26 красавіка 2019 г. № Р-1168/2019
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Карповіч Н.А., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Козыравай Л.Р., Рабцава В.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.
на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абзаца другога часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкула 98 і часткі першай артыкула 101 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве»
разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «Об изменении Закона Республики Беларусь «Об обращении с отходами».
Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Цікавенку А.Г., прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «Об изменении Закона Республики Беларусь «Об обращении с отходами» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:
Закон Рэспублікі Беларусь «Об изменении Закона Республики Беларусь «Об обращении с отходами» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 2 красавіка 2019 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 19 красавіка 2019 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.
Законам у Закон Рэспублікі Беларусь «Об обращении с отходами» ўносяцца змяненні і дапаўненні, абумоўленыя неабходнасцю ўдасканальвання прававых асноў абыходжання з адыходамі, а таксама ўзгаднення норм Закона Рэспублікі Беларусь «Об обращении с отходами» з нормамі іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь і міжнародна-прававых актаў, якія састаўляюць права Еўразійскага эканамічнага саюза.
1. Канстытуцыйны Суд, грунтуючыся на палажэннях Канстытуцыі і міжнародна-прававых актаў, кіруючыся часткай першай артыкула 54 Закона «О конституционном судопроизводстве», ажыццяўляе праверку канстытуцыйнасці Закона, улічваючы неабходнасць забеспячэння вяршэнства і непасрэднага дзеяння Канстытуцыі. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд ацэньвае адпаведнасць Закона канстытуцыйным патрабаванням з улікам:
прызнання чалавека, яго правоў, свабод і гарантый іх рэалізацыі найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы, забеспячэння правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь – найвышэйшай мэтай дзяржавы (частка першая артыкула 2, частка першая артыкула 21 Канстытуцыі);
артыкула 46 Канстытуцыі, якi ўстанаўлівае права кожнага на спрыяльнае навакольнае асяроддзе і на пакрыццё шкоды, прычыненай парушэннем гэтага права; ускладае на дзяржаву ажыццяўленне кантролю за рацыянальным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў у мэтах абароны і паляпшэння ўмоў жыцця, а таксама аховы і аднаўлення навакольнага асяроддзя;
гарантавання грамадзянам Рэспублікі Беларусь права на ахову здароўя, якое забяспечваецца ў тым ліку мерамі па аздараўленню навакольнага асяроддзя (часткi першая і трэцяя артыкула 45 Канстытуцыі);
палажэнняў Канстытуцыі, якія прадугледжваюць, што ажыццяўленне права ўласнасці не павінна супярэчыць грамадскай карысці і бяспецы, наносіць шкоды навакольнаму асяроддзю, гістарычна-культурным каштоўнасцям, уціскаць правы і абараняемыя законам інтарэсы іншых асоб (частка шостая артыкула 44); ахова прыроднага асяроддзя – абавязак кожнага (артыкул 55); дзяржава надае ўсім роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, акрамя забароненай законам, і гарантуе роўную абарону і роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці, ажыццяўляе рэгуляванне эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства (часткі другая і пятая артыкула 13);
абавязку дзяржавы прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй; абавязку дзяржаўных органаў, службовых і іншых асоб, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, у межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы (часткі першая і другая артыкула 59 Канстытуцыі).
2. Нормамі артыкула 1 Закона вызначаюцца асаблівасці адчужэння адыходаў іншай юрыдычнай асобе або індывідуальнаму прадпрымальніку (пункт 4), распрацоўкі і зацвярджэння дзяржаўных праграм у галіне абыходжання з адыходамі (абзац трэці пункта 8, пункт 16, абзац другі пункта 32); канкрэтызуюцца паўнамоцтвы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, мясцовых Саветаў дэпутатаў, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў у галіне абыходжання з адыходамі (пункты 7–9, 11–14), Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў галіне абыходжання з камунальнымі адыходамі (пункт 10), абавязкі юрыдычных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў і фізічных асоб у галіне абыходжання з адыходамі (пункт 19); удакладняюцца патрабаванні да абыходжання з адыходамі (пункты 20–24), меры па аказанні эканамічнага стымулявання ў галіне абыходжання з адыходамі (пункт 15).
