28 снежня 2017 г. № Р-1117/2017
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Карповіч Н.А., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава В.М., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.
на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абзаца другога часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкула 98 і часткі першай артыкула 101 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве»
разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О противодействии монополистической деятельности и развитии конкуренции».
Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Бойка Т.С., прааналізаваўшы палажэннi Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О противодействии монополистической деятельности и развитии конкуренции» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:
Закон Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О противодействии монополистической деятельности и развитии конкуренции» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 14 снежня 2017 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 19 снежня 2017 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.
Згодна з Законам (артыкул 1) Закон Рэспублікі Беларусь «О противодействии монополистической деятельности и развитии конкуренции» выкладаецца ў новай рэдакцыі (далей – Закон аб процідзеянні манапалістычнай дзейнасці).
Прыняцце Закона абумоўлена неабходнасцю ўдасканальвання прававога рэгулявання адносiн у сферы процідзеяння манапалістычнай дзейнасці і развіцця канкурэнцыі, а таксама гарманізацыі і ўніфікацыі яго норм з палажэннямі адпаведных міжнародна-прававых актаў, якія складаюць права Еўразійскага эканамічнага саюза.
Канстытуцыйны Суд правярае адпаведнасць Закона Канстытуцыі зыходзячы з:
асноватворных канстытуцыйных каштоўнасцей, найвышэйшай з якіх з’яўляюцца чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі (частка першая артыкула 2 Канстытуцыі);
палажэнняў артыкула 13 Канстытуцыі, якiя замацоўваюць, што дзяржава надае ўсім роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, акрамя забароненай законам, і гарантуе роўную абарону і роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці; гарантуе ўсім роўныя магчымасці свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці; ажыццяўляе рэгуляванне эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства (часткі другая, чацвёртая і пятая);
норм Канстытуцыі аб гарантаванні дзяржавай кожнаму права ўласнасці і садзейнічаннi яе набыццю, а таксама канстытуцыйных палажэнняў аб тым, што ўласнік мае права валодаць, карыстацца і распараджацца маёмасцю як аднаасобна, так і сумесна з іншымі асобамі; недатыкальнасць уласнасці ахоўваецца законам; уласнасць, набытая законным спосабам, абараняецца дзяржавай (часткi першая, другая і трэцяя артыкула 44);
замацаванага ў Канстытуцыі абавязку дзяржавы прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй (частка першая артыкула 59).
Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Канстытуцыйны Суд улічвае таксама прававыя пазіцыі, сфармуляваныя ім у рашэнні ад 4 снежня 2013 г., прынятым у выніку ажыццяўлення абавязковага папярэдняга канстытуцыйнага кантролю Закона Рэспублікі Беларусь «О противодействии монополистической деятельности и развитии конкуренции».
1. У Законе аб процідзеянні манапалістычнай дзейнасці змяняюцца крытэрыі дамінуючага палажэння гаспадарчага суб’екта на таварным рынку (пункт 3 артыкула 6); ўстанаўліваюцца прыметы абмежавання канкурэнцыі (артыкул 7); удакладняецца змест паняцця «группа лиц» (артыкул 8); дэталізуюцца тэрміны «монопольно высокая цена (тариф)» і «монопольно низкая цена (тариф)» (артыкулы 9 і 10); уводзяцца тэрміны «монопсоническое положение» і «монопсонически низкая цена (тариф)» і замацоўваюцца іх азначэнні (артыкул 11); прадугледжваюцца нормы, якія вызначаюць змест узгодненых дзеянняў суб’ектаў гаспадарання на таварным рынку (артыкул 12).
