Навіны
Аб разглядзе зваротаў грамадзян

У сувязі з паступленнем у Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь электронных зваротаў грамадзян аб праверцы канстытуцыйнасці Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 красавіка 2015 г. № 3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства» (далей – Дэкрэт), а таксама аб узбуджэнні вядзення па справе аб выключэнні калізій у прававым рэгуляванні паведамляем наступнае.

1. У сілу часткі чацвёртай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і артыкула 114 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве» прапанову аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта маюць права ўнесці ў Канстытуцыйны Суд Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.

У Рэспубліцы Беларусь для грамадзян устаноўлены ўскосны доступ да канстытуцыйнага правасуддзя. Грамадзяне, якія мяркуюць, што іх правы, свабоды і законныя інтарэсы парушаюцца прымененым у канкрэтных рашэнні дзяржаўнага органа або пастанове суда агульнай юрысдыкцыі нарматыўным прававым актам, маюць права звярнуцца з ініцыятывай аб праверцы канстытуцыйнасці гэтага нарматыўнага прававога акта да вышэйназваных упаўнаважаных органаў, надзеленых правам унясення ў Канстытуцыйны Суд такіх прапаноў.

Разглядаць пытанні аб канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў па ўласнай ініцыятыве і на падставе зваротаў грамадзян Канстытуцыйны Суд не ўпаўнаважаны.

Такім чынам, узбуджэнне Канстытуцыйным Судом вядзення па справе аб праверцы канстытуцыйнасці Дэкрэта і дача заключэння аб яго адпаведнасці Канстытуцыі магчымы толькі ў выпадку ўнясення адпаведнай прапановы ўпаўнаважаным органам. 

Парадак накiравання ініцыятыўных зваротаў упаўнаважаным органам для ўнясення адпаведнай прапановы ў Канстытуцыйны Суд вызначаецца главой 5 Закона «Аб канстытуцыйным судаводстве», а таксама заканадаўчымі актамі, якія замацоўваюць прававы статус органаў, надзеленых правам унясення ў Канстытуцыйны Суд адпаведных прапаноў, і прынятымі ў адпаведнасці з імі нарматыўнымі прававымі актамі.

2. Звароты, якія змяшчаюць інфармацыю аб наяўнасці ў нарматыўных прававых актах прабелаў, калізій і прававой нявызначанасці, разглядаюцца Канстытуцыйным Судом у адпаведнасці з главой 24 Закона «Аб канстытуцыйным судаводстве» і главой 10 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь. 

У выніку вывучэння пытанняў, пастаўленых у зваротах, у адпаведнасці з артыкулам 158 Закона «Аб канстытуцыйным судаводстве», пунктамі 49, 51 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда прабелаў, калізій і прававой нявызначанасці, якія маюць канстытуцыйна-прававое значэнне і з'яўляюцца падставай для ўзбуджэння Канстытуцыйным Судом вядзення па справе, не выяўлена.

3. Канстытуцыйны Суд ажыццяўляе абавязковы папярэдні кантроль канстытуцыйнасці законаў, прынятых Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і адобраных Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, – да падпісання дадзеных законаў Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Ацэньваючы канстытуцыйнасць законаў, якія прадугледжвалі ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь (у частцы аднясення збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў, уведзенага Дэкрэтам, да рэспубліканскіх падаткаў, збораў (пошлін)) і ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (у частцы замацавання адміністрацыйнай адказнасці за нявыплату або няпоўную выплату ўказанага збору), Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што такое прававое рэгуляванне грунтуецца на палажэннях артыкулаў 56 і 133 Канстытуцыі і накіравана на выкананне абавязку плаціць законна ўстаноўленыя падаткі, пошліны і іншыя плацяжы. Выплата падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў з'яўляецца безумоўным патрабаваннем дзяржавы, якое вынiкае з канстытуцыйнага абавязку кожнага прымаць удзел у фінансаванні дзяржаўных расходаў (артыкул 56 Канстытуцыі).

З рашэннямі Канстытуцыйнага Суда ад 28 снежня 2015 г. № Р-1017/2015 «Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці і падаткаабкладання» і ад 29 снежня 2015 г. № Р-1026/2015 «Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях» можна азнаёміцца на Нацыянальным прававым Інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь – www.pravo.by і на сайце Канстытуцыйнага Суда – www.kc.gov.by. 

Начальнік Сакратарыята                                                                    А.В.Каравай