Навіны
Старшыня Канстытуцыйнага Суда расказаў аб значэнні Асноўнага Закона Беларусі

 

 

Канстытуцыя вышэй за ўсё 

Сёння наша краіна адзначае адно з важнейшых дзяржаўных свят – Дзень Канстытуцыі. Асноўны Закон суверэннай Беларусі быў прыняты 22 гады назад, 15 сакавіка 1994 года. Ён стаў асновай усяго беларускага заканадаўства, абвясціўшы правы і свабоды чалавека найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы. На абароне гэтых каштоўнасцей стаіць Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь.

Сёння яго Старшыня Пётр МІКЛАШЭВІЧ – госць нашай рэдакцыі.

Пётр Пятровіч, на ваш погляд, чым для грамадзян краіны з'яўляецца Канстытуцыя?

— У першую чаргу – прававой гарантыяй стабільнасці палітычнага і грамадскага ладу, важнейшай умовай устойлівасці сацыяльна-эканамічнага жыцця, стратэгіяй паступальнага і дынамічнага развіцця грамадства і дзяржавы. Канстытуцыя як Асноўны Закон краіны ўключае сістэму фундаментальных каштоўнасцей грамадства, замацоўвае правы і свабоды чалавека, гарантыі іх рэалізацыі і абароны.

— Якую ролю ў справе абароны гэтых каштоўнасцей іграе Канстытуцыйны Суд?

— Ён усёй сваёй дзейнасцю ажыццяўляе юрыдычную ахову Канстытуцыі, не дапускаючы вольнага абыходжання з канстытуцыйнымі прынцыпамі і нормамі, скажэння канстытуцыйна-прававога сэнсу ў заканадаўстве і правапрымяненні.

— А як абстаялі справы з канстытуцыйнай законнасцю ў 2015 годзе?

— Спачатку я адкажу на ваша пытанне ў шырокім, глабальным сэнсе. Ацэньваючы стан канстытуцыйнай законнасці ў Беларусі ў 2015 годзе, Канстытуцыйны Суд адзначыў рэалізацыю ў прававой сістэме палажэнняў Канстытуцыі, развіццё канстытуцыйных прынцыпаў і норм, а таксама агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права, накіраванасць дзейнасці дзяржаўных органаў і службовых асоб на падтрыманне канстытуцыйнай законнасці, забеспячэнне больш поўнай рэалізацыі канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян ва ўсіх сферах жыцця і дзейнасці грамадства і дзяржавы.

Разам з тым, ацэньваючы стан заканадаўства ў цэлым, адзначу, што ва ўмовах глабалізацыі, інтэграцыі, дынамічнасці і ўзаемазалежнасці грамадскіх і міждзяржаўных працэсаў асноўную ўвагу ў галіне нарматворчасці неабходна ўдзяліць забяспечанасці і бяспецы прававога рэгулявання зыходзячы з вяршэнства Канстытуцыі.

— Што гэта азначае?

— У першую чаргу тое, што заканадаўчыя акты павінны быць накіраваны на дасягненне і забеспячэнне канстытуцыйна значных мэт і інтарэсаў, поўна і канкрэтна рэгуляваць важнейшыя грамадскія адносіны. Разумееце, яны павінны змяшчаць належныя механізмы рэалізацыі правоў і свабод грамадзян, умацавання канстытуцыйнага правапарадку. Важнай з'яўляецца прадказальнасць заканатворчага працэсу. А таксама стабільнасць і паўната прававога рэгулявання, прававая пэўнасць, даступнасць і зразумеласць заканадаўства. Разам гэтыя фактары садзейнічаюць прытрымліванню справядлівага балансу прыватных і публічных інтарэсаў, устойлівасці эканамічнага, сацыяльнага і палітычнага жыцця.

— Раскажыце, якія задачы стаяць перад Канстытуцыйным Судом у 2016 годзе?

