21 чэрвеня 2017 г. № Р-1089/2017
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Карповіч Н.А., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава В.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.
разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу «Аб забеспячэнні права на бесперашкодную і своечасовую юрыдычную дапамогу ў крымінальным працэсе».
У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел:
паўнамоцны прадстаўнік Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе – Гуйвiк Н.В., старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве;
паўнамоцны прадстаўнік Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе – Тушынскі I.Г., намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь;
прадстаўнікі:
Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь – Анiскевiч Р.Г., намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь;
Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь – Аземша С.Я., намеснік Старшыні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь;
Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь – Сеўрук I.Р., начальнік упраўлення Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь па наглядзе за выкананнем заканадаўства Следчым камітэтам Рэспублікі Беларусь;
Рэспубліканскай калегіі адвакатаў – Чайчыц В.І., старшыня Рэспубліканскай калегіі адвакатаў.
Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 30 мая
У пісьме Рэспубліканскай калегіі адвакатаў адзначаецца, што артыкул 62 Канстытуцыі ўстанаўлівае забарону на процідзеянне аказанню прававой дапамогі ў Рэспубліцы Беларусь без якіх-небудзь выключэнняў. Літаральнае прачытанне ўказанага артыкула не прадугледжвае наяўнасці дазволу следчага аб «допуску» адваката ў крымінальны працэс. Выкананне адвакатам працэсуальных абавязкаў абаронцы не можа быць пастаўлена ў залежнасць ад меркавання службовай асобы або органа, у вядзенні якога знаходзіцца крымінальная справа.
Па меркаванні Рэспубліканскай калегіі адвакатаў, палажэнні артыкулаў 44 і 48 КПК, звязаныя з выкарыстаннем фармулёвак аб допуску абаронцы да вядзення па матэрыялах і крымінальнай справе, сведчаць аб прававой нявызначанасці. У мэтах устаранення апошняй патрабуецца ўнясенне ў КПК змяненняў і дапаўненняў, якія выключаюць магчымасць перашкаджэння допуску абаронцы да ўдзелу ў працэсуальнай дзейнасці.
Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Чыгрынава С.П., выступленні паўнамоцных прадстаўнікоў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе, прадстаўнікоў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскай калегіі адвакатаў, прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі, КПК і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, даследаваўшы прадстаўленыя дакументы і іншыя матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд устанавіў.
1. У адпаведнасці з артыкулам 39 Закона «О конституционном судопроизводстве» ў Вярхоўны Суд, Генеральную пракуратуру, Следчы камітэт, Міністэрства юстыцыі і Рэспубліканскую калегію адвакатаў былі накіраваны запыты.
У адказе Вярхоўнага Суда ўказваецца, што пытанні ўдзелу абаронцы ў крымінальным працэсе ў дастатковай ступені рэгламентаваны дзеючымі нормамі КПК. Акрамя таго, у пастанове Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 24 верасня
Па меркаванні Генеральнай пракуратуры, для ўступлення абаронцы ў крымінальны працэс (у адрозненне ад іншых удзельнікаў працэсу) не патрабуецца вынясення органам, які вядзе крымінальны працэс, пастановы (вызначэння). Допуск абаронцы да ўдзелу ў крымінальным працэсе вызначаны момантам прыняцця канкрэтных працэсуальных рашэнняў пры пацвярджэнні абаронцам сваіх паўнамоцтваў. Выкарыстанне заканадаўцам фармулёвак аб допуску абаронцы да вядзення па матэрыялах і крымінальнай справе не сведчыць аб прававой нявызначанасці ў законе.
Следчы камітэт не бачыць прававой нявызначанасці ў прававым рэгуляванні ўступлення адваката ў крымінальнай працэс і не лічыць неабходнай карэкціроўку КПК у дадзенай частцы. Разам з тым Следчы камітэт адзначае, што выкарыстоўваемыя заканадаўцам у палажэннях артыкулаў 44 і 48 КПК фармулёўкі аб допуску абаронцы да вядзення па матэрыялах і крымінальнай справе магчыма разглядаць як неабходнасць атрымання абаронцам нейкага дазволу на ўдзел у вядзенні па матэрыялах або крымінальнай справе. Аднак на практыцы ўдзел абаронцы не пастаўлены ў залежнасць ад меркавання органа, у вядзенні якога знаходзяцца матэрыялы або крымінальная справа, і праблемных пытанняў пры ўступленні абаронцы ў крымінальны працэс не ўзнікае.
