Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
10 снежня 2019 г. № Р-1206/2019
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «Об изменении Закона Республики Беларусь «О правовом положении иностранных граждан и лиц без гражданства в Республике Беларусь»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Козыравай Л.Р., Рабцава В.М., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абзаца другога часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкула 98 і часткі першай артыкула 101 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве»

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «Об изменении Закона Республики Беларусь «О правовом положении иностранных граждан и лиц без гражданства в Республике Беларусь».

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Чыгрынава С.П., прааналізаваўшы палажэннi Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «Об изменении Закона Республики Беларусь «О правовом положении иностранных граждан и лиц без гражданства в Республике Беларусь» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

Закон Рэспублікі Беларусь «Об изменении Закона Республики Беларусь «О правовом положении иностранных граждан и лиц без гражданства в Республике Беларусь» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 27 лістапада 2019 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 3 снежня 2019 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

Закон прыняты ў мэтах удасканальвання прававога рэгулявання грамадскіх адносін у сферы ўезда, выезда, знаходжання замежных грамадзян і асоб без грамадзянства (далей – іншаземцы) у Рэспубліцы Беларусь, павышэння эфектыўнасці выкарыстання міграцыйнага патэнцыялу ў інтарэсах дзяржавы і грамадства, а таксама процідзеяння незаконнай міграцыі.

1. Канстытуцыйны Суд у межах сваіх паўнамоцтваў па ажыццяўленні абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў праводзіць праверку Закона, улічваючы неабходнасць забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі і прамога дзеяння яе норм, зыходзячы з палажэнняў Канстытуцыі, якія:

абвяшчаюць Рэспубліку Беларусь сацыяльнай прававой дзяржавай, у якой чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы (частка першая артыкула 1, частка першая артыкула 2);

замацоўваюць вяршэнства і паўнату ўлады Рэспублікі Беларусь на сваёй тэрыторыі (частка другая артыкула 1);

абавязваюць дзяржаву забяспечваць законнасць і правапарадак (частка трэцяя артыкула 1);

устанаўліваюць у Рэспубліцы Беларусь прынцып вяршэнства права, згодна з якім дзяржаўныя органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства (часткi першая і другая артыкула 7);

вызначаюць, што Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства (частка першая артыкула 8);

прадугледжваюць, што замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства на тэрыторыі Беларусі карыстаюцца правамі і свабодамі і выконваюць абавязкі нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана Канстытуцыяй, законамі і міжнароднымі дагаворамі (артыкул 11);

абавязваюць дзяржаўныя органы, службовых і іншых асоб, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, у межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы (частка другая артыкула 59).

Кіруючыся часткай першай артыкула 54 Закона «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд правярае канстытуцыйнасць Закона на яго адпаведнасць Канстытуцыі, міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь, па змесце норм, форме, размежаванні кампетэнцыі паміж дзяржаўнымі органамі і парадку прыняцця.

2. Артыкулам 1 Закона ў Закон Рэспублікі Беларусь «О правовом положении иностранных граждан и лиц без гражданства в Республике Беларусь» уносяцца змяненні, у тым ліку прадугледжваючыя новыя падставы выдачы дазволу на пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь іншаземцам; павелічэнне тэрміну знаходжання іншаземцаў у Рэспубліцы Беларусь без рэгістрацыі; размежаванне паміж дзяржаўнымі органамі паўнамоцтваў па прыняцці рашэнняў аб прадаўжэнні і скарачэнні тэрміну часовага знаходжання, аб выдачы дазволаў на пастаяннае пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь, аб адмове ў рэгістрацыі; удакладненне раней прадугледжаных тэрмінаў і іх азначэнняў, а таксама ўстанаўленне новых.

Ацэньваючы канстытуцыйнасць указаных заканадаўчых палажэнняў, Канстытуцыйны Суд зыходзіць з наступнага.

