Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
6 чэрвеня 2017 г. № Р-1086/2017
Аб прававым рэгуляванні спецыяльнай канфіскацыі

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Карповіч Н.А., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава В.М., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу «Аб прававым рэгуляванні спецыяльнай канфіскацыі».

 

У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел:

 

паўнамоцны прадстаўнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе – Міцкевіч В.В., Намеснік Главы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

 

паўнамоцны прадстаўнік Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе – Бодак А.М., старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве;

 

паўнамоцны прадстаўнік Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе – Гуйвiк Н.В., старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве;

 

паўнамоцны прадстаўнік Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе – Тушынскі I.Г., намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь;

 

прадстаўнікі:

 

Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь – Анiскевiч Р.Г., намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь;

 

Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь – Стук А.К., намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь;

 

Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь – Гайдучонак В.А., намеснік Старшыні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь;

 

Рэспубліканскай калегіі адвакатаў – Чайчыц В.І., старшыня Рэспубліканскай калегіі адвакатаў.

 

Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 22 сакавіка 2017 г. у адпаведнасці з часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), абзацам восьмым часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, часткамі першай і чацвёртай артыкула 158 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве» на падставе звароту грамадзянкі Шаўрук К.С., што паступіў у Канстытуцыйны Суд, аб неабходнасці ўстаранення прававога прабелу і замацавання ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь права грамадзян, якія не з’яўляюцца ўдзельнікамі крымінальнага працэсу, на абскарджанне прыгавораў пры прымяненні спецыяльнай канфіскацыі ў частцы, якая закранае іх правы і законныя інтарэсы.

 

У звароце ўказваецца, што ў крымінальна-працэсуальным заканадаўстве Рэспублікі Беларусь не прадугледжана права асоб, якія не з’яўляюцца ўдзельнікамі крымінальнага працэсу, на абскарджанне прыгавораў у частцы прымянення спецыяльнай канфіскацыі ў сувязі з прызнаннем маёмасці здабытай злачынным шляхам. Абарона правоў такіх асоб не можа быць рэалізавана і ў грамадзянска-прававым парадку (праз падачу іскавай заявы аб вызваленні маёмасці ад арышту (выключэнні з вопісу), паколькі пытанне аб прызнанні маёмасці набытай злачынным шляхам і яе канфіскацыі вырашаецца ў крымінальным працэсе. У сувязі з гэтым асобы, якія не з’яўляюцца ўдзельнікамі крымінальнага працэсу, маёмасць якіх падлягае спецыяльнай канфіскацыі ў сувязі з прызнаннем яе набытай злачынным шляхам, не маюць магчымасці на практыцы абараніць у судовым парадку свае правы і законныя інтарэсы.

 

Па меркаванні заяўніка, прававы прабел, што выражаецца ў адсутнасці ў асоб, якія не з’яўляюцца ўдзельнікам крымінальнага працэсу, права на абскарджанне прыгавору суда па крымінальнай справе ў частцы прызнання маёмасці, што ім належыць, набытай злачынным шляхам і яе канфіскацыі, парушае гарантаванае Канстытуцыяй права кожнага на судовую абарону.

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Данілюка  С.Я., выступленнi паўнамоцных прадстаўнікоў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе, прадстаўнікоў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскай калегіі адвакатаў, прааналізаваўшы палажэннi Канстытуцыі, Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – ГК), Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – ГПК), Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – КК), Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – КПК) і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, даследаваўшы прадстаўленыя дакументы і іншыя матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд устанавіў.

 

1. Канстытуцыяй прадугледжана, што чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы (частка першая артыкула 2), а забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь – найвышэйшай мэтай дзяржавы (частка першая артыкула 21); дзяржава гарантуе кожнаму права ўласнасці і садзейнічае яе набыццю; недатыкальнасць уласнасці ахоўваецца законам; уласнасць, набытая законным спосабам, абараняецца дзяржавай (часткі першая, другая і трэцяя артыкула 44); кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны (частка першая артыкула 60).

 

У адпаведнасці з часткай 6 артыкула 61 КК незалежна ад катэгорыі злачынства і віду назначанага пакарання прымяняецца спецыяльная канфіскацыя, якая заключаецца ў тым ліку ў прымусовым бязвыплатным адабранні ва ўласнасць дзяржавы маёмасці, набытай злачынным шляхам, даходу, атрыманага ад выкарыстання гэтай маёмасці.

 

Акалічнасці, якія пацвярджаюць, што маёмасць набыта злачынным шляхам або з’яўляецца даходам, атрыманым ад выкарыстання гэтай маёмасці, падлягаюць даказванню пры вядзенні дазнання, папярэдняга следства і судовага разбору крымінальнай справы (пункт 5 часткі 1 артыкула 89 КПК).

 

Згодна з артыкулам 98 КПК у прыгаворы, вызначэнні або пастанове аб спыненні вядзення па крымінальнай справе павінна быць вырашана пытанне аб рэчавых доказах. У адпаведнасці з пунктам 4 указанага артыкула грошы і іншыя каштоўнасці, набытыя злачынным шляхам, па прыгавору суда або пастанове органа крымінальнага праследавання звяртаюцца на пакрыццё шкоды ад злачынства пацярпеламу, іншай асобе або па прыгавору суда падлягаюць канфіскацыі; іншыя рэчавыя доказы выдаюцца іх законным уладальнікам, а пры неўстанаўленні апошніх падлягаюць канфіскацыі; у выпадку спрэчкі аб іх прыналежнасці яна падлягае вырашэнню ў парадку грамадзянскага судаводства.

