Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
17 лістапада 2000 г. № Р-104/2000
17 лістапада 2000 г. № Р-104/2000
Аб праве на амнiстыю асуджаных, у адносiнах да якiх прыгаворы не ўступiлi ў законную сiлу ў сувязi з iх касацыйным абскарджаннем (апратэставаннем)
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намеснiка Старшынi Марыскiна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенiк К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Фiлiпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шабайлава В.І., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., разгледзеўшы на падставе артыкула 40 i часткi першай артыкула 116 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь зварот па пытанню непрымянення амнiстыi да некаторых катэгорый асуджаных, устанавiў наступнае.
Згодна з артыкулам 9 Закона ад 18 студзеня 1999 г. “Аб амнiстыi некаторых катэгорый асоб, якiя ўчынiлi злачынствы” (Ведамасцi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь, 1999 г., № 3, арт. 40) асуджаным да пазбаўлення волi тэрмiн пакарання скарачаецца на адзiн год, а асуджаным, у якiх да заканчэння тэрмiну пакарання застаецца менш аднаго года, тэрмiн пакарання скарачаецца на астатнюю частку. У адпаведнасцi з пунктам 9 артыкула 15 дадзенага Закона пад дзеянне артыкула 9 падпадаюць асуджаныя, у адносiнах да якiх прыгаворы ўступiлi ў законную сiлу на дзень уступлення ў сiлу гэтага Закона. Закон аб амнiстыi ўступiў у сiлу 21 студзеня 1999 г., г.зн. з дня яго апублiкавання, як гэта прадугледжана ў артыкуле 27 дадзенага Закона.
Аналагiчныя палажэннi, якiя датычацца прымянення амнiстыi да асуджаных, змяшчаюцца ў артыкуле 10 i частцы дзесятай артыкула 14 Закона ад 14 лiпеня 2000 г. “Аб амнiстыi некаторых катэгорый асоб, якiя ўчынiлi злачынствы” (Ведамасцi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь, 2000 г., № 24, арт. 328).
Такiм чынам, згодна з законам амнiстыя ў выглядзе скарачэння тэрмiну пазбаўлення волi можа быць прыменена толькi для асуджаных, у адносiнах да якiх вынесеныя судом прыгаворы ўступiлi ў законную сiлу на момант уступлення ў сiлу закона аб амнiстыi.
З паступiўшага ў Канстытуцыйны Суд звароту асуджанага, а таксама з аналiзу практыкi вiдаць, што да некаторых асоб не была прыменена амнiстыя з прычыны таго, што па не залежных ад iх акалiчнасцях iх касацыйныя скаргi на вынесеныя прыгаворы не разглядалiся на працягу доўгага часу. Таму на дзень уступлення ў сiлу закона аб амнiстыi прыгаворы ў адносiнах да гэтых асуджаных не ўступалi ў законную сiлу, што выключала магчымасць прымянення да iх амнiстыi.
Адной з прычын несвоечасовага разгляду крымiнальных спраў у касацыйным парадку з’яўляецца iх затрымка ў судах першай iнстанцыi, у тым лiку i ў сувязi з разглядам заўваг на пратаколы судовых пасяджэнняў. Прыгаворы не ўступаюць у законную сiлу i ў тых выпадках, калi па адной справе асуджана некалькi асоб, а касацыйныя скаргi падаюць асобныя з iх, i такiм чынам амнiстыя не распаўсюджваецца на асоб, якiя не абскардзiлi прыгавор у касацыйным парадку.
Прааналiзаваўшы палажэннi Канстытуцыi, мiжнародна-прававых актаў, а таксама нормы крымiнальна-працэсуальнага заканадаўства i практыку iх прымянення, Канстытуцыйны Суд прыйшоў да наступных вывадаў.
Згодна з артыкулам 60 Канстытуцыi кожнаму гарантуецца абарона яго правоў i свабод кампетэнтным, незалежным i непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрмiны.
У адпаведнасцi з часткай трэцяй артыкула 115 Канстытуцыi бакi i асобы, якiя ўдзельнiчаюць у працэсе, маюць права на абскарджанне рашэнняў, прыгавораў i iншых судовых пастаноў.
Артыкул 8 Усеагульнай дэкларацыi правоў чалавека ўстанаўлiвае, што кожны чалавек мае права на эфектыўнае аднаўленне ў правах кампетэнтнымi нацыянальнымi судамi ў выпадках парушэння яго асноўных правоў, прадастаўленых яму канстытуцыяй або законам.
Згодна з артыкулам 14 Мiжнароднага пакта аб грамадзянскiх i палiтычных правах кожны мае права пры разглядзе любога крымiнальнага абвiнавачання, якое яму прад’яўляецца, на аснове поўнай роўнасцi быць судзiмым без неапраўданай затрымкi. Кожны, хто асуджаны за якое-небудзь злачынства, мае права на тое, каб яго асуджэнне i прыгавор былi перагледжаны вышэйстаячай судовай iнстанцыяй згодна з законам.
