Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
18 верасня 2014 г. № Р-946/2014
Аб паняцці «адзінокая маці» ў працоўных праваадносінах

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Сяргеевай В.Г., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Ізоткі У.П., Карповіч Н.А., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу «Аб паняцці «адзінокая маці» ў працоўных праваадносінах».

 

У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел:

 

паўнамоцны прадстаўнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе – Міцкевіч В.В., Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь;

 

паўнамоцны прадстаўнік Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе – Мароз Л.Ф., старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве;

 

паўнамоцны прадстаўнік Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе – Бодак А.М., намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь;

 

прадстаўнікі:

 

Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь – Забара А.А., намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь;

 

Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь – Стук А.К., намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь;

 

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь – Старавойтаў I.Р., намеснік Міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь;

 

Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі – Шэлковіч У.I., начальнік галоўнага прававога ўпраўлення апарата Савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

 

Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 10 ліпеня 2014 г. у адпаведнасці з часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), абзацам восьмым часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, часткамі першай і трэцяй артыкула 158 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве» на падставе паступіўшага ў Канстытуцыйны Суд звароту грамадзянкі Герашчанкі В.М. аб прававой нявызначанасці паняцця «адзінокая маці», якое выкарыстоўваецца ў нормах Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – ПК), што ўстанаўліваюць гарантыі пры заключэнні і спыненні працоўнага дагавора для адзінокіх маці.

 

У звароце грамадзянкі Герашчанкі В.М. указваецца, што ў судзе разглядалася справа аб незаключэнні з ёй працоўнага дагавора. У абгрунтаванне іскавых патрабаванняў яна спасылалася на норму артыкула 268 ПК, у адпаведнасці з якой забараняецца адмаўляць у заключэнні працоўнага дагавора адзінокім маці па матывах, звязаных з наяўнасцю дзіцяці ва ўзросце да чатырнаццаці гадоў (дзіцяці-інваліда – да васямнаццаці гадоў). Як адзначае заяўніца, яна скасавала шлюб і выхоўвае дваіх непаўналетніх дзяцей, аднаму з якіх яшчэ няма чатырнаццаці гадоў. Бацька дзяцей дапамогі ў іх выхаванні і ўтрыманні не аказвае. Аднак у іску судом ёй было адмоўлена на той падставе, што, па меркаванні суда, заяўніца не датычыцца да катэгорыі адзінокіх маці, паколькі дзеці былі народжаны ў шлюбе.

 

Не пагаджаючыся з такой правапрымяняльнай практыкай, грамадзянка Герашчанка В.М. мяркуе, што можа прэтэндаваць на прадугледжаныя ПК гарантыі для адзінокіх маці. Сваё меркаванне яна абгрунтоўвае магчымасцю адпаведнага тлумачэння паняцця «адзінокая маці», паколькі ў ПК адсутнічае яго вызначэнне, а таксама прызначэннем названых гарантый, што маюць на мэце падтрымку няпоўных сямей, у якіх матэрыяльнае забеспячэнне дзяцей ажыццяўляецца фактычна толькі адным з бацькоў.

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Карповіч Н.А., выступленні паўнамоцных прадстаўнікоў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь у Канстытуцыйным Судзе, прадстаўнікоў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі, ПК і іншых актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь, даследаваўшы прадстаўленыя дакументы і іншыя матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд устанавіў.

 

1. Згодна з Канстытуцыяй шлюб, сям’я, мацярынства, бацькоўства і дзяцінства знаходзяцца пад абаронай дзяржавы (частка першая артыкула 32). Дадзенае канстытуцыйнае палажэнне знайшло развіццё, у прыватнасці, у нормах ПК аб асаблівасцях заключэння і спынення працоўнага дагавора з адзінокімі маці.

 

Пунктам 6 часткі першай артыкула 16 ТК устаноўлена, што забараняецца неабгрунтаваная адмова адзінокім маці ў заключэнні працоўнага дагавора па матывах, звязаных з наяўнасцю дзіцяці ва ўзросце да чатырнаццаці гадоў (дзіцяці-інваліда – да васямнаццаці гадоў).

