Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
7 мая 2018 г. № Р-1123/2018
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О международных договорах Республики Беларусь»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Карповіч Н.А., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка  С.Я., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава  В.М., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абзаца другога часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкула 98 і часткі першай артыкула 101 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве»

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О международных договорах Республики Беларусь».

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Чыгрынава С.П., прааналізаваўшы палажэннi Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О международных договорах Республики Беларусь» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

 

Закон Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О международных договорах Республики Беларусь» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 19 красавіка 2018 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 24 красавіка 2018 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

 

Палажэннямі Закона ўносяцца змяненні і дапаўненні ў Закон Рэспублікі Беларусь «О международных договорах Республики Беларусь» шляхам выкладання яго ў новай рэдакцыі (далей – Закон аб міжнародных дагаворах).

 

Закон прыняты ў мэтах удасканальвання прававога рэгулявання адносiн, звязаных з заключэннем, уступленнем у сілу, афіцыйным апублікаваннем, рэгістрацыяй, захоўваннем, улікам, выкананнем, прыпыненнем дзеяння і спыненнем міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь.

 

1. Канстытуцыйны Суд у межах сваіх паўнамоцтваў па ажыццяўленні абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў праводзіць праверку Закона, улічваючы неабходнасць забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі і прамога дзеяння яе норм, зыходзячы з палажэнняў Канстытуцыі:

 

абвяшчаючых Рэспубліку Беларусь прававой дзяржавай, якая валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе ўнутраную і знешнюю палітыку (часткi першая і другая артыкула 1);

 

устанаўліваючых у Рэспубліцы Беларусь прынцып вяршэнства права, які абавязвае дзяржаўныя органы і службовых асоб дзейнічаць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства (часткi першая і другая артыкула 7);

 

вызначаючых, што Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства, а таксама што Рэспубліка Беларусь у адпаведнасці з нормамі міжнароднага права можа на добраахвотнай аснове ўваходзіць у міждзяржаўныя ўтварэнні і выходзіць з іх (часткі першая і другая артыкула 8);

 

не дапускаючых заключэнне міжнародных дагавораў, якія супярэчаць Канстытуцыі (частка трэцяя артыкула 8);

 

прадугледжваючых, што Рэспубліка Беларусь у сваёй знешняй палітыцы зыходзіць з прынцыпаў роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, непарушнасці межаў, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутраныя справы і іншых агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнароднага права (частка першая артыкула 18);

 

гарантуючых правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (частка трэцяя артыкула 21);

 

замацоўваючых абавязак дзяржавы прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй (частка першая артыкула 59).

 

2. Як суверэнная незалежная дзяржава і паўнапраўны суб’ект сусветнай супольнасцi Рэспубліка Беларусь, валодаючы вяршэнствам і паўнатой улады, самастойна ажыццяўляе ўнутраную і знешнюю палітыку. Адным са сродкаў забеспячэння рэалізацыі міжнароднай палітыкі Рэспублікі Беларусь і абароны інтарэсаў дзяржавы на міжнароднай арэне з’яўляюцца міжнародныя дагаворы Рэспублікі Беларусь.

 

Артыкулам 3 Закона аб міжнародных дагаворах устанаўліваецца, што заключэнне, уступленне ў сілу, афіцыйнае апублікаванне, рэгістрацыя, захоўванне, улік, выкананне, прыпыненне дзеяння і спыненне міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, агульнапрызнанымі прынцыпамі міжнароднага права, Венскай канвенцыяй аб праве міжнародных дагавораў ад 23 мая 1969 года (далей – Венская канвенцыя), іншымі міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь, дадзеным Законам і іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

 

Прыведзеная норма, якая вызначае прававую аснову ўказаных юрыдычна значных дзеянняў, адпавядае палажэнням Канстытуцыі аб устанаўленні ў Рэспубліцы Беларусь прынцыпу вяршэнства права, абавязку дзяржавы, усіх яе органаў і службовых асоб дзейнічаць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства (часткi першая і другая артыкула 7); аб прызнанні Рэспублікай Беларусь прыярытэту агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забеспячэнні адпаведнасці ім заканадаўства (частка першая артыкула 8); аб тым, што Рэспубліка Беларусь у сваёй знешняй палітыцы зыходзіць з агульнапрызнаных прынцыпаў і нормаў міжнароднага права (частка першая артыкула 18).