Так, у мэтах эфектыўнага выяўлення і спынення злоўжывання дамінуючым становiшчам на рынках у Законе аб процідзеянні манапалістычнай дзейнасці зніжаецца значэнне сумеснай рыначнай долі суб’ектаў гаспадарання, якое дазваляе кваліфікаваць становiшча суб’ектаў гаспадарання на адпаведным таварным рынку як дамінуючае. Згодна з пунктам 3 артыкула 6 дадзенага Закона дамінуючым прызнаецца становiшча кожнага з некалькіх суб’ектаў гаспадарання, за выключэннем выпадку, указанага ў пункце 4 дадзенага артыкула, калі выконваюцца ў сукупнасці наступныя ўмовы: сумесная доля не больш як трох суб’ектаў гаспадарання, доля кожнага з якіх больш за долi іншых суб’ектаў гаспадарання на адпаведным таварным рынку, перавышае 50 працэнтаў або сумесная доля не больш як пяцi суб’ектаў гаспадарання, доля кожнага з якіх больш за долi іншых суб’ектаў гаспадарання на адпаведным таварным рынку, перавышае 75 працэнтаў; на працягу не менш як адiн год або, калі такі тэрмін складае менш як адзiн год, на працягу тэрміну існавання таварнага рынку памеры доляў суб’ектаў гаспадарання нязменныя або падвержаны малазначным змяненням, а таксама доступ на адпаведны таварны рынак новых канкурэнтаў ускладнены.
Такім чынам, устанаўленне выкарыстоўваемых у Законе асноўных тэрмінаў і іх азначэнняў, а таксама ўдакладненне крытэрыяў дамінуючага становiшча на таварным рынку накіраваны на падтрыманне на дзяржаўным узроўні канкурэнцыі, стварэнне ўмоў для эфектыўнага функцыянавання таварных рынкаў, папярэджанне і спыненне манапалістычнай дзейнасці і нядобрасумленнай канкурэнцыі, што адпавядае палажэнням Канстытуцыі, згодна з якімі дзяржава ажыццяўляе рэгуляванне эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства (частка пятая артыкула 13); ажыццяўленне права ўласнасці не павінна супярэчыць грамадскай карысці і бяспецы, уцiскаць правы і абараняемыя законам інтарэсы іншых асоб (частка шостая артыкула 44).
2. У Законе аб процідзеянні манапалістычнай дзейнасці канкрэтызуюцца нормы, якія датычацца забарон на злоўжыванне суб’ектам гаспадарання дамінуючым становiшчам, на абмяжоўваючыя канкурэнцыю пагадненнi суб’ектаў гаспадарання і іх узгодненыя дзеянні, на абмяжоўваючыя канкурэнцыю акты заканадаўства, іншыя прававыя акты і дзеянні (бяздзейнасць), пагадненні, узгодненыя дзеянні дзяржаўных органаў (артыкулы 18, 20, 21 і 23); вызначаюцца меры, накіраваныя на забеспячэнне недыскрымінацыйнага доступу да тавараў (артыкул 19); устанаўліваюцца антыманапольныя патрабаванні да закупак тавараў (артыкул 24); уводзіцца самастойная глава 4 «Недобросовестная конкуренция».
Пунктам 1 артыкула 24 Закона аб процідзеянні манапалістычнай дзейнасці прадугледжваецца, што пры ажыццяўленні закупак тавараў забараняюцца дзеянні, якія прыводзяць або могуць прывесці да недапушчэння, абмежавання або устаранення канкурэнцыі, з вызначэннем канкрэтнага пераліку такіх дзеянняў (частка першая).
Са зместу ўказанага пункта аналізуемага артыкула вынікае, што яго палажэннi накіраваны на абарону канкурэнцыі на рынку тавараў, выяўленне і выкараненне змоў пры правядзенні закупак, стварэнне роўных умоў для арганізацый усіх форм уласнасці, забеспячэнне эфектыўнага расходавання бюджэтных сродкаў, якія выкарыстоўваюцца для закупак тавараў, што адпавядае палажэнням Канстытуцыі, згодна з якімі дзяржава надае ўсім роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, акрамя забароненай законам, і гарантуе роўную абарону і роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці (частка другая артыкула 13); усе роўныя перад законам (артыкул 22).