 

У адпаведнасці з часткамі першай і другой артыкула 268 ПК забараняецца адмаўляць у заключэнні працоўнага дагавора і зніжаць заработную плату адзінокім маці па матывах, звязаных з наяўнасцю дзіцяці ва ўзросце да чатырнаццаці гадоў (дзіцяці-інваліда – да васямнаццаці гадоў); пры адмове ў заключэнні працоўнага дагавора ўказанай катэгорыі жанчын наймальнік абавязаны паведаміць ім матывы ў пісьмовай форме; адмова ў заключэнні працоўнага дагавора можа быць абскарджана ў суд. Згодна з часткай трэцяй артыкула 268 ТК не дапускаецца скасаванне працоўнага дагавора па ініцыятыве наймальніка з адзінокімі маці, якія маюць дзяцей ва ўзросце ад трох да чатырнаццаці гадоў (дзяцей-інвалідаў да васямнаццаці гадоў), акрамя выпадкаў ліквідацыі арганізацыі, спынення дзейнасці філіяла, прадстаўніцтва або іншага адасобленага падраздзялення арганізацыі, размешчаных у іншай мясцовасці, спынення дзейнасці індывідуальнага прадпрымальніка, а таксама па падставах, прадугледжаных пунктамі 2, 4, 5, 7–9 артыкула 42 і артыкулам 47 ПК.

 

Пастановай Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 29 сакавіка 2001 г. № 2 «О некоторых вопросах применения судами законодательства о труде» (далей – пастанова Пленума Вярхоўнага Суда ад 29 сакавіка 2001 г. № 2) растлумачана, што да адзінокіх маці, на якіх распаўсюджваюцца гарантыі, прадугледжаныя артыкулам 268 ПК, неабходна адносіць жанчын, якія не знаходзяцца ў шлюбе і маюць дзяцей, у актавым запісе аб нараджэнні якіх запіс аб бацьку зроблены ва ўстаноўленым парадку па ўказанні маці, а таксама ўдоў (удаўцоў), якія не ўступілі ў новы шлюб і выхоўваюць непаўналетніх дзяцей (частка чацвёртая пункта 22).

 

Такім чынам, у ПК заканадаўцам устаноўлены гарантыі пры заключэнні і спыненні працоўнага дагавора для адзінокіх маці, якія адпавядаюць канстытуцыйнаму палажэнню аб абароне сям’і, мацярынства і дзяцінства. Пры гэтым пытанне аб тым, якія асобы адносяцца да адзінокіх маці, не ўрэгулявана ПК, а рэгламентавана пастановай Пленума Вярхоўнага Суда.

 

2. У адпаведнасці з артыкулам 39 Закона «О конституционном судопроизводстве» у Вярхоўны Суд, Генеральную пракуратуру, Міністэрства юстыцыі, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі, а таксама на кафедру грамадзянскага працэсу і працоўнага права юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта былі накіраваны запыты.

 

У адказе Вярхоўнага Суда адзначаецца, што заканадаўства аб працы не змяшчае вызначэнне паняцця «адзінокая маці», аднак у артыкулах 16 і 268 ПК устаноўлены льготы і гарантыі адзінокім маці ў сферы працоўных адносін. Суды пры разглядзе спрэчак, звязаных з практыкай прымянення такіх гарантый, кіруюцца растлумачэннем, якое змяшчаецца ў частцы чацвёртай пункта 22 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда ад 29 сакавіка 2001 г. № 2.

 

Па меркаванні Вярхоўнага Суда, гэта растлумачэнне садзейнічае канкрэтызацыі асоб, якія адносяцца да катэгорыі работнікаў, якім прадастаўляюцца гарантыі ў працоўных адносінах; у заканадаўстве і правапрымяняльнай практыцы тэрмін «адзінокая маці» прымяняецца і разумеецца адназначна, у адпаведнасці з яго зместам; падставы для напаўнення яго іншым зместам, чым прадугледжаны ў пастанове Пленума Вярхоўнага Суда ад 29 сакавіка 2001 г. № 2, адсутнічаюць, роўна як і прававая нявызначанасць у дадзеным пытанні.

