3 кастрычніка 2019 г. № Р-1190/2019
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Карповіч Н.А., суддзяў Бодак А.М., Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Козыравай Л.Р., Рабцава В.М., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.
разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу «Аб прававым рэгуляванні пісьмовых растлумачэнняў прымянення нарматыўных прававых актаў».
У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел:
паўнамоцны прадстаўнік Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе – Гуйвiк Н.В., старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве;
прадстаўнікі:
Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь – Шкурдзюк Ж.Б., намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь;
Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь – Герасімаў В.М., першы намеснік Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь;
Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь – Дыско Г.I., намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь.
Вядзенне па справе ўзбуджана вызначэннем Канстытуцыйнага Суда ад 17 чэрвеня 2019 г. у адпаведнасці з часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), абзацам восьмым часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, часткамі першай і чацвёртай артыкула 158 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве» на падставе паступіўшага ў Канстытуцыйны Суд звароту Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Беларуская навукова-прамысловая асацыяцыя», у якім указваецца, што нормы законаў, якія дэлегуюць органам выканаўчай улады права (якія ўскладаюць абавязак) даваць растлумачэнні па пытаннях прымянення заканадаўства, не змяшчаюць палажэнняў, што вызначаюць прававы статус такіх растлумачэнняў як маючых нарматыўны характар; не ўстанаўліваюць адказнасць выканаўчай улады за невыкананне або неналежнае выкананне гэтага абавязку; не гарантуюць суб’ектам гаспадарання судовую абарону іх правоў і законных інтарэсаў. Па меркаванні Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі, заканадаўчае рэгуляванне, што змяшчае нормы, якія надаюць органам выканаўчай улады права і адначасова ўскладаюць на іх абавязак даваць растлумачэнні па пытаннях, звязаных з прымяненнем заканадаўства, характарызуецца прабельнасцю і прававой нявызначанасцю.
Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Сяргееву В.Г., выступленні паўнамоцнага прадстаўніка Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе, прадстаўнікоў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі, Закона Рэспублікі Беларусь «О нормативных правовых актах» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, даследаваўшы прадстаўленыя дакументы і іншыя матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд устанавіў.
1. У Канстытуцыі, якая абвясціла Рэспубліку Беларусь прававой дзяржавай, вызначана, што чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы (частка першая артыкула 1, частка першая артыкула 2); забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь – найвышэйшая мэта дзяржавы, якая гарантуе іх правы і свабоды, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (часткі першая і трэцяя артыкула 21).
Згодна з Канстытуцыяй у Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права; дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства (часткі першая і другая артыкула 7).
Канстытуцыйны Суд у рашэннях неаднаразова ўказваў, што з прыведзеных канстытуцыйных палажэнняў вынікаюць абавязкі дзяржавы фарміраваць прававую сістэму, адпавядаючую сутнасці прававой дзяржавы, якая забяспечвае прававую дакладнасць у нарматворчасці і ў правапрымяненні, ствараючы тым самым умовы для забеспячэння канстытуцыйных каштоўнасцей і мэт; устанаўліваць эфектыўнае прававое рэгуляванне грамадскіх адносiн, неабходнае для забеспячэння рэалізацыі канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян, належнага выканання актаў заканадаўства.
У Пасланні Канстытуцыйнага Суда Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і палатам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2017 годзе» ўказана, што абавязковай умовай зацвярджэння сучаснага канстытуцыяналізму з’яўляецца канстытуцыяналізацыя права, якая абумоўлівае неабходнасць эфектыўнага прававога рэгулявання грамадскіх адносiн, устаранення ў дзеючым заканадаўстве прабелаў, выключэння калізій і прававой нявызначанасці ў мэтах забеспячэння і абароны канстытуцыйных правоў і свабод кожнага. У сувязі з гэтым звернута ўвага заканадаўца і іншых нарматворчых органаў на недапушчальнасць аслаблення канстытуцыйных гарантый правоў і свабод чалавека па прычыне наяўнасці ў нарматыўных прававых актах прабелаў і іншых дэфектаў прававога рэгулявання.
