Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
23 красавіка 2019 г. № Р-1167/2019
Аб прававым рэгуляванні вядзення па крымінальных справах па ізноў адкрытых акалічнасцях

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Карповіч Н.А., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка  С.Я., Козыравай  Л.Р., Рабцава  В.М., Сяргеевай  В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу «Аб прававым рэгуляванні вядзення па крымінальных справах па ізноў адкрытых акалічнасцях».

 

У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел:

 

паўнамоцны прадстаўнік Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе – Тушынскі I.Г., намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь;

 

прадстаўнікі:

 

Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь – Анiскевiч Р.Г., намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь;

 

Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь – Стук А.К., намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь;

 

Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь – Аземша С.Я., намеснік Старшыні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.

 

Вядзенне па справе ўзбуджана вызначэннем Канстытуцыйнага Суда ад 26 сакавіка 2019 г. у адпаведнасці з часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), абзацам восьмым часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, часткамі першай і чацвёртай артыкула 158 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве» на падставе звароту ў Канстытуцыйны Суд, у якім указваецца, што палажэнні Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – КПК), якія рэгламентуюць парадак вядзення па крымінальных справах па ізноў адкрытых акалічнасцях, не прадугледжваюць магчымасць абскарджання ў судовым парадку пастановы пракурора аб спыненні ўзбуджанага ім па крымінальнай справе вядзення па ізноў адкрытых акалічнасцях, што сведчыць аб наяўнасці прабелу ў крымінальна-працэсуальным законе і перашкаджае грамадзянам у рэалізацыі гарантаванага артыкулам 60 Канстытуцыі права на судовую абарону.

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Варановіча Т.В., выступленне паўнамоцнага прадстаўніка Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе, прадстаўнікоў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі, КПК і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, даследаваўшы прадстаўленыя дакументы і іншыя матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд устанавіў.

 

1. У адпаведнасці з артыкулам 39 Закона «О конституционном судопроизводстве» ў Вярхоўны Суд, Генеральную пракуратуру, Следчы камітэт, Міністэрства юстыцыі, Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў, Беларускую рэспубліканскую калегію адвакатаў былі накіраваны запыты, у пісьмовых адказах на якія дадзеныя дзяржаўныя органы і арганізацыі выклалі сваё меркаванне па справе.

 

Вярхоўны Суд указвае, што мэтай правядзення праверкі і расследавання ў рамках узбуджанага вядзення па крымінальнай справе па ізноў адкрытых акалічнасцях з’яўляецца ўстанаўленне наяўнасці або адсутнасці падстаў для аднаўлення дадзенага вядзення, а таксама  прычынна-выніковай сувязі паміж такімі акалічнасцямі і ўступіўшым у законную сілу рашэннем суда. Наяўнасць гэтай сувязі дазваляе пракурору ставіць перад судом пытанне аб неабходнасці аднаўлення вядзення па ізноў адкрытых акалічнасцях. У адваротным выпадку пракурорам прымаецца рашэнне аб спыненні ўзбуджанага вядзення па ізноў адкрытых акалічнасцях.

 

Такім чынам, вырашэнне пытання аб накіраванні справы ў суд з заключэннем аб неабходнасці аднаўлення вядзення па крымінальнай справе па ізноў адкрытых акалічнасцях знаходзіцца ў выключнай кампетэнцыі пракурора. Пры разглядзе такога заключэння пракурора суд на падставе даследавання матэрыялаў справы прымае рашэнне ці аб яго адхіленні, ці аб адмене прынятых судовых рашэнняў па справе.

 

Улічваючы выкладзенае, Вярхоўны Суд лічыць, што норма крымінальна-працэсуальнага закона аб магчымасці абскарджання пастановы пракурора аб спыненні ўзбуджанага ім вядзення па ізноў адкрытых акалічнасцях толькі вышэйстаячаму пракурору з’яўляецца апраўданай і адпавядае прынцыпам крымінальнага працэсу.

