Пасланнi Канстытуцыйнага Суда

Прэзідэнту  
Рэспублiкi Беларусь  

Палаце прадстаўнікоў  
Нацыянальнага сходу  
Рэспублікі Беларусь

  Савету Рэспублікі
Нацыянальнага сходу 
Рэспублiкi Беларусь

 

ПАСЛАННЕ
КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ

  АБ СТАНЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАЙ ЗАКОННАСЦІ
Ў РЭСПУБЛIЦЫ БЕЛАРУСЬ У 2016 ГОДЗЕ

Вяршэнства права аб’ядноўвае важнейшыя каштоўнасці цывілізаванага чалавецтва і выступае базавым прынцыпам міжнароднага права і нацыянальных канстытуцый, якім кіруюцца сучасныя дэмакратычныя дзяржавы.

Вяршэнства права азначае звязанасць дзяржавы правам, асноўнымі правамі і свабодамі чалавека і грамадзяніна. Як прынцып канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, вяршэнства права абавязвае дзяржаву, усе яе органы і службовых асоб дзейнічаць у межах Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства.

У адпаведнасці з прынцыпам вяршэнства права і нормамі дзеючага на канстытуцыйнай аснове выбарчага заканадаўства ў верасні 2016 года адбыліся выбары ў Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь. Народ як адзіная крыніца дзяржаўнай улады такім чынам упаўнаважыў новы склад Парламента выконваць канстытуцыйную функцыю – прымаць законы як нарматыўныя прававыя акты, якія рэгулююць найбольш важныя грамадскія адносіны, накіраваныя на дасягненне канстытуцыйных мэт.

У сістэме прававых каштоўнасцей законы выступаюць эфектыўнай канстытуцыйна-прававой формай выяўлення, арганізацыі і абароны правоў і свабод. Пры гэтым з прынцыпу вяршэнства права вынікае абавязак прыняцця законаў з прававым зместам, гэта значыць прававых законаў, якія вызначаюць баланс свабоды, улады, канстытуцыйных каштоўнасцей на пачатках роўнасці і справядлівасці.

Вяршэнства права прадугледжвае прававую ахову Канстытуцыі, наяўнасць канстытуцыйнага кантролю, які забяспечвае несупярэчлівасць канстытуцыйным палажэнням заканатворчага працэсу і правапрымяняльнай дзейнасці. Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь, рэалізуючы свае паўнамоцтвы, сцвярджае вяршэнства Канстытуцыі, канстытуцыйную законнасць, абараняе правы і свабоды чалавека і грамадзяніна праз канстытуцыйнае правасуддзе.

I

Важнейшымі ўмовамі развіцця Рэспублікі Беларусь як прававой дзяржавы, эфектыўнага функцыянавання дзяржаўнай улады, забеспячэння і гарантавання правоў і свабод чалавека і грамадзяніна з’яўляюцца прытрымліванне і ўмацаванне канстытуцыйнай законнасці, якая праяўляецца перш за ўсё ў адпаведнасці законаў Канстытуцыі. На зацвярджэнне канстытуцыйнай законнасці накіравана дзейнасць Канстытуцыйнага Суда, які на падставе Канстытуцыі, Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў і Закона «О конституционном судопроизводстве» ажыццяўляе паўнамоцтва па правядзенні абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў, прынятых Нацыянальным сходам, да падпісання іх Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Канстытуцыйны Суд у 2016 годзе ў парадку ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю праверыў канстытуцыйнасць 53 законаў, кіруючыся канстытуцыйным прынцыпам вяршэнства права, зыходзячы з неабходнасці паслядоўнай і эфектыўнай рэалізацыі канстытуцыйных каштоўнасцей, абароны правоў і свабод чалавека і грамадзяніна. Пры гэтым улічваліся абавязацельствы Рэспублікі Беларусь па выкананні міжнародна-прававых актаў, у тым ліку актаў, якія складаюць права Еўразійскага эканамічнага саюза.

1. Згодна з Канстытуцыяй дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры для стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй; законы выдаюцца на аснове і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй.

Зыходзячы з канстытуцыйных палажэнняў, Канстытуцыйны Суд праз выяўленне канстытуцыйна-прававога сэнсу норм законаў фармуляваў прававыя пазіцыі, канстатуючы, што заканадаўчая дзейнасць павінна грунтавацца на вяршэнстве права, важнейшымі састаўляючымі якога з’яўляюцца законнасць, прававая вызначанасць, забарона самавольства, доступ да правасуддзя ў незалежных і непрадузятых судах, захаванне правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, недыскрымінацыя і роўнасць усіх перад законам.

1.1. Аб прытрымліванні і рэалізацыі ў заканатворчым працэсе прынцыпу вяршэнства права і яго важнейшага элемента – даступнасці правасуддзя, якая выражаецца ў гарантаванні кожнаму права на судовую абарону кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом, канстатавана ў шэрагу рашэнняў Канстытуцыйнага Суда, вынесеных у парадку ажыццяўлення абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў.

Так, грунтуючыся на палажэннях артыкулаў 2, 6, 21, 60 і главы 6 «Суд» Канстытуцыі, а таксама палажэннях Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (артыкул 8) і Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (артыкул 14), Канстытуцыйны Суд пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в законы Республики Беларусь по вопросам судоустройства и судопроизводства» у рашэнні ад 14 снежня 2016 г. прыйшоў да вываду аб тым, што палажэнні артыкула 1 дадзенага Закона накіраваны на развіццё і забеспячэнне канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону сваіх правоў і свабод, а таксама вызначаных Канстытуцыяй у якасці гарантый кампетэнтнай, незалежнай і непрадузятай судовай абароны такіх прынцыпаў ажыццяўлення правасуддзя, як незалежнасць суддзяў і падпарадкаванне іх толькі закону; калегіяльны, а ў прадугледжаных законам выпадках – аднаасобны разгляд спраў суддзямі ў судах і адкрыты разбор спраў ва ўсіх судах; спаборнасць і роўнасць бакоў у працэсе; абавязковасць судовых пастаноў для ўсіх грамадзян і службовых асоб. Уносімыя артыкулам 1 Закона ў Кодэкс аб судаўладкаванні і статусе суддзяў змяненні і дапаўненні маюць на мэце далейшае стварэнне механізмаў рэалізацыі права кожнага на судовую абарону для больш эфектыўнай абароны правоў, свабод і законных інтарэсаў праз правасуддзе, якое адпавядае канстытуцыйна вызначаным крытэрыям.

Пры ацэнцы канстытуцыйнасці новай рэдакцыі часткі чацвёртай артыкула 22 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, што датычыцца ініцыятыўных зваротаў грамадзян, індывідуальных прадпрымальнікаў і арганізацый, якія накіроўваюцца ўпаўнаважаным органам для магчымага ўнясення ў Канстытуцыйны Суд прапаноў аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў, зроблены вывад аб тым, што ўстанаўліваемае прававое рэгуляванне ініцыятыўных зваротаў, якое азначае пераход ад абстрактнага да канкрэтнага канстытуцыйнага нармакантролю, накіравана на больш поўную рэалізацыю палажэння Канстытуцыі аб ажыццяўленні кантролю за канстытуцыйнасцю нарматыўных актаў у дзяржаве, ускладзенага на Канстытуцыйны Суд, на ўзмацненне ролі канстытуцыйнага кантролю ў абароне канстытуцыйных каштоўнасцей, забеспячэнні вяршэнства Канстытуцыі і яе непасрэднага дзеяння.

Канстытуцыйны Суд таксама ўказаў, што ўскосны доступ грамадзян да канстытуцыйнага правасуддзя прызнаны Еўрапейскай камісіяй за дэмакратыю праз права (Венецыянскай камісіяй) важным інструментам забеспячэння індывідуальных правоў чалавека на канстытуцыйным узроўні. Нягледзячы на залежнасць эфектыўнасці ўскоснага доступу ад здольнасці ўпаўнаважаных органаў выяўляць патэнцыяльна неканстытуцыйныя нарматыўныя акты і іх гатоўнасці звяртацца з заявай у канстытуцыйны суд або орган роўнай юрысдыкцыі, вартасцю ўскоснага доступу грамадзян з’яўляецца добры ўзровень інфармаванасці органаў, упаўнаважаных накіроўваць скаргі ў канстытуцыйны суд, і наяўнасць у іх неабходных юрыдычных навыкаў, якія дазваляюць сфармуляваць карэктны запыт (рашэнне Венецыянскай камісіі ад 17–18 снежня 2010 г.).

Пры ажыццяўленні папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці новай рэдакцыі артыкула 1 Закона Рэспублікі Беларусь «О противодействии экстремизму» ў рашэнні ад 12 красавіка 2016 г. Канстытуцыйны Суд адзначыў, што ўстанаўліваемы Законам судовы парадак прызнання матэрыялаў і арганізацый экстрэмісцкімі, які выключае аналагічныя паўнамоцтвы іншых дзяржаўных органаў і службовых асоб, з’яўляецца дадатковай гарантыяй абароны правоў і свабод чалавека, прадугледжанай артыкулам 60 Канстытуцыі, і адпавядае міжнародна-прававым стандартам у галіне адпраўлення правасуддзя (артыкулы 8 і 10 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, артыкул 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, артыкул 6 Еўрапейскай канвенцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод), пры прытрымліванні якіх забяспечваюцца дэмакратычная практыка і законнасць.

У рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 6 ліпеня 2016 г., прынятым у выніку праверкі канстытуцыйнасці палажэнняў Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Уголовно-исполнительный кодекс Республики Беларусь», указана, што ў развіццё норм Канстытуцыі аб праве кожнага на судовую абарону (частка першая артыкула 60) і аб устанаўленні прынцыпу вяршэнства права (частка першая артыкула 7), а таксама ў мэтах выканання шэрагу раней прынятых рашэнняў Канстытуцыйнага Суда ўдакладняецца парадак абскарджання ў суд рашэнняў аб прымяненні мер спагнання да асуджаных да арышту, пазбаўлення волі. Зыходзячы з таго, што парадак разгляду такіх скарг у судзе ўрэгуляваны Грамадзянскім працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь (далей – ГПК), у Законе вызначаецца адпаведная ўзаемасувязь заканадаўчых палажэнняў і тым самым устараняецца калізія з нормамі Крымінальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – КВК).