 

Генеральная пракуратура ўказвае, што ў працоўным заканадаўстве адсутнічае дакладнае вызначэнне паняцця «адзінокая маці». Растлумачэнне гэтага паняцця, якое змяшчаецца ў пастанове Пленума Вярхоўнага Суда ад 29 сакавіка 2001 г. № 2, не ў поўнай меры ахоплівае ўсе жыццёвыя сітуацыі, пры якіх маці адна выхоўвае дзіця. Дадатковыя гарантыі пры заключэнні і спыненні працоўнага дагавора могуць быць распаўсюджаны не толькі на адзінокіх маці, але і на іншых грамадзян, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей у няпоўнай сям’і. У сувязі з гэтым мэтазгодна ў нарматыўных прававых актах вызначыць катэгорыю грамадзян, на якіх могуць быць распаўсюджаны дадатковыя гарантыі ў сферы працоўных адносін, у тым ліку прадугледжаныя главой 19 «Асаблівасці рэгулявання працы жанчын і работнікаў, якія маюць сямейныя абавязкі» ПК.

 

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны мяркуе, што ў заканадаўстве склалася ўстойлівае разуменне значэння тэрміна «адзінокая маці», якое выкладзена ў пункце 22 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда ад 29 сакавіка 2001 г. № 2. Міністэрства лічыць неабгрунтаваным атаясамліваць паняцці «разведзеная жонка» і «адзінокая маці», паколькі разведзеная жонка мае права спагнання сродкаў на ўтрыманне дзяцей з бацькі, а ў адзінокай маці такога права няма. Міністэрства не знаходзіць падстаў для прызнання наяўнасці  прававой нявызначанасці і для змянення падыходаў у ПК і ў пастанове Пленума Вярхоўнага Суда ў частцы іншага вызначэння тэрміна «адзінокая маці».

 

У адказе Міністэрства юстыцыі адзначана, што вызначэнняў тэрміна «адзінокая маці» у заканадаўстве не змяшчаецца, за выключэннем пастановы Пленума Вярхоўнага Суда ад 29 сакавіка 2001 г. № 2. У той жа час заканадаўствам замацаваны інстытут няпоўнай сям’і, у сувязі з чым адпаведная тэрміналогія выкарыстоўваецца ў шэрагу заканадаўчых актаў. Няпоўным сем’ям, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей, дзяржава прадастаўляе шэраг дадатковых сацыяльных гарантый. Міністэрства юстыцыі звяртае ўвагу на рэгуляванне сходных грамадскіх адносін і правапрымяняльную практыку ў Расійскай Федэрацыі, дзе пад адзінокімі маці падразумяваецца больш шырокае кола асоб.

 

Па меркаванні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, растлумачэнне, што змяшчаецца ў пастанове Пленума Вярхоўнага Суда ад 29 сакавіка 2001 г. № 2, аб коле асоб, якіх належыць адносіць да адзінокіх маці, з’яўляецца дастаткова канкрэтным. Разам з тым у мэтах забеспячэння рэалізацыі прынцыпу прававой вызначанасці Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі мяркуе правільным замацаванне паняцця «адзінокая маці» непасрэдна ў ПК.

 

Кафедрай грамадзянскага працэсу і працоўнага права юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта зроблены вывад аб тым, што вызначэнне паняцця «адзінокая маці» у законах, якія прадугледжваюць гарантыі для адзінокіх маці, адсутнічае. Для мэт працоўнага заканадаўства прававая нявызначанасць у заканадаўчым рэгуляванні і правапрымяняльнай практыцы аднясення асоб да адзінокіх маці, на якіх распаўсюджваюцца ўстаноўленыя ПК гарантыі пры заключэнні і спыненні працоўнага дагавора, ліквідавана пастановай Пленума Вярхоўнага Суда ад 29 сакавіка 2001 г. № 2. Аднак гэта не перашкаджае выбранню іншага, больш значнага спосабу пераадолення дэфектаў права – унясення ўдакладнення ў ПК.