Міністэрства юстыцыі прававой нявызначанасці ў заканадаўчым рэгуляванні забеспячэння бесперашкоднай і своечасовай юрыдычнай дапамогі асобе ў крымінальным працэсе таксама не бачыць. У адказе адзначаецца, што з аналізу палажэнняў Канстытуцыі вынікае, што дзяржава абавязана ўстанавіць належны механізм рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод.
Крымінальна-працэсуальным заканадаўствам замацоўваецца толькі патрабаванне аб допуску адваката ў працэс на падставе пасведчання адваката і ордэра на права ўдзелу ў вядзенні па крымінальнай справе. Указанне на «допуск» у частцы 4 артыкула 44 і пункце 5 часткі 1 артыкула 48 КПК, па меркаванні Міністэрства юстыцыі, не дае падставы дапускаць магчымасць рознага прымянення дадзеных норм органамі крымінальнага праследавання па сваім меркаванні. Калі на практыцы існуюць выпадкі абмежавання допуску адваката да ўдзелу ў крымінальнай справе, то неабходна даваць прынцыповую ацэнку дзеянням такіх службовых асоб як дзеянням, якімі можа быць парушана Канстытуцыя.
Рэспубліканская калегія адвакатаў лічыць, што выкарыстанне заканадаўцам у нормах часткі 4 артыкула 44 і пункта 5 часткі 1 артыкула 48 КПК фармулёвак аб допуску абаронцы да вядзення па матэрыялах і крымінальнай справе сведчыць аб прававой нявызначанасці дадзеных правапалажэнняў. Такія фармулёўкі, як «абаронца дапускаецца да ўдзелу ў крымінальнай справе», «з моманту допуску да ўдзелу ў вядзенні па матэрыялах і крымінальнай справе», дазваляюць органу, які вядзе крымінальны працэс, не дапусціць абаронцу да вядзення па крымінальнай справе або, што часцей сустракаецца на практыцы, адкласці ўдзел абаронцы.
У мэтах устаранення фармальных перашкод для ўступлення адваката ў крымінальную справу і выключэння практыкі выкарыстання дазвольнага парадку яго допуску да ўдзелу ў крымінальным працэсе Рэспубліканская калегія адвакатаў лічыць неабходным унясенне ў артыкулы 44 і 48 КПК змяненняў і дапаўненняў, згодна з якімі адвакат уступае ў крымінальную справу (або ўдзельнічае ў крымінальнай справе), а не дапускаецца да ўдзелу ў ёй, і валодае працэсуальнымі правамі з моманту ўступлення ў вядзенне (або ўдзелу ў вядзенні) па матэрыялах і крымінальнай справе, а не з моманту яго допуску.
2. У адпаведнасці з Канстытуцыяй чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы (частка першая артыкула 2); забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь – найвышэйшая мэта дзяржавы; дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (часткі першая і трэцяя артыкула 21).
Згодна з Канстытуцыяй усе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў (артыкул 22); кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў у судзе, іншых дзяржаўных органах, органах мясцовага кіравання, на прадпрыемствах, ва ўстановах, арганізацыях, грамадскіх аб’яднаннях і ў адносінах са службовымі асобамі і грамадзянамі; у выпадках, прадугледжаных законам, юрыдычная дапамога аказваецца за кошт дзяржаўных сродкаў; процідзеянне аказанню прававой дапамогі ў Рэспубліцы Беларусь забараняецца (артыкул 62).