У шэрагу рашэнняў пры выяўленні канстытуцыйна-прававога сэнсу палажэнняў законаў Канстытуцыйны Суд зыходзіў з таго, што ў дзяржаве, якая грунтуецца на вяршэнстве права, значная роля адводзіцца забеспячэнню законнасці і правапарадку. Пры гэтым прынцып законнасці ў заканатворчым працэсе азначае вяршэнства закона над падзаконнымі прававымі актамі, а таксама неабходнасць строгага і няўхільнага выканання законаў усімі суб’ектамі права, у тым ліку органамі дзяржаўнай улады, службовымі і іншымі асобамі, якія ажыццяўляюць дзяржаўныя функцыі і абавязаны дзейнічаць у межах нададзеных ім правоў і ўскладзеных на іх абавязкаў, што ў канчатковым выніку спрыяе ўмацаванню канстытуцыйнага правапарадку.

Так, правяраючы канстытуцыйнасць норм Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Уголовный кодекс Республики Беларусь, Кодекс Республики Беларусь об административных правонарушениях и Процессуально-исполнительный кодекс Республики Беларусь об административных правонарушениях», якія замацоўваюць парадак вядзення адміністрацыйнага працэсу па справах аб парушэннях патрабаванняў, якія змяшчаюцца ў тэхнічных рэгламентах Мытнага саюза і Еўразійскага эканамічнага саюза, Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 8 ліпеня 2016 г. указаў, што надзяленне вызначаемых Законам дзяржаўных органаў і службовых асоб паўнамоцтвамі па складанні пратаколаў і разглядзе спраў аб названых адміністрацыйных правапарушэннях адпавядае выконваемым гэтымі органамі задачам і функцыям, абавязку дзяржавы па стварэнні неабходных прававых умоў для выканання дадзеных патрабаванняў, што адпавядае канстытуцыйнаму палажэнню аб забеспячэнні Рэспублікай Беларусь законнасці і правапарадку.

У рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 13 кастрычніка 2016 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «Об исполнительном производстве» адзначана, што пры замацаванні прынцыпаў выканаўчага вядзення заканадавец зыходзіў перш за ўсё з вяршэнства Канстытуцыі, валодаючай найвышэйшай юрыдычнай сілай, якая азначае, што законы, дэкрэты, указы і іншыя акты дзяржаўных органаў выдаюцца на аснове і ў адпаведнасці з Канстытуцыяй. Так, ажыццяўленне выканаўчага вядзення на аснове прынцыпу законнасці, які прадугледжвае няўхільнае выкананне ўсімі органамі дзяржаўнай улады, службовымі асобамі, грамадзянамі і арганізацыямі патрабаванняў Канстытуцыі, законаў і іншых нарматыўных прававых актаў, вынікае з палажэнняў часткі першай артыкула 1, часткі другой артыкула 2, частак першай і другой артыкула 7 Канстытуцыі; прынцыпы раўнапраўя і добрасумленнасці бакоў выканаўчага вядзення, а таксама павагі гонару і годнасці грамадзяніна заснаваны на палажэннях артыкула 22, часткі першай артыкула 25, артыкулаў 28 і 53 Канстытуцыі.

Пры ажыццяўленні кантролю канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам декларирования доходов и имущества» былі ацэнены нормы Закона Рэспублікі Беларусь «О декларировании физическими лицами доходов и имущества по требованию налоговых органов», якія замацоўваюць кампетэнцыю Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь па прававой рэгламентацыі шэрагу пытанняў у сферы дэкларавання. У рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 27 снежня 2016 г. канстатавана, што дадзеныя нормы грунтуюцца на адпаведных палажэннях артыкула 107 Канстытуцыі. Адначасова Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу на неабходнасць у працэсе рэалізацыі ўскладаемых на Савет Міністраў паўнамоцтваў ажыццяўляць прававое рэгуляванне такім чынам, каб не закраналіся правы фізічных асоб, што падлягаюць устанаўленню, карэкціроўцы, адмене толькі на ўзроўні закона, з выкананнем патрабаванняў часткі першай артыкула 23 Канстытуцыі, якая дапускае магчымасць абмежавання правоў і свабод асобы толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, і ў канстытуцыйна значных інтарэсах, а таксама артыкула 28 Канстытуцыі, якi замацоўвае права кожнага на абарону ад незаконнага ўмяшання ў яго асабістае жыццё.

Такім чынам, рэалізацыя прынцыпу вяршэнства права ў заканатворчым працэсе праз захаванне і развіццё канстытуцыйных каштоўнасцей, прынцыпаў і норм пры рэгуляванні грамадскіх адносін з’яўляецца галоўнай умовай забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі, абароны канстытуцыйных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, зацвярджэння канстытуцыйнай законнасці.

1.2. Неад’емнай састаўляючай вяршэнства права ў заканатворчай дзейнасці з’яўляецца прынцып прававой вызначанасці, з улікам якога Канстытуцыйны Суд у шэрагу рашэнняў фармуляваў прававыя пазіцыі, накіраваныя на ўстараненне ў заканадаўчых актах калізій, прабелаў і прававой нявызначанасці, фарміраванне прававой сістэмы, дзе нарматыўныя прававыя акты знаходзяцца ва ўзаемасувязі, адпавядаюць адзін аднаму, забяспечваюцца яснасць, дакладнасць і лагічная ўзгодненасць прававых норм. Няўхільнае выкананне заканадаўцам прынцыпу прававой вызначанасці спрыяе прававой бяспецы і прадказальнасці прававога рэгулявання, павышае гарантыі дзяржаўнай абароны канстытуцыйных правоў і свабод асобы, служыць важным інструментам падтрымання даверу грамадзян да дзяржаўнай улады і яе інстытутаў.

Правяраючы канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам противодействия незаконному обороту наркотических средств, психотропных веществ, их прекурсоров и аналогов», у рашэнні ад 8 ліпеня 2016 г. Канстытуцыйны Суд указаў на прававую калізію асобных норм дадзенага Закона з палажэннямі Закона Рэспублікі Беларусь «Об информации, информатизации и защите информации». Так, згодна з правяраемым Законам парадак фарміравання і вядзення Адзінай сістэмы ўліку асоб, якія спажываюць наркатычныя сродкі, псіхатропныя рэчывы, іх аналагі (далей – Адзіная сістэма ўліку), устанаўліваецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, парадак абмену звесткамі аб асобах, уключаных у гэту сістэму, – Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь сумесна з Міністэрствам унутраных спраў Рэспублікі Беларусь, у той час як у адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 18 Закона «Об информации, информатизации и защите информации» парадак атрымання, перадачы, збору, апрацоўкі, назапашвання, захоўвання і прадастаўлення інфармацыі аб прыватным жыцці фізічнай асобы і персанальных даных, а таксама карыстання імі ўстанаўліваецца заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Канстытуцыйны Суд неаднаразова адзначаў, што звесткі, на падставе якіх можна ўстанавіць асобу чалавека, адносяцца да персанальных даных (інфармацыі абмежаванага доступу), якія патрабуюць у сувязі з іх характарам выканання працэдуры апрацоўкі або выкарыстання такіх даных, каб пазбегнуць парушэння права на недатыкальнасць прыватнага жыцця. Улічваючы, што Адзіная сістэма ўліку прадугледжвае наяўнасць у ёй звестак аб прыватным жыцці і персанальных даных, патрабаванне абароны якіх вынікае з часткі трэцяй артыкула 34 Канстытуцыі, у мэтах выканання канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права Канстытуцыйны Суд указаў заканадаўцу на неабходнасць устаранення выяўленай прававой калізіі і рэгламентавання пытанняў забеспячэння канфідэнцыяльнасці такой інфармацыі непасрэдна ў Законе Рэспублікі Беларусь «О наркотических средствах, психотропных веществах, их прекурсорах и аналогах» для ўзмацнення абароны канстытуцыйных правоў і законных інтарэсаў асоб, уключаных у Адзіную сістэму ўліку, папярэджання залішняга ўмяшання ў іх асабістае жыццё з боку дзяржавы і трэціх асоб.

Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «Об оценке соответствия техническим требованиям и аккредитации органов по оценке соответствия» Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 13 кастрычніка 2016 г. ажыццявіў ацэнку норм, якія надаюць права адпаведным органам і службовым асобам пры правядзенні праверак у ходзе ажыццяўлення кантролю (нагляду) у межах сваёй кампетэнцыі ў выпадках выяўлення пэўных парушэнняў выносіць прадпісанні аб прыпыненні (забароне) дзейнасці правяраемых суб’ектаў, з улікам прававой пазіцыі, выкладзенай ім у рашэнні ад 25 мая 2016 г. «О правовом регулировании приостановления деятельности юридических лиц и индивидуальных предпринимателей». Сутнасць прававой пазіцыі заключаецца ў тым, што прыпыненне дзейнасці ў залежнасці ад мэты і падстаў прымянення можа выступаць у якасці розных па сваёй прававой прыродзе мер адміністрацыйнага прававога прымусу. Пры гэтым адсутнасць у Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (далей таксама – КабАП) палажэнняў аб адказнасці за парушэнні заканадаўства, якая выражаецца ў адміністрацыйным прыпыненні дзейнасці як відзе адміністрацыйнага спагнання, а ў Працэсуальна-выканаўчым кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (далей таксама – ПВКабАП) – такой меры забеспячэння адміністрацыйнага працэсу, як часовая забарона дзейнасці, сведчыць аб наяўнасці прававой нявызначанасці заканадаўчага рэгулявання адпаведных адносін.

На неабходнасць устаранення прававой калізіі ўказана ў рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 27 снежня 2016 г., прынятым у выніку ажыццяўлення кантролю канстытуцыйнасці палажэнняў Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении дополнений и изменений в некоторые законы Республики Беларусь». У рашэнні адзначана, што комплексны аналіз норм правяраемага Закона сведчыць аб тым, што, карэкціруючы прававое рэгуляванне сацыяльных ільгот па плаце за карыстанне асобнымі жыллёва-камунальнымі паслугамі, у тым ліку ўстанаўліваючы сацыяльную льготу па плаце за тэхнічнае абслугоўванне ліфта для Герояў Беларусі, Герояў Савецкага Саюза і Герояў Сацыялістычнай Працы, поўных кавалераў ордэнаў Айчыны, Славы, Працоўнай Славы, ветэранаў і асоб, якія пацярпелі ад наступстваў войнаў, заканадавец грунтаваўся на змяненнях у прававым рэгуляванні структуры платы за жыллёва-камунальныя паслугі, якія прадугледжаны іншымі прынятымі пазней заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, у прыватнасці Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 31 снежня 2015 г. № 535 «О предоставлении жилищно-коммунальных услуг», але не знайшлі адлюстравання ў адпаведных палажэннях Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У сувязі з гэтым у мэтах рэалізацыі канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, прытрымлівання паўнаты, дакладнасці і ўзгодненасці норм аб правах і абавязках суб’ектаў жыллёвых адносін, больш поўнага забеспячэння яснасці і даступнасці для грамадзян заканадаўчых патрабаванняў, якія датычацца платы за жыллёва-камунальныя паслугі, зразумеласці зместу прадастаўляемых ім у гэтай галіне сацыяльных ільгот Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу заканадаўца на неабходнасць выключэння калізіі нарматыўных прававых актаў праз унясенне ў Жыллёвы кодэкс змяненняў, якія датычацца структуры платы за жыллёва-камунальныя паслугі.