У адпаведнасці з Канстытуцыяй грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права свабодна перамяшчацца і выбіраць месца жыхарства ў межах Рэспублікі Беларусь, пакідаць яе і бесперашкодна вяртацца назад (артыкул 30). Права кожнага чалавека пакідаць любую краіну, уключаючы сваю ўласную, прадугледжваецца таксама пунктам 2 артыкула 12 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Міграцыя грамадзян за межы сваіх краін мае не толькі правамерны, але і сацыяльна апраўданы характар, паколькі садзейнічае ўзаемнаму абагачэнню нацыянальных культур, абмену ідэямі, перадавым навуковым і тэхналагічным вопытам, пашырэнню адукацыйных магчымасцей, вырашэнню дэмаграфічных праблем, аптымальнаму пераразмеркаванню працоўных рэсурсаў, паглыбленню эканамічнага супрацоўніцтва.

Ажыццяўляючы міграцыйны кантроль, дзяржава мае права ўстанаўліваць абмежаванні правоў і свабод іншаземцаў зыходзячы з прадугледжаных часткай першай артыкула 23 Канстытуцыі канстытуцыйна значных інтарэсаў: нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб. Аналагічныя падставы абмежавання правоў і свабод іншаземцаў указаны і ў пункце 3 артыкула 12 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Такім чынам, улічваючы суверэннае права дзяржавы ажыццяўляць кантроль за міграцыйнымі працэсамі на сваёй тэрыторыі, заканадавец, грунтуючыся на паўнамоцтве прымаць законы аб статусе іншаземцаў (артыкул 11, пункт 2 часткі першай артыкула 97, пункт 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі), мае права вызначаць прававое становішча іншаземцаў у Рэспубліцы Беларусь з улікам канстытуцыйных прынцыпаў, норм, каштоўнасцей і мэт, а таксама агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнароднага права.

3. Пунктам 1 артыкула 1 Закона ўдакладняюцца азначэнні асобных тэрмінаў, якія выкарыстоўваюцца ў Законе «О правовом положении иностранных граждан и лиц без гражданства в Республике Беларусь», такіх як «блізкія сваякі», «іншаземец, які часова знаходзіцца ў Рэспубліцы Беларусь», «міграцыйны кантроль», «органы рэгістрацыі іншаземцаў, якія часова знаходзяцца ў Рэспубліцы Беларусь», «дазвол на часовае пражыванне», «дазвол на пастаяннае пражыванне», а таксама ўводзяцца новы тэрмін «члены сям’і іншаземца» і яго азначэнне.

Згодна з Канстытуцыяй у Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права; дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства (часткi першая і другая артыкула 7).

Як указвалася ў рашэннях Канстытуцыйнага Суда, вяршэнства права ўключае шэраг элементаў, у тым ліку прававую вызначанасць, якая прадугледжвае яснасць, дакладнасць, несупярэчлівасць і лагічную ўзгодненасць прававых норм; шляхам выканання ў нарматворчасці прынцыпу прававой вызначанасці ствараюцца ўмовы для аднастайнасці і прадказальнасці правапрымяняльнай практыкі, што павышае давер грамадзян да дзяржавы.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўдакладненне і замацаванне ў Законе «О правовом положении иностранных граждан и лиц без гражданства в Республике Беларусь» указанай тэрміналогіі абумоўлена неабходнасцю забеспячэння яснасці і несупярэчлівасці прававога рэгулявання, адназначнага разумення норм дадзенага Закона і выключэння іх рознага тлумачэння ў правапрымяняльнай практыцы, што адпавядае прынцыпу прававой вызначанасці як важнейшай састаўляючай канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права.

4. Законам (пункт 3 артыкула 1) Закон «О правовом положении иностранных граждан и лиц без гражданства в Республике Беларусь» дапаўняецца артыкулам 31 «Действие норм международного права в сфере правового положения иностранцев в Республике Беларусь», які прадугледжвае, што Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб прававым становішчы іншаземцаў у Рэспубліцы Беларусь (частка першая); калі міжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь вызначаны іншыя правілы, чым тыя, якія змяшчаюцца ў дадзеным Законе, то прымяняюцца правілы міжнароднага дагавора (частка другая).

