16 снежня 2015 г. № Р-1006/2015
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Карповіч Н.А., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П. на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абзаца другога часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкула 98 і часткі першай артыкула 101 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве» разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О гражданстве Республики Беларусь». Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Чыгрынава С.П., прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О гражданстве Республики Беларусь» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў: Закон Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О гражданстве Республики Беларусь» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 19 лістапада Закон накіраваны на ўдасканальванне прававога рэгулявання адносін, звязаных з парадкам і ўмовамі набыцця грамадзянства Рэспублікі Беларусь. Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Канстытуцыйны Суд зыходзіць з наступнага. 1. У адпаведнасці з артыкулам 10 Канстытуцыі грамадзяніну Рэспублікі Беларусь гарантуецца абарона і заступніцтва дзяржавы як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі; ніхто не можа быць пазбаўлены грамадзянства Рэспублікі Беларусь або права змяніць грамадзянства; грамадзянін Рэспублікі Беларусь не можа быць выдадзены замежнай дзяржаве, калі іншае не прадугледжана міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь; набыццё і страта грамадзянства ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з законам. Развіваючы дадзеныя канстытуцыйныя нормы, заканадавец у артыкуле 1 Закона Рэспублікі Беларусь «О гражданстве Республики Беларусь» (далей – Закон аб грамадзянстве) вызначыў, што грамадзянства Рэспублікі Беларусь – гэта трывалая прававая сувязь чалавека з Рэспублікай Беларусь, якая выражаецца ў сукупнасці іх узаемных правоў, абавязкаў і адказнасці, заснаваная на прызнанні і павазе годнасці, асноўных правоў і свабод чалавека; грамадзянства Рэспублікі Беларусь з’яўляецца неад’емным атрыбутам дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. Грунтуючыся на аналізе ўказаных палажэнняў Канстытуцыі і Закона аб грамадзянстве, Канстытуцыйны Суд адзначае, што грамадзянства як канстытуцыйна-прававы інстытут уяўляе сабой канстытуцыйна-прававое рэгуляванне асаблівай палітыка-прававой сувязі грамадзяніна і Рэспублікі Беларусь, што абумоўлівае аб’ём узаемных правоў і абавязкаў, сукупнасць якіх складае палітыка-прававы статус грамадзяніна. Грамадзянства мае экстэрытарыяльны, устойлівы і свабодны характар, пры гэтым дзяржава гарантуе грамадзяніну абарону і заступніцтва як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі, а грамадзянін не можа быць пазбаўлены грамадзянства Рэспублікі Беларусь або права змяніць грамадзянства. 2. Нормы правяраемага Закона адпавядаюць палажэнням шэрагу асноватворных міжнародна-прававых актаў па правах чалавека, у якіх у тым ліку замацоўваецца права на грамадзянства. Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека ўстаноўлена, што кожны чалавек мае права на грамадзянства (пункт 1 артыкула 15); ніхто не можа быць адвольна пазбаўлены свайго грамадзянства або права змяніць сваё грамадзянства (пункт 2 артыкула 15). Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах прадугледжвае, што кожнае дзіця мае права на набыццё грамадзянства (пункт 3 артыкула 24). У Еўрапейскай канвенцыі аб грамадзянстве ад 6 лістапада 1997 года вызначана, што прававыя нормы кожнай дзяржавы-ўдзельніцы, якія рэгулююць грамадзянства, грунтуюцца на наступных прынцыпах: (a) кожны чалавек мае права на грамадзянства; (b) неабходна пазбягаць безграмадзянства; (c) ніхто не можа быць адвольна пазбаўлены свайго грамадзянства; (d) ні ўступленне ў шлюб, ні скасаванне шлюбу паміж грамадзянінам дзяржавы-ўдзельніцы і іншаземцам, ні змяненне грамадзянства мужам (жонкай) падчас знаходжання ў шлюбе не цягнуць за сабой аўтаматычна наступстваў для грамадзянства жонкі (мужа) (артыкул 4). Такім чынам, у важнейшых міжнародна-прававых актах замацаваны такія асноватворныя прынцыпы, як усеагульнасць грамадзянства, устойлівасць грамадзянства, пазбяганне безграмадзянства. Пры гэтым, абвяшчаючы ўказаныя прынцыпы грамадзянства, міжнародна-прававыя акты прызнаюць прэрагатыву дзяржавы вызначаць у нацыянальным заканадаўстве іншыя прынцыпы, падставы, умовы, а таксама парадак набыцця і спынення грамадзянства. У Хельсінкскім дакуменце 1992 года «Вызов времени