Такім чынам, прававыя пазіцыі Канстытуцыйнага Суда аб неабходнасці ўстаранення ў правяраемых законах выяўленых прававых калізій, прабелаў і іншых дэфектаў прававога рэгулявання дазваляюць пераадольваць канстытуцыйна-прававую нявызначанасць норм законаў без прызнання іх неканстытуцыйнымі і, значыць, спрыяюць фарміраванню правапрымяняльнай практыкі на канстытуцыйна-прававой аснове. Такая дзейнасць Канстытуцыйнага Суда накіравана на дасягненне эфектыўнага канстытуцыйна-прававога рэгулявання і ўмацаванне канстытуцыйнай законнасці.

1.3. У шэрагу рашэнняў Канстытуцыйны Суд фармуляваў прававыя пазіцыі, адрасаваныя правапрымяняльнікам, з мэтай недапушчэння неканстытуцыйнага прымянення асобных палажэнняў законаў, якое на практыцы можа прывесці да парушэння канстытуцыйных правоў, свабод і законных інтарэсаў чалавека і грамадзяніна.

Так, у рашэнні ад 12 красавіка 2016 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении дополнений и изменений в некоторые законы Республики Беларусь» пры ацэнцы канстытуцыйнасці нормы Закона «О противодействии экстремизму», што ўстанаўлівае судовы парадак прызнання матэрыялаў і арганізацый экстрэмісцкімі, Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу судоў агульнай юрысдыкцыі на неабходнасць забеспячэння вяршэнства права і канстытуцыйных палажэнняў, якія гарантуюць асноўныя правы і свабоды грамадзян, пры прыняцці ўказаных рашэнняў, а таксама пры разглядзе канкрэтных крымінальных спраў аб злачынствах экстрэмісцкай накіраванасці. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд зыходзіў з таго, што крытыка якіх-небудзь дзеянняў прадстаўнікоў дзяржаўнай улады або іншых службовых асоб з’яўляецца неад’емным атрыбутам дэмакратычнай дзяржавы, паколькі гэта неабходна для забеспячэння адкрытасці дзяржаўных органаў, павышэння эфектыўнасці іх работы і якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва, у сувязі з чым такая крытыка сама па сабе не павінна разглядацца як праяўленне экстрэмізму, калі яна не пераходзіць мяжу, што аддзяляе гарантуемыя кожнаму свабоду меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выяўленне (частка першая артыкула 33 Канстытуцыі) ад учынення проціпраўных дзеянняў, прадугледжаных правяраемым Законам.

Грунтуючыся на прынцыпах і нормах Канстытуцыі, у прыватнасці артыкуле 28 Канстытуцыі, згодна з якім кожны мае права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў яго асабістае жыццё, у тым ліку ад замаху на тайну яго карэспандэнцыі, тэлефонных і іншых паведамленняў, на яго гонар і годнасць, у адзінстве з часткай трэцяй артыкула 34 Канстытуцыі, якая замацоўвае, што карыстанне інфармацыяй можа быць абмежавана заканадаўствам у мэтах абароны гонару, годнасці, асабістага і сямейнага жыцця грамадзян і поўнага ажыццяўлення імі сваіх правоў, Канстытуцыйны Суд сфармуляваў шэраг прававых пазіцый, накіраваных на абарону персанальных даных і іншай інфармацыі аб фізічнай асобе.

Так, у рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 14 снежня 2016 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении изменений и дополнений в законы Республики Беларусь по вопросам судоустройства и судопроизводства» дадзена ацэнка канстытуцыйнасці норм аб паўнамоцтвах суддзі на доступ, у тым ліку аддалены, да інфармацыйных сістэм дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, якія змяшчаюць персанальныя даныя, на атрыманне бязвыплатна без пісьмовай згоды фізічных асоб ад дзяржаўных органаў, іншых арганізацый звестак з інфармацыйных сістэм, якія змяшчаюць персанальныя даныя, па пісьмовым запыце або на падставе пагаднення аб прадастаўленні персанальных даных, заключанага Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь з уласнікам (уладальнікам) інфармацыйнага рэсурсу, а таксама паўнамоцтвах выканаўчага камітэта пасля папярэдняга адбору кандыдатаў у народныя засядацелі запытваць і атрымліваць ва ўстаноўленым парадку на бязвыплатнай аснове ад дзяржаўных органаў і іншых арганізацый без пісьмовай згоды грамадзян звесткі з інфармацыйных сістэм, якія змяшчаюць персанальныя даныя, даныя аб родзе заняткаў і іншыя звесткі аб кандыдатах у народныя засядацелі, па пісьмовым запыце або на падставе пагаднення аб прадастаўленні персанальных даных, заключанага з уласнікам (уладальнікам) інфармацыйнага рэсурсу (сістэмы). У названым рашэнні ўказана, што, дазваляючы трэцім асобам карыстацца персанальнымі данымі ў адпаведных выпадках незалежна ад згоды ўладальніка гэтых даных, заканадавец абмяжоўвае права дадзенай асобы ў рамках канстытуцыйнага права на абарону яе асабістага жыцця па сваім меркаванні распаўсюджваць і (або) прадастаўляць такую інфармацыю, дазваляць або абмяжоўваць доступ да яе, вызначаць парадак і ўмовы такога доступу. Канстытуцыйны Суд лічыць, што прадугледжваемыя Законам выпадкі карыстання персанальнымі данымі трэцімі асобамі без высвятлення волі ўладальніка такіх даных адпавядаюць канстытуцыйным палажэнням, паколькі вызначаны законам у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, абароны правоў і свабод іншых асоб, суразмерныя такім інтарэсам і абгрунтаваныя. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу правапрымяняльнікаў на тое, што для абароны грамадзяніна ад неапраўданага адвольнага ўмяшання ў яго асабістае жыццё рэалізацыя паўнамоцтваў па доступе, уключаючы аддалены, да інфармацыйных сістэм, якія змяшчаюць персанальныя даныя, без пісьмовай згоды фізічных асоб магчыма толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, павінна мець правамерныя мэты і быць неабходнай для іх дасягнення.

Аналагічныя вывады, якія датычацца абароны персанальных даных і іншай інфармацыі аб фізічнай асобе, сфармуляваны Канстытуцыйным Судом у адрас правапрымяняльнікаў і ў іншых рашэннях пры ацэнцы канстытуцыйнасці норм, якія рэгулююць падобныя грамадскія адносіны (рашэнні ад 2 чэрвеня 2016 г. № Р-1037, ад 6 ліпеня 2016 г. № Р-1050, ад 8 ліпеня 2016 г. № Р-1057 і ад 27 снежня 2016 г. № Р-1078).

У выніку ажыццяўлення кантролю канстытуцыйнасці дапаўненняў і змяненняў, што ўносяцца ў Закон Рэспублікі Беларусь «Об основах системы профилактики безнадзорности и правонарушений несовершеннолетних», у рашэнні ад 29 снежня 2016 г. Канстытуцыйны Суд выказаў прававую пазіцыю, згодна з якой з улікам асаблівай важнасці захавання правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, асаблівасцей іх інтэлектуальнага, духоўна-маральнага і псіхафізіялагічнага развіцця, абвостранага пачуцця незалежнасці і ўспрымання любой несправядлівасці пры рэалізацыі палажэнняў Закона, што прадугледжваюць магчымасць правядзення асабістага надгляду і надгляду рэчаў названых асоб, у кожным канкрэтным выпадку неабходна прытрымлівацца вызначаемай заканадаўцам мэты такіх надглядаў, а менавіта выяўлення і адабрання прадметаў і рэчываў, забароненых да захоўвання і выкарыстання ў адпаведных спецыяльных установах, у тым ліку здольных прычыніць шкоду здароўю; прытрымлівання асобамі, якія праводзяць надгляды, канстытуцыйных гарантый забеспячэння годнасці асобы і недапушчэння зневажаючага яе годнасць абыходжання, а таксама абароны ад замаху на годнасць (часткі першая і трэцяя артыкула 25, артыкул 28 Канстытуцыі).

Пры праверцы канстытуцыйнасці палажэнняў артыкулаў 65–67 Закона Рэспублікі Беларусь «О предоставлении иностранным гражданам и лицам без гражданства статуса беженца, дополнительной защиты, убежища и временной защиты в Республике Беларусь» у рашэнні ад 11 ліпеня 2016 г. Канстытуцыйны Суд адзначыў, што ў адпаведнасці з Заключэннем Выканаўчага камітэта УВКБ ААН па міжнароднай абароне № 96 (LIV) 2003 года любая высылка павінна ажыццяўляцца гуманна, з захаваннем правоў чалавека, а галоўным меркаваннем у гэтым выпадку павінны быць найлепшыя інтарэсы дзяцей. Зыходзячы з міжнародна-прававых стандартаў, якія патрабуюць захавання правоў дзяцей на асаблівую абарону і дапамогу, Канстытуцыйны Суд указаў, што пры прыняцці ў адносінах да іншаземцаў, на ўтрыманні якіх знаходзяцца дзеці, рашэнняў аб страце або ануляванні статусу бежанца або дадатковай абароны, а таксама страты або пазбаўлення сховішча правапрымяняльніку неабходна кіравацца таксама прынцыпам забеспячэння найлепшых інтарэсаў дзіцяці.

Такім чынам, грунтуючыся на прынцыпах і нормах Канстытуцыі, неабходнасці гарантавання дзяржавай правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, улічваючы, што Канстытуцыя надае заканадаўцу пэўныя дыскрэцыйныя паўнамоцтвы па рэгуляванні грамадскіх адносін, Канстытуцыйны Суд у мэтах павышэння эфектыўнасці заканадаўчага рэгулявання выкладаў прававыя пазіцыі, накіраваныя на забеспячэнне вяршэнства права і вяршэнства Канстытуцыі. Прававыя пазіцыі, адрасаваныя правапрымяняльнікам, фармуляваліся перш за ўсё для таго, каб суб’екты праваадносін пры выкананні законаў не скажалі выяўлены ў рашэннях Канстытуцыйнага Суда канстытуцыйна-прававы сэнс норм законаў, не дапускалі падмены адной канстытуцыйнай каштоўнасці другой або іх прымяншэння.