Згодна з выкладаемым у новай рэдакцыі пунктам 3 артыкула 3 Закона «Об обращении с отходами» дазваляецца адчужэнне ўсіх відаў адыходаў іншай юрыдычнай асобе або індывідуальнаму прадпрымальніку, якія ажыццяўляюць абыходжанне з адыходамі толькі ў мэтах далейшых іх падрыхтоўкі, захавання, абясшкоджвання і (або) выкарыстання (абзац чацвёрты пункта 4 артыкула 1 Закона). У адпаведнасці з пунктам 2 выкладаемага ў новай рэдакцыі артыкула 17 Закона «Об обращении с отходами» юрыдычныя асобы, якія ажыццяўляюць абыходжанне з адыходамі, за выключэннем мікраарганізацый, абавязаны: назначаць службовых (упаўнаважаных) асоб, адказных за абыходжанне з адыходамі; распрацоўваць і зацвярджаць інструкцыі па абыходжаннi з адыходамі вытворчасці, а таксама забяспечваць іх выкананне; весці ўлік адыходаў і праводзіць іх інвентарызацыю ў парадку, устаноўленым указаным Законам і іншымі актамі заканадаўства аб абыходжаннi з адыходамі (пункт 19 артыкула 1 Закона).
У мэтах эканамічнага стымулявання ў галіне абыходжання з адыходамі юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць абыходжанне з адыходамі, прадугледжваецца аказанне ім дзяржаўнай фінансавай падтрымкі ў відах і (або) парадку, устаноўленых заканадаўчымі актамі (абзац пяты пункта 15 артыкула 1 Закона).
Прыведзеныя нормы Закона накіраваны на стымуляванне максімальнага выкарыстання адыходаў, уцягненне іх у грамадзянскі абарот у якасці другаснай сыравіны, забеспячэнне экалагічнай бяспекі як састаўляючай нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь.
Пры ацэнцы канстытуцыйнасці ўказаных норм Закона Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на наступнае. Удасканальванне парадку абыходжання з адыходамі, уключаючы вызваленне індывідуальных прадпрымальнікаў і мікраарганізацый ад абавязку назначаць службовых (упаўнаважаных) асоб, адказных за абыходжанне з адыходамі, распрацоўваць і зацвярджаць інструкцыі па абыходжаннi з адыходамі вытворчасці, весці ўлік адыходаў і праводзіць іх інвентарызацыю ва ўстаноўленым парадку і адначасова ўскладанне на іх іншых абавязкаў у галіне абыходжання з адыходамі (пункт 19 артыкула 1 Закона), прызвана забяспечваць экалагічную бяспеку і здароўе чалавека, эканамічную эфектыўнасць абыходжання з адыходамі. У прыватнасці, круг іх абавязкаў, прадугледжаных пунктам 1 артыкула 17 Закона «Об обращении с отходами», дапаўняецца палажэннем аб неабходнасці выканання патрабаванняў, норм і правіл, устаноўленых у тым ліку абавязковымі для выканання тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі (падпункт 1.7), што адпавядае аднаму з асноўных прынцыпаў у галіне абыходжання з адыходамі – прынцыпу выкарыстання найноўшых навукова-тэхнічных дасягненняў пры абыходжаннi з адыходамі.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што пры ўстанаўленні дадзеных норм заканадавец дзейнічаў у рамках сваіх дыскрэцыйных паўнамоцтваў, прадугледзеўшы належныя патрабаванні і ўмовы абыходжання з адыходамі, якія маюць на мэце гарантаванне канстытуцыйных правоў, забеспячэнне балансу інтарэсаў суб’ектаў гаспадарчай дзейнасці і інтарэсаў чалавека і грамадства пры рэалізацыі дзяржаўнай экалагічнай палітыкі.