Такім чынам, у Канстытуцыі прама прадугледжана, што права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод можа быць рэалізавана грамадзянінам: у любы часавы момант; у любым органе, установе, арганізацыі; у адносінах з любымі службовымі асобамі і грамадзянамі. Значыць, права на юрыдычную дапамогу, уключаючы дапамогу адваката, падлягае бесперашкоднаму і своечасоваму забеспячэнню, у тым ліку на любой стадыі крымінальнага працэсу і незалежна ад канкрэтнага працэсуальнага становішча грамадзяніна. Дадзенае права служыць гарантыяй ажыццяўлення iншых замацаваных у Канстытуцыі правоў, у тым ліку права на судовую абарону (частка першая артыкула 60); права на разбор справы судом на аснове спаборнасці і роўнасці бакоў у працэсе (частка першая артыкула 115).
Такое канстытуцыйнае рэгуляванне адпавядае міжнародна-прававым стандартам. Так, доступ да адваката як неад’емная гарантыя права на абарону ў выпадку крымінальнага абвінавачання прадугледжаны падпунктам «b» пункта 3 артыкула 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах 1966 года, згодна з якім кожнаму гарантуецца права мець дастатковы час і магчымасці для падрыхтоўкі сваёй абароны і звязвацца з абраным ім самім абаронцам.
Згодна з Асноўнымі прынцыпамі, якія датычацца ролі юрыстаў, прынятымі восьмым Кангрэсам ААН па папярэджанні злачыннасці і абыходжанні з правапарушальнікамі (г. Гавана, 27 жніўня – 7 верасня
Канстытуцыйны Суд лічыць, што палажэнні артыкула 62 Канстытуцыі з’яўляюцца інстытуцыянальнай гарантыяй належнага забеспячэння юрыдычнай абароны іншых канстытуцыйных правоў і свабод асобы і ва ўзаемасувязі з артыкулам 22 Канстытуцыі павінны рэалізоўвацца на аснове роўнасці ўсiх перад законам і недыскрымінацыі.
3. Згодна з артыкулам 4 Закона Рэспублікі Беларусь «Об адвокатуре и адвокатской деятельности в Республике Беларусь» арганізацыя адвакатуры і адвакацкай дзейнасці грунтуецца на прынцыпах забеспячэння гарантаванага Канстытуцыяй права на юрыдычную дапамогу; яе даступнасці; недапушчальнасці ўмяшання ў прафесійную дзейнасць адвакатаў з боку органаў, якія вядуць крымінальны працэс, іншых дзяржаўных органаў, іншых арганізацый і службовых асоб.
У адпаведнасці з Законам любая фізічная і юрыдычная асоба на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь мае права звярнуцца за юрыдычнай дапамогай да адваката па сваім выбары, за выключэннем выпадкаў аказання юрыдычнай дапамогі за кошт сродкаў калегій адвакатаў, рэспубліканскага і (або) мясцовага бюджэтаў, для абароны сваіх правоў і інтарэсаў у судах, дзяржаўных органах, іншых арганізацыях, у кампетэнцыю якіх уваходзіць вырашэнне адпаведных юрыдычных пытанняў, і перад фізічнымі асобамі (пункт 2 артыкула 6); суд, дзяржаўны орган, іншая арганізацыя або службовая асоба не могуць адмовіць у прызнанні права адваката прадстаўляць правы і інтарэсы фізічнай або юрыдычнай асобы, якая звярнулася за юрыдычнай дапамогай, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных заканадаўчымі актамі (пункт 3 артыкула 17).
Зыходзячы з палажэнняў главы 2 КПК, задачамі крымінальнага працэсу з’яўляюцца абарона асобы, яе правоў і свабод, інтарэсаў грамадства і дзяржавы шляхам хуткага і поўнага расследавання злачынстваў, грамадска небяспечных дзеянняў бессвядомых, выкрыцця і прыцягнення да крымінальнай адказнасці вінаватых; забеспячэнне правільнага прымянення закона для таго, каб кожны, хто ўчыніў злачынства, быў падвергнуты справядліваму пакаранню і ні адзін невінаваты не быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці і асуджаны (частка 1 артыкула 7). У адпаведнасці з КПК усе асобы, якія ўдзельнічаюць у крымінальным працэсе, роўныя перад законам і маюць права без усялякай дыскрымінацыі на роўную абарону іх правоў і законных інтарэсаў; кожны мае права ў ходзе вядзення па матэрыялах і крымінальнай справе на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў выпадках і парадку, прадугледжаных дадзеным Кодэксам, юрыдычнай дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў (часткі 1 і 4 артыкула 20); абмежаванне правоў і свабод асоб, якія ўдзельнічаюць у крымінальным працэсе, дапускаецца толькі па падставах і ў парадку, устаноўленых дадзеным Кодэксам (частка 2 артыкула 10).