3. У главе 4 «Недобросовестная конкуренция» Закона аб процідзеянні манапалістычнай дзейнасці ўстанаўліваюцца забароны на нядобрасумленную канкурэнцыю шляхам дыскрэдытацыі, увядзення ў зман, некарэктнага параўнання (артыкулы 25–27), а таксама забароны, звязаныя з набыццём і (або) выкарыстаннем аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці, стварэннем блытаніны, незаконным атрыманнем, выкарыстаннем, выдаваннем інфармацыі, якая складае камерцыйную, службовую, іншую ахоўваемую законам тайну (артыкулы 28–30), і раскрываецца змест такіх забарон.
Так, згодна з артыкулам 28 названага Закона забараняецца нядобрасумленная канкурэнцыя, звязаная з набыццём і выкарыстаннем выключнага права на сродкі індывідуалізацыі ўдзельнікаў грамадзянскага абароту, тавараў, а таксама з учыненнем суб’ектам гаспадарання дзеянняў па продажу, абмене або іншым увядзенні ў грамадзянскі абарот тавару, калі пры гэтым мела месца незаконнае выкарыстанне аб’екта інтэлектуальнай уласнасці.
На падставе зместу дадзенага артыкула ў яго сістэмнай узаемасувязі з іншымі палажэннямі Закона аб процідзеянні манапалістычнай дзейнасці, у прыватнасці пунктам 2 артыкула 9, згодна з якiм пры выкананні ўмоў, вызначаных у пункце 1 артыкула 22 дадзенага Закона, не прызнаецца манапольна высокай цана (тарыф) тавару, у якім прыменена ахоўваемае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь вынаходства, а таксама тавару, вырабленага непасрэдна спосабам, які ахоўваецца патэнтам Рэспублікі Беларусь на вынаходства, у перыяд дзеяння адпаведнага патэнта, Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду аб тым, што такое прававое рэгуляванне адпавядае частцы трэцяй артыкула 51 Канстытуцыі аб ахове інтэлектуальнай уласнасці законам.
4. У шэрагу норм Закона аб процідзеянні манапалістычнай дзейнасці прадугледжваюцца забароны: на стварэнне дыскрымінацыйных умоў (падпункт 1.10 пункта 1 артыкула 18, падпункт 2.9 пункта 2 артыкула 23); на дачу суб’ектам гаспадарання ўказання аб набыцці тавару, а таксама на ўстанаўленне для спажыўцоў тавараў абмежавання выбару суб’ектаў гаспадарання, якія прадастаўляюць такія тавары (падпункты 2.5 і 2.8 пункта 2 артыкула 23).
Канстытуцыйны Суд мяркуе, што манапалістычная дзейнасць, якая вызначаецца ў артыкуле 1 Закона аб процідзеянні манапалістычнай дзейнасці як злоўжыванне суб’ектам гаспадарання, групай асоб сваім дамінуючым становiшчам, заключэнне пагадненняў або ўчыненне ўзгодненых дзеянняў, а таксама ўчыненне іншых дзеянняў (бяздзейнасць), накіраваных на недапушчэнне, абмежаванне або ўстараненне канкурэнцыі і забароненых дадзеным Законам і іншымі актамі антыманапольнага заканадаўства (абзац дзявяты), а таксама нядобрасумленная канкурэнцыя, якая праяўляецца ў накіраваных на набыццё пераваг (выгад) у прадпрымальніцкай дзейнасці дзеяннях суб’екта гаспадарання або некалькіх суб’ектаў гаспадарання, якія супярэчаць дадзенаму Закону, іншым заканадаўчым актам і актам антыманапольнага заканадаўства або патрабаванням добрасумленнасці і разумнасці і могуць прычыніць або прычынілі страты іншым канкурэнтам або могуць нанесці або нанеслі шкоду іх дзелавой рэпутацыі (абзац дзясяты), правамерна падлягаюць забароне, паколькі такія дзеянні парушаюць правапарадак у сферы канкурэнцыі, супярэчаць інтарэсам іншых суб’ектаў гаспадарання і спажыўцоў, дзяржавы і грамадства ў цэлым.
