Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
29 снежня 2008 г. № Р-312/2008
Аб прымяненні больш працяглых тэрмінаў накладання адміністрацыйных спагнанняў

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П., Шукліна В.З. разгледзеў зварот Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь аб абгрунтаванасці прымянення больш працяглых тэрмінаў накладання адміністрацыйных спагнанняў, прадугледжаных пунктам 4 часткі 1 артыкула 7.6 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (далей – КабАП), пры ажыццяўленні адміністрацыйнага працэсу па асобных саставах адміністрацыйных правапарушэнняў супраць парадку архітэктурнай і горадабудаўнічай дзейнасці, будаўніцтва і добраўпарадкавання, указаных у главе 21 дадзенага Кодэкса. 

Прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, адпаведныя нормы КабАП і іншых нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае. 

Чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы. Дзяржава адказная перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы (артыкул 2 Канстытуцыі). 

Забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца вышэйшай мэтай дзяржавы. Дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (артыкул 21 Канстытуцыі). Абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб (частка першая артыкула 23 Канстытуцыі). 

Згодна з часткамі другой і трэцяй артыкула 59 Канстытуцыі дзяржаўныя органы, службовыя і іншыя асобы, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы і нясуць адказнасць за дзеянні, што парушаюць правы і свабоды асобы. 

Прыведзеныя канстытуцыйныя палажэнні сведчаць аб тым, што як на ўзроўні заканадаўчых і іншых нарматыўных прававых актаў, так і на ўзроўні правапрымяняльных рашэнняў павінна быць забяспечана ажыццяўленне прадугледжаных Канстытуцыяй, іншымі заканадаўчымі актамі і гарантаваных дзяржавай правоў грамадзян. Пры гэтым павінны захоўвацца баланс інтарэсаў асобы і дзяржавы, а таксама прынцыпы разумнасці і сацыяльнай справядлівасці. 

Указаныя палажэнні Канстытуцыі рэалізаваны ў КабАП, нормамі якога вызначана, якія дзеянні з’яўляюцца адміністрацыйнымі правапарушэннямі, замацаваны падставы і ўмовы адміністрацыйнай адказнасці, устаноўлены адміністрацыйныя спагнанні, што могуць быць прыменены да фізічных асоб, якія ўчынілі адміністрацыйныя правапарушэнні, а таксама да юрыдычных асоб, якія прызнаны вінаватымі і падлягаюць адміністрацыйнай адказнасці ў адпаведнасці з гэтым Кодэксам (артыкул 1.1 КабАП). Адной з задач дадзенага Кодэкса з’яўляецца абарона чалавека, яго правоў і свабод, законных інтарэсаў, правоў юрыдычных асоб (частка 1 артыкула 1.2 КабАП). 

Згодна з пунктамі 1 і 2 часткі 1 артыкула 7.6 КабАП адміністрацыйнае спагнанне можа быць накладзена: 

за ўчыненне адміністрацыйнага правапарушэння – не пазней двух месяцаў з дня яго ўчынення; 

за ўчыненне адміністрацыйнага правапарушэння, якое працягваецца, – не пазней двух месяцаў з дня яго выяўлення. 

У пункце 4 часткі 1 артыкула 7.6 КабАП прадугледжаны больш працяглыя тэрміны накладання адміністрацыйных спагнанняў за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў у пэўных галінах дзейнасці, якія складаюць тры гады з дня ўчынення адміністрацыйнага правапарушэння і шэсць месяцаў з дня яго выяўлення. Да іх адносяцца адміністрацыйныя правапарушэнні, учыненыя ў галіне фінансаў, рынку каштоўных папер, банкаўскай і прадпрымальніцкай дзейнасці, супраць парадку падаткаабкладання і мытнага рэгулявання. 

У пункце 4 часткі 1 артыкула 7.6 КабАП таксама ўстаноўлена, што адміністрацыйнае спагнанне можа быць накладзена ва ўказаныя больш працяглыя тэрміны і за ўчыненне “іншых адміністрацыйных правапарушэнняў, якія выявіліся ў выкананні або неналежным выкананні актаў заканадаўства, што рэгулююць эканамічныя адносіны”. 

Заканадаўства Рэспублікі Беларусь не раскрывае паняцця “эканамічныя адносіны”, што цягне неадназначнае разуменне палажэння “іншыя адміністрацыйныя правапарушэнні, якія выявіліся ў выкананні або неналежным выкананні актаў заканадаўства, што рэгулююць эканамічныя адносіны”. 

З аднаго боку, адсутнасць вызначэння тэрміну “эканамічныя адносіны” дазваляе прымяняць больш працяглыя тэрміны накладання адміністрацыйных спагнанняў практычна за любое адміністрацыйнае правапарушэнне, за выключэннем адміністрацыйных правапарушэнняў, яўна не звязаных з эканамічнай дзейнасцю. 

З другога боку, зыходзячы з літаральнага тлумачэння разглядаемых палажэнняў пункта 4 часткі 1 артыкула 7.6 КабАП, прымяненне больш працяглых тэрмінаў накладання адміністрацыйных спагнанняў магчыма толькі за невыкананне або неналежнае выкананне актаў заканадаўства, якія рэгулююць эканамічныя адносіны. 

Акрамя таго, паколькі ў вышэйуказанай норме таксама не вызначаецца, у якіх іменна актах заканадаўства замацаваны саставы іншых адміністрацыйных правапарушэнняў, а, зыходзячы з сэнсу часткі 2 артыкула 1.1 КабАП, адміністрацыйная адказнасць можа прадугледжвацца рознымі заканадаўчымі актамі да іх уключэння ў КабАП, то пад “іншымі адміністрацыйнымі правапарушэннямі” можна разумець адміністрацыйныя правапарушэнні, саставы якіх прадугледжаны як у Асаблівай частцы КабАП, так і ў актах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. 

