Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
27 снежня 2017 г. № Р-1107/2017
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Бюджетный кодекс Республики Беларусь»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Карповіч Н.А., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава В.М., Рабцава Л.М., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абзаца другога часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкула 98 і часткі першай артыкула 101 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве»

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Бюджетный кодекс Республики Беларусь».

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Бойка Т.С., прааналізаваўшы палажэннi Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Бюджэтнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Бюджетный кодекс Республики Беларусь» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

 

Закон Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Бюджетный кодекс Республики Беларусь» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 19 снежня 2017 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 20 снежня 2017 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

 

Законам у Бюджэтны кодэкс Рэспублікі Беларусь (далей – Кодэкс) уносяцца змяненні і дапаўненні, накіраваныя на ўдасканальванне прававога рэгулявання бюджэтных адносін, у тым ліку шляхам узгаднення норм Кодэкса з адпаведнымі палажэннямі іншых заканадаўчых актаў.

 

Канстытуцыйны Суд правярае канстытуцыйнасць Закона зыходзячы з палажэнняў Канстытуцыі, якія вызначаюць, што:

 

Рэспубліка Беларусь валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі і самастойна ажыццяўляе ўнутраную і знешнюю палітыку (частка другая артыкула 1);

 

фінансава-крэдытная сістэма Рэспублікі Беларусь уключае бюджэтную сістэму, банкаўскую сістэму, а таксама фінансавыя сродкі пазабюджэтных фондаў, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадзян; на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь праводзіцца адзіная бюджэтна-фінансавая палітыка (артыкул 132);

 

бюджэтная сістэма Рэспублікі Беларусь уключае рэспубліканскі і мясцовыя бюджэты; даходы бюджэту фарміруюцца за кошт падаткаў, якія вызначаюцца законам, іншых абавязковых плацяжоў, а таксама іншых паступленняў; агульнадзяржаўныя расходы ажыццяўляюцца за кошт рэспубліканскага бюджэту ў адпаведнасці з яго расходнай часткай; у адпаведнасці з законам у Рэспубліцы Беларусь могуць стварацца пазабюджэтныя фонды (артыкул 133);

 

парадак складання, зацвярджэння і выканання бюджэтаў і дзяржаўных пазабюджэтных фондаў вызначаецца законам (артыкул 134).

 

Акрамя таго, пры ацэнцы канстытуцыйнасці Закона Канстытуцыйны Суд улічвае таксама прававыя пазіцыі, выкладзеныя ім у шэрагу рашэнняў у ходзе ажыццяўлення абавязковага папярэдняга канстытуцыйнага кантролю ў дачыненні да палажэнняў Кодэкса, якія захоўваюць сваю актуальнасць (рашэнне ад 10 ліпеня 2008 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Бюджетного кодекса Республики Беларусь», рашэннi ад 8 кастрычніка 2010 г., ад 16 кастрычніка 2012 г. і ад 28 снежня 2015 г., прынятыя ў выніку праверкі канстытуцыйнасці законаў аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у названы Кодэкс).

 

1. Артыкулам 1 Закона ў артыкуле 8 Кодэкса, які прадугледжвае і раскрывае прынцыпы бюджэтнай сістэмы Рэспублікі Беларусь, прынцып галоснасці дапаўняецца таксама ўказаннем на адкрытасць (пункт 3).

 