Устанаўліваемае заканадаўчае рэгуляванне адпавядае частцы першай артыкула 8 Канстытуцыі, згодна з якой Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства. Указанае прававое рэгуляванне грунтуецца таксама на агульнапрызнаным прынцыпе міжнароднага права «дагаворы павінны выконвацца» (pacta sunt servanda), замацаваным у артыкуле 26 Венскай канвенцыі аб праве міжнародных дагавораў ад 23 мая 1969 года (далей – Венская канвенцыя), згодна з якім кожны дзеючы дагавор абавязковы для яго ўдзельнікаў і павінен імі добрасумленна выконвацца.

Пры гэтым Канстытуцыйны Суд пацвярджае прававую пазіцыю, сфармуляваную ў рашэнні ад 7 мая 2018 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О международных договорах Республики Беларусь», сутнасць якой заключаецца ў тым, што, нароўні з актамі ўнутрыдзяржаўнага заканадаўства – законамі Рэспублікі Беларусь, дэкрэтамі і ўказамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, падзаконнымі нарматыўнымі прававымі актамі, міжнародныя дагаворы Рэспублікі Беларусь уваходзяць у сістэму дзеючага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь прававога рэгулявання, гэта значыць іх нормы з’яўляюцца састаўной часткай дзеючага права.

5. Пунктам 7 артыкула 1 Закона ў артыкул 14 Закона «О правовом положении иностранных граждан и лиц без гражданства в Республике Беларусь» уносіцца змяненне, згодна з якім правам на адукацыю нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, нароўні з іншаземцамі, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, надзяляюцца таксама іншаземцы беларускай нацыянальнасці, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі замежных дзяржаў.

У адпаведнасці з Канстытуцыяй дзяржава адказная за захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны (артыкул 15), кожны мае права на адукацыю (частка першая артыкула 49).

Пунктам 5 артыкула 2 Дэкларацыі аб правах асоб, якія належаць да нацыянальных або этнічных, рэлігійных і моўных меншасцей, прынятай Рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН ад 18 снежня 1992 года № 47/135, прадугледжана таксама права асоб, якія належаць да меншасцей, устанаўліваць і падтрымліваць без якой-небудзь дыскрымінацыі свабодныя і мірныя кантакты праз межы з грамадзянамі іншых дзяржаў, з якімі яны звязаны нацыянальнымі, этнічнымі, рэлігійнымі або моўнымі сувязямі.

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, прыведзеныя вышэй нормы артыкулаў 15 і 49 Канстытуцыі ва ўзаемасувязі з указаным палажэннем пункта 5 артыкула 2 Дэкларацыі аб правах асоб, якія належаць да нацыянальных або этнічных, рэлігійных і моўных меншасцей, абумоўліваюць абавязак Рэспублікі Беларусь як краіны этнічнага паходжання беларусаў, якія з’яўляюцца нацыянальнай меншасцю ў замежных дзяржавах, садзейнічаць кантактам, у тым ліку звязаным з атрыманнем адукацыі, з суайчыннікамі, якія пражываюць за мяжой. Надзяленне іншаземцаў беларускай нацыянальнасці, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі замежных дзяржаў, правам на адукацыю нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь адпавядае таксама агульнаправавым прынцыпам справядлівасці, роўнасці і гуманізму.

6. Законам (пункт 8 артыкула 1) у артыкул 17 Закона «О правовом положении иностранных граждан и лиц без гражданства в Республике Беларусь» уносіцца змяненне, якое ўстанаўлівае абавязак дзяржаўных органаў інфармаваць Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь аб смерці або няшчасным выпадку і іншых станах, якія ўяўляюць пагрозу жыццю іншаземца, не пазней адных сутак з моманту атрымання інфармацыі аб такіх станах для наступнага паведамлення дыпламатычнаму прадстаўніцтву або консульскай установе дзяржавы грамадзянскай прыналежнасці або звычайнага месца жыхарства іншаземца.

