Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
8 ліпеня 2019 г. № Р-1180/2019
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «Об изменении Уголовного кодекса Республики Беларусь»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Карповіч Н.А., суддзяў Бодак А.М., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Козыравай Л.Р., Рабцава В.М., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абзаца другога часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкула 98 і часткі першай артыкула 101 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве»

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «Об изменении Уголовного кодекса Республики Беларусь».

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Варановіча Т.В., прааналізаваўшы палажэннi Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «Об изменении Уголовного кодекса Республики Беларусь» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

Закон Рэспублікі Беларусь «Об изменении Уголовного кодекса Республики Беларусь» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 13 чэрвеня 2019 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 27 чэрвеня 2019 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

Законам уносяцца змяненні ў асобныя артыкулы Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – КК), а таксама гэты Кодэкс дапаўняецца нормамі, якія ўстанаўліваюць крымінальную адказнасць за схiленне спартсмена да выкарыстання забароненых у спорце рэчываў і метадаў, за наўмыснае выкарыстанне ў адносінах да спартсмена такіх рэчываў, метадаў.

1. Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Канстытуцыйны Суд зыходзіць з:

абвяшчэння Рэспублікі Беларусь дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавай (частка першая артыкула 1 Канстытуцыі);

вызначэння Канстытуцыяй чалавека, яго правоў, свабод і гарантый іх рэалізацыі найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы (частка першая артыкула 2);

устанаўлення ў Рэспубліцы Беларусь прынцыпу вяршэнства права, згодна з якiм дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства (часткi першая і другая артыкула 7 Канстытуцыі);

прызнання Рэспублікай Беларусь прыярытэту агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забеспячэння адпаведнасці ім заканадаўства (частка першая артыкула 8 Канстытуцыі);

гарантавання Канстытуцыяй правоў і свабод грамадзян Беларусі, замацаваных у Канстытуцыі, законах і прадугледжаных міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (частка трэцяя артыкула 21);

абавязку дзяржавы прымаць усе даступнае ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй (частка першая артыкула 59 Канстытуцыі).

Правяраючы канстытуцыйнасць Закона, Канстытуцыйны Суд, кіруючыся часткай першай артыкула 54 Закона «О конституционном судопроизводстве», устанаўлiвае адпаведнасць яго Канстытуцыі, міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь, па змесце норм, форме, размежаванні кампетэнцыі паміж дзяржаўнымі органамі і парадку прыняцця.

2. У Канстытуцыі замацаваны нормы аб тым, што Рэспубліка Беларусь – сацыяльная прававая дзяржава (частка першая артыкула 1), у якой чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы (частка першая артыкула 2); забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы (частка першая артыкула 21); абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб (частка першая артыкула 23).

Канстытуцыяй прадугледжана таксама, што грамадзянін адказны перад дзяржавай за няўхільнае выкананне абавязкаў, ускладзеных на яго Канстытуцыяй, у тым ліку па выкананні Канстытуцыі, законаў, павазе годнасці, правоў, свабод, законных інтарэсаў іншых асоб (частка другая артыкула 2, артыкулы 52 і 53).

Канстытуцыйны Суд адзначае, што заканадавец, зыходзячы з дадзеных канстытуцыйных норм, у адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97, пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі мае права на заканадаўчым узроўні вызначаць, якiя грамадска небяспечныя дзеянні  з’яўляюцца злачынствамі, замацоўваць падставы і ўмовы крымінальнай адказнасці, устанаўліваць пакаранні і іншыя меры крымінальнай адказнасці, што могуць быць прыменены да асоб, якія ўчынілі злачынства.

Пры гэтым устанаўліваемыя ў крымінальным законе меры крымінальнай адказнасці павінны, па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, валодаць разумным стрымліваючым патэнцыялам, дастатковым для выканання адпаведных забарон, каб іх прымяненне адпавядала прызначэнню дзяржаўнага прымусу, які па сэнсе часткі першай артыкула 1, часткі першай артыкула 2, часткі першай артыкула 21, часткі першай артыкула 23 Канстытуцыі знаходзіцца ў тым ліку ў прэвентыўным выкарыстанні ўласцівых яму юрыдычных сродкаў для абароны правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, іншых канстытуцыйных каштоўнасцей.