Падыход, замацаваны заканадаўцам у пункце 4 часткі 1 артыкула 7.6 КабАП, сведчыць аб тым, што дадзеную норму неабходна разумець у адзінстве яе зместу і разглядаць як адкрыты пералік адміністрацыйных правапарушэнняў, пры ўчыненні якіх могуць прымяняцца больш працяглыя тэрміны накладання адміністрацыйных спагнанняў. 

Правапрымяняльная пракыка таксама складваецца з улікам дадзенага падыходу. Так, пры разглядзе спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях, падведамных агульным судам, прымяняюцца больш працяглыя тэрміны накладання адміністрацыйных спагнанняў, у прыватнасці па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія змяшчаюцца ў частцы 1 артыкула 21.7 КабАП: завышэнне падрадчыкам (субпадрадчыкам), заказчыкам (за выключэннем бюджэтных арганізацый) аб’ёмаў і (або) кошту будаўніча-мантажных і іншых работ, затрат пры будаўніцтве (рэканструкцыі, рамонце), выкананых і праведзеных за кошт сродкаў бюджэту, дзяржаўных мэтавых бюджэтных, дзяржаўных пазабюджэтных, інавацыйных фондаў або з прыцягненнем ільготных крэдытаў. Іншымі словамі, такія тэрміны накладання адміністрацыйных спагнанняў прымяняюцца і за ўчыненне іншых адміністрацыйных правапарушэнняў, якія выявіліся ў невыкананні або неналежным выкананні актаў заканадаўства, што рэгулююць эканамічныя адносіны, замацаваных у КабАП і іншых актах заканадаўства, а не толькі адміністрацыйных спагнанняў, учыненых у галінах, пералічаных у пункце 4 часткі 1 артыкула 7.6 КабАП. 

Такім чынам, пункт 4 часткі 1 артыкула 7.6 КабАП не змяшчае вычарпальнага пераліку саставаў адміністрацыйных правапарушэнняў, за ўчыненне якіх могуць прымяняцца больш працяглыя тэрміны накладання адміністрацыйных спагнанняў. У сувязі з гэтым прымяненне дадзеных тэрмінаў магчыма і пры ўчыненні адміністрацыйных правапарушэнняў, прама не ўказаных у главах 11–14 КабАП, пры ўмове, што яны выявіліся ў невыкананні або неналежным выкананні актаў заканадаўства, якія рэгулююць эканамічныя адносіны. 

Разам з тым, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, неканкрэтная фармулёўка пункта 4 часткі 1 артыкула 7.6 КабАП можа прывесці да пашыранага тлумачэння яго норм правапрымяняльнікамі. З улікам шматлікасці відаў эканамічнай дзейнасці дзеянне пункта 4 часткі 1 артыкула 7.6 КабАП магчыма распаўсюдзіць на неапраўдана вялікі пералік адміністрацыйна каральных дзеянняў. З-за адсутнасці абмежавальных механізмаў магчыма шырокае прымяненне меркавання правапрымяняльніка. Паколькі ў артыкуле 7.6 КабАП прадугледжаны агульныя правілы, якія вызначаюць тэрміны накладання адміністрацыйных спагнанняў, то выключэнне з указаных правіл у выглядзе ўстанаўлення больш працяглых тэрмінаў накладання адміністрацыйных спагнанняў павінна быць замацавана ў КабАП канкрэтна, у тым ліку і ў прымяненні да саставаў адміністрацыйных правапарушэнняў, якія выявіліся ў невыкананні або неналежным выкананні актаў заканадаўства, што рэгулююць эканамічныя адносіны, якія падпадаюць пад дзеянне дадзенага выключэння. 

Забеспячэнне аднастайнага разумення і прымянення законаў гарантуе кожнаму абарону яго правоў і свабод на аснове прынцыпаў вяршэнства права, юрыдычнай роўнасці і справядлівасці. Калі адзінства тлумачэння і прымянення на практыцы не забяспечана, то гэта, у сваю чаргу, цягне за сабой нявызначнасць закона і магчымасць яго проціпраўнага і адвольнага прымянення. Тым самым парушаецца фундаментальны канстытуцыйны прынцып роўнасці як неабходнай умовы рэалізацыі правоў і свабод грамадзян. 

У мэтах забеспячэння прынцыпу вяршэнства права, канстытуцыйных правоў і законных інтарэсаў фізічных і юрыдычных асоб, адназначнага разумення і прымянення норм аб адміністрацыйнай адказнасці пералік саставаў адміністрацыйных правапарушэнняў, за ўчыненне якіх прымяняюцца больш працяглыя тэрміны накладання адміністрацыйных спагнанняў, павінен быць вычарпальным і замацаваны на заканадаўчым узроўні. 

На падставе выкладзенага, кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 22, 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, Канстытуцыйны Суд 

ВЫРАШЫЎ: 

1. Прызнаць неабходным у мэтах забеспячэння канстытуцыйнай законнасці ўнесенне ў пункт 4 часткі 1 артыкула 7.6 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях адпаведных змяненняў і дапаўненняў, вызначыўшы вычарпальны пералік саставаў адміністрацыйных правапарушэнняў, за ўчыненне якіх павінны прымяняцца больш працяглыя тэрміны накладання адміністрацыйных спагнанняў. 

2. Прапанаваць Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ва ўстаноўленым парадку ўнесці ўказаныя змяненні і дапаўненні ў пункт 4 часткі 1 артыкула 7.6 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. 

3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця. 

4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам. 

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                       П.П.Міклашэвіч