11 ліпеня 2017 г. № Р-1101/2017
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава В.М., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.
разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу «Аб гарантыі рэалізацыі права на абарону некаторых катэгорый фізічных асоб у адміністрацыйным працэсе».
У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел:
паўнамоцны прадстаўнік Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе – Бодак А.М., старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве;
паўнамоцны прадстаўнік Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе – Гуйвiк Н.В., старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве;
паўнамоцны прадстаўнік Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе – Тушынскі I.Г., намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь;
прадстаўнікі:
Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь – Анiскевiч Р.Г., намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь;
Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь – Лашын А.М., намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь;
Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь – Падгурскі I.М., першы намеснік Міністра ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь;
Рэспубліканскай калегіі адвакатаў – Чайчыц В.І., старшыня Рэспубліканскай калегіі адвакатаў.
Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 13 чэрвеня
У звароце ўказваецца, што Працэсуальна-выканаўчым кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (далей – ПВКабАП) не забяспечваецца права на абарону фізічных асоб, якія ў сілу сваіх фізічных або псіхічных недахопаў не могуць самі ажыццяўляць сваю абарону.
Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Рабцава Л.М., выступленні паўнамоцных прадстаўнікоў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе, прадстаўнікоў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскай калегіі адвакатаў, прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі, ПВКабАП і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, даследаваўшы прадстаўленыя дакументы і іншыя матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
1. У адпаведнасці з Канстытуцыяй чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы (частка першая артыкула 2); забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь – найвышэйшая мэта дзяржавы; дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (часткі першая і трэцяя артыкула 21).
Артыкулам 22 Канстытуцыі вызначана, што ўсе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў.
Згодна з Канстытуцыяй кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў у судзе, іншых дзяржаўных органах, органах мясцовага кіравання, на прадпрыемствах, ва ўстановах, у арганізацыях, грамадскіх аб’яднаннях і ў адносінах са службовымі асобамі і грамадзянамі; у выпадках, прадугледжаных законам, юрыдычная дапамога аказваецца за кошт дзяржаўных сродкаў; процідзеянне аказанню прававой дапамогі ў Рэспубліцы Беларусь забараняецца (артыкул 62).
Дадзенае канстытуцыйнае рэгуляванне адпавядае палажэнням міжнародна-прававых актаў. Так, Канвенцыяй аб правах інвалідаў 2006 года (ратыфікавана Рэспублікай Беларусь 18 кастрычніка
У адпаведнасці з часткай першай артыкула 8 Канстытуцыі, якая прадугледжвае, што Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства, да ўказаных у артыкуле 13 Канвенцыі карэктываў трэба адносіць і ўключэнне ў працэсуальнае заканадаўства палажэнняў аб гарантыях рэалізацыі права на абарону фізічных асоб, якія ў сілу сваіх фізічных або псіхічных недахопаў не могуць самі ажыццяўляць права на абарону, у тым ліку ў адміністрацыйным працэсе.
Такім чынам, са зместу прыведзеных палажэнняў Канстытуцыі і міжнародна-прававога акта вынікае, што права на юрыдычную дапамогу ў адміністрацыйным працэсе падлягае гарантаванню і ў адносінах да фізічных асоб, якія ў сілу фізічных або псіхічных недахопаў не могуць самастойна ажыццяўляць сваё права на абарону.
2. У адпаведнасці з артыкулам 39 Закона «О конституционном судопроизводстве» былі накіраваны запыты ў Вярхоўны Суд, Генеральную пракуратуру, Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства юстыцыі, Рэспубліканскую калегію адвакатаў, на якія атрыманы пісьмовыя адказы.