Пры рэгламентацыі ўмоў і парадку рэалізацыі права на абарону, заканадаўцам прадугледжана, што падазроны і абвінавачваны маюць права ў выпадку затрымання або прымянення меры стрымання ў выглядзе заключэння пад варту атрымаць да пачатку першага допыту ў якасці падазронага або абвінавачванага юрыдычную кансультацыю адваката за кошт сродкаў мясцовага бюджэту; мець абаронцу або некалькіх абаронцаў з моманту абвяшчэння падазронаму пастановы органа крымінальнага праследавання аб узбуджэнні супраць яго крымінальнай справы, аб прызнанні яго падазроным, аб затрыманні або пастановы аб прымяненні меры стрымання, прад’яўлення абвінавачання; бесперашкодна мець зносіны са сваім абаронцам сам-насам і канфідэнцыяльна без абмежавання колькасці і працягласці размоў (пункты 5, 6 і 7 часткі 2 артыкула 41, пункты 4, 5 і 6 часткі 2 артыкула 43 КПК).
Палажэннямі КПК абаронца надзелены правам удзельнічаць па хадайніцтве падазронага або абвінавачванага ў іх допыце (пункт 8 часткі 2 артыкула 41, пункт 7 часткі 2 артыкула 43), а таксама бесперашкодна мець зносіны са сваім падабаронным сам-насам і канфідэнцыяльна без абмежавання колькасці і працягласці размоў (пункт 2 часткі 1 артыкула 48).
Згодна з пунктам 1 часткі 6 артыкула 46 КПК адвакат у пацвярджэнне сваіх паўнамоцтваў абаронцы прадстаўляе органу, які вядзе крымінальны працэс, пасведчанне адваката і ордэр на права ўдзелу ў вядзенні па крымінальнай справе. Адна і тая ж асоба не можа быць абаронцам двух падазроных або абвінавачваных, калі інтарэсы абароны аднаго з іх супярэчаць інтарэсам другога (частка 4 артыкула 44 КПК).
У пунктах 1–6 часткі 1 артыкула 87 КПК вызначаны ўмовы, пры якіх абаронца не можа прымаць удзел у вядзенні па крымінальнай справе.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што канстытуцыйна-прававы сэнс дадзеных норм заключаецца ў тым, што асоба, якая з’яўляецца ўдзельнікам крымінальнага працэсу, мае права на бесперашкодную і своечасовую юрыдычную дапамогу адваката для ажыццяўлення і абароны сваіх правоў, свабод і законных інтарэсаў на ўсіх стадыях крымінальнага працэсу. Пры гэтым вызначаныя часткай 4 артыкула 44, пунктам 1 часткі 6 артыкула 46, пунктамі 1–6 часткі 1 артыкула 87 КПК умовы ўдзелу абаронцы ў вядзенні па крымінальнай справе не могуць разглядацца як перашкаджаючыя атрыманню грамадзянамі такой юрыдычнай дапамогі.
4. У адпаведнасці з артыкулам 44 КПК абаронцам у крымінальным працэсе з’яўляецца асоба, якая па падставах і ў парадку, прадугледжаных гэтым Кодэксам, ажыццяўляе абарону правоў і законных інтарэсаў падазронага або абвінавачванага і аказвае ім юрыдычную дапамогу (частка 1); у якасці абаронцы ў крымінальным працэсе ўдзельнічаюць адвакаты, якія з’яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь або грамадзянамі іншых дзяржаў у адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь (частка 2); абаронца дапускаецца да ўдзелу ў крымінальнай справе з моманту вынясення ў адносінах да асобы пастановы аб узбуджэнні крымінальнай справы, а таксама з моманту фактычнага затрымання, прымянення меры стрымання, прызнання асобы падазроным або прад’яўлення абвінавачання (частка 4).
