Навіны
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь 27 лістапада 2015 г. прыняў рашэнне «Аб прававым рэгуляванні ўзбуджэння крымінальных спраў прыватнага абвінавачання» (суддзя-дакладчык Варановіч Т.В.)

Вядзенне па справе было ўзбуджана Канстытуцыйным Судом у адпаведнасці з артыкулам 158 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве».

Пры разглядзе справы Канстытуцыйны Суд зыходзіў з наступных палажэнняў.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе кожнаму абарону яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны (артыкул 60).

Крымінальна-працэсуальным кодэксам Рэспублікі Беларусь вызначаны пералік злачынстваў, справы аб якія з'яўляюцца справамі прыватнага абвінавачання (частка 2 артыкула 26).

Крымінальная справа прыватнага абвінавачання ўзбуджаецца асобай, якая пацярпела ад злачынства, яе законным прадстаўніком або прадстаўніком юрыдычнай асобы шляхам падачы ў раённы (гарадскі) суд заявы аб учыненні ў адносінах да яе адпаведнага злачынства, якая павінна змяшчаць у тым ліку звесткі аб асобе, якая ўчыніла злачынства; у выпадку адсутнасці ў заяве такіх звестак суд вяртае яе заяўніку (часткі 1 і 2 артыкула 426, частка 1 артыкула 427 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса).

Прааналізаваўшы палажэнні крымінальна-працэсуальнага закона, Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду аб тым, што адсутнасць у КПК норм, якія абавязваюць орган крымінальнага праследавання ўзбуджаць крымінальныя справы прыватнага абвінавачання пры адсутнасці звестак аб асобе, якая ўчыніла злачынства, а таксама норм, якія прадугледжваюць магчымасць узбуджэння такіх крымінальных спраў у выпадку смерці асобы, якая пацярпела ад злачынства, сведчыць аб прабеле канстытуцыйна-прававога рэгулявання грамадскіх адносін, звязаных з ажыццяўленнем крымінальнага праследавання і разглядам спраў у судзе ў парадку прыватнага абвінавачання.

Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, надзяленне грамадзяніна паўнамоцтвамі па ўзбуджэнні крымінальных спраў у парадку прыватнага абвінавачання і ажыццяўленні крымінальнага праследавання неабходна разглядаць у якасці дадатковай гарантыі абароны правоў і законных інтарэсаў асоб, якія пацярпелі ад злачынстваў, якая не вызваляе дзяржаву ад выканання канстытуцыйных функцый і абавязкаў па забеспячэнні законнасці і правапарадку, правоў і свабод грамадзян, рэалізацыі гарантаванага кожнаму права на судовую абарону. У сувязі з гэтым дзяржава абавязана забяспечыць доступ да правасуддзя кожнаму грамадзяніну, які пацярпеў ад злачынства, а ў выпадку смерці такой асобы гарантаваць судовую абарону яе годнасці і гонару.

У мэтах выканання канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права і законнасці, рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным устараненне прабелу канстытуцыйна-прававога рэгулявання ўзбуджэння крымінальных спраў прыватнага абвінавачання шляхам унясення ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь змяненняў і дапаўненняў, што прадугледжваюць абавязак органа крымінальнага праследавання ўзбуджаць крымінальныя справы прыватнага абвінавачання пры адсутнасці звестак аб асобе, якая ўчыніла ўказанае ў частцы 2 артыкула 26 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса злачынства, а таксама ўзбуджэнне крымінальных спраў прыватнага абвінавачання ў выпадку смерці асобы, якая пацярпела ад злачынства, па заявах яго паўналетніх блізкіх сваякоў або членаў сям'і.

Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь прапанавана падрыхтаваць адпаведны праект закона аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь і ўнесці яго ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.