Навіны
15 сакавіка 2018 года адбылася сустрэча Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі з суддзямі Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь

На сустрэчы абмяркоўваліся пытанні аб удасканальванні дзейнасці Канстытуцыйнага Суда, эфектыўнасці ажыццяўлення канстытуцыйнага кантролю, фарміраванні канстытуцыйнай культуры.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь выказаў меркаванне аб карэкціроўцы Канстытуцыі з улікам развіцця грамадскіх адносiн на сучасным этапе, звярнуўшы ўвагу на неабходнасць удзелу ў гэтым працэсе суддзяў Канстытуцыйнага Суда.

У сваім выступленні Старшыня Канстытуцыйнага Суда П.П.Міклашэвіч адзначыў наступнае.

У сучасных умовах канстытуцыйны кантроль – неад'емны інстытут дэмакратычнага развіцця, устойлівасці дзяржаўнасці на канстытуцыйнай аснове.

Пры гэтым забеспячэнне канстытуцыйнай законнасці з'яўляецца неабходнай умовай рэалізацыі і абароны правоў і свабод чалавека як галоўнай мэты і каштоўнасці грамадства і дзяржавы.

Сёння можна канстатаваць:

Па-першае, Канстытуцыя з'яўляецца рэальнай прававой асновай развіцця Беларусі дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавай, забеспячэння адзінства і грамадзянскай згоды ў грамадстве;

Па-другое, выкананне канстытуцыйных палажэнняў дзяржаўнымі органамі, службовымі асобамі і грамадзянамі папярэджвае ўзнікненне канстытуцыйна-прававых канфліктаў, гарантуе стабільнасць у грамадстве і дзяржаве;

Па-трэцяе, на аснове канстытуцыйных прынцыпаў працягваецца працэс фарміравання сучаснай прававой сістэмы краіны, забяспечваецца канстытуцыйна-прававы механізм узаемадзеяння асобы, народа, дзяржавы.

Хачу падкрэсліць, што вяршэнства і прамое дзеянне Канстытуцыі, абарона канстытуцыйнага ладу, правоў і свабод грамадзян патрабуюць пастаянных і мэтанакіраваных дзеянняў усіх дзяржаўных органаў, сістэмнага развіцця канстытуцыйных палажэнняў у нарматворчасці, пастаяннага падтрымання канстытуцыйна-прававога рэжыму правапрымянення.

У мэтах павышэння эфектыўнасці канстытуцыйна-прававога рэгулявання, з улікам еўрапейскіх і сусветных тэндэнцый развіцця канстытуцыйнага правасуддзя мы бачым неабходнасць удасканальвання па наступных напрамках.

1. Першае. Пры ажыццяўленні абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў, прынятых Парламентам, да іх падпісання Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, мы зыходзім з таго, што папярэдні кантроль павінен быць усямерна накіраваны на папярэджанне з'яўлення ў прававой сістэме норм, якія супярэчаць Канстытуцыі.

Сістэмнае ўздзеянне канстытуцыйных прынцыпаў і норм на грамадска-палітычныя і сацыяльна-эканамічныя адносiны прадугледжвае паслядоўную канстытуцыяналізацыю грамадскіх адносiн.

Разам з тым неабходна адзначыць, што ўдзельнікі заканатворчага працэсу не заўсёды ўлічваюць, якія канстытуцыйныя палажэнні ляжаць у аснове прававога рэгулявання пэўных грамадскіх адносiн і як трэба іх развіваць у заканадаўчых актах.

Мяркую, што ў мэтах своечасовай ацэнкі эфектыўнасці канстытуцыяналізацыi права патрэбна распрацаваць сістэму канстытуцыйнага маніторынгу для аналізу рэалізацыі фундаментальных канстытуцыйных прынцыпаў. Гэта дасць магчымасць ва ўмовах сучаснага інфармацыйнага грамадства, інтэнсіфікацыі ўсіх грамадскіх працэсаў больш эфектыўна выкарыстоўваць рэгулятыўны патэнцыял Канстытуцыі.

2. Другое. Канстытуцыйным Судом выпрацавана практыка фармулявання ў рашэннях, якія прымаюцца ў парадку ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў, прававых пазіцый, накіраваных на далейшае ўдасканальванне канстытуцыйна-прававога рэгулявання.

Аднак належны механізм іх рэалізацыі не рэгламентаваны, недастаткова арганізацыйна-прававых сродкаў кантролю канстытуцыйнасці правапрымяняльнай практыкі.

У мэтах забеспячэння канстытуцыйна-прававога рэжыму правапрымянення, недапушчэння скажэння канстытуцыйна-прававога сэнсу прававых норм мяркую, што ў Законе «Аб канстытуцыйным судаводстве» неабходна замацаваць прававы механізм рэалізацыі дзяржаўнымі органамі прававых пазіцый Канстытуцыйнага Суда.

