Навіны
У Нацыянальным прэс-цэнтры 22 студзеня 2015 г. адбылася прэс-канферэнцыя Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Міклашэвіча П.П. на тэму «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2014 годзе»

 

У сваім выступленні Старшыня Канстытуцыйнага Суда спыніўся на змесце прынятага 20 студзеня 2015 г. Канстытуцыйным Судом Паслання Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і палатам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2014 годзе».

Мінулы 2014 быў азнаменаваны значнымі падзеямі – 20-годдзем Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і 20-годдзем дзейнасці Канстытуцыйнага Суда.

На аснове Канстытуцыі, у якой замацаваны найважнейшыя прынцыпы грамадскага ладу і дзяржавы, механізм ажыццяўлення дзяржаўнай улады, правы і свабоды грамадзян, два дзесяцігоддзя эфектыўна развіваецца і ўмацоўваецца Рэспубліка Беларусь, забяспечваецца ўстанаўленне грамадзянскай і грамадскай згоды.

1. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь з'яўляецца асновай стратэгіі ўстойлівага развіцця грамадства і дзяржавы. Замацаваныя ў ёй прынцыпы і нормы гарантуюць не толькі правы і свабоды грамадзян, але і стабільнасць канстытуцыйнага ладу, што дазваляе вызначаць перспектывы развіцця Рэспублікі Беларусь як дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы.

Эвалюцыйнае канстытуцыйнае развіццё грунтуецца на фундаментальных канстытуцыйных прынцыпах прыярытэту правоў і свабод чалавека і гарантый іх рэалізацыі, узаемнай адказнасці дзяржавы і грамадзяніна, народаўладдзя, раздзялення дзяржаўнай улады і ўзаемадзеяння яе органаў, вяршэнства права, роўнасці і справядлівасці, а таксама іншых прынцыпах, якія прама замацаваны ў Канстытуцыі або вынікаюць з яе палажэнняў.

У сучасных умовах дынамічнае і часам непрадказальнае развіццё грамадскіх адносін абумоўлівае неабходнасць адпаведнага прававога рэгулявання на аснове Канстытуцыі. Выяўленне шматграннага зместу канстытуцыйных прынцыпаў, паслядоўнае і мэтанакіраванае іх прымяненне да праваадносін, якія мяняюцца, рэалізацыя ў заканадаўстве і правапрымяняльнай дзейнасці з'яўляюцца неабходнымі ўмовамі забеспячэння дынамізму канстытуцыйна-прававога рэгулявання.

2. Канстытуцыйны Суд, абараняючы гарантаваныя Канстытуцыяй правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, канстытуцыйны лад, сцвярджаючы вяршэнства Канстытуцыі, фармулюе ў сваіх заключэннях і рашэннях прававыя пазіцыі, інтэрпрэтуючы канстытуцыйныя прынцыпы і нормы ў дачыненні да канкрэтных праваадносін. Такая дзейнасць Канстытуцыйнага Суда садзейнічае забеспячэнню эфектыўнасці канстытуцыйна-прававога рэгулявання, умацаванню канстытуцыйнай законнасці.

Палажэнні Канстытуцыі аб Канстытуцыйным Судзе як органе, які ажыццяўляе кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўных актаў у дзяржаве, атрымалі ў 2014 годзе далейшае сістэмнае развіццё ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, а таксама ў прынятым Законе Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве». Пры гэтым удасканалена прававое рэгуляванне парадку разгляду ў Канстытуцыйным Судзе спраў, прыняцця па іх заключэнняў або рашэнняў і іх выканання, ажыццяўлення ўдзельнікамі канстытуцыйнага судаводства працэсуальных дзеянняў.

3. Ацэньваючы стан канстытуцыйнай законнасці ў нарматворчасці і правапрымяненні, Канстытуцыйны Суд адзначае станоўчыя тэндэнцыі сістэмнага забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі ў заканадаўстве і зацвярджэння канстытуцыйнага правапарадку ва ўсіх сферах дзяржаўнага і грамадскага жыцця.

Правераныя Канстытуцыйным Судом у 2014 годзе ў парадку папярэдняга кантролю 55 законаў у цэлым прызнаны адпавядаючымі Канстытуцыі.

Аналіз вывучаных і разгледжаных Канстытуцыйным Судом спраў і іншых матэрыялаў сведчыць аб прытрымліванні і развіцці ў заканатворчым працэсе канстытуцыйных прынцыпаў і норм, забеспячэнні вяршэнства права, павышэнні эфектыўнасці канстытуцыйна-прававога рэгулявання.

Выяўленыя ў некаторых законах прававыя прабелы, прававая нявызначанасць і калізіі заканадаўцу рэкамендавана ўстараніць пры далейшым удасканальванні прававога рэгулявання адпаведных адносін.