 

У раздзеле X КПК рэгулюецца вядзенне па пераглядзе прыгавораў, вызначэнняў, пастаноў, якія не ўступілі ў законную сілу (апеляцыйнае вядзенне). Часткай 1 артыкула 377 КПК устаноўлена, што на вызначэнне суда і пастанову суддзі першай інстанцыі па крымінальнай справе можа быць пададзена прыватная скарга або прынесены прыватны пратэст асобамі, указанымі ў артыкуле 370 дадзенага Кодэкса.

 

Артыкулам 370 КПК замацаваны вычарпальны пералік асоб, якія валодаюць правам на апеляцыйнае абскарджанне прыгавору:

 

абвінавачваны, яго абаронца і законны прадстаўнік, а таксама пацярпелы, прыватны абвінаваўца і (або) іх прадстаўнікі (частка 1);

 

грамадзянскі ісцец, грамадзянскі адказчык, іх прадстаўнікі, якія маюць права абскардзіць у апеляцыйным парадку прыгавор у частцы, што адносіцца да грамадзянскага іску (частка 3);

 

абвінавачваны, апраўданы судом, які мае права абскардзіць у апеляцыйным парадку апраўдальны прыгавор у частцы матываў і падстаў апраўдання (частка 4).

 

У адпаведнасці з часткай 1 артыкула 408 КПК правам звароту са скаргай аб пераглядзе прыгавораў, якія ўступілі ў законную сілу, па падставах, указаных у артыкуле 389 КПК (падставы да адмены або змянення прыгавору пры разглядзе крымінальнай справы ў апеляцыйным парадку), валодаюць асуджаны, апраўданы, іх абаронцы і законныя прадстаўнікі, пацярпелы, грамадзянскі ісцец, грамадзянскі адказчык або іх прадстаўнікі.

 

Пастановай Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 10 снежня 1993 г. № 12 «О практике применения судами законодательства при рассмотрении дел об освобождении имущества от ареста (исключении из описи)» растлумачана, што пры разглядзе справы неабходна дакладна правяраць, ці з’яўляецца ісцец уласнікам маёмасці, на якую накладзены арышт, або валодае ёю ў сілу закона або дагавора, ці не прызнана гэта маёмасць па прыгавору суда набытай на сродкі, набытыя злачынным шляхам, а таксама наколькі адпавядаюць рэчаіснасці акалічнасці, на якія спасылаецца ісцец (частка першая пункта 9); факт набыцця маёмасці на сродкі, здабытыя злачынным шляхам, можа быць устаноўлены толькі прыгаворам суда (частка другая пункта 10); калі пры разглядзе спраў аб выключэнні маёмасці з вопісу будзе ўстаноўлена, што маёмасць набыта на сродкі, атрыманыя злачынным шляхам, а ў прыгаворы аб гэтым указанняў няма, суд павінен паставіць пытанне аб пераглядзе прыгавору, прыпыніўшы вядзенне па справе (частка трэцяя пункта 10).

 

Такім чынам, Канстытуцыйны Суд канстатуе, што дзеючае заканадаўства, прадугледжваючы ўстанаўленне факта набыцця маёмасці злачынным шляхам і прымяненне судом спецыяльнай канфіскацыі толькі ў парадку крымінальнага судаводства, у той жа час не забяспечвае ў поўнай меры судовую абарону асоб, якія не з’яўляюцца ўдзельнікамі крымінальнага працэсу і мяркуюць, што іх правы і законныя інтарэсы парушаны прызнаннем маёмасці па прыгавору суда набытай злачынным шляхам і прымяненнем у сувязі з гэтым спецыяльнай канфіскацыі.

 

2. У адпаведнасці з артыкулам 39 Закона «О конституционном судопроизводстве» ў Вярхоўны Суд, Генеральную пракуратуру, Следчы камітэт, Міністэрства юстыцыі, Рэспубліканскую калегію адвакатаў, дзяржаўную ўстанову «Навукова-практычны цэнтр праблем умацавання законнасці і правапарадку Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь», а таксама на кафедры крымінальнага працэсу і пракурорскага нагляду, крымінальнага права юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта былі накіраваны запыты.

 

Вярхоўны Суд выказаў думку аб тым, што спецыяльная канфіскацыя маёмасці, набытай злачынным шляхам, даходу, атрыманага ад выкарыстання гэтай маёмасці, не закранае правы і законныя інтарэсы  асоб, на імя якіх аформлена такая маёмасць або якія фактычна валодаюць ёй. Замацаваны ў артыкуле 370 КПК падыход да вызначэння кола асоб, надзеленых правам апеляцыйнага абскарджання і апратэставання прыгавору суда, забяспечвае магчымасць выкарыстання сродкаў прававой абароны менавіта тымі ўдзельнікамі крымінальнага працэсу, чые правы і законныя інтарэсы закрануты пастаноўленым прыгаворам. Вярхоўны Суд не лічыць неабходным унясенне карэкціровак у КПК па пытанні абскарджання асобамі, якія не з’яўляюцца ўдзельнікамі крымінальнага працэсу, прыгавору суда ў частцы прымянення спецыяльнай канфіскацыі ў сувязі з прызнаннем маёмасці набытай злачынным шляхам.

 

Генеральная пракуратура адзначае, што, зыходзячы з задач крымінальнага працэсу, крымінальна-працэсуальным законам (артыкулы 370, 408 КПК) справядліва вызначаны вычарпальны пералік асоб, якія валодаюць правам апеляцыйнага абскарджання прыгавору, а таксама правам звароту са скаргай аб пераглядзе прыгавораў, вызначэнняў, пастаноў. Падстаў для пашырэння названага пераліку не бачыцца.

