Навіны
26 лютага 2015 г. адбылася сустрэча Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Міклашэвіча П.П. з дакладчыкам па Беларусі Камісіі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) па палітычных пытаннях і дэмакратыі Андрэа Рыгоні

П.П.Міклашэвіч адзначыў, што дваццацігадовы перыяд дзеяння Канстытуцыі пацвердзіў прыхільнасць народа Беларусі да агульначалавечых каштоўнасцей, яго імкненне рэальна сцвярджаць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, забяспечваць грамадзянскую згоду, непахісныя ўстоі народаўладдзя і прававой дзяржавы, мэтанакіравана і паслядоўна фарміраваць дэмакратычную сацыяльную дзяржаву для народа, заснаваную на роўнасці, справядлівасці і гуманізме. Эвалюцыйнае канстытуцыйнае развіццё Рэспублікі Беларусь грунтуецца на фундаментальных прынцыпах, прама замацаваных у Канстытуцыі або ў палажэннях, якія з яе выцякаюць.

Пры гэтым Канстытуцыйны Суд, абараняючы канстытуцыйны лад і сцвярджаючы вяршэнства Канстытуцыі, фармулюе на аснове інтэрпрэтацыі канстытуцыйных прынцыпаў і норм у адносінах да канкрэтных праваадносін прававыя пазіцыі, накіраваныя на гарантаванае забеспячэнне канстытуцыйных правоў і свабод чалавека.

Здзейсніўся абмен меркаваннямі па пытаннях развіцця канстытуцыйнага кантролю. П.П.Міклашэвіч праінфармаваў госця аб асаблівасцях кампетэнцыі Канстытуцыйнага Суда, змяненнях у паўнамоцтвах у сувязі з прыняццем у 2014 годзе Закона «Аб канстытуцыйным судаводстве», праілюстраваўшы гэта канкрэтнымі прыкладамі з судовай практыкі апошніх гадоў.

Дадзены растлумачэнні па прававых падставах магчымасці адмены пакарання смерцю ў Беларусі і абвяшчэння мараторыя на выкананне гэтага віду пакарання. Пры гэтым звернута ўвага на тое, што Канстытуцыйны Суд 11 сакавіка 2004 г. вынес Заключэнне, у якім прызнаў неканстытуцыйнымі нормы Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь у частцы адсутнасці ў іх указання на часовы характар пакарання смерцю, а таксама адзначыў, што пытанне аб адмене гэтага віду пакарання або як першым кроку – аб абвяшчэнні мараторыя на яго прымяненне можа быць вырашана Кіраўніком дзяржавы і Парламентам.

Спадар Рыгоні выказаў падзяку за магчымасць сустрэчы і падкрэсліў, што эвалюцыя ў такім важным пытанні як прымяненне пакарання смерцю патрабуе часу і адпаведнага разумення ў грамадстве. Пры гэтым ён адзначыў, што з моманту яго візіту ў Беларусь у 2009 годзе ў цяперашні час назіраецца пэўны прагрэс у вырашэнні дадзенай праблемы.