2. Выкананне і абарона канстытуцыйных правоў, свабод і законных інтарэсаў чалавека і грамадзяніна з’яўляюцца адным з галоўных элементаў прынцыпу вяршэнства права ў прававой дэмакратычнай дзяржаве, а таксама паказчыкам стану канстытуцыйнай законнасці і правапарадку ў грамадстве і дзяржаве. У той ж час заканадавец, зыходзячы са сваіх канстытуцыйных паўнамоцтваў, мае права ўстанаўліваць абмежаванні і забароны, кіруючыся пры гэтым прынцыпам прапарцыянальнасці, з улікам якога Канстытуцыйны Суд ацэньвае канстытуцыйнасць такога заканадаўчага рэгулявання. Пры праверцы ўводзімых заканадаўцам абмежаванняў у адносінах да асобных правоў і свабод у рашэннях Канстытуцыйнага Суда фармуляваліся прававыя пазіцыі, у тым ліку ў адрас правапрымяняльнікаў, з мэтай усведамлення канстытуцыйна-прававога сэнсу ўстанаўліваемых абмежаванняў, забеспячэння належнага балансу паміж канстытуцыйнымі правамі і свабодамі асобы і інтарэсамі дзяржавы і грамадства.

Так, Канстытуцыйным Судом дадзена ацэнка канстытуцыйнасці дапаўнення, уносімага ў артыкул 13 Закона Рэспублікі Беларусь «О борьбе с терроризмом», згодна з якiм асобы, якія праводзяць контртэрарыстычную аперацыю, маюць права ўваходзіць бесперашкодна, пры неабходнасці з пашкоджаннем замыкаючых прылад і іншых прадметаў, у любы час сутак у жыллё або іншыя законныя ўладанні грамадзян, у памяшканні і (або) іншыя аб’екты дзяржаўных органаў і іншых арганізацый і аглядаць іх пры праследаванні асоб, якія падазраюцца ва ўчыненні акта тэрарызму, стварэнні тэрарыстычнай арганізацыі, незаконнага ўзброенага фарміравання, кіраўніцтве імі або ўдзеле ў іх дзейнасці з далейшым паведамленнем аб гэтым пракурору на працягу 24 гадзін. У рашэнні ад 21 чэрвеня 2016 г. Канстытуцыйны Суд адзначыў, што правядзенне названых мерапрыемстваў звязана з умяшаннем у асабістае жыццё грамадзян і ў пэўнай меры абмяжоўвае прадугледжаныя Канстытуцыяй правы на абарону ад незаконнага ўмяшання ў асабістае жыццё (артыкул 28) і на недатыкальнасць жылля і іншых законных уладанняў (артыкул 29). Разам з тым, па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, такое абмежаванне з’яўляецца аб’ектыўна абумоўленым і вымушаным сродкам, неабходным для дасягнення сацыяльна апраўданай мэты барацьбы з тэрарызмам, паколькі ў адпаведнасці з часткай першай артыкула 23 Канстытуцыі яно дапушчальна ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб. Адначасова Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу правапрымяняльнікаў на неабходнасць няўхільнага выканання патрабаванняў разумнай суразмернасці дапушчальных і апраўданых абмежаванняў правоў і свабод асобы мэтам абароны канстытуцыйных асноў бяспекі грамадства і дзяржавы шляхам дасягнення балансу абараняемых каштоўнасцей.

Правяраючы канстытуцыйнасць змяненняў і дапаўненняў, якія ўносяцца ў КВК, Канстытуцыйны Суд, улічваючы канстытуцыйныя паўнамоцтвы заканадаўца, у рашэнні ад 6 ліпеня 2016 г. канстатаваў, што прававое рэгуляванне, накіраванае на прыцягненне асуджаных ва ўстаноўленым законам парадку да абавязковай працы, не можа разглядацца як адвольнае ўскладанне на іх дадатковых абавязкаў, паколькі назначэнне судом асуджанаму пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі абумоўлівае неабходнасць і магчымасць выкарыстоўваць у сілу закона ў якасці аднаго з асноўных сродкаў выпраўлення асуджаных іх прыцягненне да калектыўна карыснай працы. У сувязі з гэтым прадугледжваемыя ў заканадаўчым парадку патрабаванні, абавязкі і забароны аб’ектыўна апраўданыя, абгрунтаваныя, адпавядаюць канстытуцыйна значным мэтам, частцы першай артыкула 23 Канстытуцыі. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу правапрымяняльнікаў на неабходнасць пры рэалізацыі палажэнняў правяраемага Закона, якія вызначаюць парадак і ўмовы выканання і адбывання асуджанымі пакарання і іншых мер крымінальнай адказнасці, зыходзіць з таго, што асновай прававога статусу такіх асоб з’яўляецца агульны прававы статус асобы, замацаваны ў раздзеле II Канстытуцыі, за выключэннямі, неабходнымі для дасягнення мэт крымінальнага пакарання з улікам гарантый абароны правоў, свабод і законных інтарэсаў асуджаных, устаноўленых законам умоў прымянення ў адносінах да іх пакарання і іншых мер крымінальнай адказнасці, гарантый сацыяльнай справядлівасці, іх сацыяльнай, прававой і іншай абароненасці.

Такім чынам, пры ажыццяўленні кантролю за канстытуцыйнасцю заканадаўчых палажэнняў аб абмежаваннях і забаронах Канстытуцыйны Суд грунтуецца на сфармуляваных раней і не губляючых актуальнасці прававых пазіцыях, згодна з якімі ўвядзенне абмежаванняў і забарон для выканання дзяржавай сваіх канстытуцыйных функцый і абавязкаў не павінна ажыццяўляцца заканадаўцам адвольна, быць несправядлівым і неабгрунтаваным. Выкананне прынцыпу прапарцыянальнасці пры ўстанаўленні абмежаванняў і забарон дазваляе дасягнуць балансу паміж канстытуцыйнымі правамі і свабодамі асобы і публічнымі інтарэсамі дзяржавы і грамадства. Заканадавец абавязаны таксама ўлічваць, што любыя абмежаванні канстытуцыйных правоў і свабод павінны не толькі быць юрыдычна дапушчальнымі, але і адпавядаць патрабаванням справядлівасці і суразмернасці канстытуцыйна прызнаваемым мэтам такіх абмежаванняў, гэта значыць зыходзячы з вяршэнства Канстытуцыі і з прытрымліваннем прынцыпу вяршэнства права, які мае значэнне ўніверсальнай каштоўнасці, на якой базіруюцца гарантыі правоў і свабод асобы.

3. У Канстытуцыі ўстанаўліваецца, што Рэспубліка Беларусь валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе ўнутраную і знешнюю палітыку; у адпаведнасці з нормамі міжнароднага права можа на добраахвотнай аснове ўваходзіць у міждзяржаўныя ўтварэнні і выходзіць з іх.

З улікам узятых Рэспублікай Беларусь міжнародных абавязацельстваў працягваецца працэс гарманізацыі нацыянальнага заканадаўства ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза (далей таксама – ЕАЭС), што прадугледжвае ўнясенне адпаведных змяненняў і дапаўненняў у заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Пры ацэнцы канстытуцыйнасці такіх змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыйны Суд, грунтуючыся на прынцыпах і нормах Канстытуцыі, у шэрагу рашэнняў фармуляваў прававыя пазіцыі ў адрас заканадаўца і правапрымяняльнікаў з улікам суадносін міжнароднага і нацыянальнага права.

Так, пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «О карантине и защите растений» у рашэнні ад 6 ліпеня 2016 г. Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу на норму, якая ўстанаўлівае, што калі іншае не прадугледжана міжнародна-прававымі актамі, якія складаюць права Еўразійскага эканамічнага саюза, то ўвоз у Рэспубліку Беларусь падкаранціннай прадукцыі з высокай фітасанітарнай рызыкай дапускаецца пры наяўнасці фітасанітарнага сертыфіката на такую прадукцыю. Канстытуцыйны Суд лічыць, што заканадаўчае патрабаванне аб наяўнасці пры ўвозе ў Рэспубліку Беларусь падкаранціннай прадукцыі з высокай фітасанітарнай рызыкай адпаведнага сертыфіката накіравана на забеспячэнне гарантый рэалізацыі правоў грамадзян на ахову здароўя і спрыяльнае навакольнае асяроддзе (частка першая артыкула 45 і частка першая артыкула 46 Канстытуцыі), а таксама на выкананне канстытуцыйнага абавязку дзяржавы прымаць адпаведныя меры па ахове навакольнага асяроддзя, які вынікае з часткі другой артыкула 46 Канстытуцыі.

Канстытуцыйны Суд праверыў канстытуцыйнасць змяненняў і дапаўненняў, якія ўносяцца ў Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь і КабАП, што прадугледжваюць адпаведна крымінальную адказнасць за парушэнне санітарна-эпідэміялагічных, гігіенічных патрабаванняў і працэдур, устаноўленых тэхнічнымі рэгламентамі Мытнага саюза, ЕАЭС, ці санітарных норм і правіл, гігіенічных нарматываў, якое выклікала па неасцярожнасці захворванні або атручэнні людзей, і адміністрацыйную адказнасць за аналагічныя дзеянні, якія не выклікалі названых вынікаў, а таксама адміністрацыйную адказнасць за парушэнне патрабаванняў такіх тэхнічных рэгламентаў. У рашэнні ад 8 ліпеня 2016 г. Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду аб тым, што прадугледжваемае прававое рэгуляванне абумоўлена неабходнасцю далейшага развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі і прызначана дапамагаць вырашэнню агульных задач, якія стаяць перад дзяржавамі – членамі дадзенага міждзяржаўнага ўтварэння, па ўстойлівым эканамічным развіцці, усебаковай мадэрнізацыі і ўзмацненні канкурэнтаздольнасці нацыянальных эканомік у рамках глабальнай эканомікі. Зыходзячы з актуальнасці пытанняў суадносін нацыянальнага і наднацыянальнага права, Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу заканадаўца на неабходнасць пры далейшым удасканальванні нарматыўна-прававога рэгулявання адпаведных адносін улічваць таксама права ЕАЭС, забяспечваючы адзіныя прынцыпы і падыходы да гарманізацыі і ўніфікацыі заканадаўства.