 

Такім чынам, у адказах на запыты Канстытуцыйнага Суда звернута ўвага на адсутнасць у ПК і іншых заканадаўчых актах, якія рэгулююць працоўныя і звязаныя з імі адносіны, норм, што вызначаюць, якія асобы прызнаюцца адзінокімі маці. Акрамя таго, выказаны пазіцыі аб тым, што канкрэтызацыі асоб, на якіх распаўсюджваюцца гарантыі пры заключэнні і спыненні працоўнага дагавора адзінокім маці, садзейнічае растлумачэнне, дадзенае ў пастанове Пленума Вярхоўнага Суда ад 29 сакавіка 2001 г. № 2, і аб магчымасці аднясення да адзінокіх маці іншага кола асоб, чым гэта прадугледжана ва ўказанай пастанове Пленума Вярхоўнага Суда. Адзначана таксама мэтазгоднасць выключэння прававой нявызначанасці ў рэгуляванні пытання аб гарантыях адзінокім маці шляхам замацавання ў ПК вызначэння паняцця «адзінокая маці».

 

3. Канстытуцыя абвяшчае Рэспубліку Беларусь сацыяльнай прававой дзяржавай, а чалавека, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі – найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы, устанаўлівае адказнасць дзяржавы перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы (частка першая артыкула 1, артыкул 2).

 

Грамадзянам Рэспублікі Беларусь Канстытуцыяй гарантавана права на працу як найбольш годны спосаб самасцвярджэння чалавека, гэта значыць права на выбар прафесіі, роду заняткаў і работы ў адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, прафесійнай падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх патрэбнасцей (частка першая артыкула 41). Канстытуцыйнае права на працу грамадзянін можа рэалізаваць як шляхам свабоднага выкарыстання здольнасцей і маёмасці для ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці, так і ў парадку найму (частка чацвёртая артыкула 13, частка першая артыкула 42 Канстытуцыі).

Згодна з прыведзенымi канстытуцыйнымi нормамi ў заканадаўстве аб працы Рэспублікі Беларусь замацаваны прававыя гарантыі рэалізацыі права грамадзян на працу ў парадку найму. Пры гэтым прававое рэгуляванне працоўных і звязаных з імі адносін павінна грунтавацца таксама на іншых прынцыпах і нормах Канстытуцыі, у тым ліку вызначаючых, што кожны мае права на годны ўзровень жыцця, уключаючы дастатковае харчаванне, адзенне, жыллё і пастаяннае паляпшэнне неабходных для гэтага ўмоў (частка другая артыкула 21); шлюб, сям’я, мацярынства, бацькоўства і дзяцінства знаходзяцца пад абаронай дзяржавы; бацькі або асобы, якія іх замяняюць, маюць права і абавязаны выхоўваць дзяцей, клапаціцца аб іх здароўі, развіцці і навучанні (часткi першая і трэцяя артыкула 32).

 

Канстытуцыйныя палажэнні аб абароне дзяржавай сям’і, мацярынства і дзяцінства адпавядаюць нормам шэрагу абавязковых для Рэспублікі Беларусь міжнародна-прававых актаў, уключаючы Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах (1966 г.), у адпаведнасці з якім сям’і, якая з’яўляецца натуральнай і асноўнай ячэйкай грамадства, павінны прадастаўляцца па магчымасці самая шырокая ахова і дапамога, у асаблівасці пры яе стварэнні і пакуль на яе адказнасці ляжыць клопат аб несамастойных дзецях і іх выхаванні (пункт 1 артыкула 10). Згодна з пунктам 1 артыкула 2 гэтага Пакта дзяржавы абавязваюцца прыняць у максімальных межах наяўных рэсурсаў меры да таго, каб забяспечыць паступова поўнае ажыццяўленне правоў, якія прызнаюцца ў Пакце, усімі належнымі спосабамі, уключаючы прыняцце заканадаўчых мер.