— Яны вызначаны Канстытуцыяй і Кодэксам аб судаўладкаванні і статусе суддзяў. Наша дзейнасць, як вы ведаеце, накіравана на забеспячэнне вяршэнства Канстытуцыі і яе непасрэднага дзеяння, абарону канстытуцыйнага ладу, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, зацвярджэнне законнасці ў нарматворчасці і правапрымяненні.

— Што робіцца для выканання гэтых умоў?

— Ажыццяўляецца канстытуцыйны кантроль усіх нарматыўных прававых актаў у дзяржаве, абавязковы папярэдні кантроль канстытуцыйнасці законаў, устараняюцца канстытуцыйна-прававыя прабелы ў заканадаўстве. Зараз ужо створаны неабходныя прававыя механізмы для сістэмнага канстытуцыйнага кантролю законаў і іншых нарматыўных прававых актаў, адбываецца далейшае развіццё і ўдасканальванне канстытуцыйнага судаводства, пашырэнне доступу грамадзян да канстытуцыйнага правасуддзя. Канстытуцыйны Суд імкнецца ўнесці свой уклад у развіццё дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы, паглыбляючы і развіваючы ўяўленне аб змесце канстытуцыйных каштоўнасцей і мэт, прынцыпаў і норм з улікам змен аб'ектыўнай рэальнасці ў грамадскім жыцці.

— Раскажыце, колькі законаў у парадку папярэдняга кантролю разгледзеў Суд у мінулым годзе? Якія з іх не вытрымалі гэтай праверкі?

— У парадку абавязковага папярэдняга кантролю ў 2015 годзе Канстытуцыйны Суд праверыў канстытуцыйнасць 50 законаў. Вось такая выйшла круглая лічба. Сярод іх 1 кодэкс, 16 агульных і спецыяльных законаў і 33 законы аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у законы і кодэксы. Усе законы прызнаны адпаведнымі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым Канстытуцыйны Суд сфармуляваў больш як пятнаццаць прававых пазіцый аб устараненні ў некаторых законах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці. Яны адрасаваны заканадаўцу і правапрымяняльнікам для ўліку пры далейшым удасканальванні заканадаўчага рэгулявання і ў правапрымяняльнай практыцы. У іх ліку прававыя пазіцыі ў дачыненні да норм законаў "Аб аператыўна-вышуковай дзейнасці", "Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці" і некаторыя іншыя.

— А якія парушэнні ліквідаваліся Судом у нарматыўных прававых актах? Па чыёй ініцыятыве гэта адбывалася?

— На падставе зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб. Канстытуцыйны Суд разгледзеў гэтыя звароты і прыняў рашэнні аб неабходнасці ўстаранення прабелаў у Крымінальна-працэсуальным кодэксе, у тым ліку звязаных з рэалізацыяй права грамадзян, якія выступаюць сведкамі ў крымінальным працэсе, на кваліфікаваную юрыдычную дапамогу.

— Гэта цікавы факт…

— Скажу подрабязней. У сваім рашэнні Канстытуцыйны Суд канстатаваў, што замацаванае ў Канстытуцыі права на юрыдычную дапамогу не можа быць абмежавана ні пры якіх абставінах, і прызнаў неабходным унесці ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс змяненні і дапаўненні, якія забяспечвалі б сведку магчымасць карыстацца юрыдычнай дапамогай адваката пры правядзенні следчых і іншых працэсуальных дзеянняў.

— Пётр Пятровіч, ці можна казаць аб нейкіх тэндэнцыях, калі асобныя сферы грамадскіх адносін часцей, чым іншыя, маюць патрэбу ў канстытуцыйным кантролі?

— Вы ж ведаеце, што мы будуем? Прававую дзяржаву, у якой забяспечваюцца юрыдычная роўнасць і справядлівасць. У нормах законаў і іншых нарматыўных прававых актаў прысутнічае і прыватны, і дзяржаўны інтарэс. У сувязі з гэтым, каб пазбегнуць парушэння іх балансу, правяраюцца нарматыўныя прававыя акты зыходзячы з канстытуцыйных каштоўнасцей, прынцыпаў і мэт. Канстытуцыйны Суд у роўнай меры ўдзяляе належную ўвагу ўсім нарматыўным прававым актам, якія рэгулююць грамадскія адносіны, кіруючыся вяршэнствам права.

