Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
11 ліпеня 2016 г. № Р-1063/2016
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам вынужденной миграции»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Сяргеевай В.Г., суддзяў Бойкі Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Карповіч Н.А., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абзаца другога часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкула 98 і часткі першай артыкула 101 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве»

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении  изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам вынужденной миграции».

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Чыгрынава С.П., прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении  изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам вынужденной миграции» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

 

Закон Рэспублікі Беларусь «О внесении  изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам вынужденной миграции» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 28 чэрвеня 2016 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 30 чэрвеня 2016 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

 

Законам уносяцца змяненні і дапаўненні ў законы Рэспублікі Беларусь «О социальном обслуживании», «О гражданстве Республики Беларусь», «О государственной дактилоскопической регистрации», «О правовом положении иностранных граждан и лиц без гражданства в Республике Беларусь», «О противодействии торговле людьми», а таксама ў Закон Рэспублікі Беларусь «О предоставлении иностранным гражданам и лицам без гражданства статуса беженца, дополнительной и временной защиты в Республике Беларусь» шляхам выкладання яго ў новай рэдакцыі ў выглядзе Закона Рэспублікі Беларусь «О предоставлении иностранным гражданам и лицам без гражданства статуса беженца, дополнительной защиты, убежища и временной защиты в Республике Беларусь»  (далей – Закон аб абароне бежанцаў).

 

Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Канстытуцыйны Суд зыходзіць з наступнага.

 

1. Канстытуцыяй устаноўлена, што Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства (частка першая артыкула 8); замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства на тэрыторыі Беларусі карыстаюцца правамі і свабодамі і выконваюць абавязкі нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана Канстытуцыяй, законамі і міжнароднымі дагаворамі (артыкул 11); Рэспубліка Беларусь можа надаваць права прытулку асобам, якія церпяць пераслед у іншых дзяржавах за палітычныя, рэлігійныя перакананні або нацыянальную прыналежнасць (артыкул 12); Рэспубліка Беларусь у сваёй знешняй палітыцы зыходзіць з прынцыпаў роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, непарушнасці межаў, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутраныя справы і іншых агульнапрызнаных прынцыпаў і нормаў міжнароднага права (частка першая артыкула 18).

 

Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека замацоўвае, у прыватнасці, правы кожнага чалавека: пакідаць любую краіну, уключаючы сваю ўласную, і вяртацца ў сваю краіну (пункт 2 артыкула 13); шукаць прытулку ад пераследу ў іншых краінах і карыстацца гэтым прытулкам (пункт 1 артыкула 14). У прэамбуле Дэкларацыі аб тэрытарыяльным прытулку, прынятай Рэзалюцыяй 2312 (XXII) Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый ад 14 снежня 1967 года, адзначана, што прадастаўленне дзяржавай прытулку з’яўляецца мірным і гуманным актам і таму не можа разглядацца ніякай іншай дзяржавай як недружалюбны акт.

 

На падставе ўказаных палажэнняў Канстытуцыі і міжнародна-прававых актаў Рэспубліка Беларусь мае права прадастаўляць іншаземцам статус бежанца, дадатковую абарону, прытулак і часовую абарону ў выпадку выезду апошніх з дзяржавы сваёй прыналежнасці на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь з прычыны абгрунтаванай боязі быць падвергнутым пераследу па палітычных, сацыяльных, рэлігійных, этнічных падставах. Дадзенае правамоцтва выступае праяўленнем канстытуцыйнага прынцыпу гуманізму, што вынікае з палажэнняў Канстытуцыі, згодна з якімі чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы (частка першая артыкула 2); забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы (частка першая артыкула 21); дзяржава забяспечвае свабоду, недатыкальнасць і годнасць асобы (частка першая артыкула 25). Пры гэтым заканадавец, кіруючыся артыкулам 11 Канстытуцыі, а таксама пунктам 2 часткі першай артыкула 97 Канстытуцыі, якая надае заканадаўцу права разглядаць праекты законаў, у тым ліку аб статусе іншаземцаў і асоб без грамадзянства, можа ў парадку рэалізацыі сваіх паўнамоцтваў устанаўліваць рэжым знаходжання ў Рэспубліцы Беларусь асоб, якія атрымалі статус бежанца, дадатковую абарону, прытулак і часовую абарону.