2. У адпаведнасці з артыкулам 39 Закона «О конституционном судопроизводстве» ў Вярхоўны Суд, Камітэт дзяржаўнага кантролю, Генеральную пракуратуру, Міністэрства юстыцыі, Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў, Беларускую рэспубліканскую калегію адвакатаў, на кафедру грамадзянскага права і кафедру фінансавага права і прававога рэгулявання гаспадарчай дзейнасці юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта былі накіраваны запыты, на якія Канстытуцыйным Судом атрыманы адказы.
Вярхоўны Суд указвае, што растлумачэнні дзяржаўных органаў (арганізацый) па пытаннях прымянення нарматыўных прававых актаў, якія не з’яўляюцца нарматыўнымі прававымі актамі, і, такім чынам, не маюць абавязковага характару, не могуць уплываць на рашэнне, якое прымаецца судом, і быць, напрыклад, падставай для вызвалення ад устаноўленай заканадаўчымі актамі адказнасці ў выпадку ажыццяўлення дзейнасці згодна з такімі растлумачэннямі; пісьмовыя растлумачэнні не з’яўляюцца афіцыйным тлумачэннем нарматыўных прававых актаў, і згодна з часткай другой пункта 2 артыкула 69 Закона «О нормативных правовых актах» дача такіх растлумачэнняў па зваротах грамадзян і юрыдычных асоб ажыццяўляецца ў парадку, прадугледжаным заканадаўствам аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб.
Камітэт дзяржаўнага кантролю лічыць, што растлумачэнні дзяржаўных органаў (арганізацый) не з’яўляюцца часткай заканадаўства і не могуць мець нарматыўнай сілы, паколькі ў іх, згодна з пунктам 3 артыкула 69 Закона «О нормативных правовых актах», не павінны змяшчацца якія-небудзь палажэнні, адрозныя ад патрабаванняў заканадаўства; пры ацэнцы выканання заканадаўства ў пэўнай сферы суды, праваахоўныя і кантралючыя (наглядныя) органы абавязаны кіравацца нормамі заканадаўства, у сувязі з чым растлумачэнні не могуць мець якой-небудзь пераважнай або абавязковай доказнай сілы. Па меркаванні Камітэта дзяржаўнага кантролю, дзеючая рэдакцыя артыкула 69 Закона «О нормативных правовых актах» дастатковая для вызначэння прававога рэжыму растлумачэнняў.
Генеральная пракуратура лічыць, што пісьмовыя растлумачэнні ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў (арганізацый) па прымяненні нарматыўных прававых актаў выражаюць пазіцыю (меркаванне) службовых асоб па якім-небудзь пытанні і не валодаюць нарматыўнымі ўласцівасцямі; разам з тым, паколькі значная частка растлумачэнняў даецца органамі дзяржаўнага кіравання (арганізацыямі) у выглядзе пісьмаў, накіраваных нявызначанаму колу асоб пры дапамозе размяшчэння на афіцыйным сайце адпаведнага органа, у якіх нярэдка змяшчаюцца інструкцыі, правілы паводзін або арганізацыйна-распарадчыя прадпісанні падведамным органам, то такія растлумачэнні набываюць характар актаў, якія валодаюць нарматыўнымі ўласцівасцямі. З улікам выкладзенага Генеральная пракуратура лічыць, што палажэнні Закона «О нормативных правовых актах» могуць быць дапрацаваны ў частцы вызначэння прававога статусу растлумачэнняў, патрабаванняў да іх зместу і апублікавання.
Міністэрства юстыцыі ўказвае, што прабелу і прававой нявызначанасці ў артыкуле 69 Закона «О нормативных правовых актах», які ўстанаўлівае права нарматворчых органаў (службовых асоб), што рэалізуюць дзяржаўную палітыку, ажыццяўляюць прававое рэгуляванне і кіраванне ў дадзенай галіне (сферы дзейнасці) або да кампетэнцыі якіх аднесена вырашэнне адпаведных пытанняў, даваць пісьмовыя растлумачэнні прымянення нарматыўных прававых актаў, не выяўлена. У адказе адзначаецца, што пісьмовыя растлумачэнні прымянення нарматыўных прававых актаў упаўнаважаных дзяржаўных органаў (арганізацый) не змяшчаюць прымет нарматыўнага прававога акта, такім чынам, не валодаюць нарматыўнымі ўласцівасцямі; суды, праваахоўныя і кантралюючыя органы могуць улічваць пісьмовыя растлумачэнні дзяржаўных органаў у выпадку, калі такія растлумачэнні не супярэчаць Канстытуцыі і заканадаўству.