У адпаведнасці з новай рэдакцыяй пункта 5 артыкула 8 Кодэкса (абзацы пяты – дваццаць другі пункта 3 артыкула 1 Закона) прынцып галоснасці і адкрытасці азначае афіцыйнае апублікаванне, абнародаванне (апублікаванне) іншымі спосабамі ва ўстаноўленым заканадаўчымі актамі парадку нарматыўных прававых актаў аб рэспубліканскім бюджэце, мясцовых бюджэтах і бюджэтах дзяржаўных пазабюджэтных фондаў на чарговы фінансавы год, аб унясенні змяненняў і (або) дапаўненняў у закон аб рэспубліканскім бюджэце, рашэннi мясцовых Саветаў дэпутатаў аб бюджэце, заканадаўчыя акты аб бюджэтах дзяржаўных пазабюджэтных фондаў на бягучы фінансавы год, аб зацвярджэнні справаздач аб выкананні рэспубліканскага бюджэту, мясцовых бюджэтаў і бюджэтаў дзяржаўных пазабюджэтных фондаў за справаздачны фінансавы год, а таксама адкрытасць для грамадства і сродкаў масавай інфармацыі працэдур разгляду праектаў закона аб рэспубліканскім бюджэце, рашэнняў мясцовых Саветаў дэпутатаў аб бюджэце, заканадаўчых актаў аб бюджэтах дзяржаўных пазабюджэтных фондаў на чарговы фінансавы год і прыняцці адпаведных нарматыўных прававых актаў, вынікаў праверак Камітэтам дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь справаздач аб выкананні рэспубліканскага бюджэту і бюджэтаў дзяржаўных пазабюджэтных фондаў за справаздачны фінансавы год, а таксама праверак выканання мясцовых бюджэтаў, праведзеных Камітэтам дзяржаўнага кантролю і (або) яго тэрытарыяльнымі органамі ў справаздачным фінансавым годзе (акрамя звестак, якія складаюць дзяржаўныя сакрэты, іншай інфармацыі, распаўсюджванне і (або) прадастаўленне якой абмежавана ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі), і іншых дакументаў, звестак і справаздач, якія змяшчаюць інфармацыю аб розных аспектах бюджэтнага працэсу і бюджэтных праваадносін. Акрамя таго, адкрытасць для грамадства і сродкаў масавай інфармацыі забяспечваецца (у тым ліку шляхам размяшчэння на афіцыйных сайтах адпаведных дзяржаўных органаў і арганізацый) па праектах нарматыўных прававых актаў і інфармацыі, указаных у абзацах другім – дзявятым часткі першай падпункта 5.2 пункта 5 артыкула 8 Кодэкса, дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі, якія вызначаюцца ў абзацах другім – сёмым часткі другой дадзенага падпункта.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што дапаўненне прынцыпу галоснасці ўказаннем на адкрытасць як яго важнейшую састаўляючую  адпавядае патрабаванням Канстытуцыі, згодна з якімi ў Рэспубліцы Беларусь ўстанаўліваецца прынцып вяршэнства права, нарматыўныя акты дзяржаўных органаў публікуюцца або даводзяцца да ўсеагульнага ведама іншым прадугледжаным законам спосабам (часткi першая і чацвёртая артыкула 7); грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на атрыманне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў і эканамічным жыцці (частка першая артыкула 34); справаздачы аб выкананні рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў публікуюцца (частка трэцяя артыкула 135); дзяржаўны кантроль за выкананнем рэспубліканскага бюджэту, выкарыстаннем дзяржаўнай уласнасці, выкананнем актаў Прэзідэнта, Парламента, Урада і іншых дзяржаўных органаў, якія рэгулююць адносiны дзяржаўнай уласнасці, гаспадарчыя, фінансавыя і падатковыя адносiны, ажыццяўляе Камітэт дзяржаўнага кантролю (артыкул 129).

 

2. У адпаведнасці з пунктам 7 артыкула 1 Закона глава 5 Кодэкса дапаўняецца артыкулам 211, у якім вызначаюцца паказчыкі, што зацвярджаюцца заканадаўчым актам аб бюджэце дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду.

 

Дадзенае дапаўненне накіравана на замацаванне адзінага парадку стварэння бюджэтаў дзяржаўных пазабюджэтных фондаў. Зыходзячы з сістэмнага аналізу зместу артыкула 211 Кодэкса ва ўзаемасувязі з пунктам 1 артыкула 20 Кодэкса, згодна з якiм дзяржаўныя пазабюджэтныя фонды грунтуюцца на прынцыпах бюджэтнай сістэмы Рэспублікі Беларусь, а таксама артыкуламі 89 і 93 Кодэкса, якія прадугледжваюць паказчыкі, што зацвярджаюцца законам аб рэспубліканскім бюджэце і рашэннем мясцовага Савета дэпутатаў аб бюджэце на чарговы фінансавы год, Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду аб тым, што ўстанаўліваемае прававое рэгуляванне грунтуецца на палажэннях Канстытуцыі, у сілу якіх у фінансава-крэдытную сістэму Рэспублікі Беларусь нароўні з бюджэтнай сістэмай уключаюцца таксама фінансавыя сродкі пазабюджэтных фондаў, на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь праводзіцца адзіная бюджэтна-фінансавая палітыка (артыкул 132); парадак стварэння, зацвярджэння і выканання бюджэтаў і дзяржаўных пазабюджэтных фондаў вызначаецца законам (артыкул 134).

