсе ў г. Стамбуле 6 кастрычніка 2016 года.

З улікам указаных актаў Сусветнага паштовага саюза (далей – СПС) у артыкулы 1, 15 і 17 Закона Рэспублікі Беларусь «О почтовой связи» (далей – Закон аб паштовай сувязі) уносяцца наступныя змяненні: тэрмін «секаграма» як тэрмін, які абазначае адзін з відаў адпраўленняў пісьмовай карэспандэнцыі, замяняецца тэрмінам «адпраўленнi для сляпых»; павялічваецца дапушчальная вага асобных відаў паштовых адпраўленняў (у прыватнасці, пасылкі – з 30 да 50 кілаграмаў); удакладняюцца крытэрыі класіфікацыі паштовых адпраўленняў, нароўні з улікам хуткасці іх апрацоўкі і зместу ўлажэнняў (дакументы або тавары), а таксама ў залежнасці ад фармату; пералік выключных правоў нацыянальнага аператара паштовай сувязі дапаўняецца правамі на выкарыстанне бланкаў і дакументаў, прадугледжаных актамі СПС, пры арганізацыі аказання паслуг паштовай сувязі і абмене міжнароднымі паштовымі адпраўленнямі і на стварэнне месцаў (устаноў) міжнароднага паштовага абмену за межамі Рэспублікі Беларусь у парадку і на ўмовах, якія вызначаюцца актамі СПС і заканадаўствам замежнай дзяржавы, у якой ствараецца такое месца (установа) міжнароднага паштовага абмену, з выкананнем патрабаванняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Адносіны ў сферы міжнародных паштовых адпраўленняў рэгулююцца таксама палажэннямі міжнародна-прававых актаў, якія складаюць права Еўразійскага эканамічнага саюза (далей – ЕАЭС), у прыватнасці главой 40 Мытнага кодэкса ЕАЭС (Дадатак № 1 да Дагавора аб Мытным кодэксе ЕАЭС).

Законам улічваюцца адпаведныя палажэнні Мытнага кодэкса ЕАЭС. Так, замацоўваемае ў артыкуле 1 Закона аб паштовай сувязі азначэнне тэрміна «міжнароднае паштовае адпраўленне» (абзац васямнаццаты артыкула 1) узгадняецца з азначэннем тэрміна «міжнародныя паштовыя адпраўленні», якое змяшчаецца ў пункце 19 артыкула 2 Мытнага кодэкса ЕАЭС.

Ацэньваючы дадзенае заканадаўчае рэгуляванне, Канстытуцыйны Суд лічыць, што яно адпавядае патрабаванням часткі першай артыкула 8 Канстытуцыі аб прызнанні Рэспублікай Беларусь прыярытэту агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забеспячэнні адпаведнасці ім заканадаўства, а таксама агульнапрызнанаму прынцыпу міжнароднага права «дагаворы павінны выконвацца» (pacta sunt servanda), замацаванаму ў артыкуле 26 Венскай канвенцыі аб праве міжнародных дагавораў ад 23 мая 1969 года, які прадугледжвае, што кожны дзеючы дагавор абавязковы для яго ўдзельнікаў і павінен імі добрасумленна выконвацца, і артыкулу 27 указанай Канвенцыі, якая вызначае, што ўдзельнік не можа спасылацца на палажэнні свайго ўнутранага права ў якасці апраўдання для невыканання ім дагавора.

Акрамя таго, такое заканадаўчае рэгуляванне ўлічвае прававую пазіцыю Канстытуцыйнага Суда, выказаную ў рашэнні ад 8 ліпеня 2016 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Уголовный кодекс Республики Беларусь, Кодекс Республики Беларусь об административных правонарушениях и Процессуально-исполнительный кодекс Республики Беларусь об административных правонарушениях». У дадзеным рашэнні Канстытуцыйны Суд, зыходзячы з актуальнасці пытанняў суадносін нацыянальнага і наднацыянальнага права, звярнуў увагу заканадаўца на неабходнасць пры далейшым удасканальванні нарматыўна-прававога рэгулявання адпаведных адносін улічваць права Еўразійскага эканамічнага саюза, забяспечваючы адзіныя прынцыпы і падыходы да гарманізацыі і ўніфікацыі заканадаўства дзяржаў – членаў указанага міждзяржаўнага ўтварэння.