У сілу пункта 5 часткі 1 артыкула 48 КПК абаронца мае права знаёміцца з пастановамі аб узбуджэнні крымінальнай справы, аб прызнанні падазроным, аб затрыманні, аб прыцягненні ў якасці абвінавачванага, аб прымяненні меры стрымання, з пратаколамі затрымання, допытаў і іншых следчых дзеянняў, праведзеных з удзелам падазронага або абвінавачванага ў адсутнасць абаронцы, і выпісваць з іх неабходныя звесткі толькі з моманту допуску да ўдзелу ў вядзенні па матэрыялах і крымінальнай справе.
Пры фармуляванні прыведзеных артыкулаў КПК заканадавец выкарыстаў слова «дапускацца», «допуск» у дачыненні да пачатковага моманту аказання адвакатам дапамогі грамадзяніну па матэрыялах і крымінальнай справе. Згодна з лексічнымі нормамі рускай мовы адно са значэнняў слова «дапусціць» – даць дазвол карыстацца, займацца чым-небудзь, прыняць удзел у чым-небудзь. Такім чынам, семантыка слоў «дапускацца», «допуск» прадугледжвае ў тым ліку атрыманне дазволу на ажыццяўленне якой-небудзь дзейнасці.
Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, пры літаральным вытлумачэнні палажэнняў часткі 4 артыкула 44, пункта 5 часткі 1 артыкула 48 КПК правапрымяняльнік можа прыйсці да вываду аб тым, што аказанне юрыдычнай дапамогі адвакатам магчыма толькі пасля атрымання адпаведнага пісьмовага або вуснага дазволу аб допуску адваката да матэрыялаў або крымінальнай справы, гэта значыць аб дазвольным характары аказання грамадзяніну юрыдычнай дапамогі адвакатам.
Вызначэнне працэсуальных умоў аказання юрыдычнай дапамогі з боку адвакатаў праз дазвольны механізм іх допуску да матэрыялаў і крымінальных спраў не дазваляе грамадзяніну ў поўнай меры рэалізаваць сваё права на атрыманне ад адваката юрыдычнай дапамогі ў любы момант, а таксама стварае перашкоды адвакату ў належным і аператыўным выкананні сваіх прафесійных функцый, звязаных з аказаннем кваліфікаванай юрыдычнай дапамогі, як гэта ўтаноўлена Канстытуцыяй, Законам «Об адвокатуре и адвокатской деятельности в Республике Беларусь», агульнымі палажэннямі крымінальна-працэсуальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь і нормамі міжнароднага права.
Такое выкладанне норм крымінальна-працэсуальнага закона сведчыць аб прававой нявызначанасці норм часткі 4 артыкула 44 і пункта 5 часткі 1 артыкула 48 КПК, якія прадугледжваюць допуск абаронцы да ўдзелу ў вядзенні па матэрыялах і крымінальнай справе, паколькі рэалізацыя гэтых норм не выключае ажыццяўлення органам крымінальнага праследавання адвольных дзеянняў, якія могуць абмяжоўваць атрыманне бесперашкоднай і своечасовай юрыдычнай дапамогі ў крымінальным працэсе.
5. Згодна з Канстытуцыяй ў Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права (частка першая артыкула 7).
Канстытуцыйны Суд у шэрагу сваіх рашэнняў адзначаў, што вяршэнства права ўключае шэраг элементаў, у тым ліку прававую вызначанасць, якая прадугледжвае яснасць, дакладнасць, несупярэчлівасць і лагічную ўзгодненасць прававых норм. Пры дапамозе прытрымлівання ў нарматворчасці прынцыпу прававой вызначанасці ствараюцца ўмовы для аднастайнасці і прадказальнасці правапрымяняльнай практыкі, што павышае давер грамадзян да дзяржавы.