 

Следчы камітэт указвае, што прымяненне спецыяльнай канфіскацыі ўрэгулявана ў заканадаўстве, а пытанні правапрымяняльнай практыкі ў частцы аспрэчвання канфіскацыі маёмасці адлюстраваны ў пастановах Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 23 верасня 1999 г. № 8 «О практике назначения судами конфискации имущества по уголовным делам» і ад 10 снежня 1993 г. № 12 «О практике применения судами законодательства при рассмотрении дел об освобождении имущества от ареста (исключении из описи)». Зыходзячы з выкладзенага, прававога прабелу, звязанага з рэалізацыяй права грамадзян, якія не з’яўляюцца ўдзельнікамі крымінальнага працэсу, на судовую абарону маёмасці, што знаходзіцца ў іх уласнасці, не бачыцца і, адпаведна, няма неабходнасці карэкціраваць КПК у дадзенай частцы. 

 

У адказе Міністэрства юстыцыі звернута ўвага, што ў заканадаўстве адсутнічае вызначэнне паняцця «маёмасць, набытая (нажытая) злачынным шляхам». Па гэтай прычыне немагчыма адназначна трактаваць дадзенае паняцце, у тым ліку ў кантэксце пытання аб тым, ці ўзнікла ў асуджанага або іншай асобы права ўласнасці на такую маёмасць. Да вызначэння ў заканадаўстве ўказанага паняцця весці размову аб наяўнасці прабелу ў  крымінальна-працэсуальным заканадаўстве ў частцы абароны правоў іншых асоб, апрача ўдзельнікаў крымінальнага працэсу, не ўяўляецца магчымым.

 

Па меркаванні Рэспубліканскай калегіі адвакатаў, у крымінальна-працэсуальным законе існуе прабел прававога рэгулявання рэалізацыі права грамадзян, якія не з’яўляюцца ўдзельнікамі крымінальнага працэсу, на абскарджанне прыгавораў у частцы, якая закранае іх правы і законныя інтарэсы ў сувязі з прымяненнем спецыяльнай канфіскацыі ў дачыненні да маёмасці, што знаходзіцца ў іх уласнасці. Асоба, якой належыць права ўласнасці на дадзеную маёмасць, у сілу дзеючага заканадаўства – КПК і ГПК – не можа рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на яе абарону, паколькі: а) не з’яўляецца ўдзельнікам крымінальнага працэсу, дзе ўстанаўліваецца  факт набыцця яго маёмасці іншай асобай злачынным шляхам; б) зварот у суд у парадку грамадзянскага судаводства не мае перспектывы, бо па правілах прэюдыцыяльнага характару (артыкул 182 ГПК) прыгавор, у якім прыменена спецыяльная канфіскацыя, з’яўляецца абавязковым для суда пры вырашэнні спрэчкі. Матывам адмовы ў іску аб вызваленні маёмасці ад арышту і канфіскацыі служыць устаноўлены прыгаворам факт набыцця маёмасці злачынным шляхам. Дадзены вывад з’яўляецца істотнай перашкодай для ўстанаўлення ісціны па грамадзянскай справе.

 

Навукова-практычны цэнтр праблем умацавання законнасці і правапарадку Генеральнай пракуратуры мяркуе, што закрыты пералік асоб, якія маюць права звярнуцца са скаргай на не ўступіўшыя (артыкул 370 КПК), а таксама ўступіўшыя ў законную сілу прыгавор, вызначэнне, пастанову (артыкул 408 КПК), накіраваны на забеспячэнне стабільнасці судовых пастаноў і недапушчэнне неабмежаванай магчымасці іх перагляду, дадаткова гарантуе завяршэнне крымінальнага працэсу ў разумны тэрмін і выключае сітуацыю прававой нявызначанасці ў сферы крымінальна-працэсуальнай дзейнасці па адпраўленні правасуддзя. Судовая абарона асоб, якія не з’яўляюцца ўдзельнікамі крымінальнага працэсу і не валодаюць правам абскарджання прыгавораў, якія пры гэтым мяркуюць, што іх правы і законныя інтарэсы парушаны прымяненнем спецыяльнай канфіскацыі, можа быць забяспечана ў парадку грамадзянскага судаводства, паколькі судовую пастанову па крымінальнай справе ў частцы вырашэння пытання аб акалічнасцях, якія пацвярджаюць, што маёмасць набыта злачынным шляхам або з’яўляецца даходам, атрыманым ад выкарыстання гэтай маёмасці, не мае прэюдыцыяльнага значэння (пункт 5 часткі 1 артыкула 89 КПК). 

 

Кафедрай крымінальнага працэсу і пракурорскага нагляду юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта зроблены вывад аб тым, што канструкцыя норм КПК, прадугледжваючых закрыты пералік асоб, якія маюць права звярнуцца са скаргай на не ўступіўшыя (артыкул 370 КПК), а таксама ўступіўшыя ў законную сілу прыгавор, вызначэнне, пастанову (артыкул 408 КПК), зыходзячы з неабходнасці забеспячэння стабільнасці судовых пастаноў і рэалізацыі прынцыпу прававой пэўнасці, накіравана на недапушчэнне неабмежаванай магчымасці іх перагляду, у тым ліку праз пашырэнне кола суб’ектаў, надзеленых правам падачы скарг. Дзеючае заканадаўства ўстанаўлівае належны механізм, што дазваляе грамадзянам звярнуцца ў суд у парадку грамадзянскага судаводства за абаронай правоў і ахоўваемых законам інтарэсаў у выпадку наяўнасці спрэчкі аб прыналежнасці маёмасці, якая падлягае канфіскацыі па прыгавору суда. Такім чынам, у крымінальна-працэсуальным законе не існуе прабелу прававога рэгулявання рэалізацыі права грамадзян, якія не з’яўляюцца ўдзельнікамі крымінальнага працэсу, на абскарджанне прыгавораў у частцы, што закранае іх правы і законныя інтарэсы ў сувязі з прымяненнем спецыяльнай канфіскацыі ў дачыненні да маёмасці, якая знаходзіцца ў іх уласнасці, у сувязі з чым унясенне змяненняў і дапаўненняў у закон у дадзенай частцы не патрабуецца.

