Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
11 ліпеня 2008 г. № Р-269/2008
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь “Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., суддзяў Бойка Т.С., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П., Шукліна В.З.

 

на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, падпункта 1.1 пункта 1 і пункта 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 “Аб некаторых мерах па ўдасканальванню дзейнасці Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь”

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь “Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”.

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Ізотку У.П., прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь “Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”, іншых актаў заканадаўства, якія маюць адносіны да разглядаемага пытання, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

 

Закон Рэспублікі Беларусь “Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 24 чэрвеня 2008 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 28 чэрвеня 2008 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

 

Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, якія зацвярджаюцца Законам, накіраваны на ўпарадкаванне правапісання беларускай мовы ў мэтах выключэння розначытанняў у пісьмовай беларускай мове, забеспячэння адзінства яго правапісных норм і спрашчэння навучання беларускай мове. Правілы змяшчаюць два раздзелы: раздзел I «Арфаграфія», што складаецца з васьмі глаў, і раздзел II “Пунктуацыя”, што ўключае 14 глаў.

 

У адпаведнасці з артыкулам 17 Канстытуцыі дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца беларуская і руская мовы.

 

Роля дзяржаўнай мовы абумоўлена яе высокім кансалідуючым патэнцыялам. У сувязі з гэтым працэс яе ўдасканальвання мае асаблівую сацыяльную значнасць для дзяржавы і грамадства, паколькі садзейнічае ўмацаванню грамадзянскай згоды і рэалізацыі этналінгвістычных і культурных патрэбнасцей.

 

Замацаваны ў артыкуле 2 Закона абавязак дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, грамадзян Рэспублікі Беларусь, а таксама замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, кіравацца Правіламі беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, адказвае патрабаванням артыкула 7 Канстытуцыі, што ўстанаўлівае прынцып вяршэнства права і абавязак усіх дзейнічаць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёй актаў заканадаўства, а таксама артыкула 52 Канстытуцыі, які абавязвае кожнага, хто знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, выконваць яе Канстытуцыю, законы і паважаць нацыянальныя традыцыі.

 

Адносіны, якія складваюцца ў моўнай сферы, з’яўляюцца аднымі з найбольш важных грамадскіх адносін, таму іх рэгуляванне законам адпавядае прынцыпам прававой дзяржавы і ўзгадняецца з палажэннямі Закона Рэспублікі Беларусь “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь”.

 

Суб’екты заканадаўчага працэсу пры прыняцці Закона дзейнічалі ў рамках кампетэнцыі і ў парадку, замацаваных артыкуламі 97–100 Канстытуцыі.

 

 

Кіруючыся часткамі першай і сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткамі восьмай, трынаццатай, чатырнаццатай артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, падпунктам 1.1 пункта 1 і пунктам 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 “Аб некаторых мерах па ўдасканальванню дзейнасці Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь 

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь “Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі” адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

 

2. Апублікаваць гэта рашэнне ў часопісе “Веснік Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь”.

 

3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                     П.П.Міклашэвіч