 

3. Парламент – Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь, з’яўляючыся прадстаўнічым і заканадаўчым органам дзяржавы, у адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97 і пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі ажыццяўляе паўнамоцтва па прыняцці законаў аб ратыфікацыі і дэнансацыі міжнародных дагавораў.

 

Згодна з артыкулам 19 Закона аб міжнародных дагаворах ратыфікацыі падлягаюць у тым ліку міждзяржаўныя і міжурадавыя дагаворы: якія з’яўляюцца папраўкамі да міждзяржаўных і міжурадавых дагавораў, згода на абавязковасць якіх для Рэспублікі Беларусь была выказана ў форме закона Рэспублікі Беларусь або акта Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь; аб прыпыненні дзеяння і спыненні міждзяржаўных і міжурадавых дагавораў Рэспублікі Беларусь, згода на абавязковасць якіх для Рэспублікі Беларусь была выказана ў форме закона Рэспублікі Беларусь або акта Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.

 

Устанаўленне дадатковых падстаў для прыняцця рашэння аб выказванні згоды Рэспублікі Беларусь на абавязковасць для яе міжнароднага дагавора шляхам яго ратыфікацыі ў форме закона адпавядае канстытуцыйным паўнамоцтвам Парламента Рэспублікі Беларусь і ўстараняе прававую нявызначанасць пры выбары спосабу выяўлення згоды Рэспублікі Беларусь на абавязковасць для яе міжнароднага дагавора, якім уносяцца папраўкі ў раней ратыфікаваныя дагаворы, або міжнароднага дагавора аб прыпыненні дзеяння і спыненні раней ратыфікаваных дагавораў.

 

Дадзенае прававое рэгуляванне адпавядае устаноўленаму Канстытуцыяй прынцыпу вяршэнства права (частка першая артыкула 7) і імпліцытна выяўленаму канстытуцыйнаму прынцыпу прававой дакладнасці.

 

Як указвалася ў радзе рашэнняў Канстытуцыйнага Суда, вяршэнства права ўключае шэраг элементаў, у тым ліку прававую пэўнасць, якая падразумявае яснасць, дакладнасць, несупярэчлівасць і лагічнае суладдзе прававых норм; праз прытрымліванне ў нарматворчасці прынцыпу прававой дакладнасці ствараюцца ўмовы для аднастайнасцi і прадказальнасці правапрымяняльнай практыкі, што павышае давер грамадзян да дзяржавы.

 

4. У мэтах аптымізацыі працэдур заключэння міжнародных дагавораў і рэалізацыі міжнародных абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь Законам аб міжнародных дагаворах прадугледжваюцца ўдасканальванне парадку прадастаўлення паўнамоцтваў на ўчыненне юрыдычных дзеянняў па заключэнні міжнародных дагавораў (артыкулы 8, 13–16) і скарачэнне тэрмінаў выканання працэдуры вызначэння спосабу выказвання згоды Рэспублікі Беларусь на абавязковасць для яе міжнародных дагавораў (артыкул 18).

 

Так, у адпаведнасці з часткамі першай і трэцяй артыкула 8 Закона аб міжнародных дагаворах паўнамоцтвы на правядзенне перагавораў па праектах міждзяржаўных і міжурадавых дагавораў або па пытанні аб магчымасці ўдзелу Рэспублікі Беларусь у такіх міжнародных дагаворах, падпісанне такіх міжнародных дагавораў або правядзенне перагавораў і падпісанне такіх міжнародных дагавораў прадастаўляюцца дзяржаўнаму органу Рэспублікі Беларусь, дэпартаменту дзяржаўнага органа і могуць быць рэалізаваны: Прэм’ер-міністрам Рэспублікі Беларусь – па яго ініцыятыве з паведамленнем дзяржаўнаму органу Рэспублікі Беларусь, дэпартаменту дзяржаўнага органа, упаўнаважаным на падпісанне такіх міжнародных дагавораў; Міністрам замежных спраў Рэспублікі Беларусь – па ўзгадненні паміж Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь і дзяржаўным органам Рэспублікі Беларусь, дэпартаментам дзяржаўнага органа, упаўнаважанымі на падпісанне такіх міжнародных дагавораў.