4. У парадку ажыццяўлення наступнага канстытуцыйнага кантролю Канстытуцыйным Судом у 2014 годзе па прапанове Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь была разгледжана справа аб адпаведнасці Канстытуцыі некаторых норм Крымінальна-працэсуальнага кодэкса (палажэнні пункта 7 часткі 1 артыкула 29, часткі 1 артыкула 250, часткі 1 артыкула 279, пункта 1 часткі 1 артыкула 303 КПК).

Падствай паслужыў ініцыятыўны зварот у Палату прадстаўнікоў грамадзянкі, якая выказала меркаванне, што фактам спынення крымінальнай справы па нерэабілітуючай падставе без згоды блізкіх сваякоў асобы, якая памёрла, і яго магчымымі юрыдычнымі вынікамі істотна закранаюцца гонар і добрае імя асобы, якая памёрла, а таксама законныя інтарэсы яе блізкіх сваякоў, пры гэтым парушаюцца палажэнні артыкулаў 26 і 60 Канстытуцыі, якія замацоўваюць прэзумпцыю невінаватасці і права кожнага на судовую абарону.

У Заключэнні па дадзенай справе Канстытуцыйны Суд прызнаў асобныя палажэнні Крымінальна-працэсуальнага кодэкса не адпавядаючымі Канстытуцыі ў той меры, у якой яны дазваляюць органу, які вядзе крымінальны працэс, у выпадку смерці падазронага або абвінавачванага адмовіць ва ўзбуджэнні крымінальнай справы, а па ўзбуджанай справе спыніць вядзенне без згоды яго блізкіх сваякоў, паколькі такое рэгуляванне не дазваляе забяспечыць рэабілітацыю асобы, якая памёрла, з мэтай абароны яе годнасці, гонару і добрага імя.

5. Канстытуцыйным Судом у 2014 годзе рэалізоўваліся паўнамоцтвы па прыняцці рашэнняў аб устараненні ў нарматыўных прававых актах прабелаў, выключэнні ў іх калізій і прававой нявызначанасці.

Падставай для ўзбуджэння вядзення па справах дадзенай катэгорыі з’явіліся паступіўшыя ў Канстытуцыйны Суд звароты грамадзян і арганізацый. На практыцы такую магчымасць звароту грамадзян у Канстытуцыйны Суд можна разглядаць як пэўную форму прамога доступу да канстытуцыйнага правасуддзя.

Так, напрыклад:

у мэтах забеспячэння канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, гарантавання абароны ў працоўных адносінах канстытуцыйных правоў грамадзян, якія маюць сямейныя абавязкі, Канстытуцыйны Суд у рашэнні ўказаў на неабходнасць выключэння заканадаўцам у Працоўным кодэксе прававой нявызначанасці, выкліканай адсутнасцю яснага і дакладнага вызначэння кола асоб, на якіх распаўсюджваюцца прадугледжваемыя ў ім гарантыі пры заключэнні і спыненні працоўнага дагавора для адзінокіх маці;

у мэтах належнай рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян на сацыяльнае забеспячэнне і прытрымлівання прынцыпу сацыяльнай справядлівасці Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным выключыць прававую нявызначанасць і прапанаваў Савету Міністраў шляхам прыняцця адпаведнай пастановы забяспечыць пры дапамозе прававога рэгулявання парадку прадстаўлення і афармлення дакументаў для назначэння пенсіі органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне магчымасць сведчання асобы ў выключных выпадках не толькі пашпартам грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, але і іншымі дакументамі.

6. На працягу 2014 года выканана 8 рашэнняў Канстытуцыйнага Суда. Выкладзеныя ў іх прававыя пазіцыі ўлічаны заканадаўцам шляхам унясення адпаведных змяненняў і дапаўненняў:

Гаспадарчы працэсуальны кодэкс дапоўнены артыкулам, які прадастаўляе права бакам выбіраць прымірыцеля пры правядзенні пагадняльнай працэдуры (медыяцыі) (1551);

Грамадзянскі працэсуальны кодэкс дапоўнены нормамі, рэгулюючымі асаблівасці разгляду і вырашэння скарг грамадзян на вынесенае ў адносінах да іх папярэджанне аб магчымасці накіравання ў лячэбна-працоўны прафілакторый (параграф 62 главы 29);

у Крымінальны кодэкс унесена змяненне і прадугледжана магчымасць вызвалення ад пакарання або замены пакарання больш мяккім асобе, якая пакутуе на іншае цяжкае захворванне, што перашкаджае адбыванню пакарання, незалежна ад часу ўзнікнення такога захворвання (артыкул 29).