 

Пазіцыя кафедры крымінальнага права юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта зводзіцца да таго, што існуе няўзгодненасць паміж нормамі грамадзянскага, крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага закона, якія рэгламентуюць спецыяльную канфіскацыю, што не садзейнічае фарміраванню аднастайнай судовай практыкі. Дадзеныя пытанні павінны стаць прадметам аналізу Канстытуцыйнага Суда, накіраванага на рэалізацыю канстытуцыйнага палажэння аб недатыкальнасці ўласнасці і міжнародных абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь у частцы спецыяльнай канфіскацыі.

 

3. Канстытуцыяй устаноўлена, што абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб (частка першая артыкула 23); прымусовае адчужэнне маёмасці дапускаецца згодна з пастановай суда (частка пятая артыкула 44).

 

Замацаванае ў частцы першай артыкула 60 Канстытуцыі палажэнне аб гарантаванні кожнаму судовай абароны яго правоў і свабод з’яўляецца адным з важнейшых прынцыпаў дэмакратычнай прававой дзяржавы.

 

Прыведзеныя канстытуцыйныя палажэнні пацвярджаюць прыхільнасць Рэспублікі Беларусь агульнапрызнаным прынцыпам міжнароднага права ў галіне выканання правасуддзя.

 

У адпаведнасці з артыкулам 8 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека 1948 года кожны чалавек мае права на эфектыўнае аднаўленне ў правах кампетэнтнымі нацыянальнымі судамі ў выпадку парушэння яго асноўных правоў, нададзеных яму канстытуцыяй або законам.

 

Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах 1966 года прадугледжана, што ўсе асобы роўныя перад судамі і трыбуналамі; кожны мае права пры разглядзе крымінальнага абвінавачання, якое прад’яўляецца яму, або пры вызначэнні яго правоў і абавязкаў у якім-небудзь грамадзянскім працэсе на справядлівы і публічны разбор справы кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом (пункт 1 артыкула 14); кожная дзяржава, што ўдзельнічае ў дадзеным Пакце, абавязваецца развіваць магчымасці судовай абароны (артыкул 2). Згодна з Заўвагамi агульнага парадку № 32 (2007) Камітэта па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па артыкуле 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах права на роўнасць перад судамі і трыбуналамі і на справядлівы судовы разбор з’яўляецца важнейшым элементам абароны правоў чалавека і служыць адным з працэсуальных сродкаў забеспячэння вяршэнства закону (пункт 2).

 

Зыходзячы з кантытуцайнага прынцыпу вяршэнства права і прынцыпу прапарцыянальнасці, умяшанне дзяржавы ў адносіны ўласнасці не павінна быць адвольным і парушаць раўнавагу паміж інтарэсамі грамадства і неабходнымі ўмовамі абароны асноўных правоў асобы, што прадугледжвае разумную суразмернасць выкарыстоўваемых сродкаў і праследуемай мэты, каб забяспечваўся баланс канстытуцыйна абараняемых інтарэсаў і асоба не падвяргалася празмернаму абцяжарванню; пры гэтым абмежаванні права ўласнасці, зыходзячы з узаемазвязаных палажэнняў часткі першай артыкула 23 і часткі пятай артыкула 44 Канстытуцыі, дапускаюцца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, калі яны неабходныя для абароны іншых канстытуцыйна значных каштоўнасцей, у тым ліку правоў і законных інтарэсаў іншых асоб, адпавядаюць патрабаванням справядлівасці, разумнасці і суразмернасці (прапарцыянальнасці).

 

Аналіз заканадаўства Рэспублікі Беларусь сведчыць, што канфіскацыя маёмасці з’яўляецца комплексным міжгаліновым прававым інстытутам, які мае ў тым ліку грамадзянска-прававую (артыкул 244 ГК), крымінальна-прававую (артыкул 61 КК) і крымінальна-працэсуальную (артыкул 98 КПК) прыроду.

 

Згодна з Канвенцыяй Арганізацыі Аб’яднаных Нацый супраць транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці ад 15 лістапада 2000 года (далей – Канвенцыя супраць транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці) «канфіскацыя» азначае канчатковае пазбаўленне маёмасці па пастанове суда або іншага кампетэнтнага органа (пункт «g» артыкула 2).

 

Артыкулам 244 ГК устаноўлена, што ў выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі, маёмасць можа быць бязвыплатна адабрана ва ўласніка ў выглядзе санкцыі за ўчыненне злачынства або іншага правапарушэння (канфіскацыя).

 

Дадзенай норме карэспандуюць палажэнні часткі 2 артыкула 48, частак 1–5 артыкула 61 КК, якія замацоўваюць канфіскацыю маёмасці ў выглядзе дадатковага пакарання за ўчыненне злачынства.

 

Разам з гэтым КК прадугледжвае спецыяльную канфіскацыю (частка 6 артыкула 61).