3. Законам (пункт 2 артыкула 1) з часткі першай артыкула 3 Закона аб паштовай сувязі выключаецца палажэнне, згодна з якім заканадаўства аб паштовай сувязі складаецца ў тым ліку з міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь.

Ацэньваючы дадзенае заканадаўчае змяненне, Канстытуцыйны Суд адзначае наступнае.

У шэрагу законаў Рэспублікі Беларусь змяшчаюцца нормы, згодна з якімі міжнародныя дагаворы Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца часткай дзеючага на тэрыторыі краіны заканадаўства (частка другая артыкула 6 Грамадзянскага кодэкса, частка другая артыкула 3 Банкаўскага кодэкса, пункт 6 артыкула 3 Бюджэтнага кодэкса, пункт 1 артыкула 4 Кодэкса аб культуры). Такая заканатворчая практыка ўлічвае важную ролю і значэнне міжнародных дагавораў у прававой сістэме Беларусі і абавязвае дзяржаўныя органы і службовых асоб непасрэдна прымяняць нормы міжнароднага права.

Канстытуцыйны Суд мяркуе, што выключэнне з заканадаўства аб паштовай сувязі міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь стварае прававую нявызначанасць, паколькі ў службовых асоб правапрымяняльных органаў і грамадзян можа скласціся памылковае меркаванне аб факультатыўным, неабавязковым характары міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь пры рэгуляванні канкрэтных грамадскіх адносін.

У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд пацвярджае прававую пазіцыю, сфармуляваную ў рашэнні ад 7 мая 2018 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О международных договорах Республики Беларусь», сутнасць якой заключаецца ў тым, што, нароўні з актамі ўнутрыдзяржаўнага заканадаўства – законамі Рэспублікі Беларусь, дэкрэтамі і ўказамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, падзаконнымі нарматыўнымі прававымі актамі, міжнародныя дагаворы Рэспублікі Беларусь уваходзяць у сістэму дзеючага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь прававога рэгулявання, гэта значыць іх нормы з’яўляюцца састаўной часткай дзеючага права.

Пры гэтым Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу заканадаўца, што ў неабходных выпадках у сферу прававога рэгулявання адпаведных грамадскіх адносін, нароўні з Канстытуцыяй, законамі, актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, іншымі нарматыўнымі прававымі актамі, патрэбна ўключаць таксама міжнародныя дагаворы Рэспублікі Беларусь, паколькі яны разам з актамі ўнутрыдзяржаўнага заканадаўства ўтвараюць прававую сістэму Рэспублікі Беларусь.

4. Згодна з Канстытуцыяй у Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права; дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства (часткі першая і другая артыкула 7).

Як указвалася ў шэрагу рашэнняў Канстытуцыйнага Суда, адным з элементаў вяршэнства права з’яўляецца прававая вызначанасць, якая прадугледжвае яснасць, дакладнасць, несупярэчлівасць і лагічную ўзгодненасць прававых норм; шляхам выканання ў нарматворчасці прынцыпу прававой вызначанасці ствараюцца ўмовы для аднастайнасці і прадказальнасці правапрымяняльнай практыкі, што павышае давер грамадзян да дзяржавы.