перемен», прынятым Нарадай па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, дзяржавы-ўдзельніцы падкрэсліваюць, што ўсе аспекты грамадзянства будуць рэгулявацца заканадаўчым працэсам; пры неабходнасці яны будуць прымаць меры, якія адпавядаюць канстытуцыйнаму ладу іх краін, з тым каб лік асоб без грамадзянства не павялічваўся (пункт 56 Хельсінкскіх рашэнняў СБСЕ). Згодна з артыкулам 3 Еўрапейскай канвенцыі аб грамадзянстве кожная дзяржава вызначае ў адпаведнасці са сваім заканадаўствам, хто з’яўляецца яе грамадзянамі; гэта заканадаўства прызнаецца іншымі дзяржавамі, калі яно адпавядае прымянімым міжнародным канвенцыям, міжнароднаму звычайнаму праву і агульнапрызнаным прававым прынцыпам у дачыненні да грамадзянства. Акрамя таго, суверэннае права дзяржаў самастойна рэгуляваць пытанні, звязаныя з грамадзянствам, улічваецца ў міжнароднай судовай практыцы. Так, Міжнародны Суд, заснаваны ў адпаведнасці са Статутам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, у рашэнні ад 6 красавіка 1955 года па справе «Ноттебом (Лихтенштейн против Гватемалы)» указаў, што грамадзянства, у першую чаргу, дазваляе ўстанавіць, што асоба, якая валодае ім, карыстаецца правамі і звязана абавязкамі, якія заканадаўства краіны надае або накладае на сваіх грамадзян; гэта падразумявае, у больш шырокім сэнсе, што пытанні грамадзянства датычацца ўнутранай кампетэнцыі дзяржаў. У Дакладзе аб правапераемстве дзяржаў у дачыненні да грамадзянства, прынятым Еўрапейскай камісіяй за дэмакратыю праз права (Венецыянская камісія) 13–14 верасня У названым Дакладзе падкрэслена, што змест інстытута грамадзянства як неад’емнай прэрагатывы суверэннай дзяржавы ў вызначэнні ідэнтычнасці яго насельніцтва павінен быць звязаны з вяршэнствам права (пункт 36); паняцце вяршэнства права ў сувязі з рэгуляваннем пытанняў грамадзянства ўключае ў сябе ў тым ліку: правядзенне кадыфікацыі ў сферы грамадзянства з улікам даступнасці і зразумеласці адпаведнага заканадаўства грамадзяніну; выключэнне з вызначэння грамадзяніна ўсіх дыскрымінуючых элементаў, якія датычацца правоў і асноўных свабод чалавека; прытрымліванне прынцыпу прапарцыянальнасці пры прадастаўленні, адмове або змяненні грамадзянства; прадастаўленне эфектыўнай судовай абароны ў дачыненні да актаў, што цягнуць пазбаўленне грамадзянства; аптымальнае тлумачэнне і прымяненне закона, якое адпавядае прынцыпам Канстытуцыі і фундаментальным правам чалавека (пункт 39). Зыходзячы з вяршэнства Канстытуцыі, Канстытуцыйны Суд лічыць, што суверэннае права Рэспублікі Беларусь ажыццяўляць прававое рэгуляванне адносін, звязаных з грамадзянствам, прадугледжвае магчымасць меркавання заканадаўца пры ўстанаўленні прынцыпаў, падстаў, умоў, а таксама парадку набыцця і спынення грамадзянства Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым вызначальным для развіцця інстытута грамадзянства з’яўляецца канстытуцыйны прынцып вяршэнства права, які прадугледжвае, што прававое рэгуляванне ў дадзенай сферы павінна грунтавацца на палажэннях Канстытуцыі і адпавядаць агульнапрызнаным прынцыпам міжнароднага права і міжнародным абавязацельствам Рэспублікі Беларусь. 3. Законам пашыраецца пералік падстаў набыцця грамадзянства Рэспублікі Беларусь па нараджэнні. Так, змяненнем, якое ўносіцца абзацам другім пункта 4 артыкула 1 Закона ў артыкул 13 Закона аб грамадзянстве, прадугледжваецца, што дзіця набывае грамадзянства Рэспублікі Беларусь па нараджэнні, калі на дзень нараджэння дзіцяці яго бацькі (адзіны бацька (маці), якія часова або пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, з’яўляюцца асобамі без грамадзянства, пры ўмове, што дзіця нарадзілася на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Такім чынам, пры ўстанаўленні прававога механізма набыцця грамадзянства Рэспублікі Беларусь дзіцём, якое нарадзілася на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, бацькі якога пражываюць у Рэспубліцы Беларусь і з’яўляюцца асобамі без грамадзянства, заканадаўцам правамерна прыменены прынцып права зямлі. Канстытуцыйны Суд адзначае, што пры ўнясенні ўказанага змянення ў Закон аб грамадзянстве заканадаўцам улічаны агульнапрызнаны прынцып міжнароднага права аб скарачэнні безграмадзянства ў адносінах да асоб, якія пражываюць на тэрыторыі дзяржавы, а таксама прынцып грамадзянства, што выражае імкненне Рэспублікі Беларусь да пазбягання выпадкаў безграмадзянства (абзац шосты артыкула 3 Закона аб грамадзянстве). Акрамя таго, у сілу артыкула 11 Канстытуцыі асобы без грамадзянства могуць мець асаблівы статус, які вызначаецца