У адказе Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў выкладаецца меркаванне, што дадзеныя дзяржаўным органам (арганізацыяй) растлумачэнні не носяць абавязковага характару і не з’яўляюцца яго рашэннем у форме нарматыўнага або ненарматыўнага прававога акта, а таксама акта, прынятага па выніках праверкі; разам з тым прымяненне фізічнай або юрыдычнай асобай на практыцы ў канкрэтных сітуацыях такіх растлумачэнняў, якія не з’яўляюцца прававымі актамі (нарматыўнымі і ненарматыўнымі) і афіцыйным тлумачэннем заканадаўства, не выключае магчымасці наступлення негатыўных наступстваў. На гэтай падставе зроблены вывад, што пытанне дадатковай рэгламентацыі статусу растлумачэнняў нарматыўных прававых актаў можа быць разгледжана ў межах комплекснай карэкціроўкі Закона «О нормативных правовых актах» пасля вывучэння практыкі яго прымянення і з улікам замежнага вопыту.
Беларуская рэспубліканская калегія адвакатаў адзначае наяўнасць прабелу і прававой нявызначанасці ў нормах Закона «О нормативных правовых актах», якія ўстанаўліваюць права дзяржаўных органаў (арганізацый) даваць пісьмовыя растлумачэнні прымянення нарматыўных прававых актаў, бо ў іх недастаткова вызначаны прававая сутнасць (прырода) і юрыдычная сіла такіх растлумачэнняў.
Па меркаванні кафедры грамадзянскага права юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, з аналізу заканадаўства бачыцца адсутнасць стройнай і зразумелай сістэмы рэалізацыі права дзяржаўных органаў на дачу пісьмовых растлумачэнняў прымянення нарматыўных прававых актаў; у заканадаўстве існуе прававая нявызначанасць адносна юрыдычнай сілы і нарматыўных уласцівасцей пісьмовых растлумачэнняў дзяржаўных органаў (службовых асоб) аб прымяненні нарматыўных прававых актаў.
Кафедра фінансавага права і прававога рэгулявання гаспадарчай дзейнасці юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта лічыць, што пісьмовыя растлумачэнні, зыходзячы са зместу пункта 8 артыкула 2, артыкулаў 4 і 69 Закона «О нормативных правовых актах», не валодаюць уласцівасцю нарматыўнасці, аднолькава як і не адносяцца да ненарматыўных прававых актаў, хаця дадзеныя растлумачэнні (у тым ліку памылковыя) па сваёй сутнасці з’яўляюцца такімі. З улікам указанага выкладаецца вывад, што ў Законе «О нормативных правовых актах» існуе прабел у частцы адсутнасці палажэнняў аб абавязковасці (неабавязковасці) пісьмовых растлумачэнняў, аб аднясенні (неаднясенні) іх да ненарматыўных прававых актаў, аб тым, у якой меры суды, праваахоўныя і кантралюючыя органы павінны ўлічваць такія пісьмовыя растлумачэнні пры ацэнцы выканання заканадаўства ў пэўнай сферы праваадносін.
3. У адпаведнасці з Законам «О нормативных правовых актах» нарматворчыя органы (службовыя асобы), што рэалізуюць дзяржаўную палітыку, ажыццяўляюць прававое рэгуляванне і кіраванне ў пэўнай галіне (сферы дзейнасці) або да кампетэнцыі якіх аднесена рашэнне адпаведных пытанняў, або іншыя ўпаўнаважаныя дзяржаўныя органы (арганізацыі) пры неабходнасці падрыхтоўваюць пісьмовыя растлумачэнні прымянення нарматыўных прававых актаў (частка першая пункта 2 артыкула 69), якія з’яўляюцца згодна з пунктам 1 артыкула 73 дадзенага Закона адным са спосабаў забеспячэння рэалізацыі нарматыўных прававых актаў пасля іх прыняцця (выдання).
