10 снежня 2019 г. № Р-1205/2019
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., суддзяў Бойкі Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Козыравай Л.Р., Рабцава В.М., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.
на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абзаца другога часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкула 98 і часткі першай артыкула 101 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве»
разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «Об изменении законов».
Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Варановіча Т.В., прааналізаваўшы палажэннi Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «Об изменении законов» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:
Закон Рэспублікі Беларусь «Об изменении законов» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 27 лістапада 2019 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 3 снежня 2019 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.
Прыняцце Закона, якім уносяцца змяненні ў шэраг кодэксаў і законаў Рэспублікі Беларусь, абумоўлена неабходнасцю забеспячэння больш актыўнага і дзейснага прымянення дасудовага ўрэгулявання спрэчак у асобных сферах грамадскіх адносін, у тым ліку з дапамогай медыятараў; удасканальвання заканадаўчага рэгулявання шлюбна-сямейных адносін з улікам практыкі прымянення норм Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і; рэалізацыі ў заканадаўчых актах палажэнняў міжнародна-прававых актаў у сферы забеспячэння і абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей, у тым ліку Канвенцыі аб грамадзянскіх аспектах міжнароднага выкрадання дзяцей.
Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Канстытуцыйны Суд зыходзіць з палажэнняў Канстытуцыі:
аб абвяшчэнні Рэспублікі Беларусь дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавай (частка першая артыкула 1);
аб вызначэнні чалавека, яго правоў, свабод і гарантый іх рэалізацыі найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы (частка першая артыкула 2);
аб устанаўленні ў Рэспубліцы Беларусь прынцыпу вяршэнства права, згодна з якiм дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства (часткi першая і другая артыкула 7 Канстытуцыі);
аб прызнанні Рэспублікай Беларусь прыярытэту агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забеспячэнні адпаведнасці ім заканадаўства (частка першая артыкула 8 Канстытуцыі);
аб гарантаванні дзяржавай правоў і свабод грамадзян Беларусі, замацаваных у Канстытуцыі, законах і прадугледжаных міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (частка трэцяя артыкула 21);
аб праве кожнага на абарону ад незаконнага ўмяшання ў яго асабістае жыццё (артыкул 28);
аб абароне дзяржавай шлюбу, сям’і, мацярынства, бацькоўства і дзяцінства, праве і абавязку бацькоў або асоб, якія іх замяняюць, выхоўваць дзяцей, клапаціцца аб іх здароўі, развіцці і навучанні (часткі першая і трэцяя артыкула 32);
аб абавязку дзяржавы прымаць усе даступнае ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй (частка першая артыкула 59 Канстытуцыі);
аб гарантаванні кожнаму абароны яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны (частка першая артыкула 60).
Правяраючы канстытуцыйнасць Закона, Канстытуцыйны Суд, кіруючыся часткай першай артыкула 54 Закона «О конституционном судопроизводстве», устанаўлiвае адпаведнасць яго Канстытуцыі, міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь, па змесце норм, форме, размежаванні кампетэнцыі паміж дзяржаўнымі органамі і парадку прыняцця.
1. Рэспубліка Беларусь як сацыяльная прававая дзяржава, у якой чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы, гарантуюцца правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы, забяспечвае законнасць і правапарадак, абавязана прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, у тым ліку права на абарону правоў і свабод кожнага кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом, які ажыццяўляе правасуддзе на аснове спаборнасці і роўнасці бакоў у працэсе (часткi першая і трэцяя артыкула 1, частка першая артыкула 2, частка трэцяя артыкула 21, частка першая артыкула 59, частка першая артыкула 60, частка першая артыкула 115 Канстытуцыі).
З прыведзеных палажэнняў Канстытуцыі вынікае абавязак заканадаўца ствараць такія прававыя механізмы, якія забяспечвалі б своечасовасць, паўнату і эфектыўнасць абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян і юрыдычных асоб пры дапамозе як правасуддзя, якое адказвае патрабаванням справядлівасці і эканамічнасці, так і дадатковых форм абароны, уключаючы дасудовае ўрэгуляванне спрэчак.