Правяраючы канстытуцыйнасць дадзеных норм Закона, Канстытуцыйны Суд зыходзіць са сфармуляванай ім у шэрагу рашэнняў, у тым ліку ў вышэйназваным рашэнні ад 4 снежня 2013 г., прававой пазіцыі, згодна з якой з улікам прынцыпу прапарцыянальнасці прававыя абмежаванні, якімі б ні былі падставы для іх устанаўлення, павінны забяспечваць належны баланс інтарэсаў грамадзян і дзяржавы. У той жа час абмежаваннi канстытуцыйных правоў павінны быць юрыдычна дапушчальнымі, сацыяльна апраўданымі, адэкватнымі, суразмернымі і неабходнымі для абароны іншых канстытуцыйна значных каштоўнасцей, а таксама адпавядаць патрабаванням справядлівасці.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што прававыя забароны ў дадзенай сферы дзейнасці незалежна ад падстаў іх устанаўлення павінны забяспечваць належны баланс паміж канстытуцыйнымі правамі і свабодамі асобы, а таксама публічнымі інтарэсамі дзяржавы і грамадства. Пры гэтым такія забароны ўстанаўліваюцца заканадаўцам не адвольна, а на аснове прынцыпаў і норм Канстытуцыі. Толькі пры прытрымліванні заканадаўцам канстытуцыйных патрабаванняў гарантуецца забеспячэнне вяршэнства права і такіх яго састаўляючых, як законнасць, абарона канстытуцыйных правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян, правоў і законных інтарэсаў арганізацый.
Пры выяўленні канстытуцыйна-прававога сэнсу забарон на манапалістычную дзейнасць і нядобрасумленную канкурэнцыю Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду, што нормы артыкула 1 Закона, якімі ўдакладняюцца дзеючыя і ўстанаўліваюцца новыя забароны, адпавядаюць палажэнням частак другой і чацвёртай артыкула 13 Канстытуцыі, якія дапускаюць у асобных выпадках на ўзроўні закона магчымасць увядзення забароны на ажыццяўленне эканамічнай, гаспадарчай і іншай дзейнасці.
5. У артыкуле 19 Закона аб процідзеянні манапалістычнай дзейнасці прадугледжваюцца меры, накіраваныя на забеспячэнне недыскрымінацыйнага доступу да тавараў. Згодна з гэтым артыкулам ў выпадку выяўлення факта злоўжывання суб’ектам гаспадарання дамінуючым становiшчам, устаноўленага рашэннем антыманапольнага органа, у мэтах папярэджання стварэння дыскрымінацыйных умоў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь мае права ўстанавіць правілы недыскрымінацыйнага доступу да тавараў, якія вырабляюцца і (або) рэалізуюцца суб’ектам гаспадарання, што займае дамінуючае становiшча і не з’яўляецца суб’ектам натуральнай манаполіі, доля якога на адпаведным таварным рынку складае больш як 70 працэнтаў; антыманапольны орган мае права нароўні з іншымі мерамі выносіць суб’екту гаспадарання, што займае дамінуючае становiшча, абавязковае для выканання прадпісанне аб зацвярджэнні і апублікаванні правіл гандлёвай практыкі, накіраваных на забеспячэнне недыскрымінацыйнага доступу да тавараў, на рынку якіх гэты суб’ект гаспадарання займае дамінуючае становiшча; патрабаванні да зместу правіл гандлёвай практыкі і парадку іх апублікавання ўстанаўліваюцца антыманапольным органам.