Пры гэтым неабходна ўлічваць, што ў сілу пункта 3 артыкула 69 Закона «О нормативных правовых актах» як пры афіцыйным тлумачэнні, так і пры пісьмовым растлумачэнні нарматыўнага прававога акта не дапускаюцца змяненне зместу яго нарматыўных прававых прадпісанняў, увядзенне або ўзмацненне адказнасці грамадзян і юрыдычных асоб, абмежаванне іх правоў і свабод або пазбаўленне існуючых правоў і свабод, ускладанне дадатковых (павялічаных) абавязкаў у параўнанні з існуючымі, устанаўленне ўскладненага парадку рэалізацыі гэтых правоў, свабод і абавязкаў.
Са зместу норм пункта 2 артыкула 69 Закона «О нормативных правовых актах» вынікае, што ўпаўнаважаныя дзяржаўныя органы (арганізацыі) маюць права па ўласнай ініцыятыве пры неабходнасці падрыхтаваць пісьмовыя растлумачэнні, адрасаваныя нявызначанаму колу асоб.
Паўнамоцтвы дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць прававое рэгуляванне і кіраванне ў пэўнай галіне (сферы дзейнасці) або да кампетэнцыі якіх аднесена рашэнне адпаведных пытанняў, або іншых упаўнаважаных дзяржаўных органаў (арганізацый) на дачу пісьмовых растлумачэнняў прымянення нарматыўных прававых актаў замацаваны, у прыватнасці, у шэрагу законаў Рэспублікі Беларусь:
Законам «Об инвестиционных фондах» прадугледжана, што ўпаўнаважаны орган пры ажыццяўленні дзяржаўнага рэгулявання адносiн у сферы інвестыцыйных фондаў дае растлумачэнні па пытаннях прымянення дадзенага Закона (артыкул 5);
згодна з Законам «О государственных закупках товаров (работ, услуг)» упаўнаважаны дзяржаўны орган па дзяржаўных закупках дае растлумачэнні па пытаннях, звязаных з прымяненнем заканадаўства аб дзяржаўных закупках (артыкул 10);
у адпаведнасці з Законам «О государственно-частном партнерстве» Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь у сферы дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў межах сваёй кампетэнцыі дае растлумачэнні па пытаннях, звязаных з прымяненнем актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве (артыкул 9);
у сілу артыкула 14 Закона «О противодействии монополистической деятельности и развитии конкуренции» ўпаўнаважаны рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання ў сферы процідзеяння манапалістычнай дзейнасці і развіцця канкурэнцыі (антыманапольны орган) дае ў адпаведнасці з заканадаўствам растлумачэнні па пытаннях прымянення антыманапольнага заканадаўства;
Законам «О рынке ценных бумаг» вызначана, што рэспубліканскі орган дзяржаўнага кіравання, які ажыццяўляе дзяржаўнае рэгуляванне рынку каштоўных папер, дае растлумачэнні па пытаннях прымянення дадзенага Закона (артыкул 8).
Прадастаўленне законам дзяржаўным органам паўнамоцтва даваць пісьмовыя растлумачэнні па пытаннях прымянення заканадаўства ў пэўнай галіне (сферы дзейнасці) адпавядае прынцыпу вяршэнства права, у адпаведнасці з якім дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства (часткі першая і другая артыкула 7 Канстытуцыі).
Устанаўленне такіх паўнамоцтваў, зыходзячы з палажэнняў Закона «О нормативных правовых актах», мае на мэце належную арганізацыю рэалізацыі нарматыўных прававых актаў, уключаючы накіраванасць на максімальнае выкананне патрабаванняў заканадаўства ў пэўнай галіне (сферы дзейнасці) і аднастайнае іх прымяненне.
Адначасова Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў Законе «О нормативных правовых актах» і ў названых вышэй законах, якія надзяляюць дзяржаўныя органы правам (або якія ўскладаюць абавязак) дачы пісьмовых растлумачэнняў па пытаннях, звязаных з прымяненнем заканадаўства ў той або іншай сферы грамадскіх адносiн, адсутнічаюць прадпісанні аб юрыдычнай сіле і характары такіх растлумачэнняў.