 

3. У артыкулы 28 і 30 Кодэкса, якія рэгламентуюць даходы бюджэтаў, уносяцца змяненні, што прадугледжваюць адмену адлічэнняў ад падатку на дабаўленую вартасць у бюджэт г. Мінска пры адначасовым павелічэнні нарматыву адлічэння дадзенага падатку ў рэспубліканскі бюджэт (пункты 13 і 14 артыкула 1 Закона). Пунктам 17 артыкула 1 Закона артыкул 35 Кодэкса, які вызначае непадатковыя даходы бюджэтаў базавага і першаснага ўзроўняў, дапаўняецца палажэннямі аб плаце за прадастаўленне ў арэнду паверхневых водных аб’ектаў, іх частак у адпаведнасці з заканадаўствам – 100 працэнтаў і плаце за права заключэння дагавораў арэнды зямельных участкаў у адпаведнасці з заканадаўствам – 100 працэнтаў.

 

Шэраг змяненняў уносіцца ў артыкулы Кодэкса, якія датычацца расходаў бюджэтаў. Так, артыкул 41 Кодэкса, які замацоўвае формы прадастаўлення бюджэтных сродкаў, выкладаецца ў новай рэдакцыі (пункт 20 артыкула 1 Закона). Са зместу дадзенага артыкула вынікае, што заканадаўцам выключаецца такая форма расходаў, як бюджэтная пазыка, і адначасова ўдакладняюцца дзеючыя і прадугледжваемыя новыя формы прадастаўлення бюджэтных сродкаў – уклады ў статутныя фонды арганізацый і выкананне абавязацельстваў па гарантыях Урада Рэспублікі Беларусь, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.

 

У мэтах збліжэння бюджэтнага ўліку з міжнароднымі стандартамі змяненні і дапаўненні ўносяцца ў артыкулы 44–47 Кодэкса, якія вызначаюць расходы, што фінансуюцца з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў (пункты 21–24 артыкула 1 Закона).

 

Акрамя таго, глава 8 «Дэфіцыт (прафіцыт) рэспубліканскага бюджэту, мясцовых бюджэтаў, яго зацвярджэнне» Кодэкса выкладаецца ў новай рэдакцыі (пункт 25 артыкула 1 Закона). У дадзенай главе ўдакладняюцца нормы, якія датычацца максімальнага размеру дэфіцыту (мінімальнага размеру прафіцыту) адпаведнага бюджэту і парадку яго зацвярджэння, а таксама канкрэтызуюцца палажэнні артыкулаў 50 і 51, якія прадугледжваюць адпаведна крыніцы фінансавання дэфіцыту (напрамкі выкарыстання прафіцыту) рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў.

 

Так, у артыкуле 50 Кодэкса прадугледжваецца, што ў склад крыніц фінансавання дэфіцыту (напрамкаў выкарыстання прафіцыту) рэспубліканскага бюджэту ўключаюцца сродкі ад аперацый з бюджэтнымі сродкамі, якія прадастаўляюцца на зваротнай аснове, курсавая розніца, якая вызначаецца ў адпаведнасці з заканадаўствам, і інш.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што дадзеныя змяненні і дапаўненні маюць на мэце канкрэтызаваць нарматывы адлічэнняў ад рэспубліканскіх падаткаў, замацаваць віды непадатковых даходаў, устаноўленых заканадаўствам, а таксама ўдакладніць і вызначыць напрамкі расходаў, якія фінансуюцца з адпаведных бюджэтаў. Такое прававое рэгуляванне сведчыць аб рэалізацыі прынцыпаў бюджэтнай сістэмы Рэспублікі Беларусь, замацаваных у артыкуле 8 Кодэкса, перш за ўсё прынцыпаў паўнаты адлюстравання даходаў і расходаў бюджэтаў, збалансаванасці і самастойнасці бюджэтаў, што адпавядае прынцыпам і нормам Канстытуцыі.

 

4. Законам (пункт 33 артыкула 1) раздзел VI «Участники бюджетного процесса и их полномочия» Кодэкса дапаўняецца артыкулам 791, які вызначае адміністратараў даходаў бюджэту і іх паўнамоцтвы.

 

У пункце 1 артыкула 791 Кодэкса ўстанаўліваецца, што адміністратарамі даходаў бюджэту з’яўляюцца рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання, іх тэрытарыяльныя органы, іншыя дзяржаўныя арганізацыі, падпарадкаваныя Ураду, іншыя дзяржаўныя органы і іншыя дзяржаўныя арганізацыі, падпарадкаваныя (падсправаздачныя) Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, іх тэрытарыяльныя органы, мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы і іх структурныя падраздзяленні, вызначаныя ў адпаведнасці з часткамі другой і трэцяй дадзенага пункта.