У адказе Вярхоўнага Суда ўказваецца, што пытанне забеспячэння права на абарону фізічнай асобы, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, комплексна ўрэгулявана ў артыкулах 2.3 «Обеспечение защиты прав и свобод», 2.8 «Обеспечение права на защиту физического лица, в отношении которого ведется административный процесс», 4.3 «Законный представитель физического лица», 4.5 «Защитник и представитель», 8.5 «Протокол административного задержания физического лица», 10.2 «Протокол об административном правонарушении», 10.6 «Обязательность разъяснения прав и обязанностей участникам административного процесса» і іншых артыкулах ПВКабАП. Па меркаванні Вярхоўнага Суда, нормамі ПВКабАП любой асобе, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, у тым ліку асобе, якая ў сілу фізічных або псіхічных недахопаў не можа самастойна ажыццяўляць права на абарону, гарантавана такое права і забяспечана магчымасць яго рэалізацыі. У сувязі з гэтым неабходнасці ўнясення змяненняў у ПВКабАП па дадзеным пытанні не бачыцца.
Па меркаванні Генеральнай пракуратуры, у сілу артыкула 4.1 ПВКабАП любая асоба, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, можа мець абаронцу. З улікам палажэнняў часткі 2 артыкула 4.5 ПВКабАП у якасці абаронцы можа быць дапушчаны адзін з блізкіх сваякоў або законных прадстаўнікоў асобы, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс. Такім чынам, любая фізічная асоба, якая ўчыніла адміністрацыйнае правапарушэнне, у тым ліку якая мае фізічныя або псіхічныя недахопы, можа рэалізаваць гэта права без усялякіх абмежаванняў і ў поўным аб’ёме як самастойна, так і праз прадстаўленне яе інтарэсаў абаронцам (адвакатам, блізкім сваяком або законным прадстаўніком). У Генеральнай пракуратуры якіх-небудзь звестак або скарг аб парушэнні права на абарону ў адміністрацыйным працэсе асоб з фізічнымі або псіхічнымі недахопамі няма, у сувязі з чым унясенне якіх-небудзь змяненняў і (або) дапаўненняў у ПВКабАП ва ўказанай частцы немэтазгодна.
Міністэрства ўнутраных спраў, зыходзячы з аналізу норм Канстытуцыі, палажэнняў абзаца пятага артыкула 1 Закона Рэспублікі Беларусь «Об адвокатуре и адвокатской деятельности в Республике Беларусь», ПВКабАП (артыкул 2.8 «Обеспечение права на защиту физического лица, в отношении которого ведется административный процесс», пункты 5 і 6 часткi 1 артыкула 4.1 «Права и обязанности лица, в отношении которого ведется административный процесс», частка 1 артыкула 4.3 «Законный представитель физического лица», частка 1 артыкула 4.9 «Переводчик»), лiчыць, што ПВКабАП не абмяжоўвае права грамадзян, у тым ліку асоб, якія маюць фізічныя або псіхічныя недахопы, на атрыманне юрыдычнай дапамогі. Пры гэтым адзначаецца, што Міністэрствам унутраных спраў на пастаяннай аснове вывучаецца арганізацыя работы тэрытарыяльных органаў унутраных спраў па выкананні заканадаўства, якое вызначае парадак вядзення адміністрацыйнага працэсу. Інфармацыі аб наяўнасці праблемных пытанняў, звязаных з рэалізацыяй права на абарону фізічнымі асобамі, якія маюць фізічныя або псіхічныя недахопы і не могуць самі ажыццяўляць права на абарону, указанае Міністэрства не мае.
Міністэрства юстыцыі адзначае, што палажэннi артыкула 62 Канстытуцыі аб тым, што кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод, рэалізаваны ў ПВКабАП у артыкуле 1.4 «Разъяснение отдельных терминов Процессуально-исполнительного кодекса Республики Беларусь об административных правонарушениях», частцы 1 артыкула 2.8 «Обеспечение права на защиту физического лица, в отношении которого ведется административный процесс» і інш. Канстытуцыйныя гарантыі права на абарону асоб, якія ўдзельнічаюць у адміністрацыйным працэсе, устаноўлена ў ПВКабАП, у сувязі з чым весці размову аб наяўнасці прабелу прававога рэгулявання ў частцы замацавання гарантыі рэалізацыі права на абарону фізічных асоб, якія ў сілу фізічных або псіхічных недахопаў не могуць самі яе ажыццяўляць, не уяўляецца магчымым.
