Навіны
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь 10 красавіка 2018 г. прыняў рашэнне «Аб праве на судовую абарону зацікаўленых асоб у загадным вядзенні» (суддзя-дакладчык Рабцаў В.М.)

Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом у адпаведнасці з часткамі першай і чацвёртай артыкула 158 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве» на падставе звароту, што паступіў ад Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў, аб наяўнасці ў грамадзянскім працэсуальным і гаспадарчым працэсуальным заканадаўстве Рэспублікі Беларусь, якое рэгулюе загаднае вядзенне, прабела прававога рэгулявання ў частцы забеспячэння права на судовую абарону зацікаўленых асоб, якія не з'яўляюцца ў гэтым вядзенні спагнаннікам або даўжніком, правы і законныя інтарэсы якіх могуць закранацца вызначэннем аб судовым загадзе.

Загаднае вядзенне з'яўляецца самастойным відам грамадзянскага судаводства і судаводства па эканамічных справах, рэгулюецца палажэннямі аднайменных главы 31 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса і главы 24 Гаспадарчага працэсуальнага кодэкса, нормы якіх устанаўлiваюць працэсуальны парадак разгляду судамі агульнай юрысдыкцыі заяў у парадку загаднага вядзення. Асаблівасць дадзенага вядзення заключаецца ў тым, што суддзя, суд, які разглядае эканамічныя справы, выносіць вызначэнне аб судовым загадзе без разбору і выкліку бакоў па заяве спагнанніка аб спагнанні грашовых сродкаў, аб выпатрабаванні маёмасці або аб звароце спагнання на маёмасць даўжніка, якія носяць бясспрэчны характар (заснаваны на дакументах, якія пацвярджаюць запазычанасць даўжніка) або прызнаюцца (не аспрэчваюцца) даўжніком, але не выконваюцца.

У выпадку нязгоды з заяўленымі спагнаннікам патрабаваннямі даўжніку прадастаўлена права на судовую абарону сваіх правоў і законных інтарэсаў.

Аналіз палажэнняў Грамадзянскага працэсуальнага і Гаспадарчага працэсуальнага кодэксаў паказвае, што ў дадзеных кодэксах судовая абарона іншых асоб, правы і законныя інтарэсы якіх могуць быць закрануты вызначэннем аб судовым загадзе, не прадугледжана, што сведчыць аб наяўнасці прабела заканадаўчага рэгулявання ў сферы загаднага вядзення.

Канстытуцыйны Суд у рашэнні ўказаў, што калі вызначэнне аб судовым загадзе закранае правы і законныя інтарэсы іншых асоб, накладае на іх пэўныя абавязкі, то гэтым асобам у сілу прынцыпу спаборнасці і роўнасці бакоў у працэсе павінны быць забяспечаны працэсуальныя гарантыі абароны іх правоў і законных інтарэсаў у загадным вядзенні на раўнапраўнай аснове з даўжніком, паколькі толькі пры гэтай умове рэалізуецца права на судовую абарону, якая па сэнсе часткі першай артыкула 60 Канстытуцыі павінна быць справядлівай, поўнай і эфектыўнай.

Канстытуцыйны Суд у мэтах рэалізацыі прынцыпу вяршэнства права, прытрымлівання канстытуцыйнага права на судовую абарону прызнаў неабходным устараніць прабел канстытуцыйна-прававога рэгулявання ў частцы забеспячэння права на судовую абарону зацікаўленых асоб у загадным вядзенні, правы і законныя інтарэсы якіх закранаюцца вызначэннем аб судовым загадзе, шляхам унясення адпаведных змяненняў у Грамадзянскi працэсуальны і Гаспадарчы працэсуальны кодэксы Рэспублікі Беларусь.

Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь прапанавана падрыхтаваць адпаведны праект закона аб унясенні змяненняў у грамадзянскае працэсуальнае і гаспадарчае працэсуальнае заканадаўства Рэспублікі Беларусь, якое рэгулюе загаднае вядзенне, і ўнесці яго ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.