У мэтах удасканальвання прававых механізмаў пазасудовага парадку вырашэння спрэчак Законам (артыкулы 1 і 2, пункты 1–9 артыкула 3, пункты 4, 11 і 12 артыкула 4, пункты 2 і 3 артыкула 5, артыкул 7) уносяцца змяненні ў Грамадзянскі, Гаспадарчы працэсуальны, Грамадзянскі працэсуальны, Падатковы кодэксы Рэспублікі Беларусь, Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і (далей адпаведна – ГК, ГПК, ГрПК, ПК, КабШС) і ў Закон Рэспублікі Беларусь «О медиации».
Так, Законам устанаўлiваецца, што да звароту ў суд з іскам па спрэчках паміж юрыдычнымі асобамі і (або) індывідуальнымі прадпрымальнікамі абавязковымі з’яўляюцца прад’яўленне прэтэнзіі (пісьмовай прапановы аб добраахвотным урэгуляванні спрэчкі) або прымяненне медыяцыі, калі іншае не вызначана ГК, іншымі заканадаўчымі актамі або дагаворам. Парадак прад’яўлення прэтэнзіі, а таксама парадак прымянення і правядзення медыяцыі ўстанаўліваюцца заканадаўствам і (або) дагаворам (пункт 2 артыкула 10 ГК).
У адпаведнасці з выкладаемай у новай рэдакцыі часткай першай артыкула 401 ГрПК гаспадарчая (эканамічная) спрэчка, якая ўзнікла з грамадзянскіх праваадносін і падведамная суду, што разглядае эканамічныя справы, па пісьмовым пагадненні бакоў або з іх згоды па ініцыятыве суда да выхаду суда ў дарадчы пакой для вынясення судовай пастановы па сутнасці спрэчкі можа быць перададзена для ўрэгулявання бакамі з удзелам медыятара (медыятараў).
Аналагічная норма аб магчымасці ўрэгулявання бакамі спрэчкі з удзелам медыятара (медыятараў) да выхаду суда ў дарадчы пакой для вынясення судовай пастановы прадугледжваецца ў грамадзянскім працэсе (артыкул 391 ГрПК).
Артыкул 6 КабШС дапаўняецца нормай, якая ўстанаўлівае, што ў выпадках, прадугледжаных пагадненнем бакоў, зацікаўленыя асобы да звароту ў суд з іскам аб абароне парушаных або аспрэчваемых правоў, якія вынікаюць са шлюбных і сямейных адносін, маюць права ўрэгуляваць спрэчку з удзелам медыятара (медыятараў).
У Законе «О медиации» замацоўваецца магчымасць правядзення інфармацыйнай сустрэчы з медыятарам (артыкулы 1 і 91); вызначаецца права бакоў медыятыўнага пагаднення ў выпадку яго невыканання добраахвотна звярнуцца ў суд у парадку, устаноўленым грамадзянскім працэсуальным або гаспадарчым працэсуальным заканадаўствам, за выдачай выканаўчага дакумента на прымусовае выкананне медыятыўнага пагаднення (пункт 4 артыкула 15).
Законам рэгулюецца парадак вядзення справы па заяве аб выдачы выканаўчага ліста на прымусовае выкананне медыятыўнага пагаднення ў грамадзянскім працэсе (глава 351 ГрПК), а таксама ўдакладняецца парадак ажыццяўлення такога вядзення па справе ў гаспадарчым працэсе (артыкул 2623 ГрПК).
Ацэньваючы прыведзеныя нормы Закона на іх адпаведнасць канстытуцыйным палажэнням, Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўносімыя ў заканадаўчыя акты змяненні накіраваны на пашырэнне магчымасцей грамадзян, індывідуальных прадпрымальнікаў і юрыдычных асоб у выбары форм абароны правоў і законных інтарэсаў, на ўдасканальванне існуючых прававых механізмаў прымянення медыяцыі, садзейнічаючы тым самым эфектыўнаму аднаўленню правоў і забеспячэнню законных інтарэсаў.
Пры гэтым устанаўліваемы судовы парадак разгляду заявы аб выдачы выканаўчага дакумента на прымусовае выкананне медыятыўнага пагаднення заснаваны на палажэннях часткі першай артыкула 60 Канстытуцыі, мае на мэце забеспячэнне законнасці і абгрунтаванасці заключанага бакамі медыятыўнага пагаднення.
2. Канстытуцыйную аснову праваадносін, змест якіх вызначаюць бацькоўскія правы і абавязкі і карэлюючыя ім правы і законныя інтарэсы дзяцей, складае норма Канстытуцыі аб тым, што бацькі або асобы, якія іх замяняюць, маюць права і абавязаны выхоўваць дзяцей, клапаціцца аб іх здароўі, развіцці і навучанні (частка трэцяя артыкула 32).