 

У частцы першай пункта 2 артыкула 791 Кодэкса прадугледжваецца надзяленне адміністратара даходаў бюджэту паўнамоцтвамі па фарміраванні пераліку падведамных адміністратараў даходаў бюджэту, а таксама замацаванню за імі крыніц даходаў бюджэту і надзяленню іх адпаведнымі паўнамоцтвамі; па вядзенні зводнага рэестра крыніц даходаў бюджэту, замацаваных за ім і за падведамнымі адміністратарамі даходаў бюджэту; па ажыццяўленні налічэння, уліку і кантролю за правільнасцю падліку, паўнатой і своечасовасцю ажыццяўлення выплат у бюджэт па крыніцах даходаў бюджэту, замацаваных за ім заканадаўствам; па спагнанні ў межах сваёй кампетэнцыі ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку нявыплачаных (не поўнасцю выплачаных) сум падаткаў, збораў (пошлін) і іншых падатковых даходаў, а таксама непадатковых даходаў, замацаваных за ім заканадаўствам; па прыняцці рашэнняў аб звароце (заліку) залішне зробленых (спагнаных) выплат у бюджэт, замацаваных за ім заканадаўствам, і ажыццяўленнi іх звароту ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку; па атрыманні ад арганізацый і фізічных асоб, на якіх ускладзены абавязак па ажыццяўленнi выплат у бюджэт, інфармацыі, неабходнай для ўліку даходаў бюджэту, замацаваных за ім заканадаўствам; па прадстаўленні Міністэрству фінансаў Рэспублікі Беларусь (мясцовым фінансавым органам) матэрыялаў, неабходных для складання праектаў рэспубліканскага (мясцовага) бюджэтаў, разліковых паказчыкаў па кансалідаваным бюджэце Рэспублікі Беларусь (кансалідаваным бюджэтам адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак), а таксама іншымі паўнамоцтвамі ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што дапаўненне Кодэкса артыкулам 791 мае на мэце ўдасканаленне механізма кантролю за правільнасцю падліку, паўнатой і своечасовасцю ажыццяўлення выплат у даходную частку бюджэтаў, стварэнне больш дакладнай сістэмы па кантролю за паступленнем непадатковых даходаў, а таксама ўмоў для забеспячэння фінансавых органаў неабходнай для якаснага планавання даходаў бюджэту інфармацыяй, што адпавядае прынцыпам і нормам Канстытуцыі, у тым ліку частцы другой артыкула 133, згодна з якой даходы бюджэту фарміруюцца за кошт падаткаў, якія вызначаюцца законам, іншых абавязковых плацяжоў, а таксама іншых паступленняў.

 

5. Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на палажэнні артыкула 791 Кодэкса, згодна з якімi арганізацыя работы, функцыі і паўнамоцтвы адміністратараў даходаў бюджэту ажыццяўляюцца ў парадку, устаноўленым Урадам; пералік адміністратараў даходаў бюджэту, якія з’яўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі, падпарадкаванымі (падсправаздачнымі) Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі, падпарадкаванымі Ураду, іншымі арганізацыямі, іх паўнамоцтвы і замацаваныя за імі крыніцы даходаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў ўстанаўліваюцца Урадам; пералікі адміністратараў даходаў бюджэту, якія з’яўляюцца структурнымі падраздзяленнямі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, іншымі арганізацыямі, іх паўнамоцтвы і замацаваныя за імі крыніцы даходаў мясцовых бюджэтаў ўстанаўліваюцца адпаведнымі мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, калі іншае не вызначана Урадам у адпаведнасці з часткай другой пункта 1 дадзенага артыкула.

 

Ажыццяўляючы праверку канстытуцыйнасці дадзеных палажэнняў Закона, Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду аб тым, што надзяленне Урада і мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў названымі паўнамоцтвамі адпавядае нормам Канстытуцыі, у сілу якіх Урад кіруе сістэмай падпарадкаваных яму органаў дзяржаўнага кіравання і іншых органаў выканаўчай улады, а таксама забяспечвае правядзенне адзінай эканамічнай, фінансавай, крэдытнай і грашовай палітыкі (абзацы другі і пяты артыкула 107); мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы ў межах кампетэнцыі вырашаюць пытанні мясцовага значэння зыходзячы з агульнадзяржаўных інтарэсаў і інтарэсаў насельніцтва, якое пражывае на адпаведнай тэрыторыі, выконваюць рашэнні вышэйстаячых дзяржаўных органаў (артыкул 120).