3. Нормамі артыкула 1 Закона ўдакладняецца кампетэнцыя дзяржаўных органаў, у прыватнасці шляхам пашырэння іх паўнамоцтваў. Так, у мэтах рэгулявання адносін у галіне абыходжання з адыходамі артыкулам 1 Закона Міністэрства аховы здароўя надзяляецца паўнамоцтвам устанаўліваць па ўзгадненні з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя парадак абясшкоджвання адыходаў, якія ўтварыліся ў выніку знішчэння лекавых сродкаў, вырабаў медыцынскага прызначэння і медыцынскай тэхнікі (пункты 11 і 31), Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі – паўнамоцтвам зацвярджаць сумесна з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя тэхнічны кодэкс усталяванай практыкі абыходжання з камунальнымі адыходамі (пункт 10), Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя – паўнамоцтвам зацвярджаць агульнадзяржаўны класіфікатар Рэспублікі Беларусь «Классификатор отходов, образующихся в Республике Беларусь» (пункт 9). У выкладаемым у новай рэдакцыі артыкуле 111 Закона «Об обращении с отходами» вызначаецца кампетэнцыя Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, у рамках якой яно мае права выдаваць па ўзгадненні з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Міністэрствам прамысловасці (у частцы лому і адыходаў чорных і каляровых металаў) ліцэнзіі на экспарт і (або) імпарт тавараў і дублікаты гэтых ліцэнзій, а таксама прыпыняць, аднаўляць або спыняць іх дзеянне (пункт 13 артыкула 1 Закона).
Уносімыя заканадаўцам змяненні ў частцы кампетэнцыі дзяржаўных органаў Канстытуцыйны Суд ацэньвае як заснаваныя на частцы другой артыкула 7 Канстытуцыі, згодна з якой дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства, і адпавядаючыя абзацу дзясятаму артыкула 107, што вызначае паўнамоцтвы Савета Міністраў. Дадзеныя змяненні накіраваны на ўдасканальванне механізма рэалізацыі замацаванага ў частцы другой артыкула 46 Канстытуцыі абавязку дзяржавы ажыццяўляць кантроль за рацыянальным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў у мэтах абароны і паляпшэння ўмоў жыцця, а таксама аховы і аднаўлення навакольнага асяроддзя.
4. Законам (пункт 5 артыкула 1) адзін з асноўных прынцыпаў, замацаваных у артыкуле 4 Закона «Об обращении с отходами», выкладаецца ў новай рэдакцыі як прынцып прымянення найлепшых даступных тэхнічных метадаў пры абыходжаннi з адыходамі. Дадзены прынцып прадугледжвае выкарыстанне найноўшых навукова-тэхнічных дасягненняў, пры дапамозе якіх забяспечваюцца прадухіленне і скарачэнне ўтварэння адыходаў і іх уздзеяння на навакольнае асяроддзе. Эфектыўнасць рэалізацыі названага прынцыпу, як вынікае са зместу палажэнняў артыкула 1 Закона, непасрэдна звязана з абавязковым выкананнем юрыдычнымі асобамі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі і фізічнымі асобамі тэхнічных нарматыўных прававых актаў у працэсе выкарыстання адыходаў (пункт 30), пры абыходжаннi з адыходамі вытворчасці (пункт 20), абыходжаннi з адыходамі пры ажыццяўленні будаўнічай дзейнасці (пункт 24), абыходжаннi з адыходамі пры распрацоўцы горадабудаўнічых праектаў агульнага і дэталёвага планавання (пункт 25), абясшкоджванні адыходаў (пункт 31), размяшчэнні, праектаванні і будаўніцтве аб’ектаў захоўвання, захавання і абясшкоджвання адыходаў (пункт 32), эксплуатацыі аб’ектаў захоўвання, захавання і абясшкоджвання адыходаў (пункт 33).
Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, інстытуцыянальнае комплекснае забеспячэнне сістэмнага выканання прынцыпу прымянення найлепшых даступных тэхнічных метадаў пры абыходжаннi з адыходамі накіравана на гарантаванне кожнаму права на спрыяльнае навакольнае асяроддзе (артыкул 46 Канстытуцыі).
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу заканадаўца на неабходнасць далейшага развіцця і забеспячэння дадзенага прынцыпу ў нормах прыродаахоўнага заканадаўства ў мэтах практычнага выкарыстання найлепшых даступных тэхналогій як найбольш эфектыўных метадаў прадухілення і скарачэння ўтварэння адыходаў і іх уздзеяння на навакольнае асяроддзе ў цэлым з улікам эканамічных і тэхнічных магчымасцей на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а таксама стварэння ўмоў для рэалізацыі палажэння аб «нулявым» захаванні адыходаў.
