Рашэннем прызнана неабходным унесці ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь змяненнi, якія ўстанаўліваюць права зацікаўленых асоб на абскарджанне ў суд пастановы пракурора аб спыненні ўзбуджанага ім вядзення па крымінальнай справе па ізноў адкрытых акалічнасцях.
Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом у адпаведнасці з артыкулам 158 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве» на падставе паступіўшага у Канстытуцыйны Суд звароту, у якім указваецца, што палажэнні Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – КПК), якія рэгламентуюць парадак вядзення па крымінальных справах па ізноў адкрытых акалічнасцях, не прадугледжваюць магчымасць абскарджання ў судовым парадку пастановы пракурора аб спыненні ўзбуджанага па крымінальнай справе вядзення па ізноў адкрытых акалічнасцях, што сведчыць аб наяўнасці прабелу ў крымінальна-працэсуальным законе і перашкаджае грамадзянам у рэалізацыі канстытуцыйнага права на судовую абарону.
Канстытуцыйны Суд пры разглядзе справы ўстанавіў.
Згодна з часткай першай артыкула 60 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь кожнаму гарантуецца судовая абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны.
Для забеспячэння эфектыўнай абароны канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян у КПК прадугледжаны дадатковыя заканадаўчыя механізмы такой абароны шляхам вядзення па крымінальных справах па ізноў адкрытых акалічнасцях. У главе 43 КПК вызначаны абставіны і парадак аднаўлення вядзення па крымінальных справах па ізноў адкрытых акалічнасцях. Права ўзбуджэння такога вядзення належыць пракурору (частка 1 артыкула 420 КПК). Пастанова пракурора аб адмове ва ўзбуджэнні вядзення па ізноў адкрытых акалічнасцях можа быць абскарджана вышэйстаячаму пракурору або ў суд (часткa 5 артыкула 420 КПК).
Пры адсутнасці падстаў для аднаўлення вядзення па крымінальнай справе пракурор сваёй матываванай пастановай спыняе ўзбуджанае ім вядзенне па ізноў адкрытых акалічнасцях; пастанова аб спыненні вядзення па ізноў адкрытых акалічнасцях даводзіцца да ведама зацікаўленых асоб з растлумачэннем ім права абскардзіць яе вышэйстаячаму пракурору (часткi 2 і 3 артыкула 421 КПК).
Нароўні з названымі нормамі крымінальна-працэсуальнага закона пунктам 3 артыкула 9 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь» устаноўлена, што грамадзянін, у тым ліку індывідуальны прадпрымальнік, або арганізацыя, якія мяркуюць, што рашэннем (дзеяннямі) пракурора ўцiснуты іх правы або законныя інтарэсы, маюць права абскардзіць яго (iх) вышэйстаячаму пракурору і (або) у суд.
Замацаванне ў Законе «Аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь» права грамадзян абскардзіць рашэнні (дзеянні) пракурора ў суд пры адсутнасці ў крымінальна-працэсуальным законе нормы аб праве зацікаўленых асоб абскардзіць у судовым парадку пастанову пракурора аб спыненні ўзбуджанага ім вядзення па крымінальнай справе па ізноў адкрытых акалічнасцях выклікае на практыцы неадназначнае разуменне і прымяненне адпаведных норм заканадаўства пры звароце грамадзян у суд са скаргамі на ўказаныя пастановы пракурора.
Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду аб тым, што з прычыны адсутнасці ў крымінальна-працэсуальным законе норм, якія прадугледжваюць магчымасць судовага абскарджання пастановы пракурора аб спыненні ўзбуджанага ім вядзення па крымінальнай справе па ізноў адкрытых акалічнасцях, грамадзянам, правы і законныя інтарэсы якіх закранаюцца такой пастановай, не забяспечваецца канстытуцыйна гарантаваная судовая абарона.
Указаны прабел прававога рэгулявання, па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, мае канстытуцыйна-прававое значэнне, паколькі аднаўленне вядзення па крымінальнай справе па ізноў адкрытых акалічнасцях як асобая стадыя крымінальнага працэсу ўключае ў тым ліку новы судовы разгляд справы для забеспячэння абароны канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян.
Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным у мэтах рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону, забеспячэння вяршэнства права і ўстаранення прабелу ў дзеючым прававым рэгуляванні ўнесці ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс змяненнi, якія ўстанаўліваюць права зацікаўленых асоб на абскарджанне ў суд пастановы пракурора аб спыненні ўзбуджанага ім вядзення па крымінальнай справе па ізноў адкрытых акалічнасцях.
Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь прапанавана падрыхтаваць праект закона аб змяненні Крымінальна-працэсуальнага кодэкса і ўнесці яго ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.