 

У адрозненне ад агульнай канфіскацыі спецыяльная канфіскацыя не адносіцца да віду пакарання па сэнсе артыкула 48 КК і ўяўляе сабой меру крымінальна-прававога характару, якая выражаецца ў прымусовым бязвыплатным адабранні ва ўласнасць дзяржавы маёмасці (якая знаходзіцца як у асуджанага, так і ў іншых асоб), пэўным чынам звязанай з учыненнем злачынства.

 

Спецыяльная канфіскацыя мае некаторыя прыметы пакарання: назначаецца па прыгавору суда да асобы, асуджанай за злачынства; прымяняецца да прылад і сродкаў учынення злачынства, якія належаць асуджанаму; змяшчае ў сабе карны элемент, паколькі абмяжоўвае асуджанага ў маёмасных правах, пазбаўляючы яго права ўласнасці на ўказаныя прадметы; праследуе такія мэты крымінальнай адказнасці, як папярэджанне ўчынення новых злачынстваў як асуджаным, так і іншымі асобамі (частка 2 артыкула 44 КК), садзейнічае аднаўленню сацыяльнай справядлівасці (частка 3 артыкула 44 КК), а таксама разам з указаным служыць мерай забеспячэння грамадскай бяспекі, калі яна звяртаецца на рэчы, выключаныя з абароту, або на транспартны сродак, якім кіравала асоба, ўчыніўшая злачынства, прадугледжанае артыкулам 3171 КК.

 

У выпадку, калі ў асуджанай асобы адбіраецца маёмасць, набытая злачынным шляхам, а таксама даход, атрыманы ад выкарыстання гэтай маёмасці, спецыяльная канфіскацыя носіць аднаўленчы (кампенсацыйны) характар, паколькі стварае неабходныя ўмовы для пакрыцця ўрону, прычыненага дзяржаве, юрыдычным або фізічным асобам.

 

Асаблівасць спецыяльнай канфіскацыі выражаецца і ў тым, што яна распаўсюджваецца не толькі на маёмасць, якая знаходзіцца ў абвінавачванага і набыта ім злачынным шляхам, але і перададзеную іншай асобе, якая не мае дачынення да ўчынення злачынства, калі гэтая асоба не з’яўляецца добрасумленным пакупніком (артыкул 283 ГК).

 

Крымінальна-працэсуальная прырода спецыяльнай канфіскацыі заключаецца ў тым, што прадметы, якія падлягаюць канфіскацыі, адначасова выступаюць у якасці рэчавых доказаў (артыкулы 96 і 98 КПК), прызваных забяспечыць належнае адпраўленне правасуддзя.

 

Такім чынам, крымінальна-прававы і крымінальна-працэсуальны аспекты канфіскацыі, якія рэгулююцца ўказанымі нормамі, у сукупнасці з’яўляюцца састаўнымі і ўзаемазвязанымі часткамі агульнага механізма дзяржаўна-прымусовага ўздзеяння, маюць адзіную мэту забеспячэння законнасці і правапарадку, абароны асобы, яе правоў і свабод, інтарэсаў грамадства і дзяржавы.

 

Разам з тым параўнальны аналіз зместу часткі 6 артыкула 61 КК і артыкулаў 96, 98 КПК сведчыць аб наяўнасці прававой нявызначанасці, якая выяўляецца ў неадназначным і супярэчлівым прававым рэгуляванні спецыяльнай канфіскацыі нормамі рознай галіновай прыналежнасці, а таксама ў адсутнасці дакладнага азначэння на заканадаўчым узроўні самога паняцця спецыяльнай канфіскацыі.

 

4. Канстытуцыяй устаноўлена, што Рэспубліка Беларусь забяспечвае законнасць і правапарадак (частка трэцяя артыкула 1); прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства (частка першая артыкула 8).

 

Рэспубліка Беларусь актыўна ўдзельнічае ў міжнародным супрацоўніцтве ў сферы процідзеяння злачыннасці і карупцыі, ажыццяўляючы належную імплементацыю норм міжнароднага права ў нацыянальнае заканадаўства і добрасумленна выконваючы ўзятыя на сябе абавязацельствы.

У той жа час некаторыя палажэнні міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь маюць патрэбу ў далейшай рэалізацыі.

 

Так, у адпаведнасці з артыкулам 12 «Канфіскацыя і арышт» Канвенцыі супраць транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці дзяржавы-ўдзельніцы прымаюць, у максімальнай ступені, магчымай у рамках іх унутраных прававых сістэм, такія меры, якія могуць спатрэбіцца для забеспячэння магчымасці канфіскацыі: a) даходаў ад злачынстваў, што ахопліваюцца гэтай Канвенцыяй, або маёмасці, кошт якой адпавядае кошту такіх даходаў; b) маёмасці, абсталявання або іншых сродкаў, якія выкарыстоўваліся або прызначаліся для выкарыстання пры ўчыненні злачынстваў, што ахопліваюцца дадзенай Канвенцыяй (пункт 1); калі даходы ад злачынстваў былі ператвораны або пераўтвораны, часткова або поўнасцю, у іншую маёмасць, то меры, указаныя ў гэтым артыкуле, прымяняюцца ў дачыненні да такой маёмасці (пункт 3); калі даходы ад злачынстваў былі дададзены да маёмасці, набытай з законных крыніц, то канфіскацыі, без урону для любых паўнамоцтваў, якія датычацца накладання арышту або выемкі, падлягае тая частка маёмасці, якая адпавядае ацэненаму кошту далучаных даходаў ад злачынстваў (пункт 4); да прыбытку або іншых выгад, што атрыманы ад даходаў ад злачынстваў, ад маёмасці, у якую былі ператвораны або пераўтвораны даходы ад злачынстваў, або ад маёмасці, да якой былі дададзены даходы ад злачынстваў, таксама прымяняюцца меры, указаныя ў дадзеным артыкуле, такім жа чынам і ў той жа ступені, як і ў дачыненні да даходаў ад злачынстваў (пункт 5).

