Навіны
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь 18 верасня 2014 г. прыняў рашэнне «Аб паняцці «адзінокая маці» ў працоўных праваадносінах» (суддзя-дакладчык Карповіч Н.А.)

Вядзенне па справе было ўзбуджана Канстытуцыйным Судом на падставе звароту грамадзянкі Герашчанкі В.М., у якім яна ўказала, што Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь устанаўлівае гарантыі для адзінокіх маці пры заключэнні і спыненні з імі працоўнага дагавора, аднак не змяшчае вызначэння паняцця «адзінокая маці», у сувязі з чым яна, выхоўваючы непаўналетніх дзяцей без якой-небудзь дапамогі з боку іх бацькі, неабгрунтавана пазбаўлена гарантый па працаўладкаванні.

 

Пры разглядзе справы Канстытуцыйны Суд зыходзіў з наступных палажэнняў.

Згодна з Канстытуцыяй Рэспубліка Беларусь – сацыяльная прававая дзяржава (частка першая артыкула 1); грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на працу як найбольш годны спосаб самасцвярджэння чалавека (частка першая артыкула 41); шлюб, сям'я, мацярынства, бацькоўства і дзяцінства знаходзяцца пад абаронай дзяржавы (частка першая артыкула 32).

У адпаведнасці з артыкулам 268 Працоўнага кодэкса (далей – ПК) забаронена адмаўляць у заключэнні працоўнага дагавора і зніжаць заработную плату адзінокім маці па матывах, звязаных з наяўнасцю дзіцяці ва ўзросце да чатырнаццаці гадоў (дзіцяці-інваліда – да васямнаццаці гадоў); не дапускаецца скасаванне працоўнага дагавора па ініцыятыве наймальніка з адзінокімі маці, якія маюць дзяцей ва ўзросце ад трох да чатырнаццаці гадоў (дзяцей-інвалідаў – да васямнаццаці гадоў), акрамя ўстаноўленых у ПК выпадкаў. Аднак у ПК і іншых заканадаўчых актах не вызначаны крытэрыі аднясення асоб да адзінокіх маці ў мэтах распаўсюджвання на іх гарантый пры заключэнні і спыненні працоўнага дагавора.

Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што істотнае значэнне для забеспячэння рэалізацыі гарантый, якія прадугледжваюцца ПК для адзінокіх маці, мае яснае і дакладнае вызначэнне кола асоб, на якіх гэтыя гарантыі распаўсюджваюцца.

У мэтах забеспячэння канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, гарантавання абароны ў працоўных адносінах канстытуцыйных правоў грамадзян, якія маюць сямейныя абавязкі, Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным выключэнне заканадаўцам прававой нявызначанасці ў Працоўным кодэксе Рэспублікі Беларусь, выкліканай адсутнасцю яснага і дакладнага вызначэння кола асоб, на якіх распаўсюджваюцца гарантыі, што прадугледжваюцца ім пры заключэнні і спыненні працоўнага дагавора для адзінокіх маці, зыходзячы з патрабаванняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і з улікам заснаваных на іх пазіцый Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, выказаных у прынятым рашэнні. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь прапанавана падрыхтаваць адпаведны праект закона аб дапаўненні Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь нормай, што вызначае кола асоб, якія адносяцца да адзінокіх маці, і ўнесці яго ў вызначаным парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.