У ходзе праверкі канстытуцыйнасці змяненняў, якія ўносяцца ў артыкулы 10 і 15 Закона «О наркотических средствах, психотропных веществах, их прекурсорах и аналогах», у рашэнні ад 8 ліпеня 2016 г. Канстытуцыйны Суд адзначыў, што прававое рэгуляванне адносін, звязаных з названымі аб’ектамі, на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца не толькі нацыянальным заканадаўствам, але і прававымі актамі, якія складаюць нарматыўную прававую базу ЕАЭС. Такое прававое рэгуляванне грунтуецца на норме часткі другой артыкула 8 Канстытуцыі, згодна з якой Рэспубліка Беларусь у адпаведнасці з нормамі міжнароднага права можа на добраахвотнай аснове ўваходзіць у міждзяржаўныя ўтварэнні і выходзіць з іх. Канстытуцыйны Суд таксама канстатаваў, што парадак увозу на мытную тэрыторыю ЕАЭС і вывазу з яго мытнай тэрыторыі наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў, парадак перамяшчэння і перавозкі дадзеных сродкаў прадугледжваюцца ў шэрагу міжнародна-прававых актаў, абавязковых для прымянення Рэспублікай Беларусь. Удзел Беларусі ў ЕАЭС абумоўлівае неабходнасць выпрацоўкі на заканадаўчым узроўні і ў правапрымяняльнай практыцы адзіных падыходаў.

У рашэнні ад 13 кастрычніка 2016 г., вынесеным у выніку праверкі канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «Об оценке соответствия техническим требованиям и аккредитации органов по оценке соответствия», адзначана, што тэхнічныя рэгламенты ЕАЭС, рашэнні пастаянна дзеючага органа – Еўразійскай эканамічнай камісіі, прынятыя ў рамках яе паўнамоцтваў, прызнаюцца ў Рэспубліцы Беларусь актамі, якія рэгулююць адносіны ў галіне ацэнкі адпаведнасці тэхнічным патрабаванням тэхнічных рэгламентаў ЕАЭС. Разам з тым з улікам вяршэнства Канстытуцыі і палажэння прэамбулы Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе, якое прадугледжвае неабходнасць безумоўнага прытрымлівання ўсімі яго бакамі прынцыпу вяршэнства канстытуцыйных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўстанаўліваемы названым Законам прыярытэт права ЕАЭС у рэгуляванні адпаведных адносін не павінен прыводзіць да парушэння правоў і свабод грамадзян, гарантаваных Канстытуцыяй.

Пры выпрацоўцы прававых пазіцый, звязаных з гарманізацыяй і ўніфікацыяй нацыянальнага і наднацыянальнага заканадаўства, Канстытуцыйны Суд зыходзіць з вяршэнства Канстытуцыі, неабходнасці забеспячэння вяршэнства права на нацыянальным і міжнародным узроўнях, прызнання дзяржавай агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права, недапушчэння зніжэння гарантаванасці і абароны канстытуцыйных правоў і свабод чалавека і грамадзяніна. 

II

Канстытуцыйны Суд у адпаведнасці з часткай чацвёртай артыкула 116 Канстытуцыі і часткай першай артыкула 22 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў па прапановах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Палаты прадстаўнікоў, Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь дае заключэнні аб канстытуцыйнасці нарматыўных актаў у парадку ажыццяўлення наступнага канстытуцыйнага кантролю.

У 2016 годзе ўпаўнаважаныя суб’екты з прапановамі аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў у Канстытуцыйны Суд не звярталіся. Гэта сведчыць аб тым, што ў цяперашні час органы дзяржаўнай улады ўсіх узроўняў у ходзе падрыхтоўкі і прыняцця законаў знаходзяць канструктыўныя рашэнні па ўрэгуляванні грамадскіх адносін пры няўхільным выкананні канстытуцыйных прадпісанняў.

У адпаведнасці з часткай чацвёртай артыкула 22 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў грамадзяне, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі, арганізацыі маюць права звяртацца з ініцыятывай аб унясенні прапаноў, разгляд якіх падведамны Канстытуцыйнаму Суду, да органаў, якія валодаюць правам унясення ў Канстытуцыйны Суд такіх прапаноў.

У 2016 годзе ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Палату прадстаўнікоў і Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу, Савет Міністраў паступілі 72 ініцыятыўныя звароты. У зваротах ставіліся пытанні аб неадпаведнасці, па меркаванні заяўнікаў, Канстытуцыі асобных палажэнняў нарматыўных прававых актаў, якія маглі б стаць прадметам разгляду ў Канстытуцыйным Судзе. Аднак прапаноў, заснаваных на ініцыятыўных зваротах, ад упаўнаважаных суб’ектаў у Канстытуцыйны Суд не паступала.

У мэтах павышэння дзейснасці ўскоснага доступу да канстытуцыйнага правасуддзя Законам Рэспублікі Беларусь ад 22 снежня 2016 года «О внесении изменений и дополнений в законы Республики Беларусь по вопросам судоустройства и судопроизводства» ў Кодэкс аб судаўладкаванні і статусе суддзяў і Закон «О конституционном судопроизводстве» ўнесены шэраг змяненняў і дапаўненняў, у тым ліку звязаных з удасканальваннем працэдуры вывучэння і адбору змешчаных у ініцыятыўных зваротах грамадзян і арганізацый пытанняў, якія падлягаюць праверцы Канстытуцыйным Судом. Удакладненне прававой рэгламентацыі парадку накіравання ініцыятыўных зваротаў, іх разгляду і ўнясення ўпаўнаважанымі органамі заснаванай на ініцыятыўным звароце прапановы ў Канстытуцыйны Суд накіравана на эфектыўнае выкарыстанне ўскоснага доступу да канстытуцыйнага правасуддзя для ўзмацнення гарантый абароны канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян.

III

Згодна з абзацам восьмым часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў да кампетэнцыі Канстытуцыйнага Суда адносіцца прыняцце рашэнняў аб устараненні ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці. Падставай для ўзбуджэння вядзення па такіх справах у адпаведнасці з часткай першай артыкула 158 Закона «О конституционном судопроизводстве» з’яўляюцца паступіўшыя ў Канстытуцыйны Суд звароты дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, а таксама грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, якія змяшчаюць інфармацыю аб наяўнасці ў нарматыўных прававых актах прабелаў, калізій і прававой нявызначанасці.

У 2016 годзе ў Канстытуцыйны Суд ад грамадзян і юрыдычных асоб паступіла 744 звароты, у тым ліку пісьмовых – 417, электронных – 148, вусных – 179. У зваротах пастаўлена больш як 780 пытанняў прававога характару, у прыватнасці аб праверцы канстытуцыйнасці нарматыўных прававых актаў, аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у нарматыўныя прававыя акты, аб устараненні ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці, аб тлумачэнні нарматыўных прававых актаў, аб выкананні і тлумачэнні рашэнняў Канстытуцыйнага Суда.

1. З улікам канстытуцыйна-прававога значэння пастаўленых у шэрагу зваротаў пытанняў Канстытуцыйным Судом у 2016 годзе прыняты рашэннi аб неабходнасці ўстаранення заканадаўцам прабелаў у прававым рэгуляванні права на абскарджанне рашэнняў падатковых органаў, дзеянняў (бяздзейнасці) іх службовых асоб, а таксама прававой нявызначанасці ў прававым рэгуляванні прыпынення дзейнасці юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.

1.1. У рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 26 красавіка 2016 г. «О праве на обжалование решений налоговых органов, действий (бездействия) их должностных лиц» звернута ўвага на тое, што асоба, указаная ў акце праверкі падатковага органа як асоба, якая дапусціла сваімі дзеяннямі (бяздзейнасцю) парушэнне падатковага заканадаўства, але спыніла працоўныя адносіны з арганізацыяй-даўжніком, у адпаведнасці з Падатковым кодэксам Рэспублікі Беларусь (далей – ПК) права на абскарджанне такога рашэння ў цяперашні час не мае.

У той жа час згодна з Канстытуцыяй дзяржава абавязана забяспечыць рэалізацыю канстытуцыйнага права на зварот у дзяржаўныя органы (артыкул 40) і доступ да правасуддзя кожнай асобе (артыкул 60), чые правы і законныя інтарэсы закранаюцца рашэннямі падатковых органаў, дзеяннямі (бяздзейнасцю) іх службовых асоб.

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, адсутнасць у заканадаўстве Рэспублікі Беларусь у іншых асоб, чые правы і законныя інтарэсы закранаюцца рашэннем падатковага органа, у адрозненне ад асоб, вызначаных у артыкуле 85 ПК, права на абскарджанне такога рашэння абмяжоўвае іх права на судовую абарону, не забяспечвае справядлівасць судовага рашэння, у сувязі з чым не захоўваецца баланс публічна-прававых і прыватнаправавых інтарэсаў. Нарматыўна-прававая рэгламентацыя, пры якой магчымасць ініцыіравання ацэнкі судом законнасці актаў падатковых органаў залежыць ад меркавання іншых асоб, не забяспечвае вяршэнства норм Канстытуцыі, якія гарантуюць кожнаму права на судовую абарону, не дазваляе ўсім зацікаўленым асобам належным чынам абараняць свае правы і законныя інтарэсы, не спрыяе своечасовасці і эфектыўнасці аднаўлення парушаных правоў. Канстытуцыйны Суд прызнаў, што дзеючае прававое рэгуляванне абскарджання рашэнняў падатковых органаў, дзеянняў (бяздзейнасці) іх службовых асоб не можа быць прызнана дастатковым для забеспячэння поўнай і эфектыўнай судовай абароны правоў і свабод як неабходнага элемента канстытуцыйна-прававога рэжыму, заснаванага на прынцыпах вяршэнства права і прававой дзяржавы. Зніжэнне ўзроўню гарантый судовай абароны асоб, правы і законныя інтарэсы якіх, па іх меркаванні, парушаюцца рашэннямі падатковых органаў, у параўнанні з асобамі, права якіх на аспрэчванне такіх рашэнняў устаноўлена ў заканадаўчым парадку, нельга прызнаць справядлівым і суразмерным канстытуцыйна абараняемым інтарэсам.

У мэтах выканання канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права і законнасці, рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным устараненне заканадаўцам прабелу канстытуцыйна-прававога рэгулявання права на абскарджанне рашэнняў падатковых органаў, дзеянняў (бяздзейнасці) іх службовых асоб шляхам унясення ў ПК змяненняў і дапаўненняў, якія прадугледжваюць права кожнай асобы на абскарджанне рашэнняў падатковых органаў, дзеянняў (бяздзейнасці) іх службовых асоб, калі, па меркаванні асобы, такія рашэнні, дзеянні або бяздзейнасць парушаюць яе правы і законныя інтарэсы.

1.2. У рашэнні Канстытуцыйнага Суда ад 25 мая 2016 г. «О правовом регулировании приостановления деятельности юридических лиц и индивидуальных предпринимателей» адзначана, што прадугледжанае Канстытуцыяй права кожнага на судовую абарону (частка першая артыкула 60) выступае гарантыяй рэалізацыі ўсіх іншых канстытуцыйных правоў і свабод і носіць універсальны характар.