 

Па меркаванні Генеральнай пракуратуры, у КПК існуе прабел, абумоўлены адсутнасцю права зацікаўленых асоб на абскарджанне ў судовым парадку пастановы пракурора аб спыненні вядзення па ізноў адкрытых акалічнасцях, таму з мэтай забеспячэння канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону патрабуецца ўнясенне адпаведных змяненняў у крымінальна-працэсуальны закон.

 

Следчы камітэт лічыць, што адсутнасць у КПК нормы аб праве зацікаўленых асоб на абскарджанне ў судовым парадку пастановы пракурора аб спыненні ўзбуджанага ім вядзення па крымінальнай справе па ізноў адкрытых акалічнасцях абмяжоўвае канстытуцыйнае права асуджаных, пацярпеўшых і іншых зацікаўленых асоб, чые правы і законныя інтарэсы былі парушаны спыненнем вядзення па ізноў адкрытых акалічнасцях, на абарону іх правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом (артыкул 60 Канстытуцыі). Унясенне ў крымінальна-працэсуальны закон адпаведнага дапаўнення будзе садзейнічаць рэалізацыі палажэнняў артыкула 22 Канстытуцыі, згодна з якім усе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў.

 

Міністэрства юстыцыі лічыць, што вызначаны крымінальна-працэсуальным законам парадак абскарджання пастановы пракурора аб спыненні ўзбуджанага вядзення па ізноў адкрытых акалічнасцях вышэйстаячаму пракурору не выключае магчымасць аднаўлення парушаных правоў грамадзян шляхам звароту за судовай абаронай на падставе норм Канстытуцыі (артыкул 60), міжнародна-прававых актаў (артыкул 8 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, артыкул 2 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах), Закона Рэспублікі Беларусь «О прокуратуре Республики Беларусь» (пункт 3 артыкула 9). Прабелаў у заканадаўстве (прававым рэгуляванні адпаведных грамадскіх адносін) Міністэрства юстыцыі не бачыць.

 

Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў адзначае, што адсутнасць права абскарджання пастановы пракурора аб спыненні вядзення па ізноў адкрытых акалічнасцях у суд не ў поўнай меры адпавядае інстытуту працэсуальнага абскарджання, які склаўся ў айчынным крымінальным судаводстве, а таксама не ў поўным аб’ёме адпавядае палажэнням Канстытуцыі. Улічваючы канстытуцыйныя палажэнні, прыярытэтнасць забеспячэння абароны правоў асобы ў крымінальным працэсе, неабходнасць рэалізацыі сістэмнага падыходу ў частцы прававога рэгулявання працэсуальнага абскарджання ў крымінальным судаводстве, Цэнтр не бачыць падстаў для абмежавання права на абскарджанне ў судовым парадку пастановы пракурора аб спыненні ўзбуджанага ім вядзення па крымінальнай справе па ізноў адкрытых акалічнасцях.

 

Беларуская рэспубліканская калегія адвакатаў адзначае, што з прычыны абмежавання магчымасці перагляду ў судовым парадку пастановы пракурора аб спыненні ўзбуджанага ім вядзення па ізноў адкрытых акалічнасцях парушаецца баланс у абароне такіх канстытуцыйных каштоўнасцей, як справядлівасць і прававая вызначанасць, што цягне прычыненне шкоды гарантуемым Канстытуцыяй правам грамадзяніна, абарона і аднаўленне якіх з’яўляюцца канстытуцыйнай мэтай правасуддзя. Замацаванне ў КПК магчымасці абскарджання ўказанай пастановы пракурора ў судовым парадку дазволіць павысіць эфектыўнасць інстытута перагляду судовых пастаноў, якія ўступілі ў законную сілу, а таксама пашырыць доступ грамадзян да правасуддзя для абароны сваіх правоў.

