18 снежня 2008 г. № Р-303/2008
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Рабцава Л.М., Сяргеевай В.Г., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П., Шукліна В.З. разгледзеў зварот грамадзяніна па пытанню рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 чэрвеня 2001 г. № 17 “Аб парадку забеспячэння жылымі памяшканнямі ваеннаслужачых, асоб радавога і начальніцкага складу органаў унутраных спраў, фінансавых расследаванняў, органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях” (далей – Дэкрэт № 17). Грамадзянін указаў, што ў адпаведнасці з названым Дэкрэтам у адносінах да яго як супрацоўніка органа ўнутраных спраў было прынята рашэнне аб прадастаўленні бязвыплатнай фінансавай дапамогі на пагашэнне льготнага крэдыту, атрыманага на будаўніцтва жылога памяшкання. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 19 сакавіка 2007 г. № 128 “Аб некаторых пытаннях прадастаўлення і выкарыстання жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду” (далей – Указ № 128) Дэкрэт № 17 прызнаны страціўшым сілу, у сувязі з чым фінансавая дапамога заяўнікам атрымана не ў поўным аб’ёме. Грамадзянін лічыць, што ён мае права на атрыманне бязвыплатнай фінансавай дапамогі ў поўным аб’ёме, таму што звярнуўся за ёй яшчэ да прызнання ўказанага Дэкрэта страціўшым сілу.
Неабходна адзначыць, што Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у снежні 2007 г. (пасля прызнання Дэкрэта № 17 страціўшым сілу) было даручана Прэм’ер-міністру Рэспублікі Беларусь забяспечыць выплату фінансавай дапамогі асобам, у адносінах да якіх ва ўстаноўленым Дэкрэтам № 17 парадку да ўступлення ў сілу Указа № 128 прыняты рашэнні аб выплаце такой дапамогі за кошт і ў межах сродкаў, прадугледжаных на гэтыя мэты ў бюджэце Рэспублікі Беларусь на 2007 год.
Прааналізаваўшы адпаведныя палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Дэкрэта № 17, Указа № 128, Закона Рэспублікі Беларусь “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь” і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
У адпаведнасці з артыкулам 2 Канстытуцыі чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы. Дзяржава адказная перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы.
Забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы. Дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы (артыкул 21 Канстытуцыі).
Ніхто не можа быць прымушаны да выканання абавязкаў, якія не прадугледжаны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і яе законамі, ці да адмаўлення ад сваіх правоў (артыкул 58 Канстытуцыі).
Канстытуцыя (артыкул 59) ускладае на дзяржаву абавязак прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй. Дзяржаўныя органы, службовыя і іншыя асобы, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы і нясуць адказнасць за дзеянні, якія парушаюць правы і свабоды асобы.
Прыведзеныя канстытуцыйныя палажэнні сведчаць аб тым, што як на ўзроўні заканадаўчых і іншых нарматыўных прававых актаў, якія ўстанаўліваюць ці спыняюць (адмяняюць) правы грамадзян, так і на ўзроўні правапрымяняльных рашэнняў павінна быць забяспечана рэалізацыя прадугледжаных Канстытуцыяй, іншымі заканадаўчымі актамі і гарантаваных дзяржавай правоў грамадзян. Пры гэтым абавязкова захаванне балансу інтарэсаў грамадзян і дзяржавы, прынцыпаў разумнасці і сацыяльнай справядлівасці.
Указаныя палажэнні Канстытуцыі рэалізаваны ва Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 жніўня 2003 г. № 359 “Аб мерах па ўдасканальванню нарматворчай дзейнасці”, які ў якасці крытэрыяў адпаведнасці праекта нарматыўнага прававога акта Канстытуцыі прадугледжвае, у прыватнасці, адлюстраванне ў ім канстытуцыйных прынцыпаў, сувязь зместу праекта акта і норм Канстытуцыі (пункт 121 Правіл падрыхтоўкі праектаў нарматыўных прававых актаў, зацверджаных гэтым Указам), а таксама ў артыкуле 73 Закона “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь”, які абавязвае ажыццяўляць належную арганізацыю рэалізацыі нарматыўных прававых актаў пасля іх прыняцця (выдання).
Практыка нарматворчай дзейнасці сведчыць аб тым, што заканадаўцам у некаторых выпадках спынення дзеяння прававых норм і адмены прадастаўленых імі правоў прымаліся рашэнні аб магчымасці прававога рэгулявання адносін, якія ўзніклі на падставе адмененых норм, але не атрымалі канчатковага выканання ў адпаведнасці з адмененымі нормамі.
Так, пунктам 15 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 лістапада 2008 г. № 618 “Аб дзяржаўных закупках у Рэспубліцы Беларусь” урэгулявана пытанне аб нераспаўсюджванні дзеяння гэтага Указа на дзяржаўныя закупкі тавараў (работ, паслуг), калі працэдуры закупак пачаты або дагаворы на пастаўку тавараў (выкананне работ, аказанне паслуг) заключаны да ўступлення ў сілу дадзенага Указа. Устаноўлена, што пачаткам працэдуры дзяржаўнай закупкі неабходна лічыць дату зацвярджэння задання на дзяржаўную закупку тавараў (работ, паслуг) кіраўніком (упаўнаважаным ім намеснікам) заказчыка (арганізатара, упаўнаважанай арганізацыі) ці індывідуальным прадпрымальнікам. Гэтыя закупкі завяршаюцца па заканадаўству, якое дзейнічае да ўступлення Указа ад 17 лістапада 2008 г. № 618 у сілу.