5. Часткай першай артыкула 34 Канстытуцыі грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб стане навакольнага асяроддзя. У Законе «Об обращении с отходами» забеспячэнне юрыдычным і фізічным асобам, у тым ліку індывідуальным прадпрымальнікам, доступу да інфармацыі ў галіне абыходжання з адыходамі замацавана ў якасці аднаго з асноўных прынцыпаў у галіне абыходжання з адыходамі (артыкул 4), які рэалізуецца ў адпаведным абавязку юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. Згодна з новай рэдакцыяй падпункта 1.4 пункта 1 артыкула 17 названага Закона юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі абавязаны прадастаўляць у парадку, устаноўленым заканадаўствам, дакладную інфармацыю аб абыходжаннi з адыходамі па патрабаванні спецыяльна ўпаўнаважаных рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання ў галіне абыходжання з адыходамі або іх тэрытарыяльных органаў, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, а таксама па запыце грамадзян, юрыдычных асоб.
Новай рэдакцыяй артыкула 17 Закона «Об обращении с отходами» прадугледжваецца, што фізічныя асобы, якія не з’яўляюцца індывідуальнымі прадпрымальнікамі, абавязаны забяспечваць збор адыходаў і іх раздзяленне па відах, калі для гэтага юрыдычнымі асобамі, якія абслугоўваюць жылыя дамы, створаны ў адпаведнасці з гэтым Законам і іншымі актамі заканадаўства аб абыходжаннi з адыходамі, у тым ліку абавязковымі для выканання тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі, неабходныя ўмовы (пункт 3); юрыдычныя асобы, якія абслугоўваюць жылыя дамы, абавязаны ствараць умовы стваральнікам адыходаў спажывання для выканання імі патрабаванняў, устаноўленых дадзеным Законам і іншымі актамі заканадаўства аб абыходжаннi з адыходамі, у тым ліку абавязковымі для выканання тэхнічнымі нарматыўнымі прававымі актамі (пункт 6).
Канстытуцыйнае права кожнага на спрыяльнае навакольнае асяроддзе (частка першая артыкула 46 Канстытуцыі) падразумявае адпаведны абавязак па яе ахове, што вынікае з артыкула 55 Канстытуцыі, які разглядае ў якасці канстытуцыйнага абавязку кожнага ахову прыроднага асяроддзя.
Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, органам мясцовага кіравання і самакіравання трэба не толькі належным чынам інфармаваць насельніцтва аб неабходнасці разумнага абыходжання з адыходамі спажывання, аб значнасці іх збору і раздзялення па відах, але і прыцягваць грамадскасць да ўдзелу ў мерапрыемствах па забеспячэнні выканання патрабаванняў у галіне абыходжання з камунальнымі адыходамі на аснове развіцця тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання.
6. У мэтах прадухілення ўтварэння несанкцыяніраваных месцаў размяшчэння адыходаў у артыкулы 8, 19, 21 і 25 Закона «Об обращении с отходами» ўносяцца змяненні, накіраваныя на ўдасканальванне парадку абыходжання з камунальнымі адходамі, што ўтвараюцца ў спажывецкіх кааператывах і садаводчых таварыствах, якія ўстанаўліваюць, што адыходы падлягаюць збору і выдаленню ў адпаведнасці са схемамі абыходжання з камунальнымі адходамі, якія распрацоўваюцца і зацвярджаюцца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі па ўзгадненні з тэрытарыяльнымі органамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, упаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі і ўстановамі, што ажыццяўляюць дзяржаўны санітарны нагляд (абзац дзявяты пункта 9, абзацы другі і трэці пункта 21, пункт 23, абзац дзясяты пункта 27 артыкула 1 Закона).
Такое прававое рэгуляванне парадку абыходжання з камунальнымі адходамі арыентавана на аднаўленне навакольнага асяроддзя, гарантаванне прадугледжаных часткай першай артыкула 45 і артыкулам 46 Канстытуцыі правоў чалавека, захаванне эстэтычнай прывабнасці прыродных ландшафтаў, іх эстэтычнай і сацыяльна-эканамічнай каштоўнасці, а таксама фарміраванне экалагічнай культуры насельніцтва.