4. Даследаваўшы прававую прыроду пісьмовых растлумачэнняў прымянення актаў заканадаўства ўпаўнаважаных дзяржаўных органаў, у тым ліку Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Рэспублікі Беларусь, Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд устанавіў, што яны:
1) падрыхтоўваюцца міністэрствамі, што з’яўляюцца рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, рэалізуюць дзяржаўную палітыку, ажыццяўляюць рэгуляванне і кіраванне ў пэўнай галіне (сферы дзейнасці), да кампетэнцыі якіх аднесена вырашэнне адпаведных пытанняў і каардынацыя дзейнасці ў дадзенай галіне (сферы дзейнасці) іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання. Зыходзячы з гэтага, пісьмовыя растлумачэнні дзяржаўных органаў па сутнасці ўяўляюць сабой спосаб ажыццяўлення праварастлумачальнай дзейнасці і метадычнага кіраўніцтва правапрымяненнем у мэтах забеспячэння аднастайнай практыкі прымянення нарматыўных прававых актаў у пэўнай галіне грамадскіх адносiн.
Нормай часткі першай пункта 2 артыкула 69 Закона «О нормативных правовых актах», згодна з якой упаўнаважаныя дзяржаўныя органы (арганізацыі) маюць права падрыхтоўваць пісьмовыя растлумачэнні прымянення нарматыўных прававых актаў, прадугледжваецца, што падрыхтоўка такіх растлумачэнняў ажыццяўляецца «пры неабходнасці». Права растлумачыць прымяненне актаў заканадаўства ў адпаведнага органа вынікае не з факта іх прыняцця, а з прычыны ўзнікнення ў правапрымяненні сітуацыі, якая патрабуе дадатковага, належнага і на адпаведным узроўні яе аналізу і растлумачэння прымянення такіх актаў, каб пазбегнуць памылак, што цягнуць негатыўныя прававыя наступствы;
2) даюцца адпаведным упаўнаважаным дзяржаўным органам у пісьмовай форме і без выканання працэдуры, устаноўленай для прыняцця нарматыўных прававых актаў;
3) не могуць згодна з патрабаваннямі пункта 3 артыкула 69 Закона «О нормативных правовых актах», якія прад’яўляюцца да зместу пісьмовых растлумачэнняў прымянення нарматыўных прававых актаў, змяняць прававое рэгуляванне адносiн у адпаведнай сферы;
4) выражаюць пазіцыю дзяржаўных органаў па прымяненні норм заканадаўства ў пэўнай галіне (сферы дзейнасці), і паколькі пісьмовыя растлумачэнні прымянення нарматыўных прававых актаў, якія з’яўляюцца абавязковымі для ўсіх грамадзян і арганізацый, падрыхтоўваюцца ўпаўнаважанымі на іх дачу кампетэнтнымі дзяржаўнымі органамі (арганізацыямі), гэта прадугледжвае магчымасць азнаямлення з імі нявызначанага кола асоб;
5) прымяняюцца на практыцы грамадзянамі і юрыдычнымі асобамі пры рэалізацыі імі сваіх правоў, свабод і законных інтарэсаў, а таксама выкананні абавязкаў у пэўнай галіне (сферы дзейнасці). Грамадзяне і юрыдычныя асобы пры абароне сваіх правоў, свабод і законных інтарэсаў спасылаюцца на такія растлумачэнні як на дакументы, на якія яны арыентаваліся ў сваёй дзейнасці для ўдакладнення парадку прымянення прававых норм.
Прымаючы да ўвагі выкладзенае, Канстытуцыйны Суд лічыць, што пісьмовыя растлумачэнні прымянення нарматыўных прававых актаў упаўнаважаных дзяржаўных органаў (арганізацый) маюць асобую прававую прыроду і не адносяцца да нарматыўных прававых актаў, не ўдакладняюць і не дапаўняюць прававое рэгуляванне, а змяшчаюць рэкамендацыі, накіраваныя на фарміраванне аднастайнай практыкі прымянення дзеючых прававых норм.