Пры ацэнцы канстытуцыйнасці дадзеных палажэнняў Закона Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду, што такое заканадаўчае рэгуляванне грунтуецца на палажэннях артыкула 107 Канстытуцыі, якiя замацоўваюць паўнамоцтвы Урада па забеспячэнні правядзення адзінай эканамічнай, фінансавай, крэдытнай і грашовай палітыкі, дзяржаўнай палітыкі ў галіне навукі, культуры, адукацыі, аховы здароўя, экалогіі, сацыяльнага забеспячэння і аплаты працы; па прыняцці мер па забеспячэнню правоў і свабод грамадзян, абароне інтарэсаў дзяржавы, нацыянальнай бяспецы і абараназдольнасці, ахове ўласнасці і грамадскага парадку, барацьбе са злачыннасцю; па ажыццяўленні іншых паўнамоцтваў, ускладзеных на яго Канстытуцыяй, законамі і актамі Прэзідэнта (абзацы пяты, шосты і дзесяты).
У той жа час з аналізу зместу артыкула 19 Закона аб процідзеянні манапалістычнай дзейнасці бачыцца, што ў iм адсутнічаюць нормы, якія замацоўваюць пералік пытанняў, падлягаючых уключэнню ў правілы недыскрымінацыйнага доступу да тавараў пры іх прыняцці Саветам Міністраў, а таксама круг патрабаванняў да зместу правіл гандлёвай практыкі, права на ўстанаўленне якіх прадастаўляецца антыманапольнаму органу.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўпаўнаважаныя органы ў рамках рэалізацыі нададзеных ім дыскрэцыйных паўнамоцтваў па прыняцці адпаведных правіл не павінны абмяжоўваць правы асоб, замацаваныя законам, а таксама рэгламентаваць пытанні дзейнасці суб’ектаў гаспадарання, не звязаныя з забеспячэннем роўных умоў доступу спажыўцоў да тавараў, замахвацца на саму сутнасць эканамічнай свабоды. У сувязі з гэтым Савету Міністраў і антыманапольнаму органу пры рэалізацыі нададзенага ім права на ўстанаўленне названых у Законе аб процідзеянні манапалістычнай дзейнасці правіл належыць грунтавацца на нормах дадзенага Закона і іншых заканадаўчых актаў, якія рэгулююць адносiны ва ўказанай сферы, і зыходзіць з канстытуцыйных каштоўнасцей і прынцыпаў, у тым ліку палажэння часткі першай артыкула 23 Канстытуцыі, якое дапускае магчымасць абмежавання правоў і свабод асобы толькі ў выпадках, прадугледжаных законам і ў канстытуцыйна значных інтарэсах.
Прававая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда грунтуецца на палажэннях Канстытуцыі, згодна з якімi у Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права, а дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства (часткi першая і другая артыкула 7); дзяржава надае ўсім роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, акрамя забароненай законам, і гарантуе роўную абарону і роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці, а таксама гарантуе ўсім роўныя магчымасці свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці; ажыццяўляе рэгуляванне эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства (часткі другая, чацвёртая і пятая артыкула 13).
6. Палажэннямі главы 6 Закона аб процідзеянні манапалістычнай дзейнасці рэгулюецца парадак устанаўлення факта наяўнасці (адсутнасці) парушэння антыманапольнага заканадаўства.
Артыкуламі 36–47 дадзенай главы прадугледжваюцца падставы для ўстанаўлення факта наяўнасці (адсутнасці) парушэння антыманапольнага заканадаўства і тэрміны даўнасці ўстанаўлення такога факта; патрабаванні да заявы аб парушэнні і падставы для пакідання заявы аб парушэнні без разгляду па сутнасці; парадак разгляду заявы аб парушэнні, а таксама выпадкі прыпынення і спынення разгляду такой заявы, асобнага факта парушэння; парадак прыняцця рашэння аб устанаўленні факта наяўнасці (адсутнасці) парушэння антыманапольнага заканадаўства, яго змест і парадак растлумачэння дадзенага рашэння і (або) прадпісання; парадак перагляду рашэння аб устанаўленні факта наяўнасці (адсутнасці) парушэння антыманапольнага заканадаўства па ізноў адкрытых акалічнастях і абскарджання такіх рашэнняў.