 

2. Артыкулам 1 Закона аб абароне бежанцаў вызначаецца, што калі міжнародным дагаворам Рэспублікі Беларусь вызначаны іншыя правілы, чым тыя, якія змяшчаюцца ў дадзеным Законе, то прымяняюцца правілы міжнароднага дагавора, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных часткай трэцяй гэтага артыкула (частка другая); калі дадзеным Законам і  (або) іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь замацаваны палажэнні, якія прадугледжваюць большы аб’ём надаваемых прававых, эканамічных і сацыяльных гарантый абароны правоў і законных інтарэсаў іншаземцаў, якія хадайнічаюць аб абароне, а таксама іншаземцаў, якім прадастаўлены статус бежанца, дадатковая абарона, прытулак або часовая абарона ў Рэспубліцы Беларусь, чым прадугледжаны міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь, то прымяняюцца палажэнні дадзенага Закона і (або) іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь (частка трэцяя).

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што палажэнне часткі другой артыкула 1 названага Закона адпавядае частцы першай артыкула 8 Канстытуцыі, якая ўстанаўлівае, што Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства, а таксама агульнапрызнанаму прынцыпу міжнароднага права pacta sunt servanda, замацаванаму ў артыкуле 26 Венскай канвенцыі аб праве міжнародных дагавораў ад 23 мая 1969 года, у адпаведнасці з якім кожны дзеючы дагавор абавязковы для яго ўдзельнікаў і павінен імі добрасумленна выконвацца.

 

Палажэнне часткі другой артыкула 1 названага Закона адпавядае і частцы першай артыкула 2 Канстытуцыі, а таксама падыходу, замацаванаму ў пункце 23 Выніковага дакумента саміту ААН «Преобразование нашего мира: повестка дня в области устойчивого развития на период до 2030 года», прынятага Рэзалюцыяй 70/1 Генеральнай Асамблеі ААН ад 25 верасня 2015 года, што прадугледжвае неабходнасць пашырэння правоў і магчымасцей людзей, якія знаходзяцца ва ўразлівай сітуацыі, у прыватнасці бежанцаў і ўнутрана перамешчаных асоб і мігрантаў.

 

Акрамя таго, прававое рэгуляванне, што прадугледжваецца часткай другой артыкула 1 Закона аб абароне бежанцаў, адпавядае пункту 2 артыкула 5 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, у адпаведнасці з якім ніякае абмежаванне або прымяншэнне якіх бы тое ні было асноўных правоў чалавека, што прызнаюцца або існуюць у якой-небудзь дзяржаве, якая удзельнічае ў дадзеным Пакце, у сілу закона, канвенцый, правіл або звычаяў, не дапускаецца з той прычыны, што ў Пакце не прызнаюцца такія правы або што ў ім яны прызнаюцца ў меншым аб’ёме. Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, з указанага палажэння Пакта вынікае права дзяржавы замацоўваць у нацыянальным заканадаўстве большы аб’ём правоў і свабод чалавека, чым у міжнародна-прававых актах.

 

3. У адпаведнасці з артыкулам 4 Закона ў артыкуле 3 Закона аб абароне бежанцаў устанаўліваецца, што ў Рэспубліцы Беларусь статус бежанца, дадатковая абарона, прытулак і часовая абарона не могуць быць прадастаўлены іншаземцам, у адносінах да якіх маюцца аб’ектыўныя падставы меркаваць, што яны: учынілі злачынства супраць міру, ваеннае злачынства або злачынства супраць чалавечнасці ў азначэнні, дадзеным гэтым дзеянням у міжнародна-прававых актах, прынятых у мэтах рэалізацыі мер у дачыненні да падобных злачынстваў; учынілі цяжкае злачынства непалітычнага характару за межамі Рэспублікі Беларусь да прыбыцця на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь; вінаватыя ва ўчыненні дзеянняў, якія супярэчаць мэтам і прынцыпам ААН, а таксама іншаземцам, за якімі кампетэнтныя органы дзяржавы іх пастаяннага пражывання, якая не з’яўляецца дзяржавай іх грамадзянскай прыналежнасці, прызнаюць правы і абавязкі, звязаныя з грамадзянствам гэтай дзяржавы (частка першая).