5. Законам «О нормативных правовых актах», які рэгламентуе адносiны ў сферы нарматворчай дзейнасці, вызначаны выкарыстоўваемыя ў ім прававыя тэрміны, інстытуты, раскрыты змест стадый нарматворчага працэсу, прадугледжаны сістэма і віды нарматыўных прававых актаў, патрабаванні, якія датычацца іх уступлення ў сілу, дзеяння і рэалізацыі.
У той жа час названы Закон, надаючы ўпаўнаважаным дзяржаўным органам (арганізацыям) права пры неабходнасці падрыхтоўваць пісьмовыя растлумачэнні прымянення нарматыўных прававых актаў, не прадугледжвае палажэнняў аб юрыдычнай сіле і характары такіх пісьмовых растлумачэнняў.
Канстытуцыйны Суд на падставе аналізу дзеючага заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі, а таксама з улікам розных меркаванняў дзяржаўных органаў і іншых арганізацый у дачыненні да прававога рэгулявання пісьмовых растлумачэнняў упаўнаважаных дзяржаўных органаў (арганізацый) прымянення нарматыўных прававых актаў лічыць, што ў Законе «О нормативных правовых актах» існуе прававая нявызначанасць у прававым рэгуляванні пісьмовых растлумачэнняў прымянення нарматыўных прававых актаў, якія падрыхтоўваюцца ўпаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі (арганізацыямі).
Прававая нявызначанасць прававога рэгулявання пісьмовых растлумачэнняў прымянення нарматыўных прававых актаў, па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, не дазваляе ў поўнай меры забяспечваць выкананне канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, згодна з якім прававы акт павінен эфектыўна ўздзейнічаць на грамадскія адносіны, змяшчаць дакладны, ясны і недвухсэнсоўны пераказ прававых норм, што дакладна ўстанаўліваюць патрабаванні, якія прад’яўляюцца да дзеянняў фізічных і юрыдычных асоб. Такі дэфект прававога рэгулявання параджае магчымасць неадназначнага разумення норм права і іх неаднастайнага прымянення і тым самым можа прывесці да парушэння канстытуцыйных гарантый рэалізацыі і абароны правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян і юрыдычных асоб, пацягнуць прычыненне шкоды асобе або маёмасці грамадзяніна або маёмасці юрыдычнай асобы.
Канстытуцыйны Суд, грунтуючыся на ўзаемазвязаных палажэннях частак першай і трэцяй артыкула 1, часткі першай артыкула 2, часткі першай артыкула 7, частак першай і трэцяй артыкула 21, часткі першай артыкула 59 Канстытуцыі, лічыць, што ў мэтах забеспячэння прынцыпу вяршэнства права, які прадугледжвае неабходнасць своечасовага выключэння ў нарматыўных прававых актах прававой нявызначанасці, стварэння такой прававой сістэмы, у якой нарматыўныя прававыя акты знаходзяцца ў сістэмнай узаемасувязі, узгоднены паміж сабой, а таксама забяспечваюцца яснасць, дакладнасць, несупярэчлівасць і лагічнае суладдзе прававых норм, заканадаўцу трэба ўрэгуляваць праваадносіны, што датычацца пісьмовых растлумачэнняў прымянення нарматыўных прававых актаў, якія даюць упаўнаважаныя дзяржаўныя органы (арганізацыі).
На падставе выкладзенага, кіруючыся часткамі першай і сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абзацам восьмым часткі трэцяй артыкула 22 і артыкулам 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, часткай другой артыкула 74, артыкуламі 75, 77, 80, 84, часткай сямнаццатай артыкула 85 і артыкулам 160 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь
ВЫРАШЫЎ:
1. У мэтах забеспячэння канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, выключэння прававой нявызначанасці ў прававым рэгуляванні пісьмовых растлумачэнняў прымянення нарматыўных прававых актаў, якія прымаюцца ўпаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі (арганізацыямі), прызнаць неабходным унесці ў Закон Рэспублікі Беларусь «О нормативных правовых актах» змяненні, накіраваныя на вызначэнне юрыдычнай сілы і характару пісьмовых растлумачэнняў прымянення нарматыўных прававых актаў.
2. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць праект закона аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «О нормативных правовых актах» і ўнесці яго ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
2. Рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
3. Апублікаваць рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь П.П.Міклашэвіч