У Пасланні «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2015 годзе» Канстытуцыйны Суд указаў, што Канстытуцыя надае заканадаўцу дастаткова шырокія дыскрэцыйныя паўнамоцтвы, гэта значыць магчымасць меркавання, «прасторы выбару» ў рэгуляванні канкрэтных грамадскіх адносін, вызначэнні асаблівасцей прававога рэгулявання, устанаўленні, змяненні і абмежаванні суб’ектыўных правоў, умоў і механізмаў іх рэалізацыі. Аднак пры рэалізацыі сваіх паўнамоцтваў заканадавец дзейнічае ў межах, вызначаных канстытуцыйнымі прынцыпамі і нормамі, пры гэтым ён павінен улічваць неабходнасць падтрымання балансу і суразмернасці канстытуцыйна абараняемых каштоўнасцей, мэт і інтарэсаў, якія знаходзяцца ў адзінстве, і не дапускаць падмены адной каштоўнасці другой або іх прымяншэння.
Прававая вызначанасць выступае важнейшым фактарам канстытуцыйнасці заканадаўства і з’яўляецца асноватворным прынцыпам нарматворчай дзейнасці заканадаўчых органаў. Шырокія дыскрэцыйныя паўнамоцтвы заканадаўца не вызваляюць яго ад неабходнасці ўлічваць прынцып прававой вызначанасці пры фармуляванні прадпісанняў законаў.
У Кантрольным спісе пытанняў для ацэнкі прытрымлівання вяршэнства права, прынятым Еўрапейскай камісіяй за дэмакратыю праз права (Венецыянскай камісіяй) на 106-м пленарным пасяджэнні (Венецыя, 11–12 сакавіка
Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, прававая рэгламентацыя, пры якой магчымасць карыстацца дапамогай адваката залежыць ад меркавання іншых асоб, не забяспечвае паўнаты рэалізацыі канстытуцыйнага палажэння аб праве кожнага на атрыманне юрыдычнай дапамогі (артыкул 62 Канстытуцыі), не дазваляе зацікаўленым асобам належным чынам абараняць свае правы і свабоды, не спрыяе своечасовасці і эфектыўнасці аднаўлення парушаных правоў.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што ў КПК павінен быць прадугледжаны механізм бесперашкоднага і своечасовага ўступлення адваката (пры выкананні ўмоў, прадугледжаных часткай 4 артыкула 44, пунктамі 1–6 часткі 1 артыкула 87 КПК, і наяўнасці ў яго пасведчання адваката і ордэра на права ўдзелу ў вядзенні па крымінальнай справе) у крымінальны працэс на любой яго стадыі, які выключае меркаванне органаў крымінальнага праследавання.
Грунтуючыся на нормах Канстытуцыі, згодна з якімі ў Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права, а дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства (часткі першая і другая артыкула 7); дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй, а дзяржаўныя органы, службовыя і іншыя асобы, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы (часткі першая і другая артыкула 59), Канстытуцыйны Суд лічыць неабходным устараніць нявызначанасць прававога рэгулявання рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў, у частцы бесперашкоднага і своечасовага ўступлення адваката ў крымінальны працэс на любой яго стадыі шляхам унясення заканадаўцам адпаведных змяненняў і (або) дапаўненняў у нормы КПК.
На падставе выкладзенага, кіруючыся часткамі першай і сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абзацам восьмым часткі трэцяй артыкула 22 і артыкулам 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, часткай другой артыкула 74, артыкуламі 75, 77, 80, 84, часткай сямнаццатай артыкула 85 і артыкулам 160 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь
ВЫРАШЫЎ:
1. У мэтах рэалізацыі канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, выканання канстытуцыйнага права кожнага на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў, забеспячэння адназначнага разумення і аднастайнага прымянення норм закона прызнаць неабходным устараненне заканадаўцам у Крымінальна-працэсуальным кодэксе Рэспублікі Беларусь прававой нявызначанасці ў рэгуляванні парадку ўступлення адвакатаў у крымінальны працэс для аказання бесперашкоднай і своечасовай юрыдычнай дапамогі.
2. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць адпаведны праект закона аб унясенні змяненняў і (або) дапаўненняў у Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь, накіраваных на рэгламентацыю парадку ўступлення адвакатаў у крымінальны працэс, і ўнесці яго ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
3. Рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
4. Апублікаваць рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь П.П.Міклашэвіч