 

Канвенцыя супраць транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці і іншыя міжнародныя канвенцыі, удзельніцай якіх з’яўляецца Рэспубліка Беларусь (у сферы барацьбы з тэрарызмам, захопам заложнікаў, гандлем людзьмі, незаконным абаротам наркотыкаў, карупцыяй і інш.), абавязваюць дзяржавы-ўдзельніцы не толькі адбіраць маёмасць і даходы, атрыманыя ў выніку ўчынення ўказаных канвенцыйных злачынстваў, або кошт эквіваленту маёмасці, якая падлягае спецыяльнай канфіскацыі, але і ў шэрагу выпадкаў пазбаўляць права ўласнасці на набытую на законных падставах маёмасць, калі яна выкарыстоўваецца або прызначаецца для фінансавання такіх злачынстваў.

 

Акрамя таго, міжнародна-прававыя акты змяшчаюць нормы, згодна з якімі прадугледжваемыя ў іх меры, у тым ліку ў дачыненні да канфіскацыі маёмасці, вызначаюцца і ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з палажэннямі ўнутранага заканадаўства дзяржавы-ўдзельніцы і пры ўмове іх прытрымлівання (пункт 9 артыкула 12 Канвенцыі супраць транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці).

 

Такім чынам, зыходзячы з неабходнасці добрасумленнага выканання Рэспублікай Беларусь абавязацельстваў, якія вынікаюць з міжнародна-прававых актаў, з мэтай стрымання і папярэджання такіх асабліва небяспечных злачынных праяўленняў, як тэрарыстычная і экстрэмісцкая дзейнасць, арганізаваная злачыннасць, і некаторых іншых злачынных праяўленняў, а таксама ўстаранення ў нацыянальным заканадаўстве прабелу, які мае канстытуцыйна-прававое значэнне, у КК неабходна прадугледзець спецыяльную канфіскацыю маёмасці, прызначанай для выкарыстання ва ўказаных мэтах незалежна ад таго, знаходзіцца яна ва ўласнасці падазронага, абвінавачванага або асоб, якія нясуць па законе матэрыяльную адказнасць за іх дзеянні, або ва ўласнасці іншых асоб.

 

5. Канстытуцыяй устаноўлена, што дзяржава гарантуе кожнаму права ўласнасці і садзейнічае яе набыццю; уласнасць, набытая законным спосабам, абараняецца дзяржавай (часткі першая і трэцяя артыкула 44); дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй (частка першая артыкула 59 Канстытуцыі).

 

У дачыненні да канфіскацыі маёмасці як меры юрыдычнай адказнасці на міжнародным узроўні выпрацаваны шэраг прававых стандартаў, накіраваных на забеспячэнне належнай працэдуры пры абмежаванні права на валоданне маёмасцю.

 

Так, згодна з падыходам, замацаваным у Міжнароднай канвенцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый аб барацьбе з фінансаваннем тэрарызму ад 9 снежня 1999 года, належныя меры для канфіскацыі сродкаў прадугледжваюцца ў дачыненні да тых з іх, якія выкарыстоўваліся або былі выдзелены для мэт учынення злачынстваў, і паступленняў, атрыманых у выніку такіх злачынстваў, пры ўмове выканання правоў добрасумленных трэціх асоб (артыкул 8).

 

У адпаведнасці з Канвенцыяй супраць транснацыянальнай арганізаванай злачыннасці, калі даходы ад злачынстваў былі дададзены да маёмасці, набытай з законных крыніц, то канфіскацыі падлягае тая частка маёмасці, якая адпавядае ацэненаму кошту далучаных даходаў ад злачынстваў; дзяржавы-ўдзельніцы могуць разгледзець магчымасць устанаўлення патрабавання аб тым, каб асоба, якая ўчыніла злачынства, даказала законнае паходжанне мяркуемых даходаў ад злачынства або іншай маёмасці, якая падлягае канфіскацыі; палажэнні дадзенага артыкула не тлумачацца як такія, што наносяць урон правам добрасумленных трэціх бакоў (артыкул 12); пры гэтым у дачыненні да распараджэння канфіскаванымі даходамі ад злачынстваў або маёмасцю прадугледжваецца магчымасць вяртання канфіскаваных даходаў ад злачынстваў або маёмасці запрошваючай дзяржаве-ўдзельніцы, з тым каб яна магла прадаставіць кампенсацыю пацярпелым ад злачынства або вярнуць такія даходы ад злачынстваў або маёмасць іх законным уласнікам (артыкул 14).

 

Аналагічныя падыходы прадугледжаны ў Канвенцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый супраць карупцыі ад 31 кастрычніка 2003 года, уключаючы тлумачэнне палажэнняў аб канфіскацыі, якое выключае нанясенне ўрону правам добрасумленных трэціх бакоў (артыкулы 31 і 55).

 

Паколькі спецыяльная канфіскацыя можа быць прыменена ў дачыненні не толькі да маёмасці, атрыманай у выніку ўчынення злачынства, але і набытай законным спосабам, то зварот канфіскуемай маёмасці ва ўласнасць дзяржавы звязаны з такой мерай грамадзянска-прававога характару, як вяртанне маёмасці законнаму ўладальніку.