Палажэннямі міжнародных дагавораў, заключаных Рэспублікай Беларусь з шэрагам замежных дзяржаў (Рэспублікай Казахстан, Украінай, Рэспублікай Польшча, Румыніяй і некаторымі іншымі), таксама прадугледжаны пэўныя тэрміны паведамлення дыпламатычнаму прадстаўніцтву або консульскай установе дзяржавы грамадзянскай прыналежнасці або звычайнага месца жыхарства іншаземца аб розных станах, якія ўяўляюць пагрозу яго жыццю.

Так, артыкулам 15 Консульскай канвенцыі паміж Рэспублікай Беларусь і Украінай, заключанай 20 студзеня 2009 года, устаноўлена, што ў выпадку смерці грамадзяніна прадстаўляемай дзяржавы ў дзяржаве знаходжання кампетэнтныя органы дзяржавы знаходжання ў магчыма кароткі тэрмін інфармуюць аб гэтым консульскую ўстанову. Згодна з Консульскай канвенцыяй паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Польшча, заключанай 2 сакавіка 1992 года, адпаведныя органы ўлады дзяржавы знаходжання ў магчыма кароткі тэрмін паведамляюць консульскай установе аб смерці грамадзяніна прадстаўляемай дзяржавы (артыкул 34); адпаведныя органы дзяржавы знаходжання неадкладна паведамляюць адпаведнай консульскай установе прадстаўляемай дзяржавы аб няшчасных і іншых сур’ёзных выпадках, ахвярамі якіх сталі грамадзяне прадстаўляемай дзяржавы (пункт 4 артыкула 38).

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, вызначэнне ў Законе часовага перыяду не пазней адных сутак з моманту атрымання адпаведнай інфармацыі, на працягу якога дзяржаўныя органы абавязаны інфармаваць Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь аб смерці або няшчасным выпадку і іншых станах, якія ўяўляюць пагрозу жыццю іншаземца, для далейшага паведамлення дыпламатычнаму прадстаўніцтву або консульскай установе дзяржавы грамадзянскай прыналежнасці або звычайнага месца жыхарства іншаземца, сведчыць аб канкрэтызацыі палажэнняў міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь у мэтах іх добрасумленнага выканання, што адпавядае прынцыпу прававой вызначанасці, які з’яўляецца састаўным элементам устаноўленага ў Канстытуцыі прынцыпу вяршэнства права (частка першая артыкула 7), норме Канстытуцыі аб прызнанні Рэспублікай Беларусь прыярытэту агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забеспячэнні адпаведнасці ім заканадаўства (частка першая артыкула 8), а таксама замацаванаму ў Венскай канвенцыі агульнапрызнанаму прынцыпу міжнароднага права «дагаворы павінны выконвацца» (артыкул 26).

7. Законам (пункт 14 артыкула 1) артыкул 32 Закона «О правовом положении иностранных граждан и лиц без гражданства в Республике Беларусь» выкладаецца ў новай рэдакцыі, згодна з якой у Спіс асоб, уезд якіх у Рэспубліку Беларусь забаронены або непажаданы, уключаюцца звесткі аб іншаземцах, права на ўезд якіх у Рэспубліку Беларусь абмежавана па падставах, прадугледжаных дадзеным Законам, а таксама звесткі аб падставах для іх уключэння ва ўказаны Спіс, аб дзяржаўных органах Рэспублікі Беларусь, што прынялі адпаведныя рашэнні, і аб тэрмінах забароны ўезду такіх іншаземцаў у Рэспубліку Беларусь (частка першая).

Пунктам 19 артыкула 1 Закона прадугледжваюцца аналагічныя патрабаванні адносна фарміравання Спіса асоб, права на выезд якіх з Рэспублікі Беларусь часова абмежавана (часткi першая, чацвёртая і пятая выкладаемага ў новай рэдакцыі артыкула 35 Закона «О правовом положении иностранных граждан и лиц без гражданства в Республике Беларусь»).