Пры ўстанаўленні прававога рэгулявання прыпынення дзейнасці юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку пры вызначэнні саставаў адміністрацыйных правапарушэнняў і відаў адміністрацыйных спагнанняў, а таксама мер забеспячэння адміністрацыйнага працэсу, заканадавец у сілу артыкулаў 21, 23, 97 і 98 Канстытуцыі абавязаны зыходзіць з недапушчальнасці адмены або прымяншэння правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, якія прызнаюцца і гарантуюцца ў адпаведнасці з Канстытуцыяй, а таксама з магчымасці іх абмежавання толькі законам суразмерна канстытуцыйна значным мэтам у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб.

Для павышэння ўзроўню абароны правоў і свабод грамадзян у сферы праваадносін, звязаных з адміністрацыйнай адказнасцю, заканадаўчыя механізмы ў гэтай сферы павінны адпавядаць вынікаючаму з артыкулаў 21, 22, 23 і 60 Канстытуцыі абавязку дзяржавы ў поўнай меры забяспечваць ажыццяўленне права на судовую абарону, якая павінна быць справядлівай, кампетэнтнай і эфектыўнай. Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, адсутнасць у Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях палажэнняў аб адказнасці за парушэнні заканадаўства, якая выражаецца ў адміністрацыйным прыпыненні дзейнасці як відзе адміністрацыйнага спагнання, а ў Працэсуальна-выканаўчым кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях – такой меры забеспячэння адміністрацыйнага працэсу, як часовая забарона дзейнасці, сведчыць аб наяўнасці прававой нявызначанасці заканадаўчага рэгулявання адпаведных адносін. Гэта можа прыводзіць да парушэння правоў суб’ектаў гаспадарання, паколькі права на судовую абарону ўключае ў сябе не толькі права на зварот у суд, але і гарантаваную дзяржавай магчымасць атрымання рэальнай судовай абароны, а таксама канкрэтныя гарантыі ацэнкі законнасці дзеянняў (бяздзейнасці) упаўнаважаных суб’ектаў з пункта гледжання выканання імі норм законаў, абгрунтаванасці прыпынення дзейнасці, гэта значыць яго адпаведнасці канстытуцыйным патрабаванням справядлівасці і суразмернасці, а таксама прававой бяспекі.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўстараненне прававой нявызначанасці ў прававым рэгуляванні прыпынення дзейнасці юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў у заканадаўчых актах шляхам устанаўлення ў КабАП адміністрацыйнай адказнасці за парушэнні заканадаўства, якая выражаецца ў адміністрацыйным прыпыненні дзейнасці як відзе адміністрацыйнага спагнання, а ў ПВКабАП – такой меры забеспячэння адміністрацыйнага працэсу, як часовая забарона дзейнасці, накіравана на рэалізацыю прынцыпаў і норм Канстытуцыі.

У мэтах выканання канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права і законнасці, роўнасці ўсіх перад законам Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным устараненне заканадаўцам прававой нявызначанасці ў канстытуцыйна-прававым рэгуляванні прыпынення дзейнасці юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.

2. Акрамя таго, на падставе паступіўшых ў 2016 годзе зваротаў Канстытуцыйным Судом унесены прапановы ў нарматворчыя органы па ўстараненні прабелаў у прававым рэгуляванні ў адпаведнасці з часткай першай артыкула 72 Закона Рэспублікі Беларусь «О нормативных правовых актах Республики Беларусь».

2.1. Так, па выніках аналізу пытання аб прававым рэгуляванні кампенсавання сродкаў, затрачаных дзяржавай на падрыхтоўку рабочага (служачага) ва ўстановах прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі, у прапанове Канстытуцыйнага Суда адзначана, што адным з важнейшых канстытуцыйных правоў, абумоўленых прыродай Рэспублікі Беларусь як сацыяльнай дзяржавы, з’яўляецца права кожнага на адукацыю. Фармулёўку «средства, затраченные государством на подготовку», замацаваную ў пункце 1 артыкула 88 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, ва ўзаемасувязі з вызначэннямі агульнай сярэдняй і прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі, прадугледжанымі ў артыкулах 152 і 168 дадзенага Кодэкса, неабходна разумець як сродкі, затрачаныя дзяржавай на прафесійную падрыхтоўку грамадзяніна як спецыяліста (рабочага, служачага). Ажыццяўляемае ў адпаведнасці з Кодэксам аб адукацыі прававое рэгуляванне ў частцы вызначэння памеру кампенсавання ў рэспубліканскі і (або) мясцовыя бюджэты сродкаў, затрачаных дзяржавай на падрыхтоўку такога спецыяліста, не павінна супярэчыць канстытуцыйна значным мэтам і прынцыпам, прымяншаць або абмяжоўваць правы і законныя інтарэсы грамадзян, парушаць справядлівы баланс прыватных і публічных інтарэсаў, што можа быць забяспечана шляхам устанаўлення асаблівасцей кампенсавання сродкаў асобамі, якія атрымалі ва ўстанове прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі нароўні з кваліфікацыяй рабочага, служачага таксама агульную сярэднюю адукацыю.

З мэтай належнага гарантавання канстытуцыйнага права на бясплатнасць агульнай сярэдняй адукацыі, забеспячэння і рэалізацыі канстытуцыйнага прынцыпу роўнасці ўсіх перад законам Савету Міністраў прапанавана прыняць меры па замацаванні дыферэнцыраванага парадку кампенсавання сродкаў, затрачаных дзяржавай на падрыхтоўку рабочага, служачага ў дзяржаўнай установе прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі з адначасовым атрыманнем ім агульнай сярэдняй адукацыі, які заключаецца ў недапушчальнасці ўключэння сродкаў, затрачаных дзяржавай на атрыманне навучэнцам агульнай сярэдняй адукацыі, у агульную суму, што падлягае кампенсаванню.

Дадзеная прапанова Канстытуцыйнага Суда рэалізавана ў пастанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 7 снежня 2016 г. № 998 «О внесении изменений и дополнений в постановление Совета Министров Республики Беларусь от 22 июня 2011 г. № 821».

2.2. У прапанове Канстытуцыйнага Суда адносна прававога рэгулявання асобных абмежаванняў у сферы барацьбы з карупцыяй звернута ўвага на тое, што згодна з часткай другой артыкула 17 Закона Рэспублікі Беларусь «О борьбе с коррупцией» кіраўнікі дзяржаўных арганізацый і арганізацый, у статутных фондах якіх 50 і больш працэнтаў доляў (акцый) знаходзіцца ва ўласнасці дзяржавы і (або) яго адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, маюць права ажыццяўляць педагагічную дзейнасць толькі ў частцы рэалізацыі зместу адукацыйных праграм. Пры гэтым у дадзенай норме не ўлічваецца ажыццяўленне спецыфічнай педагагічнай дзейнасці, замацаванай у Законе Рэспублікі Беларусь «О физической культуре и спорте». Акрамя таго, у частцы першай артыкула 255 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь устаноўлена забарона на выкананне аплачваемай працы на ўмовах сумяшчальніцтва, а ў частцы другой артыкула 17 Закона «О борьбе с коррупцией» – на выкананне іншай аплачваемай працы, не звязанай з выкананнем службовых (працоўных) абавязкаў па месцы асноўнай службы (працы). З гэтага бачна, што дадзеныя заканадаўчыя акты замацоўваюць абмежаванні, розныя з пункта гледжання як выкарыстоўваемых фармулёвак, так і аб’ёму такіх абмежаванняў. Адначасова ўстаноўлена, што асобнымі дзяржаўнымі органамі па-рознаму разумеецца сутнасць названых абмежаванняў.

Зыходзячы з канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, у мэтах недапушчэння неабгрунтаванага абмежавання права грамадзян на працу Канстытуцыйны Суд прапанаваў Савету Міністраў устараніць прававую нявызначанасць у частцы другой артыкула 17 Закона «О борьбе с коррупцией» адносна сутнасці прадугледжанага ў ёй абмежавання, а таксама разгледзець пытанне аб замацаванні ва ўстаноўленым парадку ў дадзенай норме ў якасці выключэння з забароны на выкананне работ, нароўні з педагагічнай дзейнасцю, педагагічнай дзейнасці ў сферы фізічнай культуры і спорту.

2.3. Пры аналізе прававой рэгламентацыі некаторых пытанняў прадастаўлення адтэрміноўкі ад прызыву на ваенную службу Канстытуцыйны Суд устанавіў, што дзеючае прававое рэгуляванне не дазваляе грамадзянам, якія атрымалі вышэйшую адукацыю II ступені ў лютым месяцы, скарыстаць адтэрміноўку ад прызыву на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве для прадаўжэння адукацыі ў аспірантуры (ад’юнктуры), дактарантуры, паколькі неабходныя дакументы, якія пацвярджаюць прыём дакументаў у аспірантуру (дактарантуру), не могуць быць імі прадстаўлены ў лютым – маі ў сувязі з пачаткам іх прыёму з 1 жніўня. Гэта не адпавядае канстытуцыйнаму прынцыпу роўнасці, а таксама не забяспечвае рэалізацыю такіх прынцыпаў дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі, вызначаных артыкулам 2 Кодэкса аб адукацыі, як прыярытэт правоў чалавека, гарантыя канстытуцыйнага права кожнага на адукацыю, забеспячэнне роўнага доступу да атрымання адукацыі.

Для забеспячэння канстытуцыйнага права грамадзян на адукацыю Канстытуцыйны Суд прапанаваў Савету Міністраў ва ўстаноўленым парадку прыняць меры па замацаванні ў заканадаўстве з улікам канстытуцыйнага прынцыпу роўнасці ўсіх перад законам прававога механізму рэалізацыі права на адтэрміноўку ад прызыву на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве для прадаўжэння адукацыі ў аспірантуры (ад’юнктуры), дактарантуры.

Такім чынам, у рамках сваёй кампетэнцыі па ўстараненні ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці Канстытуцыйны Суд, зыходзячы з вяршэнства права, прыняў шэраг рашэнняў і сфармуляваў прававыя пазіцыі, адрасаваныя Парламенту, а таксама накіраваў прапановы Савету Міністраў па ўстараненні прабелаў прававога рэгулявання ў мэтах рэалізацыі і абароны канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян.

IV

Своечасовае і поўнае выкананне рашэнняў Канстытуцыйнага Суда ўплывае на эфектыўнасць і дзейснасць канстытуцыйнага правасуддзя. У адпаведнасці з артыкулам 24 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў заключэнні і рашэнні Канстытуцыйнага Суда з’яўляюцца канчатковымі, абскарджанню і апратэставанню не падлягаюць, дзейнічаюць непасрэдна і не патрабуюць пацвярджэння іншымі дзяржаўнымі органамі, арганізацыямі, службовымі асобамі, уступаюць у сілу з дня іх прыняцця, калі ў гэтых актах не вызначаны іншы тэрмін. Згодна з часткай сямнаццатай артыкула 85 Закона «О конституционном судопроизводстве» рашэнні Канстытуцыйнага Суда аб устараненні ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці з’яўляюцца абавязковымі для разгляду дзяржаўнымі органамі, службовымі асобамі ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй.