 

2. У Канстытуцыі, якая абвясціла Рэспубліку Беларусь прававой дзяржавай, вызначана, што чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы, а дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры для стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй (частка першая артыкула 1, частка першая артыкула 2, частка першая артыкула 59).

 

Указаныя канстытуцыйныя нормы ўзаемазвязаны з часткай першай артыкула 60 і часткай трэцяй артыкула 115 Канстытуцыі, якія гарантуюць кожнаму судовую абарону яго правоў і свабод, уключаючы права на абскарджанне прыгавораў і іншых судовых пастаноў, а таксама з палажэннямі шэрагу міжнародна-прававых актаў.

 

Так, у адпаведнасці з артыкулам 8 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека кожны мае права на эфектыўнае аднаўленне ў правах кампетэнтнымі нацыянальнымі судамі ў выпадках парушэння яго асноўных правоў, нададзеных яму канстытуцыяй або законамі.

 

Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах вызначана, што асоба, якая панесла пакаранне ў выніку асуджэння за крымінальнае злачынства канчатковым судовым рашэннем, атрымлівае кампенсацыю згодна з законам, калі вынесены ёй прыгавор быў пасля адменены на той падставе, што якая-небудзь новая або ізноў выяўленая акалічнасць неаспрэчна даказвае наяўнасць судовай памылкі (пункт 6 артыкула 14).

 

Такім чынам, з прыведзеных палажэнняў Канстытуцыі і міжнародна-прававых актаў вынікае, што правасуддзе па сваёй сутнасці можа прызнавацца такім толькі пры ўмове, што яно адпавядае патрабаванням справядлівасці і забяспечвае дзейснае аднаўленне ў правах. Канстытуцыйны Суд лічыць, што заканадавец у мэтах гарантавання абароны і аднаўлення правоў удзельнікаў крымінальнага працэсу абавязаны прадугледзець эфектыўныя прававыя механізмы перагляду судовых рашэнняў па крымінальных справах, якія ўступілі ў законную сілу.

 

3. Для рэалізацыі канстытуцыйнай гарантыі абароны правоў і свабод кожнага крымінальна-працэсуальным законам прадугледжаны дадатковыя заканадаўчыя механізмы такой абароны шляхам вядзення па крымінальных справах па ізноў адкрытых акалічнасцях.

 

У главе 43 КПК устаноўлены акалічнасці і парадак аднаўлення вядзення па крымінальных справах па ізноў адкрытых акалічнасцях. Так, уступіўшыя ў законную сілу прыгавор, вызначэнне і пастанова суда могуць быць адменены і вядзенне па крымінальнай справе адноўлена па ізноў адкрытых акалічнасцях (частка 1 артыкула 418 КПК). Згодна з артыкулам 420 КПК права ўзбуджэння вядзення па ізноў адкрытых акалічнасцях належыць пракурору (частка 1); калі пракурор не бачыць падстаў для ўзбуджэння вядзення па ізноў адкрытых акалічнасцях, ён адмаўляе ў гэтым сваёй матываванай пастановай, аб чым паведамляе заяўнікам, якія могуць абскардзіць пастанову вышэйстаячаму пракурору або ў суд (частка 5).

 

Указаным нормам карэспандуюць палажэнні часткі 2 артыкула 139 КПК, якія вызначаюць, што скаргі на рашэнні органа крымінальнага праследавання аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, аб спыненні папярэдняга расследавання крымінальнай справы, крымінальнага праследавання, аб адмове ва ўзбуджэнні вядзення па ізноў адкрытых акалічнасцях падаюцца адпаведнаму пракурору або ў суд па месцы расследавання крымінальнай справы ці разгляду заявы або паведамлення аб злачынстве.