3. Згодна з Канстытуцыяй кожны мае права на жыццё; дзяржава абараняе жыццё чалавека ад любых проціпраўных замахаў; грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на ахову здароўя, якое забяспечваецца ў тым ліку развіццём фізічнай культуры і спорту (часткi першая і другая артыкула 24, часткi першая і трэцяя артыкула 45).

Законам (пункт 3 артыкула 1) КК дапаўняецца артыкулам 3311 «Склонение спортсмена к использованию вещества и (или) метода, включенных в Республиканский перечень запрещенных в спорте веществ и методов» і артыкулам 3312 «Умышленное использование в отношении спортсмена вещества и (или) метода, включенных в Республиканский перечень запрещенных в спорте веществ и методов».

Нормы Закона ў гэтай частцы грунтуюцца таксама на палажэннях шэрагу міжнародна-прававых актаў, ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь.

Канвенцыя супраць прымянення допінгу 1989 года абавязвае дзяржавы прымаць законы, прававыя палажэнні або адміністрацыйныя меры абмежавання даступнасці допінгу, а таксама прымянення ў спорце забароненых прэпаратаў і метадаў допінгу (пункт 1 артыкула 4); з гэтай мэтай бакі заклiкаюць свае спартыўныя арганізацыі ўдакладняць і ўзгадняць іх адпаведныя правы, абавязацельствы і абавязкі, у прыватнасці шляхам узгаднення працэдуры прымянення эфектыўных санкцый у адносiнах да кіраўнікоў, урачоў, ветэрынараў, трэнераў, фізіятэрапеўтаў і іншых кіраўнікоў або саўдзельнікаў парушэнняў спартсменамі антыдопінгавых правіл (падпункт «е» пункта 2 артыкула 7).

У адпаведнасці з артыкулам 9 Міжнароднай канвенцыі аб барацьбе з допінгам у спорце 2005 года дзяржавы-ўдзельніцы самі прымаюць або садзейнічаюць  прыняццю спартыўнымі арганізацыямі і антыдопінгавымі арганізацыямі мер, у тым ліку санкцый або штрафаў у адносiнах да дапаможнага персаналу спартсмена, які парушае антыдопінгавае правіла або ўчыняе iншае парушэнне, звязанае з допінгам у спорце.

Згодна з артыкулам 21 Сусветнага антыдопінгавага кодэкса 2015 года персанал спартсмена павінен ведаць і выконваць антыдопінгавую палітыку і правілы, прынятыя ў адпаведнасці з дадзеным Кодэксам, што прымяняльныя да яго або спартсменам, садзейнічанне якім ён аказвае; выкарыстоўваць свой ўплыў на спартсмена, яго погляды і паводзіны з мэтай фарміравання атмасферы нецярпімасці да допінгу (пункты 21.2.1 і 21.2.3).

Канстытуцыйны Суд адзначае, што грамадская небяспека допінгу ў спорце, якім згодна з пунктам 1 артыкула 49 Закона Рэспублікі Беларусь «О физической культуре и спорте» прызнаецца ўчыненне аднаго або некалькіх парушэнняў антыдопінгавых правіл, устаноўленых Палажэннем аб антыдопінгавых правілах Рэспублікі Беларусь з улікам Сусветнага антыдопінгавага кодэкса, заключаецца ў тым, што прымяненне допінгу наносіць шкоду ідэалогіі спорту і прыводзіць да страты яго каштоўнасцей, а таксама ўяўляе рэальную пагрозу для здароўя спартсменаў.

Такім чынам, устанаўленне крымінальнай адказнасці за ўчыненне злачынстваў, звязаных з допінгам у спорце, заснавана на палажэннях Канстытуцыі і міжнародна-прававых актаў, знаходзіцца ў межах дыскрэцыi Парламента і накіравана на абарону каштоўнасцей і ідэалогіі спорту, здароўя спартсменаў ад злачынных замахаў.