Маюць месца выпадкі, калі ў законе прадугледжваецца магчымасць прымянення норм гэтага закона пасля іх змянення. У прыватнасці, у артыкуле 2 Закона Рэспублікі Беларусь ад 20 ліпеня 2007 г. “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь” устаноўлена, што працоўныя водпускі (іх часткі), права на якія ў работнікаў узнікла, але не было рэалізавана да ўступлення дадзенага Закона ў сілу, прадастаўляюцца (кампенсуюцца) поўнасцю або прапарцыянальна адпрацаванаму часу да 31 снежня 2008 г. у адпаведнасці з заканадаўствам, якое дзейнічала да ўступлення ў сілу дадзенага Закона.
Важным для рэалізацыі ў поўным аб’ёме правоў грамадзян з’яўляецца вызначэнне моманту, з якога грамадзянін уступае ў адпаведныя праваадносіны з дзяржаўнай арганізацыяй. Напрыклад, мелі месца пытанні ў адносінах да таго, у якім выпадку (пры якіх умовах) права на прыватызацыю службовых жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду ў тэрмін да 1 студзеня 2008 г., прадастаўленае Указам № 128, лічылася выкарыстаным да ўказанага тэрміну. Паколькі ў самім Указе гэта не было вызначана, Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь растлумачыла, што для прызнання выкарыстаным права грамадзяніна на перадачу яму службовага жылога памяшкання ва ўласнасць да 1 студзеня 2008 г. дастаткова было да 31 снежня 2007 г. падаць ва ўстаноўленым парадку неабходныя дакументы.
З улікам выкладзенага Канстытуцыйны Суд лічыць юрыдычна абгрунтаваным у нарматыўным прававым акце, які прадугледжвае спыненне суб’ектыўнага права, указваць акалічнасць, якая з’яўляецца пачатковым момантам рэалізацыі грамадзянінам прадастаўленага яму права. Менавіта гэту акалічнасць, якая выступае праваўтвараючым фактам, будзе вызначаць заканадаўства, якое належыць прымяненню. Асаблівую актуальнасць набывае вырашэнне дадзенага пытання ў тых выпадках, калі дзеянні грамадзян па рэалізацыі права не супадаюць па часу з дзеяннямі дзяржаўных арганізацый па забеспячэнню гэтага права (напрыклад, моманты падачы заявы на прыватызацыю і прыняцце рашэння аб прыватызацыі).
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што паміж грамадзянінам і дзяржаўнай арганізацыяй узнікаюць публічныя праваадносіны, пароджаныя праваўтвараючым фактам (сукупнасцю фактаў), якія носяць для бакоў абавязковы характар, што выключае аднабаковую адмову ад выканання абавязацельстваў.
Што датычыцца выпадкаў, пры якіх магчыма завяршэнне рэалізацыі праваадносін пасля таго, як нарматыўныя прававыя акты прызнаны страціўшымі сілу, то Канстытуцыйны Суд адзначае наступнае. Суб’ектыўныя правы і юрыдычныя абавязкі ўдзельнікаў праваадносін, якія ўзніклі на падставе прававой нормы, не заўсёды ажыццяўляюцца (выконваюцца) у адзін і той жа час. У выніку ў выпадку страты юрыдычнай сілы актам, які ўстанавіў вызначаныя правы і абавязкі грамадзяніна, арганізацыі, існуе неабходнасць нейкі час рэгуляваць адносіны, што ўзніклі да страты нарматыўным прававым актам юрыдычнай сілы. Такое перажыванне закона з прававога пункту погляду апраўдана і абгрунтавана, таму што садзейнічае рэалізацыі суб’ектыўных правоў і юрыдычных абавязкаў у поўным аб’ёме, што адпавядае вышэйуказаным палажэнням Канстытуцыі, у прыватнасці канстытуцыйным прынцыпам гарантаванасці правоў чалавека і ўзаемнай адказнасці дзяржавы і грамадзяніна. Гэта значыць, што калі пры адмене нарматыўнага прававога акта спыняецца права, рэалізацыя якога пачалася, то заканадаўцу неабходна вызначыць магчымасць і парадак поўнай рэалізацыі дадзенага суб’ектыўнага права.
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, замацаванне ўказаных палажэнняў у нарматыўных прававых актах у неабходных выпадках будзе садзейнічаць забеспячэнню гарантаваных дзяржавай правоў і свабод грамадзян. Закон “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь” як нарматыўны прававы акт, які ўстанаўлівае агульны парадак падрыхтоўкі, афармлення, прыняцця (выдання), апублікавання, дзеяння, тлумачэння і сістэматызацыі нарматыўных прававых актаў, не змяшчае ўказання на абавязковасць рэгулявання ў кожным нарматыўным прававым акце, што прадугледжвае адмену правоў, пытання аб магчымасці прымянення норм прававога акта пасля прызнання яго страціўшым сілу, у тым ліку да суб’ектыўных правоў, якія ўзніклі на яго падставе, але не рэалізаваны.
На падставе выкладзенага, кіруючыся артыкуламі 40, 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 22, 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, Канстытуцыйны Суд
ВЫРАШЫЎ:
1. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь як суб’екту права заканадаўчай ініцыятывы забяспечыць распрацоўку і ўнясенне ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь праекта Закона Рэспублікі Беларусь аб унясенні дапаўнення ў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь”, які прадугледжвае неабходнасць рэгулявання пытанняў забеспячэння поўнай рэалізацыі правоў грамадзян у выпадку прыняцця нарматыўнага прававога акта аб іх адмене.
2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.