Акрамя таго, пунктам 12 артыкула 1 Закона абзац трэці часткі другой артыкула 30 Закона «О правовом положении иностранных граждан и лиц без гражданства в Республике Беларусь», які прадугледжвае такую падставу адмовы ў выдачы іншаземцу візы для ўезду ў Рэспубліку Беларусь або ва ўездзе ў Рэспубліку Беларусь, як уключэнне яго ў Спіс асоб, уезд якіх у Рэспубліку Беларусь забаронены або непажаданы, дапаўняецца палажэннем, згодна з якім не дапускаецца ўключэнне іншаземца ў такі Спіс, калі адсутнічаюць аб’ектыўныя і дастатковыя падставы лічыць, што яго дзеянні могуць прычыніць істотную шкоду ахоўваемым заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь інтарэсам.

Канстытуцыйны Суд мяркуе, што фарміраванне Спіса асоб, права на выезд якіх з Рэспублікі Беларусь часова абмежавана, хаця і не ў поўнай меры адпавядае праву кожнага чалавека пакідаць любую краіну, прадугледжанаму пунктам 2 артыкула 12 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, аднак не прыводзіць да страты яго рэальнага зместу, паколькі ўказанае абмежаванне носіць часовы характар, а фарміраванне дадзеных спісаў служыць неабходнай мерай забеспячэння абароны правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь і іншых асоб як правамернай умовы такога абмежавання згодна з часткай першай артыкула 23 Канстытуцыі ва ўзаемасувязі з пунктам 3 артыкула 12 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што фарміраванне Спіса асоб, уезд якіх у Рэспубліку Беларусь забаронены або непажаданы, з’яўляецца абгрунтаваным абмежаваннем правоў іншаземцаў, паколькі, з аднаго боку, заканадавец прадугледжвае ўключэнне іншаземцаў у дадзены Спіс толькі пры наяўнасці аб’ектыўных і дастатковых падстаў лічыць, што іх дзеянні могуць прычыніць істотную шкоду ахоўваемым інтарэсам, а з другога – фарміраванне дадзеных спісаў выступае ў якасці неабходнай меры падтрымання належнага правапарадку, што згодна з часткай трэцяй артыкула 1 Канстытуцыі з’яўляецца абавязкам дзяржавы, а таксама мае на мэце забеспячэнне правамерных інтарэсаў, прадугледжаных часткай першай артыкула 23 Канстытуцыі і пунктам 3 артыкула 12 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

8. Законам (пункт 15 артыкула 1) уносіцца змяненне ў артыкул 33 Закона «О правовом положении иностранных граждан и лиц без гражданства в Республике Беларусь», які прадугледжвае пералік падстаў, па якіх можа быць прынята рашэнне аб часовым абмежаванні права іншаземца на выезд з Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, вызначаецца, што права іншаземца на выезд з Рэспублікі Беларусь можа быць часова абмежавана, калі яму прад’яўлены іск у парадку грамадзянскага, крымінальнага судаводства або судаводства па эканамічных справах, а не толькі грамадзянскі іск у судзе, як было ўстаноўлена раней.

Тым самым заканадаўцам выканана рашэнне Канстытуцыйнага Суда ад 17 лістапада 2011 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам выезда из Республики Беларусь и въезда в Республику Беларусь» у частцы ліквідацыі прававой нявызначанасці. У названым рашэнні Канстытуцыйны Суд адзначыў прававую нявызначанасць палажэнняў Закона «О правовом положении иностранных граждан и лиц без гражданства в Республике Беларусь», якія прадугледжваюць прад’яўленне асобе грамадзянскага іску ў судзе ў якасці падставы часовага абмежавання яе права на выезд, паколькі тэрмін «грамадзянскі іск» выкарыстоўваецца ў заканадаўстве ў дачыненні да крымінальнага працэсу (артыкул 148 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь) і не прымяняецца да іску, які падаецца ў парадку грамадзянскага або гаспадарчага судаводства (артыкулы 47, 48, 50 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, глава 9 Гаспадарчага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).