1. На працягу 2016 года выкананы рашэнні Канстытуцыйнага Суда аб устараненні ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці, прынятыя на падставе абзаца восьмага часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў.

1.1. Так, у рашэнні ад 23 сакавіка 2010 г. «О равных гарантиях реализации права граждан на защиту от безработицы» Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду аб тым, што заканадаўчае рэгуляванне адносін па спыненні працоўнага дагавора ў частцы вызначэння падстаў, якія ўплываюць на памер стыпендый і магчымасць назначэння дапамогі па беспрацоўі, мае патрэбу ва ўдакладненні, паколькі грамадзянам, якія адносяцца да адной і той жа катэгорыі (звольненыя з работы па прычынах, не звязаных з учыненнем імі вінаватых дзеянняў, і прызнаныя беспрацоўнымі), не забяспечваецца роўная абарона ад беспрацоўя, што не адпавядае прынцыпам роўнасці і справядлівасці.

Дадзенае рашэнне выканана шляхам прыняцця Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2016 года «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О занятости населения Республики Беларусь». У адпаведнасці з гэтым Законам з ліку асоб, якім названая стыпендыя назначаецца ў зменшаным памеры, і асоб, якім можа быць адмоўлена ў назначэнні дапамогі па беспрацоўі, выключаны шэраг катэгорый грамадзян, у тым ліку спыніўшых працоўны дагавор, заключаны на нявызначаны тэрмін, па жаданні работніка пры наяўнасці акалічнасцей, якія выключаюць або значна абцяжарваюць прадаўжэнне працы, а таксама ў выпадках парушэння наймальнікам заканадаўства аб працы, калектыўнага дагавора, пагаднення, працоўнага дагавора (артыкулы 23 і 24 Закона «О занятости населения Республики Беларусь»).

1.2. У рашэнні ад 26 красавіка 2016 г. «О праве на обжалование решений налоговых органов, действий (бездействия) их должностных лиц» Канстытуцыйны Суд канстатаваў, што адсутнасць у заканадаўстве Рэспублікі Беларусь у іншых асоб, чые правы і законныя інтарэсы закранаюцца рашэннем падатковага органа, у адрозненне ад асоб, вызначаных у артыкуле 85 ПК, права на абскарджанне такога рашэння абмяжоўвае іх права на судовую абарону, не забяспечвае справядлівасць судовага рашэння, у сувязі з чым не захоўваецца баланс публічна-прававых і прыватнаправавых інтарэсаў. У мэтах выканання канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права і законнасці, рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным устараніць выяўлены прабел канстытуцыйна-прававога рэгулявання права на абскарджанне рашэнняў падатковых органаў, дзеянняў (бяздзейнасці) іх службовых асоб шляхам унясення адпаведных змяненняў і дапаўненняў у ПК.

Законам Рэспублікі Беларусь ад 18 кастрычніка 2016 года «О внесении изменений и дополнений в Налоговый кодекс Республики Беларусь» артыкул 85 ПК выкладзены ў новай рэдакцыі, згодна з якой кожная асоба мае права абскардзіць рашэнні падатковых органаў, у тым ліку патрабаванні (прадпісанні) аб устараненні парушэнняў, дзеянняў (бяздзейнасці) іх службовых асоб, калі такая асоба мяркуе, што такія рашэнні або дзеянні (бяздзейнасць) парушаюць яе правы і (або) законныя інтарэсы.

2. Заканадаўцам улічаны таксама шэраг прававых пазіцый, якія змяшчаліся ў рашэннях Канстытуцыйнага Суда, прынятых у парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці законаў.

2.1. Пры разглядзе ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясеннi дапаўненняў i змяненняў у Закон Рэспублiкi Беларусь «Аб ахове гiсторыка-культурнай спадчыны Рэспублiкi Беларусь» Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 28 красавіка 2012 г. адзначыў, што норма артыкула 53 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь», якая дапускае магчымасць прымусовага спынення права ўласнасці (права валодання) на безгаспадарча ўтрымліваемую матэрыяльную гістарычна-культурную каштоўнасць, не ў поўнай меры адпавядае артыкулу 49 гэтага Закона і артыкулу 241 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якi ўстанаўлівае, што безгаспадарча ўтрымліваемыя культурныя каштоўнасці па рашэнні суда могуць быць адабраны ва ўласніка шляхам выкупу дзяржавай або продажу з публічных таргоў.

Указаная няўзгодненасць прававых норм устаранёна заканадаўцам у Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб культуры ад 20 ліпеня 2016 года, пунктам 4 артыкула 71 якога прадугледжана, што парадак выкупу гістарычна-культурных каштоўнасцей, якія ўтрымліваюцца безгаспадарча, вызначаецца гэтым Кодэксам і грамадзянскім заканадаўствам, а пункт 4 артыкула 75 названага Кодэкса выкладзены ў адпаведнасці з нормай артыкула 241 Грамадзянскага кодэкса.

2.2. У рашэнні ад 26 снежня 2013 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении дополнений и изменений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам правового положения иностранных граждан и лиц без гражданства в Республике Беларусь» Канстытуцыйны Суд указаў на неабходнасць выканання пункта 1 артыкула 3 Канвенцыі супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных або зневажаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання ад 10 снежня 1984 года, згодна з якім не дапускаецца высылаць, вяртаць або выдаваць якую-небудзь асобу іншай дзяржаве, калі існуюць сур’ёзныя падставы меркаваць, што ёй можа пагражаць там прымяненне катаванняў, не толькі ў прымяненні да нормы часткі першай артыкула 171 Закона Рэспублікі Беларусь «О правовом положении иностранных граждан и лиц без гражданства в Республике Беларусь», але і пры рэалізацыі часткі другой гэтага артыкула, якая ўстанавіла некаторыя выключэнні з агульнага правіла.

Прававая пазіцыя Канстытуцыйнага Суда ўлічана ў Законе Рэспублікі Беларусь ад 20 ліпеня 2016 года «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам вынужденной миграции». Выкладзены дадзеным Законам у новай рэдакцыі артыкул 171 Закона «О правовом положении иностранных граждан и лиц без гражданства в Республике Беларусь» не прадугледжвае выключэнняў з правіла аб тым, што замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства не могуць быць выдвараны за межы Рэспублікі Беларусь у зарубежную дзяржаву, дзе ім пагражаюць катаванні.

2.3. У рашэнні ад 16 снежня 2015 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь» Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу на тое, што згодна з часткай другой артыкула 36 Закона Рэспублікі Беларусь «О здравоохранении» судова-псіхіятрычная экспертыза праводзіцца ў мэтах устанаўлення псіхічнага стану асобы па крымінальных і грамадзянскіх справах, справах аб адміністрацыйных правапарушэннях, справах, звязаных з ажыццяўленнем прадпрымальніцкай і іншай гаспадарчай (эканамічнай) дзейнасці, матэрыялах праверак па заявах (паведамленнях) аб злачынствах, а таксама ў іншых выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Разам з тым артыкулам 31 Закона Рэспублікі Беларусь «Об оказании психиатрической помощи» выключаецца магчымасць правядзення судова-псіхіятрычнай экспертызы ў рамках гаспадарчага працэсу па справах, звязаных з прадпрымальніцкай і іншай гаспадарчай (эканамічнай) дзейнасцю, у той час як нормы Гаспадарчага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь дапускаюць магчымасць назначэння судом такой экспертызы ў неабходных выпадках пры разглядзе спраў.

Узнікшая ва ўказанай сітуацыі прававая няпэўнасць у заканадаўчым вызначэнні катэгорый спраў, па якіх можа праводзіцца судова-псіхіятрычная экспертыза, і ўстанаўленні магчымасці правядзення дадзенага віду экспертызы ў іншых выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі, запатрабавала карэкціроўкі заканадаўчых палажэнняў.

Законам Рэспублікі Беларусь ад 21 кастрычніка 2016 года «О внесении дополнения и изменений в Закон Республики Беларусь «О здравоохранении» ўдакладнена, што судова-псіхіятрычная экспертыза па эканамічных справах не праводзіцца, і тым самым забяспечана ўзгодненасць палажэнняў артыкула 36 Закона «О здравоохранении» з артыкулам 31 Закона «Об оказании психиатрической помощи».

2.4. Шэраг прававых пазіцый Канстытуцыйнага Суда, выкладзеных у рашэнні ад 8 ліпеня 2013 г. «О соответствии Конституции Республики Беларусь Закона Республики Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Гражданский процессуальный и Уголовно-исполнительный кодексы Республики Беларусь», рэалізаваны ў Законе Рэспублікі Беларусь ад 19 ліпеня 2016 года «О внесении изменений и дополнений в Уголовно-исполнительный кодекс Республики Беларусь».

2.4.1. У названым рашэнні Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду аб наяўнасці калізіі норм ГПК і КВК, якія рэгулююць працэсуальныя тэрміны абскарджання асуджанымі да арышту і пазбаўлення волі ў судовым парадку рашэння службовай асобы папраўчай установы аб прымяненні да іх мер спагнання.

Дадзеная калізія ўстаранёна шляхам унясення ў артыкулы 61 і 113 КВК дапаўненняў, у адпаведнасці з якімі абскарджанне ў суд рашэння службовай асобы аб накладанні спагнання праводзіцца ў парадку, устаноўленым ГПК.

2.4.2. Канстытуцыйны Суд указаў таксама, што норма Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Гражданский процессуальный и Уголовно-исполнительный кодексы Республики Беларусь» аб ажыццяўленні патрабаванняў аб спагнанні грашовых сум, што вынікаюць з абавязкаў асуджаных пакрыць урон (кампенсаваць шкоду), прычынены папраўчай установе ў выніку іх проціпраўных дзеянняў, шляхам учынення выканаўчага надпісу не ў поўнай меры ўлічвае норму Канстытуцыі, якая гарантуе судовую абарону правоў і свабод кожнаму (частка першая артыкула 60), паколькі для ўстанаўлення абавязку асуджанага пакрыць такі ўрон (кампенсаваць шкоду) неабходна даказванне ў тым ліку наяўнасці шкоды і яе памеру, проціпраўнасці дзеянняў асуджанага, прычыннай сувязі паміж гэтымі дзеяннямі і наступіўшай шкодай, што магчыма толькі ў выніку судовага вырашэння адпаведнага іску.

