Навіны
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь прыняў рашэнне «Аб праве грамадзян, якія выступаюць сведкамі ў крымінальным працэсе, на юрыдычную дапамогу»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь 2 ліпеня 2015 г. прыняў рашэнне «Аб праве грамадзян, якія выступаюць сведкамі ў крымінальным працэсе, на юрыдычную дапамогу» (суддзя-дакладчык Данілюк С.Я.).

Вядзенне па справе было ўзбуджана Канстытуцыйным Судом у адпаведнасці з артыкулам 158 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве» на падставе звароту Рэспубліканскага праваабароннага грамадскага аб'яднання «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» аб неабходнасці ліквідацыі прабелу і замацавання ў заканадаўстве права грамадзян, якія выступаюць сведкамі ў крымінальным працэсе, на юрыдычную дапамогу.

У звароце ўказваецца на адсутнасць у працэсуальным заканадаўстве норм аб аказанні юрыдычнай дапамогі сведкам, што на практыцы нярэдка вядзе да адмовы ў прадастаўленні сведкам юрыдычнай дапамогі і тым самым да парушэння гарантаваных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь правоў.

Пры разглядзе справы Канстытуцыйны Суд зыходзіў з наступных палажэнняў.

Замацаванае ў частцы першай артыкула 62 Канстытуцыі права кожнага на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў, з'яўляецца адным з важнейшых прынцыпаў дэмакратычнай прававой дзяржавы.

Дадзенае канстытуцыйнае палажэнне пацвярджае прыхільнасць Рэспублікі Беларусь агульнапрызнаным прынцыпам міжнароднага права ў галіне адпраўлення правасуддзя, што датычыцца асоб, якія абвінавачваюцца ў крымінальным злачынстве, а таксама карэспандуе міжнародным рэкамендацыйным актам, у якіх сфера дзеяння права на кваліфікаваную юрыдычную дапамогу распаўсюджваецца і на іншых удзельнікаў крымінальнага працэсу, у тым ліку на сведак.

Разам з тым у Крымінальна-працэсуальным кодэксе Рэспублікі Беларусь адсутнічаюць нормы, якія замацоўваюць абавязак органа, які вядзе крымінальны працэс, на допуск адваката да ўдзелу ў крымінальным працэсе ў якасці прадстаўніка сведкі, што на практыцы не дазваляе ў належнай меры рэалізаваць гарантаванае Канстытуцыяй права на юрыдычную дапамогу, у тым ліку пры ажыццяўленні следчых і іншых працэсуальных дзеянняў з удзелам сведкі.

Прадастаўленне сведку такога права абумоўлена і тым, што веданне сваіх асноўных працэсуальных правоў і абавязкаў мае істотнае значэнне не толькі для належнай прававой працэдуры ажыццяўлення крымінальнага працэсу, але і выступае дадатковай гарантыяй прытрымлівання як службовай асобай органа, што вядзе крымінальны працэс, так і сведкам заканадаўчых патрабаванняў, парушэнне якіх можа пацягнуць крымінальную адказнасць указаных асоб.

Акрамя таго, паказанні сведкі, дадзеныя ў прысутнасці адваката, будуць валодаць большай ступенню верагоднасці і юрыдычнай значнасці для прыняцця законнага і абгрунтаванага рашэння па крымінальнай справе.

Канстытуцыйны Суд у рашэнні ўказаў, што права на юрыдычную дапамогу не павінна залежаць ад дыскрэцыйных паўнамоцтваў органаў папярэдняга следства, падлягае забеспячэнню на ўсіх стадыях крымінальнага працэсу і не можа быць абмежавана ні пры якіх абставінах.

Такім чынам, у мэтах забеспячэння прынцыпу вяршэнства права, рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў, Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным устараненне заканадаўцам у Крымінальна-працэсуальным кодэксе Рэспублікі Беларусь прабелу ў прававым рэгуляванні рэалізацыі права грамадзян, якія выступаюць сведкамі ў крымінальным працэсе, на кваліфікаваную юрыдычную дапамогу.

Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь прапанавана падрыхтаваць адпаведны праект закона аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь, накіраваных на рэгламентацыю права сведкі карыстацца юрыдычнай дапамогай адваката пры ажыццяўленні следчых і іншых працэсуальных дзеянняў, і ўнесці праект закона ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.