 

Артыкулам 3 Закона аб абароне бежанцаў прадугледжваецца таксама, што статус бежанца, дадатковая абарона і часовая абарона не могуць быць прадастаўлены іншаземцам, якія карыстаюцца абаронай або дапамогай органаў або ўстаноў ААН, акрамя Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (УВКБ ААН) (частка другая); палажэнні часткі другой дадзенага артыкула не распаўсюджваюцца на іншаземцаў, абарона якіх або дапамога якім была спынена без канчатковага ўрэгулявання становішча гэтых асоб у адпаведнасці з рашэннямі Генеральнай Асамблеі ААН (частка трэцяя).

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што ўказаныя палажэнні артыкула 3 Закона аб абароне бежанцаў адпавядаюць  частцы першай артыкула 8 Канстытуцыі, а таксама  раздзелам «D», «E», «F» артыкула 1 Канвенцыі аб статусе бежанцаў ад 28 ліпеня 1951 года і накіраваны на рэалізацыю часткі першай артыкула 59 Канстытуцыі, у адпаведнасці з якой дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй.

 

4. У частцы першай артыкула 5 Закона аб абароне бежанцаў заканадаўцам замацоўваецца норма, згодна з якой іншаземцы: якія хадайнічаюць аб абароне; якім прадастаўлены статус бежанца, дадатковая абарона, прытулак або часовая абарона; разгляд хадайніцтваў аб абароне якіх спынены; якія атрымалі адмову ў прадастаўленні статусу бежанца і дадатковай абароны; якія атрымалі адмову ў прадаўжэнні тэрміну прадастаўлення дадатковай абароны; якія страцілі статус бежанца, дадатковую абарону або прытулак; у якіх ануляваны статус бежанца або дадатковая абарона; пазбаўленыя прытулку, – не могуць быць выдвараны за межы Рэспублікі Беларусь у замежную дзяржаву, дзе іх жыццю або свабодзе пагражае небяспека з прычыны іх расы, веравызнання, грамадзянства, нацыянальнай прыналежнасці, прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы або палітычных перакананняў, або замежную дзяржаву, дзе ім пагражае пакаранне смерцю або існуе пагроза іх жыццю з прычыны насілля ва ўмовах узброенага канфлікту міжнароднага або неміжнароднага характару. Згодна з часткай трэцяй указанага артыкула дадзенае палажэнне не распаўсюджваецца на іншаземцаў, якія ствараюць пагрозу нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь або асуджаны за ўчыненне злачынства, аднесенага Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь да катэгорыі асабліва цяжкіх (артыкул 4 Закона).

 

Адначасова пунктам 4 артыкула 5 Закона выкладаецца ў новай рэдакцыі артыкул 171 Закона Рэспублікі Беларусь «О правовом положении иностранных граждан и лиц без гражданства в Республике Беларусь» (далей – Закон аб прававым становішчы іншаземцаў), што прадугледжвае абставіны, пры якіх іншаземцы не могуць быць выдвараны за межы Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым часткамі першай і трэцяй артыкула 171 названага Закона ўстанаўліваюцца палажэнні, якія датычацца іншаземцаў, аналагічныя палажэнням частак першай і трэцяй артыкула 5 Закона аб абароне бежанцаў.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што разглядаемыя частка першая артыкула 5 Закона аб абароне бежанцаў і частка першая артыкула 171 Закона аб прававым становішчы іншаземцаў адпавядаюць частцы першай артыкула 2 Канстытуцыі, а часткі трэція ўказаных артыкулаў адпавядаюць канстытуцыйнай норме, якая замацоўвае магчымасць абмежавання правоў і свабод асобы ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб (частка першая артыкула 23 Канстытуцыі), а таксама міжнародным падыходам, выкладзеным у артыкуле 3 Дэкларацыі аб тэрытарыяльным прытулку, згодна з якімі ні да якой асобы, якая шукае прытулку, не павінны прымяняцца такія меры, як высылка або прымусовае вяртанне ў якую-небудзь краіну, дзе дадзеная асоба можа падвергнуцца пераследу; выключэнне да вышэйназванага прынцыпу можа быць зроблена толькі па маючых рашаючае значэнне меркаваннях нацыянальнай бяспекі або ў мэтах абароны насельніцтва (пункты 1 і 2).