 

Абарона дзяржавай сям’і, мацярынства і дзяцінства праяўляецца, у прыватнасці, у канкрэтных мерах, якія прымаюцца дзяржавай для папярэджання дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын па прычыне мацярынства і гарантавання ім эфектыўнага права на працу, прадугледжаных пунктам 2 артыкулы 11 Канвенцыі ААН аб ліквідацыі ўсіх форм дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын (1979 г.). Артыкул 5 Канвенцыі МАП № 111 адносна дыскрымінацыі ў галіне працы і заняткаў (1958 г.) дапускае прыняцце дзяржавамі-ўдзельніцамі асаблівых мер, накіраваных на задавальненне патрэб асоб, якія па меркаваннях, у прыватнасці, сямейных абавязацельстваў звычайна прызнаюцца асобамі, якія адчуваюць патрэбу ў асаблівай абароне або дапамозе.

 

Канвенцыя аб правах дзіцяці (1989 г.) абавязвае дзяржавы, што яе падпісалі, забяспечваць дзіцяці такую абарону і клопат, якія неабходныя для яго дабрабыту, прымаючы да ўвагі правы і абавязкі яго бацькоў, апекуноў або іншых асоб, якія нясуць за яго адказнасць па законе, і з гэтай мэтай ажыццяўляць усе адпаведныя заканадаўчыя і адміністрацыйныя меры (пункт 2 артыкула 3). Рэспубліка Беларусь як дзяржава удзельнік Канвенцыі абавязана прымаць у адпаведнасці з нацыянальнымі ўмовамі і ў межах сваіх магчымасцей неабходныя меры па аказанні дапамогі бацькам і іншым асобам, якія выхоўваюць дзяцей (пункт 3 артыкула 27).

 

Адпаведна, з палажэнняў Канстытуцыі і міжнародна-прававых актаў вынікае, што прававое рэгуляванне працоўных адносін, якое датычыцца сям’і, мацярынства і дзяцінства, павінна прадугледжваць павышаную сацыяльную і прававую абарону гэтых сацыяльных інстытутаў.

 

Канстытуцыйны Суд прымае да ўвагі, што асаблівая роля сям’і, мацярынства і дзяцінства замацавана ў шэрагу заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь. Сям’я прызнаецца асновай стабільнага грамадства (абзац чацвёрты пункта 11 Асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь, зацверджаных Законам Рэспублікі Беларусь ад 14 лістапада 2005 года, які з’яўляецца праграмным), натуральнай і асноўнай ячэйкай грамадства, якая знаходзіцца пад абаронай дзяржавы (частка першая артыкула 3 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і). Згодна з Кодэксам аб шлюбе і сям’і дзяржава праяўляе клопат аб сям’і, у тым ліку шляхам стварэння ўмоў для эканамічнай самастойнасці і росту дабрабыту сям’і, спалучэння бацькамі працоўнай дзейнасці з выкананнем сямейных абавязкаў (частка другая артыкула 3).

 

У Пасланні Канстытуцыйнага Суда «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2013 годзе» адзначана, што рэалізацыя заканадаўцам канстытуцыйных палажэнняў аб дзяржаўнай падтрымцы і абароне сям’і, ахове правоў і законных інтарэсаў дзяцей, забеспячэнні спрыяльных умоў для іх развіцця, выхавання і станаўлення ў поўнай меры адпавядае абвешчанаму ў Канстытуцыі сацыяльнаму характару беларускай дзяржавы.

 

Устанаўленне і абарона ўзаемных правоў і абавязкаў работнікаў і наймальнікаў як бакоў працоўнага дагавора вызначаны ў ПК у якасці адной з задач дадзенага Кодэкса (пункт 3 артыкула 2).