Рэспубліканская калегія адвакатаў указвае, што ў ПВКабАП маецца прабел прававога рэгулявання ў частцы замацавання гарантыі рэалізацыі права на абарону фізічных асоб, якія ў сілу фізічных або псіхічных недахопаў не могуць самі ажыццяўляць права на абарону. Пазіцыя Рэспубліканскай калегіі адвакатаў заснавана на тым, што ў прымяненні да адміністрацыйнага працэсу ўстаноўлены пэўныя абмежаванні правоў асобы, якая прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці. Пры гэтым ступень прымусовага ўздзеяння на абвінавачванага мерамі крымінальна-прававага характару і на асобу, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, – мерамі адміністрацыйна-прававога характару розная, роўна як яна з’яўляецца рознай і ў залежнасці ад адміністрацыйнага правапарушэння.
Аднак фізічная асоба з фізічнымі або псіхічнымі недахопамі, якая не можа самастойна ажыццяўляць права на абарону, павінна мець магчымасць рэалізаваць у поўным аб’ёме свае правы ў залежнасці ад адміністрацыйнага правапарушэння і мер адміністрацыйнага ўздзеяння, якія могуць быць прыменены. Паколькі фізічныя і псіхічныя недахопы часта не дазваляюць такой асобе рэалізаваць дадзенае права, яно павінна быць забяспечана абаронцам шляхам замацавання абавязковага ўдзелу абаронцы з пачатку адміністрацыйнага працэсу, а ў выпадку адміністрацыйнага затрымання – з моманту абвяшчэння ёй аб адміністрацыйным затрыманні. Рэспубліканская калегія адвакатаў лічыць неабходным унясенне адпаведных дапаўненняў у ПВКабАП.
3. Згодна з часткай 1 артыкула 2.3 і часткай 1 артыкула 2.8 ПВКабАП суд, орган, які вядзе адміністрацыйны працэс, абавязаны забяспечыць абарону правоў, свабод і законных інтарэсаў удзельнікаў адміністрацыйнага працэсу, стварыць устаноўленыя гэтым Кодэксам умовы для яе ажыццяўлення, своечасова прымаць меры па задавальненні іх законных патрабаванняў; фізічная асоба, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, мае права на абарону; дадзенае права такая асоба можа ажыццяўляць як асабіста, так і з дапамогай абаронцы ў парадку, устаноўленым указаным Кодэксам.
У адпаведнасці з ПВКабАП фізічная асоба, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, мае права мець абаронцу з пачатку адміністрацыйнага працэсу, а ў выпадку адміністрацыйнага затрымання – з моманту абвяшчэння ёй аб адміністрацыйным затрыманні; бесперашкодна мець зносіны са сваім абаронцам сам-насам і канфідэнцыяльна, спыніць паўнамоцтвы свайго абаронцы, адмовіцца ад абаронцы, абараняць сябе самастойна (частка 1 артыкула 4.1).
Артыкулам 4.5 ПВКабАП вызначаны наступныя ўмовы ўдзелу абаронцы ў адміністрацыйным працэсе: аказанне юрыдычнай дапамогі, абарону правоў, свабод і законных інтарэсаў фізічнай асобы, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, можа ажыццяўляць абаронца (частка 1); у якасці абаронцы ў адміністрацыйным працэсе могуць удзельнічаць адвакаты, якія з’яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь; адвакаты, якія з’яўляюцца грамадзянамі іншых дзяржаў, – у адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь; па хадайніцтве фізічнай асобы, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, у якасці абаронцы па пастанове органа, які вядзе адміністрацыйны працэс, можа быць дапушчаны адзін з блізкіх сваякоў або законных прадстаўнікоў асобы, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс (частка 2); абаронца і прадстаўнік дапускаюцца да ўдзелу ў адміністрацыйным працэсе з пачатку адміністрацыйнага працэсу; у выпадку адміністрацыйнага затрымання фізічнай асобы ў сувязі з адміністрацыйным правапарушэннем абаронца дапускаецца да ўдзелу ў адміністрацыйным працэсе з моманту затрымання (частка 5).