Дадзенай канстытуцыйнай норме карэспандуюць палажэнні шэрагу міжнародна-прававых актаў, якія замацавалі права сям’і на абарону з боку грамадства і дзяржавы, неабходнасць забеспячэння абароны ўсіх дзяцей у выпадку скасавання шлюбу мужа і жонкі, прыняцце асобых мер аховы і дапамогі ў адносінах да ўсіх дзяцей і падлеткаў без якой бы тое ні было дыскрымінацыі па прымеце сямейнага паходжання або па іншай прымеце (пункт 3 артыкула 16 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, пункты 1 і 4 артыкула 23 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, пункт 3 артыкула 10 Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах).
У адпаведнасці з пунктамі 1 і 2 артыкула 3 Канвенцыі аб правах дзіцяці ва ўсіх дзеяннях у адносінах да дзяцей, незалежна ад таго, прадпрымаюцца яны дзяржаўнымі або прыватнымі ўстановамі, якія займаюцца пытаннямі сацыяльнага забеспячэння, судамі, адміністрацыйнымі або заканадаўчымі органамі, першачарговая ўвага ўдзяляецца найлепшаму забеспячэнню інтарэсаў дзіцяці; дзяржавы-ўдзельніцы абавязваюцца забяспечыць дзіцяці такую абарону і клопат, якія неабходныя для яго дабрабыту, прымаючы да ўвагі правы і абавязкі яго бацькоў, апекуноў або іншых асоб, якія нясуць за яго адказнасць па законе, і з гэтай мэтай прымаюць усе адпаведныя заканадаўчыя і адміністрацыйныя меры.
На аснове прыведзеных узаемазвязаных палажэнняў Канстытуцыі і міжнародна-прававых актаў Законам (пункт 1 артыкула 4) адной з задач заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і вызначаецца ўлік найлепшых інтарэсаў дзіцяці пры прыняцці дзяржаўнымі органамі, іншымі арганізацыямі рашэнняў у адносінах да дзяцей (артыкул 1 КабШС).
З улікам дадзенай нормы ў КабШС уносяцца змяненні, якія ўстанаўліваюць у тым ліку, што ў выпадку разгляду судом спрэчкі аб аспрэчванні запісу аб бацькоўстве спагнанне аліментаў з асобы, якая плаціць іх па судовай пастанове, не прыпыняецца (частка чацвёртая артыкула 58); замацоўваюць права бацькоў заключаць паміж сабой Пагадненне аб дзецях незалежна ад факта знаходжання ў шлюбе (артыкул 761); удакладняюць умовы і парадак пазбаўлення бацькоўскіх правоў і аднаўлення ў гэтых правах (частка першая артыкула 80 і артыкул 84); прадугледжваюць магчымасць выплаты аліментаў на будучы час (частка чацвёртая артыкула 104) (пункты 14, 16–18, 27 артыкула 4 Закона).
Канстытуцыйны Суд адзначае, што ўстанаўліваемае заканадаўчае рэгуляванне, якое мае на мэце забеспячэнне прыярытэту правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, накіравана на ўдасканальванне прававых механізмаў аховы канстытуцыйных правоў дзіцяці, стварэнне належных умоў для іх паўнацэннай рэалізацыі, выкананне міжнародных абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі, якія датычацца правоў і законных інтарэсаў дзяцей.
3. Згодна з Канстытуцыяй грамадзянін адказны перад дзяржавай за няўхільнае выкананне абавязкаў, ускладзеных на яго Канстытуцыяй (частка другая артыкула 2); дзеці могуць быць аддзелены ад сваёй сям’і супраць волі бацькаў і іншых асоб, якія іх замяняюць, толькі на падставе рашэння суда, калі бацькі або іншыя асобы, якія іх замяняюць, не выконваюць сваіх абавязкаў (частка чацвёртая артыкула 32).
У адпаведнасці з указанымі канстытуцыйнымі палажэннямі Законам (пункт 17 артыкула 4) у частку першую артыкула 80 КабШС уносіцца змяненне аб тым, што бацькі або адзін з іх могуць быць пазбаўлены бацькоўскіх правоў у адносінах да непаўналетняга дзіцяці, калі будзе вызначана, што яны ўхіляюцца ад выканання абавязкаў бацькоў.