3. Трэцяе. Канстытуцыйны Суд з 2008 года паслядоўна фарміруе практыку прыняцця рашэнняў аб устараненні ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці. Пры гэтым мы ўлічваем дыскрэцыйныя паўнамоцтвы заканадаўца ў заканатворчым працэсе. 

Вымушаны адзначыць, што не ў поўнай меры выкарыстоўваецца існуючы механізм устаранення дэфектаў прававога рэгулявання сродкамі канстытуцыйнага правасуддзя.

Лiчу мэтазгодным увесці ў практыку правапрымяняльнай дзейнасці дзяржаўных органаў абавязковы зварот у Канстытуцыйны Суд пры ўзнікненні сумненняў у наяўнасці прабелаў, прававой нявызначанасці, калізій у мэтах забеспячэння адзінства канстытуцыйна-прававога рэгулявання.

4. Чацвёртае. У цяперашні час заканадаўча ўрэгуляваны парадак ускоснага доступу грамадзян да канстытуцыйнага правасуддзя праз суб'ектаў, упаўнаважаных звяртацца ў Канстытуцыйны Суд з прапановамі аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў.

Па існуючай інфармацыі, штогод да ўпаўнаважаных органаў паступае каля 70 ініцыятыўных зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб. Аднак за мiнулыя чатыры гады вынесена толькі адно заключэнне Канстытуцыйнага Суда па прапанове Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, заснаванай на ініцыятыўным звароце грамадзяніна, які аспрэчваў канстытуцыйнасць шэрагу палажэнняў Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, у якіх не прадугледжвалася магчымасць па заяве блізкіх сваякоў разгляду пытання аб рэабілітацыі памерлай асобы, якая падлягала прыцягненню ў якасці абвінавачванага.

У мэтах пашырэння магчымасці праверкі канстытуцыйнасці правапрымяняльнай дзейнасці ўпаўнаважаным органам трэба больш актыўна ўносіць у Канстытуцыйны Суд прапановы, заснаваныя на ініцыятыўных зваротах грамадзян і арганізацый.

5. Пятае. Канстытуцыйны Суд валодае і іншымі паўнамоцтвамі, у тым ліку:

па прапановах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прымаць рашэнні аб адпаведнасці не ўступіўшых у сілу міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь Канстытуцыі;

па прапанове Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь даваць заключэнне аб наяўнасці фактаў сістэматычнага або грубага парушэння палатамі Нацыянальнага сходу Канстытуцыі;

па прапановах Прэзідыума Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу прымаць рашэнні аб наяўнасці фактаў сістэматычнага або грубага парушэння мясцовымі Саветамі дэпутатаў патрабаванняў заканадаўства.

Указаныя паўнамоцтвы не выкарыстоўваліся Канстытуцыйным Судом. З аднаго боку, гэта сведчыць аб тым, што не ўзнікала канкрэтных сітуацый, якія патрабуюць іх выкарыстання. З другога боку, пацвярджае дасягнуты дастаткова высокі якасна-канстытуцыйны ўзровень дзейнасці дзяржаўных органаў і іх узаемадзеяння.

Далейшае ўмацаванне канстытуцыйнай законнасці абумоўлівае неабходнасць развіцця канстытуцыйна арыентаванай правасвядомасці, заснаванай на глыбокім асэнсаванні і ўспрыманні каштоўнасцей і прынцыпаў Канстытуцыі.

Безумоўна, канстытуцыйную культуру трэба мэтанакіравана фарміраваць як у грамадскай свядомасці, так і ў службовых асоб дзяржаўных органаў, якія ажыццяўляюць на канстытуцыйнай аснове прафесійную дзейнасць.

Пры гэтым неабходна ўлічваць, што праз рэалізацыю канстытуцыйных палажэнняў адбываецца станаўленне чалавека і грамадзяніна як актыўнага ўдзельніка канстытуцыйных праваадносін.

У сучасных умовах, пры сфарміраванай на канстытуцыйнай аснове прававой сістэме, эфектыўным функцыянаванні і ўзаемадзеянні галін улады ключавым у забеспячэнні канстытуцыйнай законнасці і ўдасканальванні канстытуцыйнага кантролю з'яўляецца далейшае зацвярджэнне вяршэнства Канстытуцыі як прававога падмурка трывалага і дынамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь.

У заключэнне Міклашэвіч П.П. ад усіх суддзяў Канстытуцыйнага Суда выказаў Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнку глыбокую падзяку за стварэнне належных умоў для дзейнасці Канстытуцыйнага Суда ў рэканструяваным гістарычным будынку.