 

Па заканчэнні праверкі або расследавання ізноў адкрытых акалічнасцей пры наяўнасці падстаў для аднаўлення вядзення па крымінальнай справе пракурор, згодна з часткай 1 артыкула 421 КПК, накіроўвае справу са сваім заключэннем, копіяй прыгавору ў выпадках, прадугледжаных пунктамі 1–3 часткі 2 артыкула 418 КПК, або матэрыяламі праверкі ці расследавання ў выпадку, прадугледжаным пунктам 4 часткі 2 таго ж артыкула КПК, у адпаведны суд, кіруючыся пры гэтым часткай 1 артыкула 422 КПК.

 

Пры адсутнасці падстаў для аднаўлення вядзення па крымінальнай справе пракурор сваёй матываванай пастановай спыняе ўзбуджанае ім вядзенне па ізноў адкрытых акалічнасцях; пастанова аб спыненні вядзення па ізноў адкрытых акалічнасцях даводзіцца да ведама зацікаўленых асоб з растлумачэннем ім права абскардзіць яе вышэйстаячаму пракурору (часткi 2 і 3 артыкула 421 КПК).

 

Такім чынам, крымінальна-працэсуальны закон не прадугледжвае магчымасць абскарджання пастановы пракурора аб спыненні вядзення па ізноў адкрытых акалічнасцях у суд.

 

Аналізуючы дзеючае прававое рэгуляванне і правапрымяняльную практыку, Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на наступнае.

 

Згодна з пунктам 3 артыкула 9 Закона «О прокуратуре Республики Беларусь» грамадзянін, у тым ліку індывідуальны прадпрымальнік, або арганізацыя, якія мяркуюць, што рашэннем (дзеяннямі) пракурора ўціснуты іх правы або законныя інтарэсы, маюць права абскардзіць яго (іх) вышэйстаячаму пракурору і (або) у суд.

 

У звароце ў Канстытуцыйны Суд указваецца, што грамадзянка Садоўская В.П. у адпаведнасці з прыведзенай нормай Закона «О прокуратуре Республики Беларусь» абскардзіла пастанову пракурора Маладзечанскага раёна аб спыненні ўзбуджанага ім па крымінальнай справе вядзення па ізноў адкрытых акалічнасцях пракурору Мінскай вобласці, Генеральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь, затым – у суд Маладзечанскага раёна, які  пакінуў пастанову пракурора без змянення, а скаргу заяўніцы – без задавальнення.

 

Прэзідыум Мінскага абласнога суда адмяніў пастанову  раённага суда і вядзенне па дадзенай скарзе на пастанову пракурора спыніў, матываваўшы такое рашэнне парушэннем раённым судом устаноўленага часткай 3 артыкула 421 КПК парадку, у адпаведнасці з якім пастанова пракурора аб спыненні вядзення па ізноў адкрытых акалічнасцях можа быць абскарджана вышэйстаячаму пракурору, а таксама зыходзячы са зместу частак 1 і 2 артыкула 139 КПК, згодна з якім указаная пастанова пракурора можа быць абскарджана толькі вышэйстаячаму пракурору.

 

Такім чынам, замацаванне ў Законе «О прокуратуре Республики Беларусь» права грамадзян абскардзіць рашэнні (дзеянні) пракурора, якімі, па меркаванні грамадзян, уціскаюцца іх правы або законныя інтарэсы, вышэйстаячаму пракурору і (або) у суд пры адсутнасці ў крымінальна-працэсуальным законе нормы аб праве зацікаўленых асоб абскардзіць у судовым парадку пастанову пракурора аб спыненні ўзбуджанага ім па крымінальнай справе вядзення па ізноў адкрытых акалічнасцях выклікае на практыцы неадназначнае разуменне і прымяненне адпаведных норм заканадаўства пры звароце грамадзян у суд са скаргамі на ўказаныя пастановы пракурора.