 

Згодна з артыкулам 283 ГК, калі маёмасць выплатна набыта ў асобы, якая не мела права яе адчужаць, аб чым пакупнік не ведаў і не мог ведаць (добрасумленны пакупнік), то ўласнік мае права выпатрабаваць гэту маёмасць ад пакупніка ў выпадку, калі маёмасць страчана ўласнікам або асобай, якой маёмасць была перададзена ўласнікам у валоданне, або выкрадзена ў таго або другога, або выбыла з іх валодання іншым шляхам апрача іх волі (пункт 1); калі маёмасць набыта бязвыплатна ад асобы, якая не мела права яе адчужаць, уласнік мае права выпатрабаваць маёмасць ва ўсіх выпадках (пункт 2); грошы, а таксама каштоўныя паперы на прад’яўніка не могуць быць выпатрабаваны ад добрасумленнага пакупніка (пункт 3).

 

Такім чынам, пры прыняцці рашэння аб прымяненні спецыяльнай канфіскацыі важнае значэнне мае высвятленне акалічнасцей, ці з’яўляецца пакупнік падлягаючай канфіскацыі маёмасці  добрасумленным, гэта значыць ці ведаў і ці мог ён ведаць аб злачынным паходжанні набываемай маёмасці. Дадзеная акалічнасць прадугледжвае абавязак пакупніка маёмасці высвятляць пытанне аб яго паходжанні. Адсутнасць заканадаўчага рэгулявання, якое забяспечвае абарону правоў і законных інтарэсаў добрасумленных пакупнікоў у крымінальным працэсе, сведчыць аб наяўнасці прававога прабелу ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь.

 

З улікам прыведзеных палажэнняў Канстытуцыі і міжнародна-прававых актаў Канстытуцыйны Суд лiчыць, што для ўстаранення ўказанага прававога прабелу пры вызначэнні ў КК спецыяльнай канфіскацыі як меры прымусовага бязвыплатнага адабрання ва ўласнасць дзяржавы маёмасці, пэўным чынам звязанай з учыненнем злачынства, заканадаўцу неабходна прадугледзець нормы, накіраваныя на забеспячэнне правоў і законных інтарэсаў добрасумленных пакупнікоў.

 

6. У адпаведнасці з Канстытуцыяй кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом (частка першая артыкула 60). Дадзенае канстытуцыйнае права грамадзян прадугледжвае ў тым ліку права на абскарджанне рашэнняў, прыгавораў і іншых судовых пастаноў.

 

Разам з тым дзеючае заканадаўства, па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, не забяспечвае ў належнай меры ажыццяўленне і абарону правоў, свабод і законных інтарэсаў, прадугледжаных Канстытуцыяй, паколькі асобы, якія лiчаць, што іх правы і законныя інтарэсы парушаны прызнаннем маёмасці набытай злачынным шляхам і яго канфіскацыяй, правам на судовую абарону ў рамках крымінальнага судаводства не надзелены, бо ў адпаведнасці з артыкуламі 370 і 408 КПК не маюць права на апеляцыйнае абскарджанне прыгавору, а аднолькава на абскарджанне прыгавору ў парадку нагляду.

 

Зварот у суд з іскам аб вызваленні маёмасці ад арышту (выключэнні з вопісу) таксама не забяспечвае такую абарону, паколькі ў грамадзянскім судаводстве вырашаецца спрэчка толькі аб прыналежнасці маёмасці, якая падлягае канфіскацыі, але не ўстанаўліваецца факт яе набыцця на сродкі, здабытыя злачынным шляхам.

 

Канстытуцыйны Суд канстатуе, што канфіскацыя маёмасці ў сувязі з прызнаннем яе набытай злачынным шляхам носіць прымусовы характар і закранае правамоцтвы па валоданні, карыстанні і распараджэнні маёмасцю, таму, зыходзячы з канстытуцыйнага прынцыпу недатыкальнасці ўласнасці, можа прымяняцца не інакш як па пастанове суда. Пры гэтым павінны быць выкананы канстытуцыйныя гарантыі судовай абароны правоў асобы, якая не з’яўляецца ўдзельнікам крымінальнага працэсу, у тым ліку права на абскарджанне прыгавору суда ў частцы, што закранае яе правы і законныя інтарэсы. У дадзеным выпадку неабходна рэальна і эфектыўна, а не фармальна выканаць яе правы, не дапускаючы падмены прыватнаправавых механізмаў вырашэння спрэчак аб уласнасці крымінальна-працэсуальнымі сродкамі, накіраванымі на дасягненне публічна-прававых мэт крымінальнага судаводства.

 

Зыходзячы з канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, а таксама недатыкальнасці ўласнасці, неабходнасці захавання балансу прыватных і публічных інтарэсаў, канфіскацыя маёмасці ў сувязі з прызнаннем яе маёмасцю, здабытай злачыннай шляхам, у рамках вядзення па крымінальнай справе павінна ажыццяўляцца пры наданні асобам, якія не з’яўляюцца ўдзельнікамі крымінальнага працэсу, працэсуальных гарантый, што забяспечваюць аднаўленне парушаных правоў пры дапамозе правасуддзя, якое адказвае патрабаванням справядлівасці і роўнасці.

 

Для абароны гарантаванага Канстытуцыяй права ўласнасці грамадзянін павінен валодаць эфектыўнымі сродкамі прававой абароны, каб уздзеянне на яго маёмасныя правы не было адвольным або непрадказальным. У сваю чаргу, Канстытуцыя і міжнародна-прававыя акты аб абароне правоў чалавека ў галіне адпраўлення правасуддзя абавязваюць дзяржаву забяспечыць эфектыўную абарону, уключаючы судовую, права ўласнасці асобам, чыя маёмасць падлягае канфіскацыі.