 

Акрамя таго, часткай другой артыкула 5 Закона аб абароне бежанцаў прадугледжваецца, што іншаземцы: якія хадайнічаюць аб абароне; якім прадастаўлены статус бежанца, дадатковая абарона, прытулак або часовая абарона; разгляд хадайніцтваў аб абароне якіх спынены; якія атрымалі адмову ў прадастаўленні статусу бежанца і дадатковай абароны; якія атрымалі адмову ў прадаўжэнні тэрміну прадастаўлення дадатковай абароны; якія страцілі статус бежанца, дадатковую абарону або прытулак; у якіх ануляваны статус бежанца або дадатковая абарона; пазбаўленыя прытулку, – не могуць быць выдвараны за межы Рэспублікі Беларусь у замежную дзяржаву, дзе ім пагражаюць катаванні. У артыкуле 171 Закона аб прававым становішчы іншаземцаў таксама замацоўваецца палажэнне, якое датычыцца іншаземцаў, аналагічнае прыведзенаму палажэнню артыкула 5 Закона аб абароне бежанцаў.

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што ўстанаўліваемае Законам прававое рэгуляванне адпавядае частцы першай артыкула 8 Канстытуцыі, а таксама патрабаванню пункта 1 артыкула 3 Канвенцыі супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных або зневажаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання ад 10 снежня 1984 года, у адпаведнасці з якім ні адна дзяржава-ўдзельніца не павінна высылаць, вяртаць або выдаваць якую-небудзь асобу другой дзяржаве, калі існуюць сур’ёзныя падставы меркаваць, што ёй можа пагражаць там прымяненне катаванняў.

 

5. Артыкулам 20 Закона аб абароне бежанцаў замацоўваецца палажэнне аб тым, што іншаземец, якому прадастаўлены статус бежанца, мае права ў тым ліку на медыцынскае абслугоўванне нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, а таксама атрыманне адукацыі нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь. Аналагічнымі правамі ў адпаведнасці з артыкулам 26 названага Закона надзяляюцца іншаземцы, якім прадастаўлены прытулак (артыкул 4 Закона).

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што дадзены падыход заканадаўца асноўваецца на норме артыкула 11 Канстытуцыі, якая прадугледжвае, што замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства на тэрыторыі Беларусі карыстаюцца правамі і свабодамі нароўні з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, развівае палажэнні Канстытуцыі аб гарантаванні грамадзянам права на ахову здароўя (частка першая артыкула 45), аб праве кожнага на адукацыю (частка першая артыкула 49), а таксама рэалізуе агульнапрызнаны прынцып гуманізму.

 

6. Згодна з Законам (артыкул 4) у Законе аб абароне бежанцаў устанаўліваецца, што прадастаўленне іншаземцу прытулку праводзіцца па рашэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пры наяўнасці падстаў для прадастаўлення прытулку. Часткай другой дадзенага артыкула вызначаецца, што прытулак не прадастаўляецца, у прыватнасці, калі іншаземец стварае пагрозу нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь; асуджаны ў Рэспубліцы Беларусь за ўчыненне злачынства, за выключэннем асуджаных без назначэння пакарання або да пакарання ў выглядзе пазбаўлення права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, і судзімасць не знята або не пагашана; з’яўляецца або з’яўляўся асобай, якая ажыццяўляе экстрэмісцкую, у тым ліку тэрарыстычную, дзейнасць, мае або меў дачыненне да дзейнасці, накіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, да незаконнага абароту зброі, боепрыпасаў да яе, выбуховых рэчываў, выбуховых устройстваў, прадметаў, паражаючае дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў, радыеактыўных матэрыялаў, наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў, да арганізацыі незаконнай міграцыі, гандлю людзьмі (частка першая артыкула 54).