 

Згодна з часткамi першай і пятай артыкула 13 Закона аб міжнародных дагаворах паўнамоцтвы на правядзенне перагавораў па праектах міжнародных дагавораў міжведамаснага характару або па пытанні аб магчымасці ўдзелу Рэспублікі Беларусь у такіх міжнародных дагаворах, падпісанне такіх міжнародных дагавораў або правядзенне перагавораў і падпісанне такіх міжнародных дагавораў прадастаўляюцца кіраўнікам дзяржаўнага органа Рэспублікі Беларусь, дэпартамента дзяржаўнага органа, да кампетэнцыі якіх адносяцца пытанні, што змяшчаюцца ў праектах такіх міжнародных дагавораў, і могуць быць рэалізаваны Міністрам замежных спраў Рэспублікі Беларусь і яго намеснікамі, надзвычайнымі і паўнамоцнымі пасламі Рэспублікі Беларусь, а таксама пастаяннымі прадстаўнікамі Рэспублікі Беларусь пры міжнародных арганізацыях па ўзгадненні паміж Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь і дзяржаўным органам Рэспублікі Беларусь, дэпартаментам дзяржаўнага органа, да кампетэнцыі якіх адносяцца пытанні, якія змяшчаюцца ў праектах такіх міжнародных дагавораў.

 

Артыкулам 18 Закона аб міжнародных дагаворах устанаўліваецца, што:

 

Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь у сямідзённы тэрмін з дня атрымання тэксту міжнароднага дагавора, які не ўступіў у сілу з дня падпісання, абмену нотамі, лістамі або іншымі дакументамі, якія ўтвараюць міжнародны дагавор, ад дзяржаўнага органа Рэспублікі Беларусь, дэпартамента дзяржаўнага органа або дэпазітарыя накіроўвае копію міжнароднага дагавора ў Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь і дзяржаўны орган Рэспублікі Беларусь, дэпартамент дзяржаўнага органа, да кампетэнцыі якіх адносяцца пытанні, што змяшчаюцца ў міжнародным дагаворы (частка першая);

 

Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь у пятнаццацідзённы тэрмін з дня атрымання копіі міжнароднага дагавора, а ў выпадку, калі міжнародны дагавор заключаны толькі на замежнай мове, таксама атрымання афіцыйнага перакладу міжнароднага дагавора на беларускую і (або) рускую мовы прадстаўляе адпаведнае заключэнне ў Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь (частка трэцяя);

 

на падставе заключэння Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь і зыходзячы з палажэнняў міжнароднага дагавора Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь вызначае спосаб выказвання згоды Рэспублікі Беларусь на абавязковасць для яе міжнароднага дагавора і ў сямідзённы тэрмін з дня атрымання заключэння Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь накіроўвае ў дзяржаўны орган Рэспублікі Беларусь, дэпартамент дзяржаўнага органа, да кампетэнцыі якіх адносяцца пытанні, што змяшчаюцца ў міжнародным дагаворы, паведамленне аб неабходнасці ўнясення прапаноў аб выказванні згоды Рэспублікі Беларусь на абавязковасць для яе міжнароднага дагавора пэўным спосабам, а таксама копію заключэння Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь (частка чацвёртая).