Законам (пункт 1 артыкула 1) выкладаецца ў новай рэдакцыі артыкул 1 Закона аб паштовай сувязі, у якім прыводзяцца выкарыстоўваемыя ў ім асноўныя тэрміны «адрасныя даныя карыстальнікаў паслуг паштовай сувязі», «унутранае паштовае адпраўленне», «кур’ерская сувязь», «міжнародная паштовая сувязь», «нацыянальная паштовая электронная сістэма», «аператар паштовай сувязі», «паштовыя адпраўленні», «поштамат», «спецыяльныя адпраўленні», «тайна паштовай сувязі» і інш., а таксама іх азначэнні.

Канстытуцыйны Суд адзначае, што нарматыўнае замацаванне ўказанай тэрміналогіі абумоўлена неабходнасцю забеспячэння яснасці і несупярэчлівасці прававога рэгулявання, адназначнага разумення норм Закона аб паштовай сувязі і выключэння іх рознага тлумачэння ў правапрымяняльнай практыцы, што адпавядае прынцыпу прававой вызначанасці як важнейшай састаўляючай канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права.

5. У Пасланні Канстытуцыйнага Суда Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і палатам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2018 годзе» адзначана, што ўлічваючы ўзмацненне ролі інфарматызацыі і лічбавізацыі на сучасным этапе, прававое рэгуляванне грамадскіх адносін у інфармацыйнай сферы павінна з’яўляцца прыярытэтным.

Законам прадугледжваецца стварэнне нацыянальнай паштовай электроннай сістэмы, пад якой у адпаведнасці з абзацам дваццатым новай рэдакцыі артыкула 1 Закона аб паштовай сувязі разумеецца абароненая аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма нацыянальнага аператара паштовай сувязі, якая забяспечвае прыём, апрацоўку, захоўванне, дастаўку (уручэнне) у электроннай форме паштовых адпраўленняў (простых або заказных), паведамленняў на паштовыя адпраўленні, паведамленняў аб атрыманні паштовых адпраўленняў, перадачу іншых паведамленняў, звязаных з прыёмам, апрацоўкай, захоўваннем, дастаўкай (уручэннем) паштовых адпраўленняў, а таксама прадстаўленне пацвярджэння аб іх прыёме і дастаўцы (уручэнні).

Выкладаемым у новай рэдакцыі артыкулам 15 Закона аб паштовай сувязі прадугледжваецца, што прыём, апрацоўка, захоўванне, дастаўка (уручэнне) у электроннай форме паштовых адпраўленняў (простых або заказных), паведамленняў на паштовыя адпраўленні, паведамленняў аб атрыманні паштовых адпраўленняў, перадача іншых паведамленняў, звязаных з прыёмам, апрацоўкай, захоўваннем, дастаўкай (уручэннем) паштовых адпраўленняў, а таксама прадстаўленне пацвярджэння аб іх прыёме і дастаўцы (уручэнні) могуць ажыццяўляцца з выкарыстаннем нацыянальнай паштовай электроннай сістэмы (частка восьмая).

Адпаведна артыкул 21 Закона аб паштовай сувязі дапаўняецца часткай трэцяй, якая ўстанаўлівае права карыстальнікаў паслуг паштовай сувязі на адпраўку і атрыманне ў электроннай форме паштовых адпраўленняў (простых або заказных), атрыманне паведамленняў на паштовыя адпраўленні, паведамленняў аб атрыманні паштовых адпраўленняў, іншых паведамленняў, звязаных з прыёмам, апрацоўкай, захоўваннем, дастаўкай (уручэннем) паштовых адпраўленняў, а таксама на атрыманне пацвярджэння аб іх прыёме і дастаўцы (уручэнні) з выкарыстаннем нацыянальнай паштовай электроннай сістэмы.

Акрамя таго, Законам (пункт 1 артыкула 1) замацоўваецца тэрмін «гібрыднае адпраўленне», пад якім у адпаведнасці з абзацам сёмым новай рэдакцыі артыкула 1 Закона аб паштовай сувязі разумеецца адпраўленне пісьмовай карэспандэнцыі, якое перасылаецца ў электроннай форме, дастаўка (уручэнне) якога ажыццяўляецца ў фізічнай форме, а таксама адпраўленне пісьмовай карэспандэнцыі, якое прымаецца да перасылкі ў фізічнай форме, дастаўка (уручэнне) якога ажыццяўляецца ў электроннай форме.