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што ўказаныя меры накіраваны на абарону правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь і адпавядаюць частцы першай артыкула 59 Канстытуцыі, якая прадугледжвае, што дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры для стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй. Акрамя таго, магчымасць непрадастаўлення іншаземцу прытулку ў выпадку, калі ён стварае пагрозу нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, засноўваецца на норме Канстытуцыі, якая ўстанаўлівае, што Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь прымае меры ў тым ліку па ахове нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь (частка другая артыкула 79).

 

7. У адпаведнасці з артыкулам 4 Закона ў Законе аб абароне бежанцаў вызначаюцца падставы страты іншаземцам статусу бежанца, дадатковай абароны або прытулку; замацоўваецца палажэнне, якое прадугледжвае падставы анулявання статусу бежанца або дадатковай абароны, а таксама пазбаўлення прытулку (артыкулы 65–67).

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў адпаведнасці з Заключэннем Выканаўчага камітэта УВКБ ААН па міжнароднай абароне № 96 (LIV) 2003 года любая высылка павінна ажыццяўляцца гуманна, з прытрымліваннем правоў чалавека, а галоўным меркаваннем у гэтым выпадку павінны быць найлепшыя інтарэсы дзяцей.

 

Зыходзячы з міжнародна-прававых стандартаў, якія патрабуюць прытрымлівання правоў дзяцей на асобую абарону і дапамогу, Канстытуцыйны Суд мяркуе, што пры прыняцці ў адносінах да іншаземцаў, на ўтрыманні якіх знаходзяцца дзеці, рашэнняў аб страце або ануляванні статусу бежанца або дадатковай абароны, а таксама страты або пазбаўлення прытулку правапрымяняльніку неабходна кіравацца таксама прынцыпам забеспячэння найлепшых інтарэсаў дзіцяці.

 

8. Згодна з Канстытуцыяй у Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права (частка першая артыкула 7). Канстытуцыйны Суд у сваіх рашэннях неаднаразова адзначаў, што вяршэнства права ўключае шэраг элементаў, у тым ліку прававую вызначанасць, якая падразумявае яснасць, дакладнасць, несупярэчлівасць і лагічную ўзгодненасць прававых норм. Праз прытрымліванне ў нарматворчасці прынцыпу прававой вызначанасці ствараюцца ўмовы для аднастайнасці і прадказальнасці правапрымяняльнай практыкі, што павышае давер грамадзян да дзяржавы.

 

Законам уносяцца змяненні і дапаўненні ў законы Рэспублікі Беларусь «О социальном обслуживании», «О гражданстве Республики Беларусь», «О государственной дактилоскопической регистрации», «О правовом положении иностранных граждан и лиц без гражданства в Республике Беларусь», «О противодействии торговле людьми», што  ўдакладняюць правы і абавязкі іншаземцаў, якім прадастаўлены статус бежанца, дадатковая абарона, прытулак і часовая абарона.

 

Замацаванне ў Законе аб абароне бежанцаў усіх форм абароны іншаземцаў (прадастаўленне статусу бежанца, дадатковай абароны, прытулку і часовай абароны), карэкціроўка палажэнняў іншых законаў Рэспублікі Беларусь з мэтай узгаднення выкарыстоўваемай ў іх тэрміналогіі з тэрміналогіяй названага Закона адпавядаюць прынцыпу прававой вызначанасці.

 

Зыходзячы з выяўленага канстытуцыйна-прававога сэнсу норм Закона, Канстытуцыйны Суд лічыць, што Закон накіраваны на стварэнне належнай прававой асновы прадастаўлення вымушаным мігрантам дапамогі ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, а таксама на павышэнне эфектыўнасці правапрымяняльнай дзейнасці ў барацьбе з нелегальнай міграцыяй і, як вынік, на падтрыманне рэжыму законнасці і правапарадку для выканання патрабаванняў часткі трэцяй артыкула 1 Канстытуцыі.

 

Закон прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у рамках паўнамоцтваў у адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97, пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі.

 

На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд лічыць, што па змесце норм, форме акта і парадку прыняцця Закон адпавядае Канстытуцыі.

 

Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткай другой артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкуламі 103–105 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «О внесении  изменений и дополнений в некоторые законы Республики Беларусь по вопросам вынужденной миграции» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

 

2. Рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

3. Апублікаваць рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                    П.П.Міклашэвіч