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што замацаванне ў ПК асаблівасцей рэгулявання працы жанчын і работнікаў, якія маюць сямейныя абавязкі, у тым ліку гарантый і льгот для такіх асоб, накіравана на рэалізацыю ў сферы працоўных адносін палажэнняў Канстытуцыі аб сацыяльным характары беларускай дзяржавы, аб падтрымцы і абароне сям’і, мацярынства і дзяцінства, а таксама на выкананне міжнародных абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь, адпавядае нормам іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь. Пры гэтым дзяржаўныя гарантыі, якія прадастаўляюцца адзінокім маці ў сілу частак першай і трэцяй артыкула 268 ТК, маюць на мэце як рэалізацыю іх канстытуцыйнага права на працу ва ўмовах неабходнасці спалучаць прафесійную (працоўную) дзейнасць з грамадска значнай функцыяй мацярынства, так і забеспячэнне неабходных умоў для абароны канстытуцыйных правоў дзіцяці на годны ўзровень жыцця, паколькі адзінокія маці нясуць усю паўнату бацькоўскай адказнасці за яго дабрабыт і паўнацэннае развіццё, не маючы магчымасці атрымліваць у гэтым якую-небудзь дапамогу з боку бацькі дзіцяці.

 

4. Часткай першай артыкула 7 ПК прадугледжана, што крыніцамі рэгулявання працоўных і звязаных з імі адносін з’яўляюцца: Канстытуцыя; дадзены Кодэкс і іншыя акты заканадаўства аб працы; калектыўныя дагаворы, пагадненні і іншыя лакальныя нарматыўныя прававыя акты, заключаныя і прынятыя ў адпаведнасці з заканадаўствам; працоўныя дагаворы.

 

Згодна з абзацам адзінаццатым артыкула 2 Закона Рэспублікі Беларусь «О нормативных правовых актах Республики Беларусь» акты Вярхоўнага Суда (пастановы Пленума Вярхоўнага Суда) – гэта нарматыўныя прававыя акты, прынятыя ў межах яго кампетэнцыі па рэгуляванні грамадскіх адносін, устаноўленай Канстытуцыяй і прынятымі ў адпаведнасці з ёю іншымі заканадаўчымі актамі. У Кодэксе аб судаўладкаванні і статусе суддзяў вызначана, што Пленум Вярхоўнага Суда разглядае матэрыялы абагульнення судовай практыкі, судовай статыстыкі і дае ў парадку судовага тлумачэння агульным судам растлумачэнні па пытаннях прымянення заканадаўства; па пытаннях, якія адносяцца да яго кампетэнцыі, прымае пастановы (абзац трэці часткі першай, частка другая артыкула 51).

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што пастанову Пленума Вярхоўнага Суда ад 29 сакавіка 2001 г. № 2, якая вызначае, што да адзінокіх маці, на якіх распаўсюджваюцца адпаведныя гарантыі, прадугледжаныя артыкулам 268 ПК, неабходна адносіць жанчын, якія не знаходзяцца ў шлюбе і маюць дзяцей, у актавым запісе аб нараджэнні якіх запіс аб бацьку зроблены ва ўстаноўленым парадку па ўказанні маці, а таксама ўдоў (удаўцоў), якія не ўступілі ў новы шлюб і выхоўваюць непаўналетніх дзяцей (частка чацвёртая пункта 22), фактычна змяшчае не растлумачэнне па пытанні прымянення заканадаўства аб працы, а новую прававую норму, што дапаўняе заканадаўчае рэгуляванне працоўных і звязаных з імі адносін у частцы вызначэння, якія асобы маюць права на гарантыі, замацаваныя ў артыкуле 268 ПК.

 

Адсутнасць у ПК палажэнняў, што вызначаюць, якія асобы прызнаюцца адзінокімі маці, у адносінах да гарантый, прадугледжаных артыкулам 268 дадзенага Кодэкса, стварае ўмовы для неадназначнага разумення яго норм, а значыць, можа прывесцi да парушэння канстытуцыйных патрабаванняў аб гарантаванасці правоў і свабод грамадзян Беларусі, замацаваных у Канстытуцыі, законах і прадугледжаных міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы, а таксама аб недапушчальнасці карыстання перавагамі і прывілеямі, якія супярэчаць закону (частка трэцяя артыкула 21, частка другая артыкула 23).