Выказаныя ў рашэннях Канстытуцыйнага Суда прававыя пазіцыі ўлічаны нарматворчымі органамі ў шэрагу іншых нарматыўных прававых актаў.

У заключнай частцы выступлення Старшынёй Канстытуцыйнага Суда былі прыведзены некаторыя вывады і прапановы, выкладзеныя ў Пасланні.

Па-першае, дынамічнае развіццё сацыяльных і эканамічных працэсаў прадвызначае неабходнасць своечасовага, а часам і апераджальнага прававога рэгулявання грамадскіх адносін. Пры гэтым патрэбна ўлічваць, што стабільныя фундаментальныя канстытуцыйныя палажэнні аб канстытуцыйным ладзе, правах і свабодах чалавека і грамадзяніна з'яўляюцца канстытуцыйнай асновай перспектыўнага і дынамічнага заканадаўчага рэгулявання.

Пры прававым рэгуляванні грамадскіх адносін неабходна ў абавязковым парадку ўлічваць асноватворныя канстытуцыйныя прынцыпы прыярытэту правоў і свабод чалавека, вяршэнства права, роўнасці і справядлівасці, што дазволіць паслядоўна накіроўваць заканатворчы працэс на развіццё канстытуцыйных каштоўнасцей і дасягненне канстытуцыйных мэт.

Па-другое, на сучасным этапе ўзрастае патрабаванне дакладнасці прававых норм, поўнага і паслядоўнага замацавання нарматыўнай волі, што з'яўляецца важнай умовай упарадкаванасці грамадскага жыцця, усвядомленага падпарадкавання чалавека і грамадзяніна праву.

Канстытуцыйны Суд пастаянна звяртае ўвагу нарматворчых органаў на неабходнасць безумоўнага прытрымлівання прынцыпу прававой дакладнасці, згодна з якім любы нарматыўны прававы акт павінен насіць пэўны характар, эфектыўна ўздзейнічаць на грамадскія адносіны і ўстанаўліваць суразмернае прававое рэгуляванне. Пры гэтым неабходна выразнае, яснае і недвухсэнсоўнае выкладанне прававых норм, якія дакладна ўстанаўліваюць патрабаванні, што прад'яўляюцца да дзеянняў фізічных і юрыдычных асоб, рамкі магчымых, належных і забароненых паводзін.

Па-трэцяе, у рашэннях Канстытуцыйнага Суда неаднаразова ўказвалася, што замацаваны ў міжнародных актах свабодны і бесперашкодны доступ да правасуддзя з'яўляецца дасягненнем сучаснай цывілізацыі, неад'емнай састаўляючай фундаментальнага канстытуцыйнага права грамадзян і юрыдычных асоб на судовую абарону.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што ў цяперашні час для забеспячэння свабоднага доступу да правасуддзя заканадаўчыя акты, якія закранаюць правы і свабоды грамадзян, мэтазгодна выдаваць на дзвюх дзяржаўных мовах – беларускай і рускай у адпаведнасці з палажэннем артыкула 17 Канстытуцыі аб роўнасці дзвюх дзяржаўных моў.

Па-чацвёртае, з уступленнем Рэспублікі Беларусь у Еўразійскі эканамічны саюз актуалізуюцца пытанні прадказальнасці прававога рэгулявання, уліку суадносін нацыянальнага і наднацыянальнага заканадаўства. Таму Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу заканадаўца на неабходнасць безумоўнага прытрымлівання ў заканатворчым працэсе вяршэнства Канстытуцыі, паслядоўнага развіцця канстытуцыйных каштоўнасцей і прынцыпаў, што дазволіць дасягнуць гібкага, дынамічнага, гранічна дакладнага, максімальна адпавядаючага патрэбнасцям грамадства і дзяржавы сучаснага прававога рэгулявання.

Па-пятае, у мэтах забеспячэння канстытуцыйнай законнасці патрабуецца пастаянная мэтанакіраваная дзейнасць усіх дзяржаўных органаў і службовых асоб па арганізацыі дзяржаўных спраў і жыцця людзей у адпаведнасці з нормамі Канстытуцыі, а з боку грамадзян – сумленнае і адказнае выкананне канстытуцыйных абавязкаў.

Пры гэтым стварэнне належных умоў і роўных магчымасцей для рэалізацыі правоў і свабод грамадзян, законных інтарэсаў юрыдычных асоб з'яўляецца важнейшай функцыяй дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы, фарміраванне якой паслядоўна ажыццяўляецца ў Рэспубліцы Беларусь.

У другой частцы прэс-канферэнцыі Старшыня Канстытуцыйнага Суда адказаў на пытанні журналістаў.