У мэтах устаранення выяўленай калізіі ў частку 2 артыкула 97 КВК унесена змяненне, якое выключае магчымасць ажыццяўлення патрабавання аб спагнанні з асуджаных грашовых сум для пакрыцця ўрону (кампенсавання шкоды), прычыненага папраўчай установе ў выніку іх проціпраўных дзеянняў, шляхам учынення выканаўчага надпісу.

2.4.3. У рашэнні Канстытуцыйнага Суда звернута ўвага заканадаўца і на тое, што пры ўстараненні прабелу ў заканадаўстве ў частцы магчымасці затрымання асуджанага да грамадскіх работ, які скрыўся з месца жыхарства і аб’яўлены ў вышук, не вызначаны месцы і парадак утрымання такіх асоб.

У выніку выкладання ў новай рэдакцыі часткі 2 артыкула 28 КВК атрымаў прававую рэгламентацыю шэраг пытанняў, у тым ліку ўстаноўлена, што затрыманы асуджаны змяшчаецца ў ізалятар часовага ўтрымання тэрытарыяльнага органа ўнутраных спраў.

2.5. Аналізуючы нормы Закона «О конституционном судопроизводстве», якія рэгулююць парадак разгляду ўпаўнаважанымі органамі паступіўшых ініцыятыўных зваротаў, Канстытуцыйны Суд у рашэнні ад 30 снежня 2013 г. акцэнтаваў увагу дадзеных органаў на тое, што, прымаючы рашэнне аб унясенні адпаведнай прапановы ў Канстытуцыйны Суд ці аб адмове ў яго ўнясенні, яны не маюць права падмяняць Канстытуцыйны Суд і разглядаць канстытуцыйнасць нарматыўнага прававога акта або яго асобных палажэнняў, а павінны вырашаць пытанне аб наяўнасці падстаў для ўнясення ў Канстытуцыйны Суд прапановы, калі ёсць сумненні ў канстытуцыйнасці прававых норм, праверка якіх у сілу палажэнняў артыкула 116 Канстытуцыі адносіцца толькі да кампетэнцыі Канстытуцыйнага Суда.

Дадзеная прававая пазіцыя ўлічана ў Законе ад 22 снежня 2016 года. Згодна з новай рэдакцыяй артыкула 28 Закона «О конституционном судопроизводстве» дзяржаўны орган, які разглядае ініцыятыўны зварот, не мае права рабіць вывад аб канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта; падставай для ўнясення прапановы ў Канстытуцыйны Суд з’яўляецца наяўнасць сумненняў упаўнаважанага органа ў канстытуцыйнасці такога акта.

Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу ўпаўнаважаных органаў на неабходнасць своечасовага і поўнага выканання рашэнняў Канстытуцыйнага Суда. Зацягванне працэсу выканання асобных яго рашэнняў, у якіх указвалася на дэфекты прававога рэгулявання, звязана з працяглым захаваннем у прававой сістэме норм, якія маюць прававыя прабелы, калізіі, прававую нявызначанасць, што на практыцы можа прывесці да парушэння правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян.

У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд лічыць мэтазгодным устанавіць на заканадаўчым узроўні канкрэтныя тэрміны выканання рашэнняў Канстытуцыйнага Суда, прынятых па выніках разгляду спраў аб устараненні ў нарматыўных актах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці.

V

1. Канстытуцыйны Суд адзначае, што згодна з афіцыйна выказанай пазіцыяй Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, ля вытокаў стварэння якой стаяла і Беларусь, вяршэнства права – гэта паняцце, што выступае як прынцып кіравання, у адпаведнасці з якім усе асобы, установы і структуры, дзяржаўныя і прыватныя, у тым ліку сама дзяржава, функцыянуюць пад дзеяннем законаў, якія публічна прыняты, у роўнай ступені выконваюцца, незалежна рэалізуюцца судовымі органамі і сумяшчальныя з міжнароднымі нормамі і стандартамі ў галіне правоў чалавека.

Для зацвярджэння вяршэнства права неабходны меры, якія забяспечваюць выкананне прынцыпаў прымату права, роўнасці і адказнасці перад законам, раздзялення ўлад, працэсуальнай і прававой транспарэнтнасці, недапушчэння самавольства.

Рэспубліка Беларусь, па ацэнцы незалежных міжнародных арганізацый, устойліва займае годнае месца ў глабальным рэйтынгу краін свету па індэксе вяршэнства права, якое ўключае такія кантрольныя паказчыкі, як абмежаванне паўнамоцтваў інстытутаў улады, адсутнасць карупцыі, парадак і бяспека, абарона асноўных правоў, празрыстасць інстытутаў улады, выкананне законаў, грамадзянскае і крымінальнае правасуддзе, апярэджваючы па дадзеным індэксе ўсе краіны, якія ўваходзяць у Садружнасць Незалежных Дзяржаў.

2. Канстытуцыйным Судом у 2016 годзе ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю правераны 53 законы, прынятыя Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і адобраныя Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу, да іх падпісання Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, палажэнні якіх прызнаны ў цэлым адпаведнымі Канстытуцыі.

У той ж час пры ацэнцы канстытуцыйнасці норм законаў Канстытуцыйны Суд у шэрагу выпадкаў выявіў калізіі і прававую нявызначанасць асобных палажэнняў законаў, у сувязі з чым сфармуляваў у сваіх рашэннях адрасаваныя заканадаўцу прававыя пазіцыі, накіраваныя на ўстараненне дэфектаў прававога рэгулявання ў мэтах забеспячэння вяршэнства права, рэалізацыі канстытуцыйных палажэнняў у заканатворчай дзейнасці.

Пры гэтым выпрацаваны прававыя пазіцыі Канстытуцыйнага Суда і ў адрас органаў правапрымянення, якія арыентуюць на выкананне законаў з улікам выяўленага канстытуцыйна-прававога сэнсу, указваюць на недапушчэнне падмены на практыцы адной канстытуцыйнай каштоўнасці другой або іх прымяншэння.

3. Важнейшым індыкатарам забеспячэння вяршэнства права з’яўляюцца стабільнасць і паслядоўнасць заканадаўства, пры гэтым заканадаўчыя акты павінны быць здольныя адаптавацца да пераменлівых абставін і складваемай новай сітуацыі ў сацыяльна-эканамічным развіцці, адказваць правамерным чаканням грамадзян, суб’ектаў праваадносін, адпавядаць прынцыпу прадказальнасці.

Прыняцце заканадаўчых рашэнняў павінна грунтавацца на пачатках адкрытасці, транспарэнтнасці, даступнасці для абмеркавання, на ўсебаковым аналізе рэгулюючага ўздзеяння і ацэнкі вынікаў прыняцця прававых прадпісанняў.

Канстытуцыйны Суд лічыць неабходным на дзяржаўным узроўні выпрацаваць дзейсны механізм вывучэння і ацэнкі рэгулюючага ўздзеяння заканадаўчых актаў на дасягненне мэт сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця краіны.

4. Для зацвярджэння вяршэнства права неабходна разумнае забеспячэнне сістэмнасці і комплекснасці прававога рэгулявання адносін у розных сферах жыццядзейнасці грамадства і дзяржавы. Пры гэтым на ўзроўні законаў належыць пазбягаць залішняга прававога рэгулявання, празмернай дэталізацыі асобных палажэнняў і неапраўдана частай тэрміналагічнай карэкціроўкі.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што ў сучасных умовах у мэтах далейшага павышэння эфектыўнасці заканадаўства трэба выпрацаваць новыя падыходы да кадыфікацыі, вызначыўшы крытэрыі прававога рэгулявання на ўзроўні законаў і ўзроўні падзаконных актаў.

5. Вяршэнства права прадугледжвае, што дзейнасць дзяржаўнай улады павінна быць накіравана на абарону годнасці асобы, якая з’яўляецца прыроджанай, неад’емнай і неадчужальнай уласцівасцю чалавека. Годнасць як важнейшая сацыяльна-культурная характарыстыка сутнасці чалавека, а таксама канстытуцыйна-прававая і маральна-этычная катэгорыя выступае адным са стрыжнёвых фактараў дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы.

Для забеспячэння абароны чалавека, яго правоў і свабод і гарантый іх рэалізацыі як найвышэйшай каштоўнасці і мэты грамадства і дзяржавы Канстытуцыйны Суд лічыць неабходным далейшае ўдасканальванне прававой рэгламентацыі доступу да канстытуцыйнага правасуддзя праз прэюдыцыяльны запыт судоў агульнай юрысдыкцыі аб канстытуцыйнасці нарматыўнага прававога акта, які падлягае прымяненню ў канкрэтнай справе.

6. Канстытуцыйны Суд, зыходзячы з сутнасці вяршэнства права, канстатуе, што інтэграцыйны працэс у рамках Еўразійскага эканамічнага саюза як міждзяржаўнага ўтварэння мае складаную і неадназначную палітыка-прававую прыроду. З аднаго боку, дзяржавы-члены дэлегуюць наднацыянальным органам права прыняцця рашэнняў, абавязковых для выканання ўсімі суб’ектамі міждзяржаўнага аб’яднання зыходзячы з міжнародна-прававога прынцыпу pacta sunt servanda (дагаворы павінны выконвацца). З другога боку, дзяржавы-члены атрымліваюць магчымасць пашыраць сферу свайго знешнепалітычнага ўплыву для прасоўвання нацыянальных інтарэсаў, у тым ліку ў эканамічна выгадных мэтах, дасягненне якіх магчыма толькі сумеснымі намаганнямі.

Пры гэтым для забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі ва ўмовах фарміравання наднацыянальнага права патрабуецца рэальны механізм гарантый выканання прынцыпу субсідыярнасці ў зносінах з наднацыянальнымі органамі. У мэтах дасягнення гарманічнага спалучэння і балансу наднацыянальных і нацыянальных інтарэсаў неабходна на дзяржаўным узроўні распрацаваць канцэпцыю ўніфікацыі заканадаўства ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза.

7. Вяршэнства права як базавы прынцып сучаснай цывілізацыі, міжнароднага правапарадку і ўніверсальная гуманістычная каштоўнасць знаходзіцца ў аснове беларускай канстытуцыйна-прававой дактрыны, практычнай дзейнасці органаў дзяржаўнай улады па ўмацаванні канстытуцыйнай законнасці.

Забеспячэнне і прытрымліванне вяршэнства права з’яўляюцца гарантыяй развіцця дэмакратыі, рэалізацыі правоў і свабод чалавека, зацвярджэння Рэспублікі Беларусь як дэмакратычнай прававой дзяржавы.

Гэта Пасланне прынята на пасяджэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь 18 студзеня 2017 г.

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага
Суда Рэспублікі Беларусь                                                                                                          П.П.Міклашэвіч