У артыкуле 337 Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь (у далейшым — КПК) прадугледжана, што касацыйныя скаргi i пратэсты на прыгавор суда першай iнстанцыi могуць быць пададзены на працягу сямi сутак з дня абвяшчэння прыгавору, а асуджаным, якi ўтрымлiваецца пад вартай, — у той жа тэрмiн з дня ўручэння яму копii прыгавору. Пасля заканчэння тэрмiну, устаноўленага для абскарджання або апратэставання, суд, суддзя, якi пастанавiў прыгавор, накiроўвае справу з паступiўшымi скаргамi i пратэстам у касацыйную iнстанцыю i паведамляе зацiкаўленым асобам аб днi разгляду справы ў касацыйнай iнстанцыi (артыкул 339 КПК). Абласныя суды, Мiнскi гарадскi суд, Беларускi ваенны суд, Вярхоўны Суд Рэспублiкi Беларусь павiнны разгледзець паступiўшую па касацыйнай скарзе або пратэсту справу ў дзень, назначаны судом першай iнстанцыi, але не пазней аднаго месяца з дня яе паступлення. У выключных выпадках старшыня або намеснiк старшынi суда можа прадоўжыць гэты тэрмiн, але не больш чым на адзiн месяц (артыкул 342 КПК).
Згодна з часткай пятай артыкула 264 КПК пратакол судовага пасяджэння павiнен быць зроблены i падпiсаны не пазней чым праз трое сутак пасля заканчэння судовага пасяджэння, а па складаных справах — не пазней сямi сутак. На працягу трох сутак пасля падпiсання пратаколу пракурор, абаронца, падсудны, а таксама пацярпеўшы, грамадзянскi iсцец, грамадзянскi адказчык i iх прадстаўнiкi могуць падаць свае заўвагi на пратакол (артыкул 265 КПК).
Аднак у КПК (артыкул 266) не ўказаны тэрмiны разгляду ў судзе першай iнстанцыi заўваг на пратакол судовага пасяджэння. Крымiнальна-працэсуальным заканадаўствам не ўстаноўлены таксама тэрмiны, у межах якiх суд першай iнстанцыi абавязаны накiраваць крымiнальную справу ў суд касацыйнай iнстанцыi.
Аналагiчныя прабелы маюцца i ў новым КПК (артыкулы 310, 374, 375, 376, 380), якi ўводзiцца ў дзеянне з 1 студзеня 2001 г.
Адсутнасць у крымiнальна-працэсуальным заканадаўстве рашэння ўказаных пытанняў нярэдка прыводзiць на практыцы да неапраўданага зацягвання разгляду касацыйнай скаргi, што, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, не забяспечвае канстытуцыйных гарантый права на ажыццяўленне правасуддзя ва ўстаноўленыя законам тэрмiны, у тым лiку i права на касацыйнае абскарджанне вынесеных судом першай iнстанцыi прыгавораў.
Канстытуцыйны Суд у сваiм заключэннi ад 23 чэрвеня 1999 г. адзначыў, што палажэннi Канстытуцыi i агульнапрызнаныя нормы мiжнароднага права абавязваюць дзяржаву забяспечыць грамадзянам не толькi даступнасць правасуддзя, роўнасць усiх асоб перад законам, але i поўнае ажыццяўленне права на судовую абарону, якая павiнна быць справядлiвай, кампетэнтнай i эфектыўнай. Дзяржава абавязана гарантаваць абарону правоў i свабод чалавека i грамадзянiна ад судовай памылкi. Шляхам разгляду касацыйнай скаргi, у ходзе якога пераглядаецца справа, у найбольш поўным аб’ёме забяспечваюцца працэсуальныя правы бакоў i асоб, якiя ўдзельнiчаюць у працэсе, гарантуецца ажыццяўленне канстытуцыйнага права на судовую абарону i вынясенне судамi законных i абгрунтаваных пастаноў.
У гэтай сувязi Канстытуцыйны Суд адзначае, што несвоечасовы разгляд касацыйнай скаргi, абумоўлены адсутнасцю ў законе тэрмiнаў накiравання судом першай iнстанцыi крымiнальнай справы ў касацыйную iнстанцыю, не толькi фактычна парушае канстытуцыйнае права асуджаных на касацыйнае абскарджанне судовых прыгавораў, але i цягне парушэнне iншых правоў грамадзян, у прыватнасцi права на прымяненне амнiстыi.
Як паказвае практыка, асуджаныя вымушаны часам адмаўляцца ад рэалiзацыi свайго права на касацыйнае абскарджанне судовага прыгавору толькi дзеля таго, каб на дзень уступлення ў сiлу закона аб амнiстыi гэты прыгавор уступiў у законную сiлу.