 

Артыкулам 18 Закона «О международных договорах Республики Беларусь» у дзеючай рэдакцыі прадугледжаны адпаведна дзесяцідзённы, трыццацідзённы і дзесяцідзённы тэрміны выканання названых юрыдычных дзеянняў.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўстанаўліваемае прававое рэгуляванне:

 

накіравана на ўдасканальванне працэдур заключэння міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь, умацаванне міжнародных сувязей беларускай дзяржавы;

 

адпавядае агульнаправавому прынцыпу разумнасці як асноўнаму пачатку праватворчай дзейнасці;

 

грунтуецца на нормах Канстытуцыі, у адпаведнасці з якімі Рэспубліка Беларусь валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе ўнутраную і знешнюю палітыку; дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян (частка другая артыкула 1, частка першая артыкула 59);

 

адпавядае такім прынцыпам знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь, як павышэнне эфектыўнасці палітычных, прававых, знешнеэканамічных і іншых інструментаў абароны дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь і яе нацыянальнай эканомікі ва ўмовах глабалізацыі; развіццё на аснове агульнапрызнаных прынцыпаў і норм міжнароднага права ўсебаковага супрацоўніцтва з замежнымі дзяржавамі, міжнароднымі арганізацыямі і міждзяржаўнымі ўтварэннямі, узаемны ўлік і прытрымліванне інтарэсаў усіх членаў міжнароднай супольнасцi, устаноўленым ў праграмным Законе Рэспублікі Беларусь «Об утверждении Основных направлений внутренней и внешней политики Республики Беларусь» (абзацы чацвёрты і пяты пункта 23).

 

5. У адпаведнасці з Канстытуцыяй дзяржава ажыццяўляе рэгуляванне эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства (частка пятая артыкула 13).

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што рэгуляванне эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства прадугледжвае развіццё міжнародных эканамічных сувязей, у тым ліку ў мэтах прыцягнення ў нацыянальную эканоміку фінансавых рэсурсаў міжнародных арганізацый.

 

У артыкуле 1 Закона аб міжнародных дагаворах замацоўваецца паняцце «международный договор, направленный на привлечение в Республику Беларусь ресурсов международных организаций», якое вызначаецца як міждзяржаўны або міжурадавы дагавор, накіраваны на прыцягненне ў Рэспубліку Беларусь пазык (крэдытаў) міжнародных арганізацый у межах ліміту знешняга дзяржаўнага доўгу, устаноўленага законам аб рэспубліканскім бюджэце на адпаведны фінансавы год, а таксама на прыцягненне ў Рэспубліку Беларусь інвестыцый такіх міжнародных арганізацый (абзац чатырнаццаты).

 

У Законе аб міжнародных дагаворах устанаўліваецца палажэнне, у адпаведнасці з якiм рашэннi аб правядзенні перагавораў па праектах міждзяржаўных і міжурадавых дагавораў і (або) падпісанні такіх міжнародных дагавораў у дачыненні да міжнародных дагавораў, накіраваных на прыцягненне ў Рэспубліку Беларусь рэсурсаў міжнародных арганізацый, што ўстанаўліваюць іншыя правілы, чым тыя, якія змяшчаюцца ў законах Рэспублікі Беларусь, дэкрэтах і ўказах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, і (або) прадметам якіх з’яўляюцца пытанні, што адносяцца толькі да сферы заканадаўчага рэгулявання, але не ўрэгуляваны законамі Рэспублікі Беларусь, дэкрэтамі і ўказамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, прымаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у форме пастановы (артыкул 5).

 

У частцы другой артыкула 19 Закона аб міжнародных дагаворах прадугледжваецца норма, згодна з якой міжнародныя дагаворы, накіраваныя на прыцягненне ў Рэспубліку Беларусь рэсурсаў міжнародных арганізацый, што ўстанаўліваюць іншыя правілы, чым тыя, якія змяшчаюцца ў законах Рэспублікі Беларусь, дэкрэтах і ўказах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, і (або) прадметам якіх з’яўляюцца пытанні, што адносяцца толькі да сферы заканадаўчага рэгулявання, але не ўрэгуляваны законамі Рэспублікі Беларусь, дэкрэтамі і ўказамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, зацвярджаюцца ўказамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

 

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, прыведзеныя палажэнні Закона аб міжнародных дагаворах накіраваны на аптымізацыю працэдур правядзення перагавораў па праектах міжнародных дагавораў, якія забяспечваюць прыцягненне ў Рэспубліку Беларусь рэсурсаў міжнародных арганізацый, і падпісання такіх дагавораў, а таксама скарачэнне часовых затрат на прыцягненне ў Рэспубліку Беларусь рэсурсаў міжнародных арганізацый, што адпавядае палажэнню часткі пятай артыкула 13 Канстытуцыі.

