У Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь разгледжана паступіўшае на электронны адрас Беларускага тэлеграфнага агенцтва ў ходзе праведзенай Кіраўніком дзяржавы 1 сакавіка 2019 г. сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскасці і экспертнай супольнасцi, беларускіх і замежных СМІ «Вялікая размова з Прэзідэнтам» зварот грамадзянкі Астраверхавай Ларысы Георгіеўны.
У сваім звароце Л.Г.Астраверхава ставіць пытанне, якое датычыцца ўдасканальвання механізма доступу грамадзян і арганізацый да канстытуцыйнага правасуддзя.
Інфармуем, што артыкулам 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь правам унясення ў Канстытуцыйны Суд прапаноў аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў надзелены Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Палата прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Грамадзяне і арганізацыі не надзелены правам непасрэднага звароту ў Канстытуцыйны Суд з прапановамі аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў.
На заканадаўчым узроўні для грамадзян і арганізацый прадугледжаны ўскосны доступ да канстытуцыйнага правасуддзя.
У адпаведнасці з часткай першай артыкула 27 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве» грамадзяне, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі, арганізацыі, якія мяркуюць, што правы, свабоды і законныя інтарэсы грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, правы і законныя інтарэсы арганізацый парушаюцца прымяненнем нарматыўнага прававога акта, у канстытуцыйнасці якога яны сумняваюцца, маюць права звярнуцца да ўпаўнаважанага органа з ініцыятывай аб унясенні ў Канстытуцыйны Суд прапановы аб праверцы канстытуцыйнасці прымененага нарматыўнага прававога акта.
У мэтах далейшага развіцця канстытуцыйнага кантролю правапрымяняльнай практыкі Канстытуцыйны Суд у Пасланні Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і палатам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2018 годзе» адзначыў, што неабходна разгледзець магчымасць увядзення індывідуальнай канстытуцыйнай скаргі, гэта значыць права грамадзян непасрэдна звяртацца ў Канстытуцыйны Суд са скаргай на парушэнне іх правоў і свабод з прычыны прымянення нарматыўнага прававога акта, канстытуцыйнасць якога ставіцца імі пад сумненне.
Са зместам Паслання можна азнаёміцца на Нацыянальным прававым Інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь – www.pravo.by і на сайце Канстытуцыйнага Суда – www.kc.gov.by.