 

Улічваючы, што даказванне факта прызнання маёмасці набытай злачынным шляхам магчыма выключна ў крымінальным працэсе, у асобы, якая не з’яўляецца ўдзельнікам крымінальнага працэсу, павінна быць гарантаваная КПК магчымасць абскарджання прыгавору ў частцы, што закранае яе правы і законныя інтарэсы, каб суд вышэйстаячай інстанцыі праверыў законнасць і абгрунтаванасць абмежавання правоў уласніка і вырашыў пытанне аб наяўнасці падстаў для адмены канфіскацыі і вяртання ёй маёмасці.

 

Адсутнасць у заканадаўстве Рэспублікі Беларусь у іншых асоб, чые правы і законныя інтарэсы закранаюцца прыгаворам суда, у адрозненне ад асоб, вызначаных артыкуламі 370 і 408 КПК, права на абскарджанне такога прыгавору абмяжоўвае іх права на судовую абарону, не гарантуе справядлівасць судовага рашэння, у сувязі з чым не захоўваецца баланс публічна-прававых і прыватнаправавых інтарэсаў, што сведчыць аб прабеле заканадаўчага рэгулявання, якi мае канстытуцыйна-прававое значэнне.

 

7. Згодна з Канстытуцыяй забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы; дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (часткі першая і трэцяя артыкула 21).

 

У Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права; дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства; дзяржаўныя органы, службовыя і іншыя асобы, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы (часткі першая і другая артыкула 7, частка другая артыкула 59 Канстытуцыі).

 

З улікам выкладзенага Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду аб наяўнасці ў нормах КК і КПК прававой нявызначанасці, якая выражаецца ў неадназначным і супярэчлівым прававым рэгуляванні спецыяльнай канфіскацыі нормамі рознай галіновай прыналежнасці і ў адсутнасці дакладнага азначэння на заканадаўчым узроўні паняцця спецыяльнай канфіскацыі.

 

Разам з гэтым існуе правававы прабел, абумоўлены неабходнасцю імплементацыі палажэнняў міжнародна-прававых актаў аб канфіскацыі не толькі маёмасці і даходаў, атрыманых у выніку ўчынення канвенцыйных злачынстваў (тэрарызм, арганізаваная злачыннасць, гандаль людзьмі, незаконны абарот наркотыкаў і інш.), але і законна набытай маёмасці, якая выкарыстоўваецца для фінансавання ўказаных відаў злачыннай дзейнасці. 

 

Акрамя таго, існуе прабел прававога рэгулявання, што датычыцца рэалізацыі патрабаванняў міжнародна-прававых актаў, удзельніцай якіх з’яўляецца Рэспубліка Беларусь, у частцы забеспячэння правоў і законных інтарэсаў добрасумленных пакупнікоў маёмасці, у дачыненні да якой прынята рашэнне аб спецыяльнай канфіскацыі ў сувязі з прызнаннем яе здабытай злачынным шляхам.

 

Канстытуцыйны Суд таксама лічыць, што змест норм артыкулаў 370 і 408 КПК, рэгулюючых апеляцыйны парадак абскарджання прыгавору, а таксама абскарджанне прыгавору ў парадку нагляду, што не прадугледжваюць належны прававы механізм парадку абскарджання прыгавораў асобамі, якія не з’яўляюцца ўдзельнікамі крымінальнага працэсу, маёмасць якіх падлягае спецыяльнай канфіскацыі ў сувязі з прызнаннем яе здабытай злачынным шляхам, у частцы, закранаючай іх правы і законныя інтарэсы, сведчыць аб прабеле ў заканадаўстве, што мае канстытуцыйна-прававы характар. 

 

Такім чынам, у мэтах забеспячэння канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, абароны дзяржавай уласнасці, набытай законным спосабам, рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону Канстытуцыйны Суд лічыць неабходным выключыць прававую нявызначанасць і ўстараніць існуючыя прабелы прававога рэгулявання шляхам унясення заканадаўцам адпаведных змяненняў і дапаўненняў у нормы КК і КПК.

 

На падставе выкладзенага, кіруючыся часткамі першай і сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абзацам восьмым часткі трэцяй артыкула 22 і артыкулам 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, часткай другой артыкула 74, артыкуламі 75, 77, 80, 84, часткай сямнаццатай артыкула 85 і артыкулам 160 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. У мэтах забеспячэння канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, абароны дзяржавай уласнасці, набытай законным спосабам, рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону прызнаць неабходным:

 

выключэнне прававой нявызначанасці і ўстараненне прабелу ў Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь пры заканадаўчым вызначэнні спецыяльнай канфіскацыі маёмасці зыходзячы з яе асаблівай прававой прыроды і палажэнняў міжнародна-прававых актаў;

 

выключэнне прававой нявызначанасці і ўстараненне прабелу ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе Рэспублікі Беларусь шляхам устанаўлення заканадаўчага механізма судовай абароны правоў і законных інтарэсаў добрасумленных пакупнікоў, якія не з’яўляюцца ўдзельнікамі крымінальнага працэсу, у дачыненні да маёмасці, што падлягае спецыяльнай канфіскацыі ў сувязі з прызнаннем яе набытай злачынным шляхам.

 

2. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць адпаведны праект закона аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы Рэспублікі Беларусь і ўнесці яго ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

 

3. Рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

4. Апублікаваць рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                           П.П.Міклашэвіч