Навіны
23 сакавiка 2017 г. адбылася сустрэча Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Міклашэвіча П.П. з дакладчыкам па Беларусі Камісіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) па палітычных пытаннях і дэмакратыі Андрэа Рыгоні

П.П.Міклашэвіч адзначыў, што Рэспубліка Беларусь з прыняццем Канстытуцыі 1994 года, якая вызначае лад грамадства і дзяржавы, асноўныя правы і свабоды грамадзян, узаемадзеянне грамадства і асобы, вось ужо больш як два дзясяцігоддзі развіваецца на канстытуцыйнай аснове як дэмакратычная сацыяльная прававая дзяржава.

Канстытуцыйны Суд, рэалізуючы свае канстытуцыйныя функцыі, у Пасланні «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2016 годзе» удзяліў асаблівую ўвагу прынцыпу вяршэнства права, які азначае, што дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы абавязаны дзейнічаць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства.

Адначасова П.П.Міклашэвіч падкрэсліў, што існуе шэраг аб'ектыўных фактараў, такіх як узровень грамадскага развіцця, разуменне грамадствам характару смяротнай кары, стан злачыннасці, правапарадку і законнасці, якія з'яўляюцца ключавымі ў вырашэнні пытання аб абвяшчэнні мараторыя або поўнай адмене гэтага віду пакарання. У ходзе аналізу ўказаных фактараў за мінулы перыяд можна зрабіць вывад аб наяўнасці станоўчых тэндэнцый.

Спадар Рыгоні выказаў падзяку за магчымасць сустрэчы і падкрэсліў, што эвалюцыя ў такім важным пытанні, як прымяненне смяротнай кары і абвяшчэнне мараторыя, безумоўна, патрабуе часу, аднак ён ухваляе той факт, што ў беларускім грамадстве расце ўсведамленне таго, што дадзены від пакарання належыць разглядаць як часовую меру, і што ў апошні час назіраецца прагрэс у дадзенай галіне.