У сувязі з гэтым у рашэнні Канстытуцыйнага Суда было ўказана, што тэрмін «грамадзянскі іск» пры ажыццяўленні правапрымяняльнай дзейнасці ў сферы рэалізацыі фізічнымі асобамі права на выезд з Рэспублікі Беларусь і ўезд у Рэспубліку Беларусь неабходна разумець як іск, які падаецца ў парадку грамадзянскага, гаспадарчага і крымінальнага судаводства. Пры такім падыходзе можна забяспечыць правы ўдзельнікаў не толькі крымінальнага, але і грамадзянскага і гаспадарчага працэсаў.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўдакладненне Законам падстаў абмежавання права іншаземца на выезд з Рэспублікі Беларусь накіравана на забеспячэнне яснасці і несупярэчлівасці прававога рэгулявання, адназначнага разумення норм Закона «О правовом положении иностранных граждан и лиц без гражданства в Республике Беларусь» і выпрацоўку аднастайнай правапрымяняльнай практыкі, што адпавядае прынцыпу прававой вызначанасці як важнейшай састаўляючай прадугледжанага часткай першай артыкула 7 Канстытуцыі прынцыпу вяршэнства права.

9. Часткай першай выкладаемага ў новай рэдакцыі артыкула 62 Закона «О правовом положении иностранных граждан и лиц без гражданства в Республике Беларусь» прадугледжваецца, што ў мэтах забеспячэння нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, рэгулявання міграцыйных патокаў, забеспячэння правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь і іншаземцаў, а таксама процідзеяння незаконнай міграцыі органамі ўнутраных спраў ва ўзаемадзеянні з органамі дзяржаўнай бяспекі, органамі пагранічнай службы, мытнымі органамі, Міністэрствам замежных спраў, дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі і консульскімі ўстановамі Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца міграцыйны кантроль (пункт 41 артыкула 1 Закона).

Артыкул 1 Закона «О правовом положении иностранных граждан и лиц без гражданства в Республике Беларусь» дапаўняецца тэрмінам «міграцыйны кантроль», пад якім разумеецца кантроль за законнасцю ўезду ў Рэспубліку Беларусь, знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь, выезду з Рэспублікі Беларусь і транзітнага праезду (транзіту) праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь іншаземцаў (пункт 1 артыкула 1 Закона).

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, уносімыя Законам змяненні накіраваны на павышэнне эфектыўнасці дзейнасці дзяржаўных органаў у галіне кантролю за міграцыйнымі працэсамі ў Рэспубліцы Беларусь і аптымізацыю мер рэгулявання міграцыйнымі патокамі, забеспячэнне бяспекі асобы, грамадства і дзяржавы, стварэнне дадатковых умоў для развіцця турызму, дзелавога супрацоўніцтва і міжкультурнага абмену, а таксама павышэнне дзяржаўных гарантый рэалізацыі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь і іншаземцамі сваіх правоў і свабод. Устаноўленае прававое рэгуляванне адпавядае канстытуцыйнаму абавязку дзяржаўных органаў, службовых і іншых асоб, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, у межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы (частка другая артыкула 59 Канстытуцыі).

Прыведзеныя нормы Закона карэспандуюць таксама палажэнням Мадэльнага закона «Аб міграцыі», прынятага Пастановай Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў – удзельнікаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў ад 27 лістапада 2015 года, які змяшчае тэрмін «міграцыйны кантроль» і яго азначэнне. Часткай другой артыкула 1 указанага Мадэльнага закона вызначана, што яго палажэнні могуць выкарыстоўвацца ў якасці мадэлі пры распрацоўцы нацыянальных нарматыўных прававых дакументаў, якія рэгулююць унутраныя і трансгранічныя перамяшчэнні грамадзян.