Дадзенае прававое рэгуляванне, па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, накіравана на забеспячэнне лічбавізацыі сферы паштовай сувязі, павышэнне яе аператыўнасці, зніжэнне сабекошту паштовых паслуг, пашырэнне камунікатыўных магчымасцей насельніцтва для стварэння дадатковых умоў рэалізацыі канстытуцыйных правоў грамадзян Рэспублікі Беларусь на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцці, стане навакольнага асяроддзя (частка першая артыкула 34 Канстытуцыі).

6. У адпаведнасці з Законам (пункт 1 артыкула 1) пад тайнай паштовай сувязі разумеецца тайна перапіскі, паштовых адпраўленняў і іншых паведамленняў, што ўваходзяць у сферу дзейнасці аператараў паштовай сувязі, якая не падлягае выдаванню без згоды карыстальніка паслуг паштовай сувязі, калі іншае не прадугледжана дадзеным Законам і іншымі заканадаўчымі актамі (абзац сорак сёмы новай рэдакцыі артыкула 1 Закона аб паштовай сувязі).

Канстытуцыйны Суд адзначае, што рэгламентацыя тайны паштовай сувязі адпавядае палажэнням Канстытуцыі, якія замацоўваюць права кожнага на абарону ад незаконнага ўмяшання ў яго асабістае жыццё, у тым ліку ад замаху на тайну яго карэспандэнцыі, тэлефонных і іншых паведамленняў (артыкул 28), а таксама прадугледжваюць магчымасць абмежавання заканадаўствам карыстання інфармацыяй у мэтах абароны гонару, годнасці, асабістага і сямейнага жыцця грамадзян і поўнага ажыццяўлення імі сваіх правоў (частка трэцяя артыкула 34).

Палажэннямі Закона (пункты 6 і 10 артыкула 1) пашыраецца пералік выпадкаў, калі можа выдавацца інфармацыя, якая адносіцца да такой тайны.

Так, згодна з часткай трэцяй артыкула 13 і абзацам восьмым артыкула 17 Закона аб паштовай сувязі (з улікам змяненняў, што ўносяцца Законам) інфармацыя аб адрасных даных карыстальнікаў паслуг паштовай сувязі, аб паштовых адпраўленнях і іх змесце і іншыя паведамленні, якія ўваходзяць у сферу дзейнасці аператараў паштовай сувязі, з’яўляюцца тайнай паштовай сувязі і могуць выдавацца толькі адпраўшчыкам, адрасатам або іх законным прадстаўнікам (прадстаўнікам), дзяржаўным органам у выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі, а таксама пры рэалізацыі нацыянальным аператарам паштовай сувязі свайго выключнага права на перадачу дадзенай інфармацыі электроннымі сродкамі іншым назначаным аператарам паштовай сувязі дзяржаў – членаў СПС, што з’яўляюцца дзяржавамі прызначэння і (або) транзіту паштовых адпраўленняў або грашовых сродкаў і якім такая інфармацыя патрабуецца для аказання паслуг паштовай сувязі.

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, устанаўліваемыя Законам выпадкі выдачы інфармацыі, якая складае тайну паштовай сувязі, без згоды карыстальніка паслуг паштовай сувязі з’яўляюцца абгрунтаванымі, паколькі накіраваны на своечасовую і дакладную дастаўку паштовай карэспандэнцыі, што адпавядае палажэнням часткі першай артыкула 34 Канстытуцыі аб гарантаванні грамадзянам Рэспублікі Беларусь права на атрыманне і распаўсюджванне інфармацыі.