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу правапрымяняльнікаў на неабходнасць пры прымяненні гэтай нормы Закона ўлічваць шэраг узаемазвязаных палажэнняў Канстытуцыі і міжнародна-прававых актаў.
У Канстытуцыі ўстаноўлена, што дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (частка трэцяя артыкула 21), абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб (частка першая артыкула 23), кожны мае права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў яго асабістае жыццё (артыкул 28).
У адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 9 Канвенцыі аб правах дзіцяці дзяржавы-ўдзельніцы забяспечваюць, каб дзіця не разлучалася са сваімі бацькамі насуперак іх жаданню, за выключэннем выпадкаў, калі кампетэнтныя органы, згодна з судовым рашэннем, вызначаюць у адпаведнасці з прымянімым законам і працэдурамі, што такое разлучэнне неабходна ў найлепшых інтарэсах дзіцяці.
Грунтуючыся на прыведзеных палажэннях Канстытуцыі і Канвенцыі аб правах дзіцяці, Канстытуцыйны Суд адзначае, што пазбаўленне бацькоўскіх правоў з’яўляецца выключнай (крайняй) мерай сямейна-прававой адказнасці, якая цягне сур’ёзныя прававыя наступствы не толькі для бацькоў, але і для іх непаўналетніх дзяцей. У сувязі з гэтым пры прыняцці рашэння аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў неабходна зыходзіць з наяўнасці або адсутнасці віны бацькоў і абставін, якія сведчаць, што іншыя меры не прымусілі бацькоў належным вобразам ставіцца да выканання сваіх бацькоўскіх абавязкаў, а сямейныя сувязі паміж бацькамі і непаўналетнімі дзецьмі страчаны і абараніць гарантаваныя Канстытуцыяй правы і законныя інтарэсы дзіцяці іншым шляхам немагчыма.
4. Законам (пункт 18 артыкула 4) артыкул 84 КабШС выкладаецца ў новай рэдакцыі, якая вызначае ў тым ліку, што аднаўленне ў бацькоўскіх правах праводзіцца толькі ў судовым парадку па іску асобы, пазбаўленай бацькоўскіх правоў, але не раней чым па сканчэнні шасці месяцаў з дня ўступлення ў законную сілу рашэння суда аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў (частка першая); пры прад’яўленні і разглядзе іскаў аб аднаўленні ў бацькоўскіх правах павінна ўлічвацца меркаванне дзіцяці; для аднаўлення ў бацькоўскіх правах у адносінах да дзіцяці, якое дасягнула ўзросту дзесяці гадоў, неабходна яго згода (частка другая).
Канстытуцыйны Суд лічыць, што мэтай аднаўлення ў бацькоўскіх правах з’яўляецца аднаўленне натуральнай і неабходнай сувязі дзіцяці з яго бацькамі, што сведчыць аб накіраванасці прадугледжваемага заканадаўчага рэгулявання на рэалізацыю канстытуцыйнага палажэння аб абароне дзяржавай шлюбу, сям’і, мацярынства, бацькоўства і дзяцінства (частка першая артыкула 32 Канстытуцыі).
Канстытуцыйны Суд адзначае таксама рэалізацыю ў прыведзенай норме Закона палажэнняў Канвенцыі аб правах дзіцяці, што надаюць дзіцяці магчымасць быць заслуханым у ходзе любога судовага або адміністрацыйнага разбору, які закранае яго, або непасрэдна, або праз прадстаўніка або адпаведны орган у парадку, прадугледжаным працэсуальнымі нормамі нацыянальнага заканадаўства (пункт 2 артыкула 12).
Камітэтам ААН па правах дзіцяці ў Заўвазе агульнага парадку № 12 (2009) «Право ребенка быть заслушанным» адзначаецца, што ў артыкуле 12 Канвенцыі аб правах дзіцяці не ўстанаўлiваецца якога-небудзь узроставага абмежавання ў дачыненні да права дзіцяці выказваць свае погляды і яна не заахвочвае дзяржавы-ўдзельніцы да ўвядзення ў заканадаўстве або на практыцы ўзроставых абмежаванняў, якія б ушчамлялі права дзіцяці быць заслуханым па ўсіх закранаючых яго пытаннях (пункт 21).
Такім чынам, норма Закона (пункт 18 артыкула 4), якая рэгулюе аднаўленне ў бацькоўскіх правах, дазваляе ў поўнай меры забяспечваць улік інтарэсаў непаўналетніх дзяцей і адпавядае ўказаным палажэнням Канстытуцыі і міжнародна-прававых актаў.