7. Канстытуцыяй вызначана, што Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства; не дапускаецца заключэнне міжнародных дагавораў, якія супярэчаць Канстытуцыі (часткі першая і трэцяя артыкула 8).
Пунктам 2 выкладаемага ў новай рэдакцыі артыкула 27 Закона «Об обращении с отходами» прадугледжваецца, што ўвоз і (або) вываз фізічнымі асобамі небяспечных адыходаў у якасці тавараў для асабістага карыстання забараняюцца (пункт 29 артыкула 1 Закона). Дадзеная норма адпавядае патрабаванню аб забароне ажыццяўляць увоз на мытную тэрыторыю Еўразійскага эканамічнага саюза і (або) вываз з мытнай тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза фізічнымі асобамі небяспечных адыходаў у якасці тавараў для асабістага карыстання, замацаванаму ў падпункце «а» пункта 3 Палажэння аб увозе на мытную тэрыторыю Еўразійскага эканамічнага саюза і вывазе з мытнай тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза небяспечных адыходаў (дадатак 7 да Рашэння Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі ад 21 красавіка 2015 г. № 30 «О мерах нетарифного регулирования»).
Канстытуцыйны Суд лічыць, што прыведзенае вышэй палажэнне і іншыя нормы Закона (пункты 8 і 9 артыкула 1) адпавядаюць палажэнням артыкула 8 Канстытуцыі і накіраваны на выкананне міжнародных экалагічных стандартаў у галіне кантролю трансгранічнага перамяшчэння небяспечных адыходаў і экалагічна бяспечнага кіравання імі ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза, норм наднацыянальнага права, далейшую гарманізацыю з ім нацыянальнага экалагічнага права, забяспечваючы тым самым рэалізацыю канстытуцыйных правоў грамадзян (частка першая артыкула 45 і частка першая артыкула 46 Канстытуцыі) і развіццё працэсу еўразійскай інтэграцыі.
Аналіз зместу палажэнняў Закона, якія прадугледжваюць рэдакцыйнае ўдакладненне паняццяў «вид отходов», «вторичные материальные ресурсы», «инвентаризация отходов», «коммунальные отходы», «обезвреживание отходов», «обращение с отходами», «объекты обезвреживания отходов», «объекты по использованию отходов», «удаление отходов», «хранение отходов», «подготовка отходов» (пункт 2 артыкула 1 Закона), сведчыць аб іх накіраванасці на забеспячэнне яснасці і несупярэчлівасці норм, далейшае ўдасканальванне заканадаўства аб абыходжаннi з адыходамі, што адпавядае прынцыпу вяршэнства права (частка першая артыкула 7 Канстытуцыі) і заснаванаму на ім прынцыпу прававой пэўнасці, які падразумявае ўзаемасувязь нарматыўных прававых актаў, іх узгодненасць паміж сабой, яснасць і дакладнасць прававых норм, што выключаюць іх рознае разуменне і забяспечваюць тым самым фарміраванне аднастайнай правапрымяняльнай практыкі.
Такім чынам, змяненне Закона «Об обращении с отходами» накіравана на ўдасканальванне заканадаўчага рэгулявання, звязанага з развіццём прадпрымальніцкай дзейнасці, забеспячэннем змяншэння аб’ёмаў утварэння адыходаў, стварэннем умоў для іх максімальнага выкарыстання і выключэння шкоднага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе.
Закон прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у межах паўнамоцтваў у адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97, адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі. Палаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пры прыняцці Закона дзейнічалі ў межах кампетэнцыі, прадугледжанай артыкуламі 97–100 Канстытуцыі.
На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду аб тым, што па змесце норм, форме акта і парадку прыняцця Закон адпавядае Канстытуцыі.
Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткай другой артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкуламі 103–105 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь
ВЫРАШЫЎ:
1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «Об изменении Закона Республики Беларусь «Об обращении с отходами» адпавядаючым Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
2. Рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
3. Апублікаваць рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь П.П.Міклашэвіч