Такім чынам, у ПВКабАП замацавана права фізічнай асобы, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, мець абаронцу з пачатку адміністрацыйнага працэсу, а ў выпадку адміністрацыйнага затрымання – з моманту абвяшчэння ёй аб адміністрацыйным затрыманні, аднак не змяшчаецца гарантыі рэалізацыі права на абарону фізічных асоб у частцы абавязковага ўдзелу абаронцы ў вядзенні па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні ў выпадку, калі асоба, якая прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці, у сілу фізічных або псіхічных недахопаў не можа самастойна ажыццяўляць права на абарону.
Заканадаўствам прадугледжаны абавязковы ўдзел у адміністрацыйным працэсе законнага прадстаўніка: у адпаведнасці з часткай 1 артыкула 4.3 ПВКабАП законны прадстаўнік фізічнай асобы, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, пацярпеўшага – фізічнай асобы прадстаўляе ў адміністрацыйным працэсе інтарэсы непаўналетніх або недзеяздольных удзельнікаў адміністрацыйнага працэсу; пры адсутнасці ў фізічнай асобы, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, пацярпеўшага – фізічнай асобы законнага прадстаўніка суддзя, службовая асоба органа, які вядзе адміністрацыйны працэс, прызнаюць законным прадстаўніком орган апекі і папячыцельства.
Аднак у ПВКабАП не прадугледжаны абавязковы ўдзел законнага прадстаўніка для прадстаўніцтва ў адміністрацыйным працэсе інтарэсаў фізічнай асобы, якая мае фізічныя або псіхічныя недахопы, што перашкаджаюць ёй самастойна ажыццяўляць права на абарону, але не прызнаная ва ўстаноўленым парадку недзеяздольнай.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўстаноўленае ў ПВКабАП прававое рэгуляванне, якое не змяшчае гарантыі рэалізацыі права на абарону фізічных асоб у частцы абавязковага ўдзелу абаронцы ў вядзенні па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні ў выпадку, калі асоба, якая прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці, у сілу фізічных або псіхічных недахопаў не можа самастойна ажыццяўляць права на абарону, не дазваляе рэальна рэалізаваць у поўным аб’ёме замацаванае артыкулам 62 Канстытуцыі права кожнага на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў у судзе, іншых дзяржаўных органах, органах мясцовага кіравання, на прадпрыемствах, ва ўстановах, у арганізацыях, грамадскіх аб’яднаннях і ў адносінах са службовымі асобамі і грамадзянамі.
Выкладзенае сведчыць аб наяўнасці ў заканадаўстве прававога прабелу, які мае канстытуцыйна-прававое значэнне.
4. У крымінальна-працэсуальным заканадаўстве рэалізавана канстытуцыйнае палажэнне аб роўнасці ўсiх перад законам і праве без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў.
У Крымінальна-працэсуальным кодэксе Рэспублікі Беларусь (далей – КПК), у адрозненне ад ПВКабАП, вызначаны выпадкі і ўстаноўлены парадак абавязковага ўдзелу абаронцы ў вядзенні па матэрыялах і крымінальнай справе. Так, згодна з часткай 1 артыкула 45 КПК удзел абаронцы ў вядзенні па матэрыялах і крымінальнай справе абавязковы, калі: аб гэтым хадайнічаюць падазроны або абвінавачваны; падазроны або абвінавачваны з’яўляюцца непаўналетнімі; падазроны або абвінавачваны не валодаюць мовай, на якой ажыццяўляецца вядзенне па крымінальнай справе, або з’яўляюцца непісьменнымі; падазроны або абвінавачваны ў сілу фізічных або псіхічных недахопаў не могуць самастойна ажыццяўляць сваё права на абарону; асоба падазраецца або абвінавачваецца ва ўчыненні асабліва цяжкага злачынства; паміж інтарэсамі падазроных або абвінавачваных маюцца супярэчнасці і калі хаця б адзін з іх мае абаронцу; падазроным або абвінавачваным заяўлена хадайніцтва аб заключэнні дасудовага пагаднення аб супрацоўніцтве.
