Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь 6 чэрвеня 2017 г. прыняў рашэнне «Аб прававым рэгуляванні спецыяльнай канфіскацыі» (суддзя-дакладчык Данiлюк С.Я.).
Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом у адпаведнасці з часткамі першай і чацвёртай артыкула 158 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве» на падставе звароту грамадзянкі Шаўрук Е.С. аб неабходнасці ўстаранення прававога прабелу і замацавання ў заканадаўстве права грамадзян, якія не з'яўляюцца ўдзельнікамі крымінальнага працэсу, на абскарджанне прыгавораў пры прымяненні спецыяльнай канфіскацыі ў частцы, якая закранае іх правы і законныя інтарэсы.
Канстытуцыйны Суд пры разглядзе справы зыходзіў з таго, што ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь дзяржава гарантуе кожнаму права ўласнасці і абарону ўласнасці, набытай законным спосабам (часткi першая і трэцяя артыкула 44); Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства (частка першая артыкула 8); дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй (частка першая артыкула 59); кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны (частка першая артыкула 60).
У адпаведнасці з часткай 6 артыкула 61 Крымінальнага кодэкса незалежна ад катэгорыі злачынства і віду назначанага пакарання прымяняецца спецыяльная канфіскацыя, якая заключаецца ў тым ліку ў прымусовым бязвыплатным адабранні ва ўласнасць дзяржавы маёмасці, набытай злачынным шляхам, даходу, атрыманага ад выкарыстання гэтай маёмасці.
У рашэнні Канстытуцыйны Суд прыйшоў да наступных вывадаў.
1. У нормах Крымінальнага і Крымінальна-працэсуальнага кодэксаў маецца прававая нявызначанасць, якая выяўляецца ў неадназначным і супярэчлівым прававым рэгуляванні спецыяльнай канфіскацыі нормамі рознай галіновай прыналежнасці і ў адсутнасці дакладнага вызначэння на заканадаўчым узроўні самога паняцця спецыяльнай канфіскацыі.
2. Існуе прававы прабел, якi абумоўлены неабходнасцю імплементацыі палажэнняў міжнародных актаў аб канфіскацыі не толькі маёмасці і даходаў, атрыманых у выніку ўчынення злачынстваў, прадугледжаных міжнароднымі канвенцыямі (тэрарызм, арганізаваная злачыннасць, гандаль людзьмі, незаконны абарот наркотыкаў і інш.), але і набытай законным спосабам маёмасці, якая выкарыстоўваецца для фінансавання ўказаных відаў злачыннай дзейнасці.
3. Існуе прабел прававога рэгулявання, якi датычыцца рэалізацыі патрабаванняў міжнародна-прававых актаў, удзельніцай якіх з'яўляецца Рэспубліка Беларусь, у частцы забеспячэння правоў і законных інтарэсаў добрасумленных пакупнікоў маёмасці, у дачыненні да якой прынята рашэнне аб спецыяльнай канфіскацыі ў сувязі з прызнаннем яе набытай злачынным шляхам.
4. Дзеючае заканадаўства не забяспечвае ў належнай меры судовую абарону асоб, якія не з'яўляюцца ўдзельнікамі крымінальнага працэсу i мяркуюць, што іх правы і законныя інтарэсы парушаны прызнаннем маёмасці па прыгавору суда набытай злачынным шляхам і прымяненнем судом спецыяльнай канфіскацыі.
Улічваючы выкладзенае, у мэтах забеспячэння канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, абароны дзяржавай уласнасці, набытай законным спосабам, рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным:
выключэнне прававой нявызначанасці і ўстараненне прабелу ў Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь пры заканадаўчым вызначэнні спецыяльнай канфіскацыі маёмасці, зыходзячы з яе асаблівай прававой прыроды і палажэнняў міжнародна-прававых актаў;
выключэнне прававой нявызначанасці і ўстараненне прабелу ў Крымінальна-працэсуальным кодэксе Рэспублікі Беларусь шляхам устанаўлення заканадаўчага механізма судовай абароны правоў і законных інтарэсаў добрасумленных пакупнікоў, якія не з'яўляюцца ўдзельнікамі крымінальнага працэсу, у дачыненні да маёмасці, якая падлягае спецыяльнай канфіскацыі ў сувязі з прызнаннем яе набытай злачынным шляхам.
Савету Міністраў прапанавана падрыхтаваць адпаведны праект закона аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы Рэспублікі Беларусь і ўнесці праект закона ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.