 

Акрамя таго, дадзены заканадаўчы падыход грунтуецца на канстытуцыйных функцыях Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь як гаранта Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, рэалізацыі асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі, які прадстаўляе Рэспубліку Беларусь у адносiнах з іншымі дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі (часткі першая і другая артыкула 79 Канстытуцыі), а таксама паўнамоцтвах Урада Рэспублікі Беларусь па распрацоўцы і рэалізацыі асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі, забеспячэнні правядзення адзінай эканамічнай палітыкі (абзацы трэці і пяты артыкула 107 Канстытуцыі).

 

6. У Законе аб міжнародных дагаворах прадугледжваюцца працэдура выказвання намеру Рэспублікі Беларусь не станавіцца ўдзельнікам міжнароднага дагавора і працэдура адклікання дакумента аб выказванні згоды Рэспублікі Беларусь на абавязковасць для яе міжнароднага дагавора. Так, дадзеным Законам устанаўліваецца, што Рэспубліка Беларусь можа ў адпаведнасці з умовамі міжнароднага дагавора і (або) міжнародным правам: выказаць намер не станавіцца ўдзельнікам міжнароднага дагавора, які не ўступіў у сілу з дня падпісання, абмену нотамі, лістамі або іншымі дакументамі, што складаюць міжнародны дагавор (частка першая артыкула 26); адклікаць дакумент аб выказванні згоды Рэспублікі Беларусь на абавязковасць для яе міжнароднага дагавора да даты яго ўступлення ў сілу (частка першая артыкула 27).

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што палажэннi Канстытуцыі аб гарантаванні дзяржавай правоў і свабод грамадзян Беларусі, замацаваных у Канстытуцыі, законах і прадугледжаных міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (частка трэцяя артыкула 21), а таксама аб абавязку дзяржавы прымаць усе даступнае ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй (частка першая артыкула 59), падразумяваюць неабходнасць максімальна магчымага ўліку інтарэсаў Рэспублікі Беларусь пры заключэнні міжнародных дагавораў. Прадугледжаныя прыведзенымі вышэй нормамі юрыдычныя працэдуры, па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, накіраваны на забеспячэнне інтарэсаў Рэспублікі Беларусь і яе грамадзян у міжнародных адносiнах.

 

У Законе аб міжнародных дагаворах змяшчаюцца таксама нормы аб заявах да міжнародных дагавораў.

 

Згодна з дадзеным Законам заява да міжнароднага дагавора – аднабаковая афіцыйная пазіцыя ў любой фармулёўцы і пад любым найменнем, выказаная дзяржавай, міжнароднай арганізацыяй або іншым суб’ектам, якi валодае правам заключаць міжнародныя дагаворы, праз якую ўдакладняюцца або высвятляюцца сэнс, значэнне міжнароднага дагавора або яго пэўных палажэнняў (абзац сёмы артыкула 1); заява да міжнароднага дагавора можа быць зроблена Рэспублікай Беларусь у любы час у адпаведнасці з умовамі такога міжнароднага дагавора і (або) міжнародным правам (частка першая артыкула 29).

 

Фармуляванне заяў да міжнародных дагавораў выкарыстоўваецца ў міжнароднай практыцы. Будучы па сваёй сутнасці інтэрпрэтацыйным правапалажэннем дэкларатыўнага характару, заява да міжнароднага дагавора, хоць і не накіравана на змяненне зместу дагавора, можа стаць дзейсным сродкам, які забяспечвае карэкціроўку паводзін суб’ектаў міжнароднага права з мэтай уліку інтарэсаў Рэспублікі Беларусь. Паколькі Венская канвенцыя прадугледжвае выпадкі, калі фармуляванне агаворак да дагавора не дапускаецца (пункты «а» – «с» артыкула 19), заявы да міжнароднага дагавора застаюцца адзіным сродкам, што дазваляе выказаць асаблiвую пазіцыю дзяржавы. Магчымасць фармулявання заяў да міжнародных дагавораў, якая прадастаўляецца адпаведным дзяржаўным органам артыкулам 29 Закона аб міжнародных дагаворах, па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, адпавядае замацаваным часткай трэцяй артыкула 21, часткай першай артыкула 59 Канстытуцыі мэтам і каштоўнасцям.