Парадак устанаўлення фактаў наяўнасці (адсутнасці) парушэння антыманапольнага заканадаўства, які вызначаецца Законам аб процідзеянні манапалістычнай дзейнасці, па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, накіраваны на стварэнне і падтрыманне эфектыўных прававых механізмаў абароны правоў і законных інтарэсаў юрыдычных і фізічных асоб ад проціпраўных дзеяннях (бяздзейнасці) асоб, у тым ліку суб’ектаў гаспадарання, якія займаюць дамінуючае становiшча на таварным рынку, што прыводзяць або могуць прывесці да недапушчэння, абмежавання або ўстаранення канкурэнцыі. Такое заканадаўчае рэгуляванне адпавядае палажэнням Канстытуцыі, у адпаведнасці з якімі дзяржава забяспечвае правы і свабоды грамадзян Рэспублікі Беларусь, а таксама гарантуе кожнаму права ўласнасці і садзейнічае яе набыццю; уласнасць, набытая законным спосабам, абараняецца дзяржавай (частка першая артыкула 21, часткi першая і трэцяя артыкула 44); дзяржаўныя органы, службовыя і іншыя асобы, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы (частка другая артыкула 59).
7. У мэтах папярэджання парушэння антыманапольнага заканадаўства ў Законе аб процідзеянні манапалістычнай дзейнасці ўстанаўліваецца, што антыманапольны орган мае права накіраваць службовай асобе юрыдычнай асобы, у тым ліку дзяржаўнага органа, папярэджанне ў пісьмовай форме аб недапушчальнасці ўчынення дзеянняў (бяздзейнасці), якія могуць прывесці да парушэння антыманапольнага заканадаўства (абзац трыццаць чацвёрты артыкула 14, артыкул 16). Адначасова ў гэтым Законе прадугледжваецца, што ў мэтах спынення дзеянняў (бяздзейнасці), якія прыводзяць або могуць прывесці да недапушчэння, абмежавання або ўстаранення канкурэнцыі, прычынення шкоды правам, свабодам і законным інтарэсам юрыдычных або фізічных асоб у выпадку выяўлення прымет парушэння антыманапольнага заканадаўства, указаных у падпунктах 1.5–1.8, 1.10 пункта 1 артыкула 18 і артыкуле 23 дадзенага Закона, антыманапольны орган да прыняцця рашэння аб устанаўленні факта наяўнасці (адсутнасці) парушэння антыманапольнага заканадаўства выдае суб’ектам гаспадарання, службовым асобам суб’ектаў гаспадарання – юрыдычных асоб, дзяржаўным органам, іх службовым асобам папярэджанне ў пісьмовай форме (абзац сёмы артыкула 14, артыкул 43).
Канстытуцыйны Суд лічыць, што такое прававое рэгуляванне мае на мэце прымяненне мер папераджальнага і прафілактычнага характару, якія дазваляюць антыманапольнаму органу выбраць аптымальны спосаб рэагавання на парушэнні антыманапольнага заканадаўства без прымянення да суб’ектаў гаспадарання і іншых асоб мер адказнасці, а таксама аператыўнае аднаўленне ў правах іншых асоб, якія могуць пацярпець ад дзеянняў (бяздзейнасці) суб’ектаў, што маюць прыметы парушэння антыманапольнага заканадаўства, прытрымліванне балансу публічных і прыватных інтарэсаў, што адпавядае палажэнням Канстытуцыі аб абавязку дзяржавы забяспечваць законнасць і правапарадак (частка трэцяя артыкула 1), прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь (частка першая артыкула 59).