Устанаўленне ў крымiнальна-працэсуальным заканадаўстве тэрмiнаў, на працягу якiх павiнны быць разгледжаны ў судзе першай iнстанцыi заўвагi на пратакол судовага пасяджэння, а таксама тэрмiнаў, у межах якiх крымiнальная справа ў выпадках касацыйнага абскарджання прыгавору павiнна быць накiравана ў касацыйную iнстанцыю, будзе служыць, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, дадатковай гарантыяй канстытуцыйных правоў грамадзян на судовую абарону, якая выключае неапраўданае зацягванне разгляду судовых прыгавораў у касацыйным парадку.
Згодна з артыкулам 21 Канстытуцыi забеспячэнне правоў i свабод грамадзян Рэспублiкi Беларусь з’яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы. Канстытуцыяй абвешчаны прынцып роўнасцi ўсiх перад законам i права без усялякай дыскрымiнацыi на роўную абарону правоў i законных iнтарэсаў (артыкул 22).
Шляхам прыняцця законаў аб амнiстыi дзяржава, праяўляючы гуманныя адносiны да асоб, якiя ўчынiлi злачынства, выносiць акт аб дараваннi пэўных катэгорый такiх асоб. Заканадавец мае права ўстанавiць кола асоб, на якiх распаўсюджваецца амнiстыя, вызначыць умовы як вызвалення iх ад крымiнальнай адказнасцi i пакарання, так i скарачэння тэрмiнаў назначанага iм судом пакарання, грунтуючыся на палажэннях Канстытуцыi i мiжнародна прававых актаў. (У дадзеным рашэннi Канстытуцыйны Суд не ацэньвае практыку рэгулярнага прыняцця законаў аб амнiстыi, абумоўленную ў пэўнай меры судовай прктыкай назначэння пакарання, у тым лiку i звязаных з пазбаўленнем волi.)
Канстытуцыйны Суд мяркуе, што амнiстыя магла б быць прыменена i да асуджаных, у адносiнах да якiх вынесеныя судамi першай iнстанцыi прыгаворы не ўступiлi ў законную сiлу на дзень уступлення ў сiлу закона аб амнiстыi ў сувязi з тым, што iх касацыйныя скаргi не разглядалiся на працягу доўгага часу па акалiчнасцях, ад iх не залежных. Указаныя асобы аказваюцца ў няроўным становiшчы ў параўнаннi з асуджанымi, касацыйныя скаргi якiх былi разгледжаны без зацягвання тэрмiнаў, або з асуджанымi, якiя наогул не выкарыстоўвалi свайго права на касацыйнае абскарджанне судовага прыгавору.
У сувязi з гэтым Канстытуцыйны Суд лiчыць, што ёсць падставы для пошуку справядлiвага рашэння па пытанню прымянення амнiстыi да асуджаных, у адносiнах да якiх прыгаворы не ўступiлi ў законную сiлу. Гэта магчыма як шляхам унясення змяненняў i дапаўненняў у адпаведныя законы аб амнiстыi, так i шляхам афiцыяльнага тлумачэння ўказаных законаў.
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, пры прыняццi ў будучым законаў аб амнiстыi не выключаюцца i iншыя варыянты справядлiвага рашэння дадзенага пытання.
На падставе выкладзенага i кiруючыся артыкулам 40 i часткай першай артыкула 116 Канстытуцыi, артыкуламi 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
ВЫРАШЫЎ:
1. Прапанаваць Нацыянальнаму сходу Рэспублiкi Беларусь:
разгледзець пытанне (у тым лiку i шляхам тлумачэння) аб распаўсюджаннi дзеяння законаў ад 18 студзеня 1999 г. “Аб амнiстыi некаторай катэгорыi асоб, якiя ўчынiлi злачынствы” i ад 14 лiпеня 2000 г. “Аб амнiстыi некаторых катэгорый асоб, якiя ўчынiлi злачынствы” на асуджаных, у адносiнах да якiх не ўступiлi ў законную сiлу з прычыны таго, што касацыйныя скаргi (пратэсты) па iх справах не разглядалiся на працягу доўгага часу па акалiчнасцях, якiя не залежаць ад асуджаных:
унесцi дапаўненнi ў крымiнальна-працэсуальнае заканадаўства, вызначыўшы тэрмiн, на працягу якога павiнны быць разгледжаны заўвагi на пратакол судовага пасяджэння ў судзе першай iнстанцыi, а таксама тэрмiн, у межах якога крымiнальная справа пры наяўнасцi касацыйнай скаргi (пратэсту) павiнна быць накiравана ў суд касацыйнай iнстанцыi.
2. Гэта рашэнне ўступае ў сiлу з дня прыняцця.
3. Апублiкаваць гэта рашэнне ў адпаведнасцi з дзеючым заканадаўствам.
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублiкi Беларусь Р.А. Васiлевiч