 

7. Часткай першай артыкула 36 Закона аб міжнародных дагаворах прадугледжваецца, што міжнародныя дагаворы Рэспублікі Беларусь падлягаюць добрасумленнаму выкананню Рэспублікай Беларусь у адпаведнасці з міжнародным правам.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што дадзеная норма адпавядае частцы першай артыкула 8 Канстытуцыі аб прызнанні Рэспублікай Беларусь прыярытэту агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забеспячэнні адпаведнасці ім заканадаўства, і агульнапрызнанаму прынцыпу міжнароднага права «договоры должны соблюдаться», замацаванаму у артыкуле 26 Венскай канвенцыі, у адпаведнасці з якiм кожны дзеючы дагавор абавязковы для яго ўдзельнікаў і павінен імі добрасумленна выконвацца, а таксама з артыкулам 27 названай Канвенцыі, якi вызначае, што ўдзельнік дадзенай Канвенцыі не можа спасылацца на палажэнні свайго ўнутранага права ў якасці апраўдання для невыканання ім дагавора.

 

У адрозненне ад Закона «О международных договорах Республики Беларусь» у дзеючай рэдакцыі, у Законе аб міжнародных дагаворах не ўзнаўляецца палажэнне аб тым, што нормы права, якія змяшчаюцца ў міжнародных дагаворах Рэспублікі Беларусь, з’яўляюцца часткай дзеючага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь заканадаўства.

 

Ацэньваючы дадзенае змяненне прававога рэгулявання, Канстытуцыйны Суд зыходзіць з наступнага.

 

У адпаведнасці з часткай другой артыкула 6 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь нормы грамадзянскага права, якія змяшчаюцца ў міжнародных дагаворах Рэспублікі Беларусь, што ўступілі ў сілу, з’яўляюцца часткай дзеючага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь грамадзянскага заканадаўства. Аналагічныя па змесце нормы ўключаны ў рад законаў Рэспублікі Беларусь: Банкаўскі кодэкс (частка другая артыкула 3), Бюджэтны кодэкс (пункт 6 артыкула 3) і некаторыя іншыя.

 

Такое разуменне тэрміна «законодательство Республики Беларусь» адлюстроўвае сфармiраваную ў нашай дзяржаве заканатворчую практыку, улічвае важную ролю і значэнне міжнародных дагавораў у прававой сістэме Беларусі як непасрэдна дзеючага права, абавязвае суды, іншыя дзяржаўныя органы і службовых асоб прымяняць нормы міжнароднага права.

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што нароўні з актамі ўнутрыдзяржаўнага заканадаўства – законамі Рэспублікі Беларусь, дэкрэтамі і ўказамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, падзаконнымі нарматыўнымі прававымі актамі, міжнародныя дагаворы Рэспублікі Беларусь уваходзяць у сістэму дзеючага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь прававога рэгулявання, гэта значыць іх нормы з’яўляюцца састаўной часткай дзеючага права.

 

Улічваючы канстытуцыйную значнасць міжнародных дагавораў у прававой сістэме краіны, Канстытуцыйны Суд у адпаведнасці з часткай чацвёртай артыкула 116 Канстытуцыі па прапановах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Палаты прадстаўнікоў, Савета Рэспублікі, Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь дае заключэннi аб адпаведнасці законаў, дэкрэтаў, указаў Прэзідэнта не толькі Канстытуцыі, але і міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь.