8. Палажэннямі Закона аб процідзеянні манапалістычнай дзейнасці рашэнне аб устанаўленні факта наяўнасці (адсутнасці) парушэння антыманапольнага заканадаўства можа быць абскарджана ў суд на працягу 30 каляндарных дзён з дня яго прыняцця (пункт 6 артыкула 44), а прадпісанне – на працягу 30 каляндарных дзён з дня, калі асоба, у адносінах да якой вынесена прадпісанне, даведалася або павінна была даведацца аб яго вынясенні; у выпадку абскарджання рашэння аб устанаўленні факта наяўнасці (адсутнасці) парушэння антыманапольнага заканадаўства і (або) прадпісання выкананне прадпісання прыпыняецца да ўступлення рашэння суда ў законную сілу (пункты 4 і 5 артыкула 45).
Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, ўстанаўліваемае прававое рэгуляванне сведчыць аб рэалізацыі прынцыпу вяршэнства права, замацаванага ў частцы першай артыкула 7 Канстытуцыі, і такога яго важнейшага элемента, як права на судовую абарону, што адпавядае частцы першай артыкула 60 Канстытуцыі аб гарантаванні кожнаму абароны яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны.
9. Часткай першай пункта 1 артыкула 49 Закона аб процідзеянні манапалістычнай дзейнасці прадугледжваецца, што суб’екты гаспадарання, службовыя асобы суб’ектаў гаспадарання – юрыдычных асоб, дзяржаўныя органы, іх службовыя асобы, юрыдычныя асобы, якія не адносяцца да суб’ектаў гаспадарання, іх службовыя асобы, фізічныя асобы, якія не адносяцца да суб’ектаў гаспадарання, абавязаны прадстаўляць у антыманапольны орган па яго запыце і ва ўстаноўлены ім тэрмін неабходныя антыманапольнаму органу ў адпаведнасці з ускладзенымі на яго паўнамоцтвамі дакументы, тлумачэнні, інфармацыю ў пісьмовай і (або) вуснай формах, у тым ліку інфармацыю, якая складае камерцыйную, службовую, іншую ахоўваемую законам тайну, уключаючы канфідэнцыяльную інфармацыю аб дэпанентах і звесткі з рэестра ўладальнікаў каштоўных папер.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што замацаванне такога абавязку, якi ў пэўнай меры закранае канстытуцыйнае права кожнага на абарону ад незаконнага ўмяшання ў яго асабістае жыццё (артыкул 28 Канстытуцыі) і на абарону інфармацыі (частка трэцяя артыкула 34 Канстытуцыі), з’яўляецца абгрунтаваным і правамерным, паколькі накіравана на выкананне антыманапольным органам сваіх асноўных функцый і паўнамоцтваў, вызначаных артыкуламі 13 і 14 Закона аб процідзеянні манапалістычнай дзейнасці, і адпавядае частцы першай артыкула 23 Канстытуцыі, якая дапускае абмежаванне правоў і свабод асобы толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны правоў і свабод іншых асоб.
Грунтуючыся на прыведзеных канстытуцыйных палажэннях ва ўзаемасувязі з артыкулам 15 Закона аб процідзеянні манапалістычнай дзейнасці, у адпаведнасці з якiм інфармацыя, якая складае камерцыйную, службовую, іншую ахоўваемую законам тайну і атрымана антыманапольным органам пры ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў, не падлягае выдаванню, за выключэннем выпадкаў, устаноўленых заканадаўчымі актамі, і за выдаванне ўказанная інфармацыі работнікі антыманапольнага органа нясуць адказнасць у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі, Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу правапрямяняльнiкаў на неабходнасць строгага выканання правіл і мер, што гарантуюць канфідэнцыяльнасць дадзенай інфармацыі, бяспеку яе захоўвання і перадачы, абарону ад замахаў трэціх асоб або выкарыстання ў неналежных мэтах.
10. У Закон аб процідзеянні манапалістычнай дзейнасці ўносіцца шэраг змяненняў і дапаўненняў, накіраваных на ўзгадненне яго палажэнняў з нормамі Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе ад 29 мая 2014 года (далей – Дагавор аб ЕАЭС).