У адпаведнасці з пунктам 10 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 24 верасня
Указанай пастановай Пленума Вярхоўнага Суда растлумачана, што да псіхічных недахопаў, у сілу якіх падазроны, абвінавачваны не могуць самастойна ажыццяўляць сваё права на абарону, неабходна адносіць пастаянныя або часовыя псіхічныя расстройствы, прадугледжаныя дзеючай ў Рэспубліцы Беларусь Міжнароднай статыстычнай класіфікацыяй хвароб і праблем, звязаных са здароўем, 10-го перагляду (МКБ-10), якія не выключаюць наяўнасці свядомасці, але сведчаць аб няздольнасці асобы ў поўнай меры разумець характар і значэнне свайго працэсуальнага становішча, правільна ўспрымаць, ацэньваць і выкарыстоўваць у сваю абарону акалічнасці, якія абвяргаюць высунутае падазрэнне, абвінавачанне або змякчаюць адказнасць, а таксама ажыццяўляць свае працэсуальныя правы і абавязкі.
Такім чынам, у КПК вызначаны выпадкі і ўстаноўлены парадак абавязковага ўдзелу абаронцы ў вядзенні па матэрыялах і крымінальнай справе, калі падазроны або абвінавачваны ў сілу фізічных або псіхічных недахопаў не можа самастойна ажыццяўляць сваё права на абарону.
5. Згодна з Канстытуцыяй чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы (частка першая артыкула 2); у Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права; дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства (часткi першая і другая артыкула 7); забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы; дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (часткі першая і трэцяя артыкула 21); дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй; дзяржаўныя органы, службовыя і іншыя асобы, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы (часткі першая і другая артыкула 59).
Зыходзячы з указаных канстытуцыйных палажэнняў, Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўстаноўленае ў ПВКабАП прававое рэгуляванне не гарантуе рэалізацыю права на абарону фізічных асоб у сувязі з адсутнасцю ў дадзеным Кодэксе палажэнняў аб абавязковым удзеле абаронцы ў вядзенні па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні ў выпадку, калі асоба, якая прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці, у сілу фізічных або псіхічных недахопаў не можа самастойна ажыццяўляць права на абарону, што не дазваляе такой фізічнай асобе належным чынам абараніць свае правы і законныя інтарэсы, не спрыяе своечасовасці і эфектыўнасці аднаўлення парушаных правоў.
Такім чынам, Канстытуцыйны Суд, грунтуючыся на нормах Канстытуцыі, у мэтах забеспячэння канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, якое прадугледжвае неабходнасць своечасовага ўстаранення ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэння ў іх калізій і прававой нявызначанасці, стварэнне такой прававой сістэмы, у якой нарматыўныя прававыя акты знаходзяцца ў сістэмнай узаемасувязі, адпавядаюць адзін аднаму, а таксама забяспечваюцца яснасць, дакладнасць, несупярэчлівасць і лагічная ўзгодненасць прававых норм, лічыць неабходным устараніць прабел у заканадаўчым рэгуляванні, якi мае канстытуцыйна-прававое значэнне, шляхам унясення адпаведных змяненняў і (або) дапаўненняў у ПВКабАП.
На падставе выкладзенага, кіруючыся часткамі першай і сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абзацам восьмым часткі трэцяй артыкула 22 і артыкулам 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, часткай другой артыкула 74, артыкуламі 75, 77, 80, 84, часткай сямнаццатай артыкула 85 і артыкулам 160 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь
ВЫРАШЫЎ:
1. У мэтах выканання канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права, роўнасці ўсіх перад законам і права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў, рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод прызнаць неабходным устараненне ў Працэсуальна-выканаўчым кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях прабелу прававога рэгулявання ў частцы рэалізацыі права на абарону фізічных асоб шляхам замацавання абавязковага ўдзелу абаронцы ў вядзенні па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні ў выпадку, калі асоба, якая прыцягваецца да адміністрацыйнай адказнасці, у сілу фізічных або псіхічных недахопаў не можа самастойна ажыццяўляць права на абарону.
2. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць адпаведны праект закона аб унясенні змяненняў і (або) дапаўненняў у Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і ўнесці яго ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
3. Рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
4. Апублікаваць рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь П.П.Міклашэвіч