Такім чынам, удасканальванне Законам прававых механізмаў функцыянавання нацыянальнай сістэмы міграцыйнага кантролю ў частцы паляпшэння каардынацыі работы адпаведных дзяржаўных органаў краін – членаў СНД па кантролі за міграцыйнымі патокамі і рэалізацыі ў рамках СНД міжнародных пагадненняў у сферы міграцыі адпавядае частцы першай артыкула 59 Канстытуцыі, якая ўстанаўлівае абавязак дзяржавы прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй.

10. Законам карэкціруюцца артыкулы 67 і 672 Закона «О правовом положении иностранных граждан и лиц без гражданства в Республике Беларусь» у частцы вызначэння ўмоў утрымання іншаземцаў, якія падлягаюць высылцы ў прымусовым парадку або перадачы замежнай дзяржаве ў адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь аб рэадмісіі. Пунктамі 42 і 43 артыкула 1 Закона ўстанаўліваецца, што такія іншаземцы змяшчаюцца ў цэнтр часовага ўтрымання іншаземцаў, цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў або ізалятар часовага ўтрымання на неабходны тэрмін.

У частцы першай артыкула 65 Закона «О правовом положении иностранных граждан и лиц без гражданства в Республике Беларусь» таксама прадугледжана, што іншаземец можа быць высланы з Рэспублікі Беларусь у інтарэсах нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь і іншых асоб, а таксама пасля вызвалення з арыштнага дома або папраўчай установы, калі ён не можа быць падвергнуты дэпартацыі.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўтрыманне іншаземцаў, якія падлягаюць прымусовай высылцы або перадачы замежнай дзяржаве ў парадку рэадмісіі, у цэнтры часовага ўтрымання іншаземцаў, цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў або ізалятары часовага ўтрымання не сведчыць аб парушэнні правоў іншаземцаў, паколькі змяшчэнне іншаземцаў ва ўказаныя ўстановы ажыццяўляецца з прычыны неабходнасці іх высылкі ў мэтах забеспячэння такіх канстытуцыйна значных інтарэсаў, як нацыянальная бяспека, грамадскі парадак, абарона маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб (частка першая артыкула 23 Канстытуцыі), а таксама для выканання міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь.

Канстытуцыйны Суд таксама адзначае, што асаблівасці ўтрымання іншаземцаў пад вартай могуць быць вызначаны і нормамі двухбаковых міжнародных дагавораў. Так, шэрагам консульскіх канвенцый Рэспублікі Беларусь, заключаных з замежнымі дзяржавамі, прадугледжана права іншаземца, які знаходзіцца пад арыштам або затрыманы ў іншай форме, на безадкладнае паведамленне аб праве на наведванне яго консульскай службовай асобай і арганізацыю такой сустрэчы кампетэнтнымі ўладамі дзяржавы знаходжання (артыкул 12 Консульскай канвенцыі паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай ад 11 студзеня 1993 года); на безадкладную перадачу любога паведамлення іншаземца, якое адрасуецца консульскай установе (артыкул 39 Консульскай канвенцыі паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй ад 24 студзеня 1995 года); на сустрэчы і зносіны з консульскай службовай асобай, на прававую дапамогу з боку консульскай асобы (артыкул 13 Консульскай канвенцыі паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Казахстан ад 17 студзеня 1996 года).

Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу правапрымяняльніка, што пры ўтрыманні іншаземцаў, якія падлягаюць высылцы ў прымусовым парадку або перадачы замежнай дзяржаве ў адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь аб рэадмісіі, у цэнтры часовага ўтрымання іншаземцаў, цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў або ізалятары часовага ўтрымання неабходна кіравацца не толькі заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, але і міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь, паколькі міжнародныя дагаворы ўваходзяць у сістэму дзеючага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь прававога рэгулявання, а ў Законе «О правовом положении иностранных граждан и лиц без гражданства в Республике Беларусь» устаноўлены прыярытэт міжнародных норм над нормамі дадзенага Закона.