5. Згодна з Канстытуцыяй бацькі або асобы, якія іх замяняюць, маюць права і абавязаны выхоўваць дзяцей, клапаціцца аб іх здароўі, развіцці і навучанні (частка трэцяя артыкула 32), дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй (частка першая артыкула 59).
Дадзеным канстытуцыйным нормам карэспандуюць палажэнні артыкула 27 Канвенцыі аб правах дзіцяці, у адпаведнасці з якімі дзяржавы-ўдзельніцы прызнаюць права кожнага дзіцяці на ўзровень жыцця, неабходны для фізічнага, разумовага, духоўнага, маральнага і сацыяльнага развіцця дзіцяці (пункт 1); бацька, маці (бацкі) або іншыя асобы, якія выхоўваюць дзіця, нясуць асноўную адказнасць за забеспячэнне ў межцах сваіх здольнасцей і фінансавых магчымасцей умоў жыцця, неабходных для развіцця дзіцяці (пункт 2).
Канстытуцыйны Суд адзначае, што адным са спосабаў рэалізацыі ўказаных палажэнняў Канстытуцыі і Канвенцыі аб правах дзіцяці з’яўляецца заканадаўчае замацаванне права дзіцяці на атрыманне аліментаў, якое мае асаблівае сацыяльнае значэнне, паколькі рэгулярнае атрыманне непаўналетнімі дзецьмі такіх выплат можа быць адной з асноўных крыніц сродкаў да іх існавання. У сувязі з гэтым Рэспубліка Беларусь як прававая і сацыяльная дзяржава абавязана гарантаваць адэкватную абарону правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх дзяцей, што ў адпаведнасці з вынікаючымі з палажэнняў Канстытуцыі і Канвенцыі аб правах дзіцяці прынцыпамі справядлівасці, роўнасці, суразмернасці, стабільнасці абумоўлівае неабходнасць удасканальвання прававых механізмаў, прызваных гарантаваць належны ўзровень жыццезабеспячэння атрымальніка аліментаў – непаўналетняга дзіцяці.
З мэтай замацавання гарантый ажыццяўлення правоў непаўналетніх дзяцей на атрыманне аліментаў Законам удакладняецца, што аліменты выплачваюцца штомесяц, калі іншае не вызначана Шлюбным дагаворам, Пагадненнем аб дзецях, Пагадненнем аб выплаце аліментаў; мяняюцца падыходы да разліку запазычанасці па аліментах у перыяд, на працягу якога даўжнік не працаваў, або не прадстаўлены дакументы, якія пацвярджаюць яго заробак і (або) іншы даход (зыходзячы з бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва) (пункты 27 і 28 артыкула 4).
Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, палажэнні Закона ў гэтай частцы накіраваны на максімальна магчымае захаванне дзіцяці ранейшага ўзроўню яго жыццезабеспячэння пры ўмове прытрымлівання балансу інтарэсаў непаўналетніх дзяцей і іх бацькоў у межах аліментных праваадносін.
Законам (пункт 28 артыкула 4) устанаўлiваецца, што пры разліку запазычанасці па аліментах за перыяд знаходжання даўжніка ў складзе Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, іншых войск і воінскіх фарміраванняў на тэрміновай ваеннай службе, праходжання ім альтэрнатыўнай службы, калі памер аліментаў не вызначаны Шлюбным дагаворам, Пагадненнем аб дзецях або Пагадненнем аб выплаце аліментаў, падлягаючыя выплаце аліменты вызначаюцца ў наступных памерах: на адно дзіця – 25 працэнтаў, на двух дзяцей – 33 працэнты, на трох і больш дзяцей – 50 працэнтаў фактычна атрыманага даўжніком даходу; пры гэтым устанаўлiваецца выключэнне з палажэння часткі першай артыкула 92 КабШС, якая прадугледжвае мінімальны памер аліментаў (часткі шостая і сёмая артыкула 110 КабШС).
Устанаўліваемае рэгуляванне накіравана, па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, на забеспячэнне справядлівага балансу правоў і законных інтарэсаў асоб, абавязаных выплачваць аліменты, у сувязі з неабходнасцю адначасовага выканання імі канстытуцыйных абавязкаў: клапаціцца аб здароўі, развіцці і навучанні дзіцяці (частка трэцяя артыкула 32 Канстытуцыі) і праходзіць воінскую або альтэрнатыўную службу (частка другая артыкула 57 Канстытуцыі).