 

6. Пунктам 2 артыкула 1 Закона Кодэкс дапаўняецца артыкулам 41 «План формирования и использования денежных средств в условиях чрезвычайного, военного положения», у якім вызначаюцца паняцце «надзвычайнага бюджэту», паўнамоцтвы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па зацвярджэнні надзвычайнага бюджэту, справаздачы аб выкананні надзвычайнага бюджэту, прыняццi рашэння аб спыненні яго выканання, а таксама паўнамоцтва Урада Рэспублікі Беларусь па ўстанаўленні парадку фарміравання, выканання і падрыхтоўкі справаздачы аб выкананні надзвычайнага бюджэту з улікам асаблівасцей, устаноўленых заканадаўствам.

 

Дапаўненне Кодэкса ўказанымі нормамі накіравана на забеспячэнне бесперабойнага фінансавання мерапрыемстваў па абароне суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, задавальненне патрэбнасцей дзяржавы і патрэб насельніцтва ва ўмовах надзвычайнага, ваеннага становішча.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што дадзенае прававое рэгуляванне адпавядае нормам Канстытуцыі, згодна з якімі Рэспубліка Беларусь валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе ўнутраную і знешнюю палітыку, а таксама абараняе сваю незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць, канстытуцыйны лад, забяспечвае законнасць і правапарадак (часткі другая і трэцяя артыкула 1); Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь з’яўляецца Кіраўніком дзяржавы, гарантам Канстытуцыі, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна; прымае меры па ахове суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе нацыянальнай бяспекi і тэрытарыяльнай цэласнасці; забяспечвае палітычную і эканамічную стабільнасць; ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы, ускладзеныя на яго Канстытуцыяй і законамі (часткі першая і другая артыкула 79, пункт 30 артыкула 84).

 

Пры гэтым Канстытуцыйны Суд адзначае, што суб’ектам, вызначаным у артыкуле 41 Кодэкса, у выпадку рэалізацыі нададзеных ім паўнамоцтваў у дачыненні да плана фарміравання і выкарыстання грашовых сродкаў ва ўмовах надзвычайнага, ваеннага становішча неабходна ўлічваць палажэнні артыкула 63 Канстытуцыі, згодна з якiмi ажыццяўленне прадугледжаных Канстытуцыяй правоў і свабод асобы можа быць прыпынена толькі ва ўмовах надзвычайнага або ваеннага становішча ў парадку і межах, вызначаных Канстытуцыяй і законам; пры ажыццяўленні асобых мер у перыяд надзвычайнага палажэння не могуць абмяжоўвацца правы, прадугледжаныя ў артыкуле 24, частцы трэцяй артыкула 25, артыкулах 26 і 31 Канстытуцыі.

 

Такім чынам, з выяўленага канстытуцыйна-прававога сэнсу Закона бачыцца, што яго нормы накіраваны на ўдасканальванне адносiн паміж удзельнікамі бюджэтнага працэсу, якія ўзнікаюць пры стварэнні, разглядзе, зацвярджэнні, выкананні рэспубліканскага бюджэту, мясцовых бюджэтаў і бюджэтаў дзяржаўных пазабюджэтных фондаў, стварэнні, разглядзе і зацвярджэнні справаздач аб іх выкананні, вызначэнні правоў і абавязкаў удзельнікаў бюджэтнага працэсу, што сведчыць аб далейшай канстытуцыяналiзацыi грамадскіх адносiн у бюджэтнай сферы.

 

Закон прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у рамках паўнамоцтваў у адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97 Канстытуцыі, адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі. Палаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пры прыняцці Закона дзейнічалі ў межах кампетэнцыі, прадугледжанай артыкуламі 97–100 Канстытуцыі.

 

На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду аб тым, што па змесце норм, форме акта, парадку прыняцця, а таксама з пункту гледжання размежавання кампетэнцыі Закон адпавядае Канстытуцыі.

 

Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткай другой артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкуламі 103–105 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Бюджетный кодекс Республики Беларусь» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

 

2. Рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

3. Апублікаваць рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                      П.П.Міклашэвіч