Навіны
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь 25 мая 2016 г. прыняў рашэнне «Аб прававым рэгуляванні прыпынення дзейнасці юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў» (суддзя-дакладчык Козырава Л.Р.)

Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом у адпаведнасці з часткамі першай і трэцяй артыкула 158 Закона «Аб канстытуцыйным судаводстве» па пытанні прававога рэгулявання прыпынення дзейнасці юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.

Пры разглядзе справы Канстытуцыйны Суд зыходзіў з наступных палажэнняў.

Згодна з Канстытуцыяй дзяржава надае ўсім роўныя правы для ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці, акрамя забароненай законам, і гарантуе роўную абарону і роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці; гарантуе ўсім роўныя магчымасці свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для прадпрымальніцкай і іншай не забароненай законам эканамічнай дзейнасці; ажыццяўляе рэгуляванне эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства (часткі другая, чацвёртая і пятая артыкула 13). З канстытуцыйных палажэнняў таксама вынікае, што дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры па забеспячэнні правоў і свабод грамадзян, законнасці і правапарадку, па рэгуляванні эканамічнай дзейнасці ў інтарэсах чалавека і грамадства.

Правы органаў дзяржаўнага кіравання па прыпыненні дзейнасці юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў замацаваны ў шэрагу заканадаўчых актаў, дзе прадугледжваецца магчымасць прыпынення (забароны) дзейнасці гаспадарчых суб'ектаў, іх цэхаў (вытворчых участкаў), абсталявання, вытворчасці і (або) рэалізацыі тавараў (работ, паслуг), эксплуатацыі транспартных сродкаў, аперацый па рахунках у выпадках проціпраўнасці дзеянняў і парушэння заканадаўства, якія цягнуць стварэнне пагрозы нацыянальнай бяспецы, прычынення шкоды жыццю і здароўю насельніцтва, навакольнаму асяроддзю.

Фактычнымі падставамі вынясення органамі дзяржаўнага кіравання ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй рашэнняў аб прыпыненні дзейнасці з'яўляюцца вінаватыя дзеянні асоб, якія звязаны з парушэннем пэўных прававых норм і, адпаведна, носяць характар правапарушэнняў, а самі рашэнні па сваёй прававой прыродзе валодаюць прыметамі і маюць характар меры адміністрацыйнай адказнасці.

Следствам прыпынення дзейнасці з'яўляецца абмежаванне арганізацыі або індывідуальнага прадпрымальніка ў правах на працяглы перыяд, якое ўплывае на асноўны змест іх дзейнасці. У такім выпадку дадзеная мера можа разглядацца як адміністрацыйнае спагнанне, паколькі мэтай яе прымянення з'яўляецца не толькі спыненне ўзнікшай пагрозы, але і папярэджанне ўчынення новых адміністрацыйных правапарушэнняў дадзеным суб'ектам і іншымі асобамі.

Разам з тым у КабАП прыпыненне дзейнасці як від адміністрацыйнага спагнання не прадугледжана.

Канстытуцыйны Суд у рашэнні адзначыў, што разглядаемыя меры, будучы мерамі адміністрацыйнага стрымання, павінны прымяняцца ў выпадку ўчынення проціпраўных дзеянняў, у прыватнасці адміністрацыйных правапарушэнняў, у асобым працэсуальным парадку ў працэсе ажыццяўлення праваахоўнай дзейнасці дзяржаўных органаў.

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, адсутнасць у КабАП палажэнняў аб адказнасці за парушэнні заканадаўства, якая выражаецца ў адміністрацыйным прыпыненні дзейнасці як відзе адміністрацыйнага спагнання, а ў ПВКабАП – такой меры забеспячэння адміністрацыйнага працэсу, як часовая забарона дзейнасці, сведчыць аб наяўнасці прававой нявызначанасці заканадаўчага рэгулявання адпаведных адносін, што можа прыводзіць да парушэння правоў суб'ектаў гаспадарання.

У мэтах выканання канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права і законнасці, рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным устараніць прававую нявызначанасць у канстытуцыйна-прававым рэгуляванні прыпынення дзейнасці юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.