6. Пунктам 32 артыкула 4 Закона вызначаецца, што ажыццяўленне функцый па апецы і папячыцельстве ўскладаецца: у адносінах да паўналетніх асоб, якія пакутуюць псіхічнымі расстройствамі (захворваннямі) або злоўжываюць спіртнымі напоямі, наркатычнымі сродкамі, псіхатропнымі рэчывамі, іх аналагамі, у частцы выяўлення грамадзян, якія маюць патрэбу ва ўстанаўленні апекі і папячыцельства, падрыхтоўкі неабходных матэрыялаў для ўзбуджэння ў судзе спраў аб прызнанні ўказаных грамадзян недзеяздольнымі або абмежавана дзеяздольнымі і прыняцця ўдзелу ў разглядзе такіх спраў – на структурныя падраздзяленні абласных, Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы аховы здароўя, арганізацыі аховы здароўя; у адносінах да асоб, прызнаных недзеяздольнымі або абмежавана дзеяздольнымі, – на структурныя падраздзяленні абласных, гарадскіх, раённых выканаўчых камітэтаў, мясцовых адміністрацый раёнаў у гарадах, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферах працы, занятасці і сацыяльнай абароны, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (абзацы трэці – пяты часткі другой артыкула 143 КабШС).
Абвяшчаючы чалавека, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы, Канстытуцыя гарантуе кожнаму права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў яго асабістае жыццё, замацоўвае абавязак кожнага паважаць годнасць, правы, свабоды і законныя інтарэсы іншых асоб, абавязвае дзяржаву прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй (частка першая артыкула 2, артыкулы 28, 53, частка першая артыкула 59).
У адпаведнасці з Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека (артыкулы 1, 6, 7, 12 і 17) і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах (артыкулы 16, 17 і 26) усе людзі, нараджаючыся свабоднымі і роўнымі ў сваёй годнасці і правах, дзе б яны не знаходзіліся, маюць права на прызнанне сваёй правасуб’ектнасці, на роўную абарону ад якой бы тое ні было дыскрымінацыі, ад адвольнага ўмяшання ў асабістае і сямейнае жыццё, ад адвольнага замаху на гонар і рэпутацыю і ад адвольнага пазбаўлення сваёй маёмасці.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што вызначэнне Законам паўнамоцтваў структурных падраздзяленняў выканаўчых камітэтаў і арганізацый аховы здароўя па выяўленні паўналетніх асоб, якія маюць патрэбу ва ўстанаўленні апекі і папячыцельства, па падрыхтоўцы неабходных матэрыялаў для ўзбуджэння ў судзе спраў аб прызнанні ўказаных асоб недзеяздольнымі або абмежавана дзеяздольнымі, грунтуецца на прыведзеных палажэннях Канстытуцыі і міжнародна-прававых актаў.
7. У Канстытуцыі ўстаноўлена, што Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства (частка першая артыкула 8); мацярынства, бацькоўства і дзяцінства знаходзяцца пад абаронай дзяржавы (частка першая артыкула 32); кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны (частка першая артыкула 60); правасуддзе ажыццяўляецца на аснове Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю іншых нарматыўных актаў (частка першая артыкула 112).
Рэспубліка Беларусь як суверэнная прававая дзяржава добраахвотна ўсклала на сябе абавязак добрасумленна выконваць палажэнні ратыфікаваных ёю міжнародна-прававых актаў.
Артыкуламі 3 і 4 Канвенцыі аб правах дзіцяці прадугледжана, што дзяржавы-ўдзельніцы ва ўсіх дзеяннях у адносінах да дзяцей першачарговую ўвагу ўдзяляюць найлепшаму забеспячэнню інтарэсаў дзіцяці, абавязваюцца забяспечыць дзіцяці такія абарону і клопат, якія неабходныя для яго дабрабыту, і прымаюць усе неабходныя заканадаўчыя, адміністрацыйныя і іншыя меры для ажыццяўлення правоў дзіцяці.
Мэтамі Канвенцыі аб грамадзянскіх аспектах міжнароднага выкрадання дзяцей (далей – Канвенцыя) з’яўляюцца забеспячэнне неадкладнага вяртання дзяцей, неправамерна перамешчаных у любую з Дагаворных дзяржаў або якія ўтрымліваюцца ў любой з Дагаворных дзяржаў; забеспячэнне эфектыўнага выканання правоў апекі і доступу, прадугледжаных заканадаўствам адной Дагаворнай дзяржавы, у іншых Дагаворных дзяржавах.