 

У рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 3 красавіка 2001 г. «Аб праве грамадзян на зварот у суд па пытаннях, якiя ўзнiкаюць у сувязi з ажыццяўленнем крымiнальна-працэсуальных адносiн» указана, што ўстанаўленнем у КПК парадку, згодна з якiм дзеянні і рашэнні органа, што вядзе крымінальны працэс, можна абскардзіць пракурору, забяспечваецца найбольш хуткае (аператыўнае) вырашэнне прынесенай скаргі ў межах аднаго ведамства і ўстараненне дапушчаных парушэнняў правоў грамадзян, якія звярнуліся са скаргай. Гэта абумоўлена таксама кампетэнцыяй органаў пракуратуры, у абавязкі якіх згодна з Канстытуцыяй (артыкул 125) і Законам «О прокуратуре Республики Беларусь» (артыкул 2) уваходзіць ажыццяўленне нагляду за органамі дазнання і папярэдняга следства. Аднак такі парадак не павінен успрымацца як парадак, што выключае магчымасць шляхам звароту за судовай абаронай аднаўлення парушаных асноўных правоў грамадзян, прадастаўленых ім Канстытуцыяй і законамі, таму заканадаўства павінна быць узгоднена такім чынам, каб не выключалася права грамадзян на судовую абарону.

 

Зыходзячы з указанага, Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў сувязі з адсутнасцю ў крымінальна-працэсуальным законе норм, якія прадугледжваюць магчымасць абскарджання ў судовым парадку пастановы пракурора аб спыненні ўзбуджанага ім па крымінальнай справе вядзення па ізноў адкрытых акалічнасцях, грамадзянам, правы і законныя інтарэсы якіх закранаюцца такой пастановай, не забяспечваецца канстытуцыйна гарантаваная судовая абарона.

 

4. У адпаведнасці з Канстытуцыяй дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (частка трэцяя артыкула 21); усе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў (артыкул 22); абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб (частка першая артыкула 23).

 

Артыкулу 60 Канстытуцыі, якi гарантуе кожнаму абарону яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны, карэспандуюць палажэнні артыкула 8 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, а таксама пункта 1 артыкула 6 Канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод, згодна з якімі кожны ў выпадку спрэчкі аб яго грамадзянскіх правах і абавязках або пры прад’яўленні яму любога крымінальнага абвінавачання мае права на справядлівы і публічны разбор справы ў разумны тэрмін незалежным і непрадузятым судом, створаным на падставе закона.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што з прыведзеных палажэнняў Канстытуцыі і міжнародна-прававых актаў вынікае, што рэалізацыя грамадзянамі канстытуцыйнага права на судовую абарону не можа быць абмежавана, паколькі дадзенае права і гарантыі яго рэалізацыі не могуць перашкаджаць інтарэсам, указаным у частцы першай артыкула 23 Канстытуцыі.

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што вядзенне па крымінальных справах па ізноў адкрытых акалічнасцях (раздзел XIII КПК) з’яўляецца самастойнай стадыяй крымінальнага працэсу, якая спалучае як элементы дасудовага вядзення – узбуджэнне пракурорам вядзення па ізноў адкрытых акалічнасцях, арганізацыя іх праверкі або расследавання дадзеных абставін у адпаведнасці з агульнымі ўмовамі ажыццяўлення папярэдняга расследавання, накіраванне справы са сваім заключэннем або матэрыяламі праверкі ці расследавання ў адпаведны суд (часткі 1, 3 і 4 артыкула 420, частка 1 артыкула 421 КПК), так і непасрэдны разгляд судом крымінальнай справы па ізноў адкрытых акалічнасцях (артыкул 423 КПК).

 

Згодна з артыкулам 423 КПК, разгледзеўшы заключэнне пракурора аб аднаўленні вядзення па крымінальнай справе па ізноў адкрытых акалічнасцях, суд выносіць вызначэнне або пастанову ці аб адмене прыгавору, вызначэння, пастановы суда і аб перадачы справы пракурору для вядзення новага папярэдняга расследавання або ў адпаведны суд на новы судовы разбор (пункт 1), ці аб спыненні вядзення па крымінальнай справе, калі не патрабуецца новае папярэдняе расследаванне або судовы разбор (пункт 2), ці аб адхіленні заключэння пракурора (пункт 3).