— З гэтага вынікае думка аб важнейшай дзяржаўнай задачы. Якая яна?

—Зразумела, пабудова сучаснай сацыяльнай дзяржавы. У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд удзяляе асаблівую ўвагу законам, якія закранаюць сацыяльную сферу. І тут неабходна падкрэсліць, што заканадавец павінен няўхільна прытрымлівацца ў заканатворчым працэсе межаў меркавання, не дапускаць скажэння сутнасці сацыяльнай дзяржавы і, зыходзячы з эканамічных і фінансавых магчымасцей краіны, паслядоўна накіроўваць прававое рэгуляванне на павышэнне эфектыўнасці дзяржаўнай дапамогі ў сацыяльнай сферы, адраснасці мер па сацыяльнай абароне насельніцтва, а таксама на дасягненне балансу інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы.

— Зможаце прывесці прыклад такой увагі да сацыяльнай сферы?

— Калі ласка. На падставе звароту грамадзян прынята рашэнне аб гарантыях працоўных правоў адзінокіх маці. У Працоўным кодэксе для адзінокіх маці вызначаны дадатковыя гарантыі пры іх прыёме на работу і звальненні. Аднак з прычыны недастатковай пэўнасці норм працоўнага заканадаўства на практыцы да асобных катэгорый адзінокіх маці ўказаныя гарантыі не прымяняліся. У сувязі з гэтым у мэтах гарантавання абароны ў працоўных адносінах канстытуцыйных правоў грамадзян, якія маюць сямейныя абавязкі, Канстытуцыйны Суд указаў на неабходнасць устаранення ў Працоўным кодэксе прававой нявызначанасці, выкліканай адсутнасцю яснага і дакладнага вызначэння кола асоб, на якіх распаўсюджваюцца прадугледжаныя ў ім гарантыі пры прыёме на работу і звальненні адзінокіх маці.

— Сур'ёзная абарона. А ці былі за апошнія гады выпадкі невыканання рашэнняў Канстытуцыйнага Суда? Ці засталіся зараз такія сітуацыі?

— У цэлым назіраецца пазітыўная дынаміка выканання рашэнняў з боку дзяржаўных органаў і службовых асоб. Напрыклад, на працягу мінулага года выканана пяць рашэнняў Канстытуцыйнага Суда аб ліквідацыі ў нарматыўных прававых актах прабелаў, устараненні ў іх калізій і прававой нявызначанасці. З улікам прававых пазіцый Канстытуцыйнага Суда прыняты Закон "Аб альтэрнатыўнай службе", унесены змяненні і дапаўненні ў шэраг іншых законаў. У той ж час адзначу, што асобныя рашэнні маюць патрэбу ў больш аператыўным выкананні.

— Пётр Пятровіч, 2016 год названы ў краіне Годам Культуры. Што аб гэтым можна сказаць у адносінах да Канстытуцыі?

— Лічу, што менавіта зараз належыць удзяляць больш увагі развіццю канстытуцыйнай культуры як цэласнай каштоўнаснай сістэмы духоўна-маральных арыенціраў, выпрацаваных у ходзе гістарычнага развіцця беларускага народа, якія знайшлі адлюстраванне ў асновах Канстытуцыі.

Упэўнены, што ў адпаведнасці з Канстытуцыяй грамадзяне нашай краіны як галоўныя суб'екты канстытуцыйных праваадносін будуць працягваць актыўна ўносіць свой асабісты ўклад ва ўмацаванне і развіццё Беларусі як дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы.

— Віншую са святам, жадаю ўсім здароўя і дабрабыту!

Советская Белоруссия, 15 сакавіка 2016 г., № 47 (24929).

З тэкстам інтэрв'ю можна таксама азнаёміцца на сайце газеты «Советская Белоруссия» па адрасе: http://www.sb.by/obshchestvo/news/konstitutsiya-prevyshe-vsego.html