На рэалізацыю прыведзеных палажэнняў Канстытуцыі і міжнародна-прававых актаў накіраваны шэраг норм Закона, якія вызначаюць рэгуляванне грамадзянска-прававых адносін, што датычацца міжнароднага выкрадання дзяцей.
Згодна з пунктам 10 артыкула 3 Закона ГрПК дапаўняецца главой 282, якая рэгламентуе вядзенне па справах аб вяртанні дзіцяці або аб ажыццяўленні правоў доступу. Так, справы аб вяртанні неправамерна перамешчанага ў Рэспубліку Беларусь або неправамерна ўтрымліваемага ў Рэспубліцы Беларусь дзіцяці або аб ажыццяўленні ў адносінах да такога дзіцяці правоў доступу на падставе Канвенцыі разглядаюцца судом па правілах іскавага вядзення з абавязковым удзелам пракурора і прадстаўніка органа апекі і папячыцельства (часткі першая і другая артыкула 3349 ГрПК).
КабШС дапаўняецца артыкулам 2351, які замацоўвае права бацькі, маці або іншай асобы, якая надзелена правамі апекі або правамі доступу ў адносінах да дзіцяці, патрабаваць вяртання неправамерна перамешчанага або неправамерна ўтрымліваемага дзіцяці або ажыццяўлення ў адносінах да такога дзіцяці правоў доступу ў адпаведнасці з Канвенцыяй (пункт 43 артыкула 4 Закона).
Пункт 1 артыкула 285 ПК дапаўняецца падпунктам 1.1.15, які прадугледжвае вызваленне ад дзяржаўнай пошліны пры звароце ў суд заяўнікаў за разгляд заяў аб вяртанні неправамерна перамешчанага ў Рэспубліку Беларусь або неправамерна ўтрымліваемага ў Рэспубліцы Беларусь дзіцяці або аб ажыццяўленні ў адносінах да такога дзіцяці правоў доступу на падставе Канвенцыі (пункт 1 артыкула 5 Закона).
Такім чынам, устанаўліваемае Законам рэгуляванне, па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, заснавана на палажэннях Канстытуцыі, міжнародна-прававых актаў і накіравана на выкананне міжнародных абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь адносна грамадзянскіх аспектаў міжнароднага выкрадання дзяцей.
8. Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што абарона правоў і свабод кожнага абумоўлівае такое заканадаўчае рэгуляванне грамадскіх адносін у адпаведнай сферы, пры якім не парушаліся б іншыя канстытуцыйныя каштоўнасці, уключаючы правы і свабоды іншых асоб.
Законам (пункт 4 артыкула 6) у Закон Рэспублікі Беларусь «О порядке выезда из Республики Беларусь и въезда в Республику Беларусь граждан Республики Беларусь» уносіцца змяненне, у адпаведнасці з якiм устанаўлiваецца ў тым ліку часовае абмежаванне права грамадзяніна на выезд з Рэспублікі Беларусь у выпадку, калі ён з’яўляецца адказчыкам па справе аб вяртанні неправамерна перамешчанага ў Рэспубліку Беларусь або неправамерна ўтрымліваемага ў Рэспубліцы Беларусь дзіцяці або аб ажыццяўленні ў адносінах да такога дзіцяці правоў доступу на падставе Канвенцыі, або дзіцяці, у адносінах да якога разглядаецца такая справа.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што прадугледжваемыя ва ўказаным Законе прававыя падставы, звязаныя з абмежаваннем правоў і свабод грамадзян, адпавядаюць палажэнням ГрПК, у тым ліку артыкула 33410, згодна з якімі суд у неабходных выпадках нароўні з іншымі мерамі ў адпаведнасці з главой 25 ГрПК можа забараніць адказчыку да ўступлення ў законную сілу рашэння суда па справе аб вяртанні дзіцяці або аб ажыццяўленні правоў доступу змяняць месца жыхарства (месца знаходжання) дзіцяці і часова абмежаваць права адказчыка і (або) дзіцяці на выезд з Рэспублікі Беларусь.
Правяраемыя палажэнні Закона, па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, накіраваны на забеспячэнне пры ажыццяўленні заканадаўчага рэгулявання прынцыпу прававой пэўнасці як важнейшай састаўляючай вяршэнства права, якое прадугледжвае забеспячэнне лагічнай узгодненасці прававых норм і адназначнасці іх разумення, аднолькавасці і прадказальнасці правапрымяняльнай практыкі.