4. Пунктам 1 артыкула 1 Закона ў артыкул 130 КК уносіцца дапаўненне, згодна з якiм нароўні з прадугледжанай адказнасцю за наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або розніцы па прымеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай або іншай сацыяльнай прыналежнасці, устанаўлiваецца таксама адказнасць за наўмысныя дзеянні па рэабілітацыі нацызму.

У Рэзалюцыі 73/157 Генеральнай Асамблеі ААН «Борьба с героизацией нацизма, неонацизмом и другими видами практики, которые способствуют эскалации современных форм расизма, расовой дискриминации, ксенофобии и связанной с ними нетерпимости» ад 17 снежня 2018 года дзяржавам рэкамендавана прыняць належныя меры, у тым ліку ў заканадаўчай галіне і ў сферы адукацыі, у адпаведнасці з іх міжнароднымі абавязацельствамі ў галіне правоў чалавека, каб прадухіліць перагляд вынікаў Другой сусветнай вайны і адмову злачынстваў супраць чалавечнасці і ваенных злачынстваў, учыненых падчас Другой сусветнай вайны (пункт 18).

Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўвядзенне крымінальнай адказнасці за публічную рэабілітацыю нацызму абумоўлена павышанай ступенню небяспекі такой дзейнасці, якая пераследуе на сваёй мэце змяненне свядомасці і волі значнай колькасці людзей, падмену іх каштоўнасных арыенціраў, фарміраванне ў іх пачуцця сацыяльнай варожасці, схiленне да сацыяльна дэструктыўных паводзін.

Такім чынам, правяраемае палажэнне Закона забяспечвае крыміналізацыю дзеянняў па рэабілітацыі нацызму як аднаго з найбольш небяспечных праяў экстрэмізму, што адпавядае палажэнням Канстытуцыі аб забароне прапаганды сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варожасці (частка трэцяя артыкула 5), аб прызнанні Рэспублікай Беларусь прыярытэту агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забеспячэнні адпаведнасці ім заканадаўства (частка першая артыкула 8).

5. Законам (пункт 2 артыкула 1) прадугледжваецца змякчэнне крымінальнай адказнасці за ўчыненне некаторых злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў: ніжняя мяжа санкцыі за ўчыненне злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 328 КК, зніжаецца з 5 да 3 гадоў, а злачынства, прадугледжанага часткай 3 дадзенага артыкула КК, – з 8 да 6 гадоў.

Канстытуцыйны Суд адзначае, што дадзеная норма Закона накіравана на забеспячэнне індывідуалізацыі крымінальнай адказнасці і суразмернасці крымінальна-прававых наступстваў для асобы, якая прыцягваецца да крымінальнай адказнасці, шкодзе, што прычыняецца ў выніку яе проціпраўных дзеянняў, і адпавядае палажэнням часткі трэцяй артыкула 1 і часткі другой артыкула 2 Канстытуцыі аб забеспячэнні Рэспублікай Беларусь законнасці і правапарадку, адказнасці грамадзяніна перад дзяржавай за няўхільнае выкананне абавязкаў, ускладзеных на яго Канстытуцыяй.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што па сваім змесце правяраемы Закон, зыходзячы з вяршэнства права, накіраваны на далейшае зацвярджэнне законнасці і правапарадку, эфектыўнае вырашэнне задач крымінальнага закона на сучасным этапе развіцця грамадства і дзяржавы ў мэтах гарантавання і абароны канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян.

Закон прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у межах паўнамоцтваў у адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97, адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі.

На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд лічыць, што Закон па змесце норм, форме акта, размежаванні кампетэнцыі паміж дзяржаўнымі органамі і парадку прыняцця адпавядае Канстытуцыі.

Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткай другой артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкуламі 103–105 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь 

ВЫРАШЫЎ:

1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «Об изменении Уголовного кодекса Республики Беларусь» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

2. Рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

3. Апублікаваць рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі. 

 

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                   П.П.Міклашэвіч