Канстытуцыяй, законамі і міжнароднымі дагаворамі і заключаецца ў адсутнасці ў такіх асоб некаторых правоў і свабод, якія надаюцца грамадзянам Рэспублікі Беларусь. У сувязі з гэтым Канстытуцыйны Суд мяркуе, што ўказаная норма Закона, накіраваная таксама на рэалізацыю палажэння часткі першай артыкула 32 Канстытуцыі аб абароне дзяцінства дзяржавай, сведчыць аб прызнанні дзяржавай дзяцей асоб без грамадзянства, як пастаянна, так і часова пражываючых у Рэспубліцы Беларусь, у якасці паўнапраўных суб’ектаў дзяржаўна-прававых адносін і адпавядае палажэнням артыкула 7 Закона Рэспублікі Беларусь «О правах ребенка», якія прадугледжваюць, што кожнае дзіця мае права на грамадзянства, падставы і парадак набыцця і змянення якога вызначаюцца заканадаўчымі актамі і міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь, што рэгулююць пытанні грамадзянства. 4. Згодна з Канстытуцыяй ў Рэспубліцы Беларусь устанаўлiваецца прынцып вяршэнства права (частка першая артыкула 7). Канстытуцыйны Суд у сваіх рашэннях неаднаразова адзначаў, што вяршэнства права ўключае ў сябе шэраг элементаў, у тым ліку прававую пэўнасць, якая падразумявае яснасць, дакладнасць, несупярэчлівасць і лагічную ўзгодненасць прававых норм. Шляхам выканання ў нарматворчасці прынцыпу прававой пэўнасці ствараюцца ўмовы для аднастайнасці і прадказальнасці правапрымяняльнай практыкі, што павышае давер грамадзян да дзяржавы. У мэтах рэалізацыі прынцыпу прававой пэўнасці ў частцы ўстанаўлення тэрміну бесперапыннага пражывання ў Рэспубліцы Беларусь (цэнз аседласці), які з’яўляецца адным з абавязковых патрабаванняў для прыёму ў грамадзянства Рэспублікі Беларусь, Законам удакладняецца паняцце бесперапыннага тэрміну пастаяннага пражывання ў Рэспубліцы Беларусь (абзац пяты пункта 5 артыкула 1). Так, у адпаведнасці з дапаўненнем, якое ўносіцца ў абзац чацвёрты часткі першай артыкула 14 Закона аб грамадзянстве, тэрмін пражывання ў Рэспубліцы Беларусь лічыцца бесперапынным, калі асоба выязджала за межы Рэспублікі Беларусь не больш чым на тры месяцы на працягу кожнага года на працягу апошніх сямі гадоў да звароту з заявай аб прыёме ў грамадзянства Рэспублікі Беларусь. Прынцыпу прававой пэўнасці адпавядае таксама пункт 11 артыкула 1 Закона, у адпаведнасці з якім глава 5 Закона аб грамадзянстве (артыкулы 23–27) выкладаецца ў новай рэдакцыі. Так, новай рэдакцыяй часткі чацвёртай артыкула 27 Закона аб грамадзянстве прадугледжваецца, што дзіця, якое з’яўляецца замежным грамадзянінам або асобай без грамадзянства, пры ўстанаўленні ў адносінах да яго мацярынства (бацькоўства) асобы, якая з’яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь, становіцца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь з дня ўстанаўлення мацярынства (бацькоўства). Дадзены падыход заканадаўца, заснаваны на прыярытэце пры рэгуляванні ўказаных адносін прынцыпу права крыві, накіраваны на пазбяганне прававых калізій і выпрацоўку аднастайнай правапрымяняльнай практыкі пры вызначэнні грамадзянства дзіцяці, у адносінах да якога ўстаноўлена мацярынства або бацькоўства асобы, якая з’яўляецца грамадзянінам Рэспублікі Беларусь. Зыходзячы з выяўленага канстытуцыйна-прававога сэнсу норм Закона, Канстытуцыйны Суд лічыць, што Закон па сваім змесце накіраваны на ўдасканальванне прававога механізма рэалізацыі канстытуцыйных палажэнняў, якія рэгулююць пытанні грамадзянства Рэспублікі Беларусь. Правяраемыя нормы Закона грунтуюцца таксама на агульнапрызнаных прынцыпах міжнароднага права і міжнародных дагаворах Рэспублікі Беларусь. Закон прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у рамках паўнамоцтваў у адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97, пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі. На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд лічыць, што па змесце норм, форме акта і парадку прыняцця Закон адпавядае Канстытуцыі. Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткай другой артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкуламі 103–105 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь ВЫРАШЫЎ: 1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «О внесении изменений и дополнений в Закон Республики Беларусь «О гражданстве Республики Беларусь» адпавядаючым Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. 2. Рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця. 3. Апублікаваць рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўчымi актамi. Старшынствуючы – Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь П.П.Міклашэвіч