Акрамя таго, прыведзенымі палажэннямі Закона ў пэўнай меры закранаецца канстытуцыйнае права грамадзян Рэспублікі Беларусь свабодна пакідаць Рэспубліку Беларусь і бесперашкодна вяртацца назад (артыкул 30 Канстытуцыі).
Згодна з Канстытуцыяй абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у тым ліку ў інтарэсах абароны правоў і свабод іншых асоб (частка першая артыкула 23).
У адпаведнасці з выпрацаванымі Канстытуцыйным Судом прававымі пазіцыямі абмежаванне законам правоў і свабод асобы дапускаецца толькі пры адначасовым прытрымліванні такіх крытэряў, як суразмернасць абмежаванняў канстытуцыйна вызначаемым інтарэсам і недапушчэнне страты рэальнага зместу права.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўстанаўліваемыя Законам абмежаванні заснаваны на канстытуцыйным палажэнні аб адказнасці грамадзяніна перад дзяржавай за няўхільнае выкананне абавязкаў, якія ўскладзены на яго Канстытуцыяй (частка другая артыкула 2 Канстытуцыі), накіраваны на абарону правоў і свабод іншых асоб шляхам стварэння прававога механізма забеспячэння дзяржаўнай абароны сям’і, мацярынства, бацькоўства і дзяцінства (частка першая артыкула 32 Канстытуцыі), носяць часовы характар, не з’яўляюцца празмернымі, адпавядаюць патрабаванням справядлівасці, разумнасці, суразмернасці, у сувязі з чым адпавядаюць частцы першай артыкула 23 Канстытуцыі.
9. У выкладзеных у шэрагу рашэнняў Канстытуцыйнага Суда прававых пазіцыях указана, што канстытуцыйнае права кожнага на судовую абарону ўключае права не толькі на зварот у суд, але і на своечасовае і поўнае выкананне судовых рашэнняў з мэтай атрымання дзейснай абароны шляхам аднаўлення парушаных правоў і свабод у адпаведнасці з заканадаўствам.
Згодна з пунктам 2 артыкула 8 Закона артыкул 115 Закона Рэспублікі Беларусь «Об исполнительном производстве» выкладаецца ў новай рэдакцыі, якая вызначае выкананне выканаўчых дакументаў аб перадачы або адабранні дзіцяці, аб парадку сувязі з дзіцём, аб удзеле ў выхаванні дзіцяці, аб вяртанні дзіцяці ці аб ажыццяўленні ў адносінах да дзіцяці правоў доступу, у тым ліку парадак выканання выканаўчых дакументаў аб вяртанні неправамерна перамешчанага ў Рэспубліку Беларусь або неправамерна ўтрымліваемага ў Рэспубліцы Беларусь дзіцяці ці аб ажыццяўленні ў адносінах да такога дзіцяці правоў доступу на падставе Канвенцыі.
Канстытуцыйны Суд мяркуе, што прыведзеныя палажэнні Закона маюць на мэце забеспячэнне канстытуцыйнага прынцыпу абавязковасці судовых пастаноў для ўсіх грамадзян і службовых асоб і рэалізацыю тым самым замацаванага ў Канстытуцыі права кожнага на судовую абарону, якое выступае гарантыяй забеспячэння іншых канстытуцыйных правоў і свабод асобы (частка другая артыкула 115 і частка першая артыкула 60 Канстытуцыі).
Канстытуцыйны Суд лічыць, што па сваім змесце Закон накіраваны на забеспячэнне прававых умоў для актыўнага прымянення медыяцыі пры дасудовым урэгуляванні спрэчак, удасканальванне заканадаўчага рэгулявання грамадскіх адносін, звязаных з ажыццяўленнем бацькоўскіх правоў і абавязкаў, правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх.
Закон прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у межах паўнамоцтваў у адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97, адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі.
На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд лічыць, што Закон па змесце норм, форме акта, размежаванні кампетэнцыі паміж дзяржаўнымі органамі і парадку прыняцця адпавядае Канстытуцыі.
Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткай другой артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкуламі 103–105 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь
ВЫРАШЫЎ:
1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «Об изменении законов» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
2. Рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
3. Апублікаваць рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь П.П.Міклашэвіч