11. Законам (пункт 47 артыкула 1) удасканальваецца прававое рэгуляванне працэдур абскарджання іншаземцамі і іх прадстаўнікамі адміністрацыйных і іншых рашэнняў, дзеянняў (бяздзейнасці) дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь. Так, згодна з выкладаемым у новай рэдакцыі артыкулам 72 Закона «О правовом положении иностранных граждан и лиц без гражданства в Республике Беларусь» скарачаецца тэрмін разгляду скаргаў на рашэнні аб высылцы з 1 месяца да 10 рабочых дзён з дня іх паступлення (частка шостая); прадугледжваецца права органа, які разглядае скаргу, аднавіць тэрмін падачы скаргі ў выпадку пропуску такога тэрміну па ўважлівай прычыне (частка сёмая). Акрамя таго, Закон «О правовом положении иностранных граждан и лиц без гражданства в Республике Беларусь» дапаўняецца артыкулам 721, які вызначае працэдуру паведамлення аб прынятым рашэнні па скарзе і ўступлення ў сілу рашэння па скарзе (пункт 48 артыкула 1 Закона).

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, указанае заканадаўчае рэгуляванне накіравана на больш аператыўнае і поўнае ажыццяўленне іншаземцамі прадугледжанага артыкулам 40 Канстытуцыі права кожнага накіроўваць асабістыя або калектыўныя звароты ў дзяржаўныя органы (частка першая), а таксама на рэалізацыю абавязку дзяржаўных органаў і службовых асоб разгледзець зварот і даць адказ па сутнасці ў вызначаны законам тэрмін (частка другая).

Разам з тым у выкладаемым у новай рэдакцыі артыкуле 72 Закона «О правовом положении иностранных граждан и лиц без гражданства в Республике Беларусь» замацоўваюцца нормы, у адпаведнасці з якімі скарачаюцца тэрміны абскарджання рашэнняў аб скарачэнні тэрміну часовага знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь, аб ануляванні дазволаў на часовае або пастаяннае пражыванне з аднаго года да дзесяці рабочых дзён з дня паведамлення іншаземцаў аб такіх рашэннях (частка трэцяя) і рашэнняў аб высылцы – з аднаго месяца да пяці рабочых дзён з дня паведамлення іншаземцаў аб такіх рашэннях (частка чацвёртая).

Канстытуцыйны Суд лiчыць, што дадзенае прававое рэгуляванне не зніжае права іншаземцаў накіроўваць звароты ў дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь і не скажае яго сутнасці. Такі падыход заканадаўца знаходзіцца ў межах дыскрэцыйных паўнамоцтваў Парламента рэгуляваць прававы статус іншаземцаў у мэтах аптымізацыі працэсаў знешняй міграцыі, а таксама забеспячэння правапарадку, канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь.

Зыходзячы з аналізу норм Закона, Канстытуцыйны Суд лічыць, што яны накіраваны на забеспячэнне правоў, свабод і законных інтарэсаў замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў час іх уезду, выезду і знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь, стымуляванне міжкультурнага абмену, пашырэнне супрацоўніцтва ў эканамічнай і гуманітарных сферах паміж грамадзянамі Рэспублікі Беларусь і іншаземцамі, а таксама на эфектыўнае процідзеянне незаконнай міграцыі.

Закон прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у межах паўнамоцтваў у адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97, пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі.

На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд лічыць, што па змесце норм, форме акта, парадку прыняцця і з пункту гледжання размежавання кампетэнцыі паміж дзяржаўнымі органамі Закон адпавядае Канстытуцыі.

Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткай другой артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкуламі 103–105 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь 

ВЫРАШЫЎ: 

1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «Об изменении Закона Республики Беларусь «О правовом положении иностранных граждан и лиц без гражданства в Республике Беларусь» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

2. Рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

3. Апублікаваць рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

 

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                       П.П.Міклашэвіч