У адпаведнасці з Законам (пункт 11 артыкула 1) артыкул 19 Закона аб паштовай сувязі дапаўняецца нормай, згодна з якой пры аказанні паслуг паштовай сувязі збор, апрацоўка, захоўванне персанальных даных фізічных асоб, а таксама выкарыстанне гэтых даных ажыццяўляюцца аператарам паштовай сувязі без пісьмовай згоды фізічных асоб з выкананнем патрабаванняў, устаноўленых заканадаўчымі актамі, па абароне інфармацыі, распаўсюджванне і (або) прадастаўленне якой абмежавана.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што наданне Законам аператару паштовай сувязі права пры аказанні паслуг паштовай сувязі ажыццяўляць збор, апрацоўку, захоўванне персанальных дадзеных фізічных асоб, а таксама выкарыстоўваць гэтыя даныя без пісьмовай згоды фізічных асоб з’яўляецца правамерным, паколькі такія аперацыі з персанальнымі данымі фізічных асоб аператар паштовай сувязі павінен ажыццяўляць з выкананнем патрабаванняў, устаноўленых заканадаўчымі актамі, па абароне інфармацыі, распаўсюджванне і (або) прадастаўленне якой абмежавана. Акрамя таго, паведамленне грамадзянінам – атрымальнікам адпраўленняў паштовай сувязі сваіх персанальных даных з’яўляецца неабходным для дакладнай ідэнтыфікацыі яго асобы з мэтай беспамылковага ўручэння паштовай карэспандэнцыі. Звяртаючыся ў паштовае аддзяленне з намерам атрымаць паштовае адпраўленне, асоба тым самым выказвае яўную згоду на прадастаўленне сваіх персанальных даных аператару паштовай сувязі.

7. У выкладаемым у новай рэдакцыі артыкуле 17 Закона аб паштовай сувязі выключаецца дзеючая норма аб выключным характары права на выкарыстанне паштовых скрынак, якое замацоўвалася толькі за нацыянальным аператарам паштовай сувязі, а таксама прадугледжваецца, што нацыянальны аператар паштовай сувязі на дагаворнай аснове забяспечвае магчымасць выкарыстання сваіх паштовых скрынак іншымі аператарамі паштовай сувязі для аказання імі паслуг паштовай сувязі (абзац пяты пункта 9, пункт 10 артыкула 1 Закона).

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, такое прававое рэгуляванне на падставе часткі другой артыкула 13 Канстытуцыі, якая вызначае, што дзяржава надае ўсім роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, пашырае магчымасці аказання паштовых паслуг іншымі аператарамі паштовай сувязі, што стварае ўмовы для развіцця канкурэнцыі ў дадзенай сферы і будзе садзейнічаць даступнасці паслуг паштовай сувязі.

Зыходзячы з аналізу норм Закона, Канстытуцыйны Суд лічыць, што яны накіраваны на забеспячэнне грамадзян, юрыдычных асоб, дзяржаўных органаў і арганізацый даступнымі сродкамі камунікацыі, павышэнне эфектыўнасці функцыянавання аб’ектаў паштовай сувязі, паляпшэнне якасці і аператыўнасці паштовых паслуг у мэтах рэалізацыі палажэнняў Канстытуцыі, якія гарантуюць права грамадзян Рэспублікі Беларусь на атрыманне і распаўсюджванне інфармацыі (частка першая артыкула 34 Канстытуцыі).

Закон прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь i адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у межах паўнамоцтваў у адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97, пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі.

На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд лічыць, што па змесце норм, форме акта, парадку прыняцця і з пункту гледжання размежавання кампетэнцыі паміж дзяржаўнымі органамі Закон адпавядае Канстытуцыі.

Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткай другой артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкуламі 103–105 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь 

ВЫРАШЫЎ: 

1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «Об изменении Закона Республики Беларусь «О почтовой связи» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

2. Рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

3. Апублікаваць рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

 

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                       П.П.Міклашэвіч