 

5. Згодна з Канстытуцыяй забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы; дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы; на дзяржаву ўскладзены абавязак прымаць усе даступныя ёй меры для стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй (часткi першая і трэцяя артыкула 21, частка першая артыкула 59).

 

У Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права; дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства; дзяржаўныя органы, службовыя і іншыя асобы, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы (часткі першая і другая артыкула 7, частка другая артыкула 59 Канстытуцыі).

 

У рашэннях Канстытуцыйнага Суда неаднаразова ўказвалася, што адным з элементаў канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права з’яўляецца прынцып прававой вызначанасці, які падразумявае яснасць, дакладнасць, несупярэчлівасць, лагічную ўзгодненасць норм законаў, магчымасць іх аднастайнага прымянення на практыцы.

 

Канстытуцыйны Суд адзначае, што істотнае значэнне для забеспячэння рэалізацыі гарантый для адзінокіх маці, што прадугледжваюцца ПК, мае яснае і дакладнае вызначэнне кола асоб, на якіх гэтыя гарантыі распаўсюджваюцца, гэта значыць кола асоб, якія ахопліваюцца паняццем «адзінокая маці». Разам з тым у ПК і іншых заканадаўчых актах нормы аб тым, якія асобы прызнаюцца адзінокімі маці ў мэтах распаўсюджвання на іх гарантый пры заключэнні і спыненні працоўнага дагавора, адсутнічаюць.

 

Зыходзячы з указанага, Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду аб тым, што ў ПК змяшчаецца прававая нявызначанасць, якая выражаецца ў немагчымасці дакладнага ўстанаўлення кола асоб, на якіх распаўсюджваюцца гарантыі, што прадугледжваюцца ім для адзінокіх маці. Наяўнасць дадзенай нявызначанасцi перашкаджае забеспячэнню рэалізацыі названых гарантый, а значыць, можа прывесці да парушэнняў канстытуцыйных правоў і законных інтарэсаў адпаведных катэгорый грамадзян. У мэтах забеспячэння прынцыпу вяршэнства права, гарантавання абароны ў працоўных адносінах канстытуцыйных правоў грамадзян прававая нявызначанасць, што выклікана адсутнасцю ў ПК яснага і дакладнага вызначэння кола асоб, на якіх распаўсюджваюцца прадугледжваемыя ім гарантыі пры заключэнні і спыненні працоўнага дагавора для адзінокіх маці, падлягае выключэнню заканадаўцам шляхам дапаўнення ПК нормай, што вызначае, якія асобы адносяцца да адзінокіх маці.

 

На падставе выкладзенага і кіруючыся часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абзацам восьмым часткі трэцяй артыкула 22, артыкулам 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, часткай другой артыкула 74, артыкуламі 75, 77, 80, 84, часткай сямнаццатай артыкула 85 і артыкулам 160 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. У мэтах забеспячэння канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, гарантавання абароны ў працоўных адносінах канстытуцыйных правоў грамадзян, якія маюць сямейныя абавязкі, прызнаць неабходным выключэнне заканадаўцам у Працоўным кодэксе Рэспублікі Беларусь прававой нявызначанасці, выкліканай адсутнасцю яснага і дакладнага вызначэння кола асоб, на якіх распаўсюджваюцца прадугледжваемыя ім гарантыі пры заключэнні і спыненні працоўнага дагавора для адзінокіх маці, зыходзячы з патрабаванняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і з улікам заснаваных на іх прававых пазіцый Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, выражаных у гэтым рашэнні.

 

2. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь падрыхтаваць адпаведны праект закона аб дапаўненні Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь нормай, што вызначае кола асоб, якія адносяцца да адзінокіх маці, і ўнесці яго ў вызначаным парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

 

3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўчымi актамi.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                            П.П.Міклашэвіч