 

Такім чынам, зыходзячы з палажэнняў часткі першай артыкула 7, часткі першай артыкула 8 і часткі трэцяй артыкула 21 Канстытуцыі, Канстытуцыйны Суд лічыць, што ў мэтах выканання канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права і прававой дакладнасці заканадаўцу пры далейшым удасканальванні прававога рэгулявання неабходна ўлічваць, што нормы права, якія змяшчаюцца ў ратыфікаваных міжнародных дагаворах, з’яўляюцца састаўной часткай дзеючай сістэмы права на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

 

8. Законам аб міжнародных дагаворах прадугледжваецца, што нормы права, якія змяшчаюцца ў міжнародных дагаворах Рэспублікі Беларусь, падлягаюць непасрэднаму прымяненню, акрамя выпадкаў, калі з міжнароднага дагавора вынікае, што для прымянення такіх норм патрабуецца прыняцце (выданне) нарматыўнага прававога акта, і маюць сілу таго нарматыўнага прававога акта, якім выказана згода Рэспублікі Беларусь на абавязковасць для яе адпаведнага міжнароднага дагавора (частка другая артыкула 36).

 

У артыкуле 17 Закона аб міжнародных дагаворах замацоўваюцца палажэнні аб тым, што згода Рэспублікі Беларусь на абавязковасць для яе міжнароднага дагавора можа быць выказана: падпісаннем міжнароднага дагавора, шляхам абмену нотамі, лістамі або іншымі дакументамі, якія ўтвараюць міжнародны дагавор, ратыфікацыяй міжнароднага дагавора, зацвярджэннем (прыняццем) міжнароднага дагавора, далучэннем да міжнароднага дагавора, шляхам правапераемства ў дачыненні да міжнароднага дагавора (частка першая); любым іншым спосабам, прадугледжаным міжнародным дагаворам, пры выкананні працэдуры, устаноўленай гэтым Законам для названых у частцы першай дадзенага артыкула спосабаў выяўлення згоды Рэспублікі Беларусь на абавязковасць для яе міжнароднага дагавора (частка другая).

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што нормы міжнароднага права, згода на абавязковасць якіх для Рэспублікі Беларусь выказана не шляхам прыняцця нарматыўнага прававога акта аб ратыфікацыі, зацвярджэнні (прыняцці), далучэнні, правапераемстве, а іншымі спосабамі – падпісаннем міжнароднага дагавора, шляхам абмену нотамі, лістамі або іншымі дакументамі, і якія ўступілі ў сілу з дня ўчынення дадзеных дзеянняў, таксама з’яўляюцца часткай дзеючага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь прававога рэгулявання і падлягаюць непасрэднаму прымяненню. Калізіі міжнародна-прававых норм і норм унутрыдзяржаўнага заканадаўства, па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, неабходна ўстараняць на аснове агульнапрызнанага прынцыпу міжнароднага права «договоры должны соблюдаться» (артыкул 26 Венскай канвенцыі).

 

9. Канстытуцыяй прадугледжана, што Рэспубліка Беларусь у адпаведнасці з нормамі міжнароднага права можа на добраахвотнай аснове ўваходзіць у міждзяржаўныя ўтварэнні і выходзіць з іх (частка другая артыкула 8).

 

Для забеспячэння дзейнасці міждзяржаўных утварэнняў і іншых міжнародных арганізацый у адпаведнасці з засноўваючымі іх міжнароднымі дагаворамі, а таксама агульнапрызнанымі нормамі і прынцыпамі міжнароднага права ўтвараюцца органы названых суб’ектаў міжнародных адносiн, якія могуць валодаць пэўнымі дыскрэцыйнымі паўнамоцтвамі.

 

У частцы трэцяй артыкула 37 Закона аб міжнародных дагаворах устанаўліваецца, што калі міжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь прадугледжана абавязковасць акта органа міжнароднай арганізацыі або міждзяржаўнага ўтварэння, удзельніцай якога з’яўляецца Рэспубліка Беларусь, то такія акты падлягаюць добрасумленнаму выкананню Рэспублікай Беларусь у адпаведнасці з умовамі міжнароднага дагавора і (або) міжнародным правам, а таксама непасрэднаму прымяненню ў выпадку, калі непасрэднае прымяненне вынiкае з такога акта і (або) адпаведнага міжнароднага дагавора, для прымянення норм якога не патрабуецца прыняцце (выданне) нарматыўнага прававога акта.