Так, з улікам палажэнняў пункта 7 артыкула 76 Дагавора аб ЕАЭС са сферы дзеяння Закону аб процідзеянні манапалістычнай дзейнасці выключаюцца адносіны, урэгуляваныя агульнымі правіламі канкурэнцыі на трансгранічных рынках, кантроль за выкананнем якіх адносiцца да кампетэнцыі Еўразійскай эканамічнай камісіі ў адпаведнасці з міжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь; крытэрыі аднясення рынку да трансгранічнага ўстанаўліваюцца ў адпаведнасці з міжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь (пункт 6 артыкула 3).
У сілу падпункта 2.2 пункта 2 артыкула 22 Закона аб процідзеянні манапалістычнай дзейнасці дапускаюцца вертыкальныя пагадненні, калі доля кожнага суб’екта гаспадарання, які з’яўляецца ўдзельнікам вертыкальнага пагаднення, на таварным рынку тавару, што з’яўляецца прадметам вертыкальнага пагаднення, не перавышае 20 працэнтаў. Павелічэнне памеру працэнтаў з 15 да 20 абумоўлена неабходнасцю ўзгаднення дадзенай нормы з падпунктам 2 пункта 6 раздзела II Пратакола аб агульных прынцыпах і правілах канкурэнцыі (дадатак № 19 да Дагавора аб ЕАЭС).
Акрамя таго, Законам аб процідзеянні манапалістычнай дзейнасці ўводзіцца паняцце «признаки ограничения конкуренции» (артыкул 7), а таксама прадугледжваюцца раздзяленне і дэталёвая рэгламентацыя норм аб забаронах на абмяжоўваючыя канкурэнцыю пагадненнi (артыкул 20) і ўзгодненыя дзеянні суб’ектаў гаспадарання (артыкул 21), што адпавядае палажэнням артыкула 76 «Общие правила конкуренции» Дагавора аб ЕАЭС і падпункта 15 пункта 2 раздзела I Пратакола аб агульных прынцыпах і правілах канкурэнцыі (дадатак № 19 да Дагавора аб ЕАЭС).
Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, такое заканадаўчае рэгуляванне адпавядае палажэнням артыкула 8 Канстытуцыі аб тым, што Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства; Рэспубліка Беларусь у адпаведнасці з нормамі міжнароднага права можа на добраахвотнай аснове ўваходзіць у міждзяржаўныя ўтварэнні і выходзіць з іх (часткі першая і другая).
Такім чынам, з выяўленага канстытуцыйна-прававога сэнсу Закона вынікае, што яго нормы накіраваны на далейшую канстытуцыяналiзацыю грамадскіх адносiн, звязаных з абаронай і развіццём канкурэнцыі, у тым ліку з папярэджаннем і спыненнем манапалістычнай дзейнасці і нядобрасумленнай канкурэнцыі, забеспячэнне такой канстытуцыйнай каштоўнасці, як канстытуцыйная эканоміка, важнейшымі састаўляючымі якой з’яўляюцца наданне дзяржавай усiм роўных правоў для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, акрамя забароненай законам, а таксама гарантаванне дзяржавай роўнай абароны і роўных умоў для развіцця ўсіх форм уласнасці, роўных магчымасцей свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці, на абарону канстытуцыйных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, правоў і законных інтарэсаў суб’ектаў гаспадарання.
Закон прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у рамках паўнамоцтваў у адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97 Канстытуцыі, адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі. Палаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пры прыняцці Закона дзейнічалі ў рамках кампетэнцыі, прадугледжанай артыкуламі 97–100 Канстытуцыі.
На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду аб тым, што па змесце норм, форме акта, парадку прыняцця, а таксама з пункту гледжання размежавання кампетэнцыі Закон адпавядае Канстытуцыі.
Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткай другой артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судауладкаванні і статусе суддзяў, артыкуламі 103–105 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь
ВЫРАШЫЎ:
1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О противодействии монополистической деятельности и развитии конкуренции» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
2. Рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
3. Апублікаваць рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь П.П.Міклашэвіч