 

Такім чынам, права рабіць канчатковы вывад аб тым, ці мела месца ізноў адкрытая акалічнасць і ці патрэбны вядзенне новага папярэдняга расследавання або новы судовы разбор справы, належыць толькі суду. Нароўні з гэтым адсутнасць у крымінальна-працэсуальным законе норм, якія прадугледжвалі б магчымасць судовага абскарджання пастановы пракурора аб спыненні ўзбуджанага ім вядзення па крымінальнай справе па ізноў адкрытых акалічнасцях, па сутнасці азначае прадастаўленне пракурору паўнамоцтва канчаткова вырашаць пытанне аб тым, ці існуюць ізноў адкрытыя акалічнасцi, якія цягнуць адмену прыгавору, вызначэння, пастановы суда.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўказаны прабел прававога рэгулявання мае канстытуцыйна-прававое значэнне, паколькі аднаўленне вядзення па крымінальнай справе па ізноў адкрытых акалічнасцях як асобая стадыя крымінальнага працэсу ўключае ў тым ліку новы судовы разгляд справы для забеспячэння абароны канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян.

 

Пры гэтым Канстытуцыйны Суд звяртае таксама ўвагу на палажэнні крымінальна-працэсуальнага закона, якія вызначаюць магчымасць абскарджання заяўнікамі пастановы пракурора аб адмове ва ўзбуджэнні вядзення па ізноў адкрытых акалічнасцях вышэйстаячаму пракурору або ў суд (частка 5 артыкула 420 КПК), тады як пастанову аб спыненні вядзення па ізноў адкрытых акалічнасцях зацікаўленыя асобы маюць права абскардзіць толькі вышэйстаячаму пракурору (частка 3 артыкула 421 КПК).

 

Выкладзенае сведчыць аб розных падыходах заканадаўца да рэгулявання сходных праваадносін у сувязі з абскарджаннем грамадзянамі рашэнняў пракурора, звязаных з узбуджэннем ім вядзення па крымінальнай справе па ізноў адкрытых акалічнасцях, арганізацыяй праверкі або расследавання ізноў адкрытых акалічнасцей. Указанае, па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, абумоўлівае неабходнасць рэалізацыі ў крымінальна-працэсуальным законе ў поўнай меры канстытуцыйнага палажэння аб роўнасці ўсіх перад законам і праве на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў.

 

Канстытуцыйны Суд, грунтуючыся на ўзаемазвязаных палажэннях часткі першай артыкула 2, часткі першай артыкула 21, артыкула 22, часткі першай артыкула 59, часткі першай артыкула 60 Канстытуцыі, лічыць, што ў мэтах забеспячэння і абароны канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян у крымінальным працэсе і ліквідацыі прабелу ў дзеючым прававым рэгуляванні заканадаўцу неабходна вызначыць у крымінальна-працэсуальным законе права зацікаўленых асоб на абскарджанне ў судовым парадку пастановы пракурора аб спыненні ўзбуджанага ім вядзення па крымінальнай справе па ізноў адкрытых акалічнасцях.

 

На падставе выкладзенага, кіруючыся часткамі першай і сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абзацам восьмым часткі трэцяй артыкула 22 і артыкулам 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, часткай другой артыкула 74, артыкуламі 75, 77, 80, 84, часткай сямнаццатай артыкула 85 і артыкулам 160 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. У мэтах рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону, забеспячэння вяршэнства права і ўстаранення прабелу ў дзеючым прававым рэгуляванні прызнаць неабходным унесці ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь змяненні, якія ўстанаўліваюць права зацікаўленых асоб на абскарджанне ў суд пастановы пракурора аб спыненні ўзбуджанага ім вядзення па крымінальнай справе па ізноў адкрытых акалічнасцях.

 

2. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць праект закона аб змяненні Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і ўнесці яго ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

 

3. Рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

4. Апублікаваць рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                           П.П.Міклашэвіч