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што дадзены заканадаўчы падыход накіраваны на забеспячэнне належнага функцыянавання міждзяржаўных утварэнняў, у якія ўваходзіць Рэспубліка Беларусь, грунтуецца на палажэннях часткі другой артыкула 1, частак першай і другой артыкула 7, частак першай і другой артыкула 8, часткі першай артыкула 59 Канстытуцыі і адпавядае агульнапрызнаным нормам і прынцыпам міжнароднага права, а таксама міжнародна-прававой дактрыне.

 

Пры гэтым Канстытуцыйны Суд пацвярджае прававую пазіцыю,  што змяшчаецца ў Пасланні Канстытуцыйнага Суда Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і палатам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь «Аб стане канстытуцыйнай  законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2013 годзе», згодна з якой адкрытасць Рэспублікі Беларусь для міжнародна-прававой інтэграцыі абумоўлівае магчымасць перадачы часткі суверэнных паўнамоцтваў наднацыянальным структурам міждзяржаўных аб’яднанняў; пры гэтым, зыходзячы з вяршэнства Канстытуцыі, не могуць абмяжоўвацца суверэннае права народа Беларусі самастойна вызначаць свой шлях развіцця, мяняцца дэмакратычны, сацыяльны і прававы характар беларускай дзяржавы, прымяншацца канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзян.

 

10. Артыкулам 31 Закона аб міжнародных дагаворах прадугледжваецца, што афіцыйнае апублікаванне міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь, у тым ліку часова прымяняемых Рэспублікай Беларусь, ажыццяўляецца шляхам размяшчэння іх тэкстаў на беларускай і (або) рускай мовах ці тэкстаў іх афіцыйных перакладаў на беларускую і (або) рускую мовы на Нацыянальным прававым Інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь у парадку, устаноўленым заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

 

Такім чынам, заканадаўцам рэалізавана прававая пазіцыя, выкладзеная ў рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 8 ліпеня 2013 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О международных договорах Республики Беларусь», у частцы ўстаранення прававой нявызначанасці, што датычыцца апублікавання міжнародных дагавораў, якія часова прымяняюцца Рэспублікай Беларусь.

 

У названым рашэнні Канстытуцыйным Судом было прызнана неабходным устанаўленне парадку афіцыйнага апублікавання часова прымяняемых Рэспублікай Беларусь міжнародных дагавораў на той падставе, што паколькі міжнародныя дагаворы, якія часова прымяняюцца Рэспублікай Беларусь да іх уступлення ў сілу, могуць змяшчаць палажэнні, якія непасрэдна закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян, то яны падлягаюць выкананню ў тым жа парадку, што і міжнародныя дагаворы, якія ўступілі ў сілу, і, такiм чынам, з’яўляюцца састаўной часткай прававой сістэмы Рэспублікі Беларусь.

 

Своечасовае і поўнае выкананне рашэнняў Канстытуцыйнага Суда, як адзначана ў Пасланні Канстытуцыйнага Суда Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і палатам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2017 годзе», садзейнічае зацвярджэнню канстытуцыйнай законнасці, падтрыманню высокага ўзроўню даверу грамадзян да правасуддзя і дзейнасці органаў дзяржаўнай улады, сведчыць аб рэалізацыі канстытуцыйных гарантый абароны правоў, свабод і законных інтарэсаў кожнага, што ўяўляе сабой рэальнае выяўленне канстытуцыяналізму як неад’емнай часткі правасвядомасці асобы і прававой культуры грамадства ў цэлым.

 

Закон прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у межах паўнамоцтваў у адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97, пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі.

 

На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд лічыць, што па змесце норм, форме акта, парадку прыняцця і з пункту гледжання размежавання кампетэнцыі паміж дзяржаўнымі органамі Закон адпавядае Канстытуцыі.

 

Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткай другой артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкуламі 103–105 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О международных договорах Республики Беларусь» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

 

2. Рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

3. Апублікаваць рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                     П.П.Міклашэвіч