Навіны
22—24 студзеня 2009 года ў г. Кейптаун (Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка) адбылася першая Сусветная канферэнцыя па канстытуцыйнаму правасуддзю на тэму: “Уплывовае канстытуцыйнае правасуддзе: яго ўплыў на грамадства і на развіццё сусветнай юрыспрудэнцыі ў галіне правоў чалавека”

У яе рабоце прыняла ўдзел дэлегацыя Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь на чале са Старшынёй Канстытуцыйнага Суда Міклашэвічам П.П.

Канферэнцыя ўпершыню аб’яднала органы канстытуцыйнай юрысдыкцыі больш як 90 краін свету. У ёй прынялі ўдзел кіраўнікі канстытуцыйных судоў, канстытуцыйных саветаў і вярхоўных судоў, якія ўваходзяць у такія міжнародныя арганізацыі, як Канферэнцыя органаў канстытуцыйнага кантролю краін маладой дэмакратыі, Канферэнцыя еўрапейскіх канстытуцыйных судоў, Ібера-амерыканская канферэнцыя па канстытуцыйнаму правасуддзю, а таксама судоў Садружнасці Нацый (Брытанскай), Саюза арабскіх канстытуцыйных судоў і саветаў, Асацыяцыі франкамоўных канстытуцыйных судоў, азіяцкіх канстытуцыйных судоў, Паўднёва-афрыканскай камісіі суддзяў і іншых міжнародных арганізацый.

На Канферэнцыі абмяркоўваліся пытанні ўплыву дзейнасці канстытуцыйных судоў на грамадства, праблемы фарміравання глабальнай юрыспрудэнцыі па правах чалавека, уздзеянне міжнароднага права на нацыянальныя прававыя сістэмы. Удзельнікі форуму неаднаразова падкрэслівалі, што ў цяперашні час канстытуцыйнае правасуддзе вызначае аптымальны баланс захавання правоў асобы і інтарэсаў усяго грамадства, зацвярджае адзіныя дэмакратычныя каштоўнасці.

На пленарным пасяджэнні Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Міклашэвіч П.П. выступіў з дакладам, прысвечаным развіццю канстытуцыйнага кантролю ў Рэспубліцы Беларусь. П.П.Міклашэвіч інфармаваў удзельнікаў Канферэнцыі аб праблемах і перспектывах ажыццяўлення канстытуцыйнага правасуддзя ў форме абавязковага папярэдняга канстытуцыйнага кантролю законаў, павышэння эфектыўнасці абароны канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян з улікам прынцыпаў і норм міжнароднага права. У цяперашні час далейшае развіццё канстытуцыйнага правасуддзя ў Беларусі адбываецца ва ўмовах стабільнасці ў грамадстве, рэальнага развіцця дэмакратыі, цеснага і канструктыўнага ўзаемадзеяння ўлад, высокага даверу народа Прэзідэнту і Парламенту. П.П.Міклашэвіч адзначыў, што пашырэнне паўнамоцтваў Канстытуцыйнага Суда мае на мэце далейшае ўдасканальванне сістэмнага характару канстытуцыйнага кантролю, павышэння яго ролі і ўплыву на зацвярджэнне канстытуцыйных норм і прынцыпаў у жыцці грамадства і дзяржавы. Пры гэтым галоўнай задачай Канстытуцыйнага Суда было і застаецца забеспячэнне вяршэнства Канстытуцыі і яе непасрэднага дзеяння, канстытуцыйны кантроль за нарматыўнымі прававымі актамі ў дзяржаве, абарона канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян.

Кажучы аб развіцці сусветнай юрыспрудэнцыі, П.П.Міклашэвіч падкрэсліў, што Рэспубліка Беларусь з’яўляецца ўдзельніцай практычна ўсіх асноўных міжнародных дагавораў універсальнага характару ў галіне правоў і свабод чалавека, што дазваляе Канстытуцыйнаму Суду прымяняць іх непасрэдна пры прыняцці рашэнняў. У міжнародным праве акумуліраваны стандарты ў галіне правоў чалавека, якім павінны адпавядаць як заканадаўства, так і судовая практыка розных краін.

У выступленнях і ў ходзе дыскусій на Сусветнай канферэнцыі ўдзельнікі дзяліліся вопытам дзейнасці канстытуцыйных судоў па забеспячэнню вяршэнства канстытуцыі, умацаванню эфектыўнасці абароны канстытуцыйных правоў і свабод, уплыву канстытуцыйнага правасуддзя на грамадства. Адзначалася важнасць павышэння канстытуцыйнай правасвядомасці грамадзян, іх інфармаванасці аб механізмах судовай абароны.

Па выніках Канферэнцыі прынята дэкларацыя, у якой адзначана, што канстытуцыйнае правасуддзе з’яўляецца ключавым элементам развіцця і рэалізацыі замацаваных у канстытуцыях базавых каштоўнасцей, якія складаюць аснову для работы канстытуцыйных судоў і саветаў.

У дэкларацыі падкрэслена ўсеагульная заклапочанасць у пытаннях абароны правоў чалавека як на рэгіянальным, так і на сусветным узроўні. Пры гэтым цэнтральным звяном у дадзеным кантэксце, якое мае аб’яднальнае значэнне і сілу, з’яўляюцца Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, канвенцыі ААН, а таксама рашэнні рэгіянальных судоў, такіх, як Еўрапейскі Суд па правах чалавека, Міжамерыканскі і Афрыканскі суды па правах чалавека. Удзельнікі К анферэнцыі падкрэслілі, што ўзаемны інтарэс і ўзаемаабагачэнне ў значнай меры абумоўлены вывучэннем судовай практыкі судоў іншых краін, як тых, якія адносяцца да аднаго рэгіёну, так і дзяржаў, што знаходзяцца на іншых кантынентах. Канстытуцыі адрозніваюцца, але будуюцца яны на базавых прынцыпах, якія іх аб’ядноўваюць і ўключаюць механізмы абароны правоў чалавека і чалавечай годнасці, прававой дзяржавы. Прававое абгрунтаванне прымянення гэтых прынцыпаў у адной краіне можа быць выкарыстана органамі канстытуцыйнай юрысдыкцыі іншай краіны безадносна да адрозненняў у іх канстытуцыях.

Канферэнцыя дазволіла ўдзельнікам не толькі абмяняцца вопытам, але і актывізаваць супрацоўніцтва ў сферы канстытуцыйнага правасуддзя, вызначыць стратэгію і перспектывы яго развіцця. Удзельнікі форуму аднагалосна падкрэслілі важнасць аб’яднання органаў канстытуцыйнага кантролю ў розныя рэгіянальныя і лінгвістычныя групы, а таксма падтрымалі ідэю стварэння Сусветнай асацыяцыі органаў канстытуцыйнага кантролю і правядзення сусветных канферэнцый на перыядычнай аснове.

Адбыліся рабочыя сустрэчы Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь з кіраўнікамі канстытуцыйных судоў Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Кыргызстана, Латвіі, Літвы, Малдовы, Расіі, Румыніі, Таджыкістана, Украіны, Эстоніі, ПАР, Сакратаром Венецыянскай камісіі Савета Еўропы і інш. У ходзе сустрэч абмяркоўваліся перспектывы развіцця двухбаковага і шматбаковага супрацоўніцтва, умацавання кантактаў на ўзроўні рэгіянальных арганізацый, узмацнення інфармацыйнага абмену паміж органамі канстытуцыйнага кантролю розных дзяржаў.