Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
9 ліпеня 2014 г. № Р-944/2014
Аб прававой нявызначанасці ў прававым рэгуляванні засведчання асобы пры назначэнні пенсіі органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Сяргеевай В.Г., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Карповіч Н.А., Козыравай Л.Р., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу «Аб прававой нявызначанасці ў прававым рэгуляванні засведчання асобы пры назначэнні пенсіі органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне».

 

У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел прадстаўнікі дзяржаўных органаў і іншых арганізацый:

 

Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь – Забара А.А., намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь;

 

Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь – Лашын А.М., намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь;

 

Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь – Кавалькоў В.В., намеснік Міністра працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь;

 

Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь – Бодак А.М., намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь;

 

Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь – Леўчанка Д.С., часова выконваючы абавязкi па пасадзе начальніка ўпраўлення па грамадзянстве, пашпартнай рабоце і выездзе за мяжу Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь;

 

Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі – Шэлковіч У.I., начальнік галоўнага прававога ўпраўлення апарата Савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

 

Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 5 мая 2014 г. у адпаведнасці з часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), абзацам восьмым часткі трэцяй артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, часткамі першай і трэцяй артыкула 158 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве» на падставе паступіўшага ў Канстытуцыйны Суд звароту грамадзянкі Дубовік Л.Н., якой адмоўлена ў назначэнні пенсіі ў сувязі з тым, што ў ліку дакументаў, пацвярджаючых наяўнасць права на пенсію, ёю не прад’яўлены пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь як дакумент, які сведчыць асобу, узрост, месца жыхарства і грамадзянства. Адсутнасць пашпарта тлумачыцца заяўніцай адмовай ад яго атрымання па рэлігійных перакананнях з-за наяўнасці ў ім асабістага (ідэнтыфікацыйнага) нумара.

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Падгрушу В.В., выступленнi прадстаўнікоў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, прааналізаваўшы палажэннi Канстытуцыі, Закона Рэспублікі Беларусь «О пенсионном обеспечении» і іншых актаў заканадаўства Рэспублікі Беларусь, даследаваўшы выкладзеныя ў пісьмовай форме меркаванні дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, вывучыўшы матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.

 

1. У Канстытуцыі ўстаноўлена, што Рэспубліка Беларусь сацыяльная прававая дзяржава (частка першая артыкула 1), у якой чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы (частка першая артыкула 2); дзяржава адказная перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы (частка другая артыкула 2). Характару сацыяльнай дзяржавы адпавядае замацаванае часткай другой артыкула 21 Канстытуцыі палажэнне аб праве кожнага на годны ўзровень жыцця, уключаючы дастатковае харчаванне, адзенне, жыллё і пастаяннае паляпшэнне неабходных для гэтага ўмоў. На дасягненне ўказанага ўзроўню накіраваны таксама нормы артыкула 47 Канстытуцыі аб гарантаванні грамадзянам Рэспублікі Беларусь права на сацыяльнае забеспячэнне ў старасці, у выпадку хваробы, інваліднасці, страты працаздольнасці, страты карміцеля і ў іншых выпадках, прадугледжаных законам; аб праяўленні дзяржавай асаблівага клопату аб ветэранах вайны і працы.

 

Прыведзеным канстытуцыйным палажэнням карэспандуюць нормы міжнародна-прававых актаў аб правах чалавека, якія з’яўляюцца абавязковымі для Рэспублікі Беларусь, уключаючы Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека (пункт 1 артыкула 25), Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах (пункт 1 артыкула 11). У адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 2 указанага Пакта дзяржавы-ўдзельніцы абавязаліся ў індывідуальным парадку і ў парадку міжнароднай дапамогі і супрацоўніцтва, у прыватнасці ў эканамічнай і тэхнічнай галінах, прыняць у максімальных межах наяўных рэсурсаў меры да таго, каб забяспечыць паступова поўнае ажыццяўленне прызнаваемых у дадзеным Пакце правоў усімі належнымі спосабамі, у тым ліку шляхам прыняцця заканадаўчых мер.

 

2. Выкананне палажэнняў часткі трэцяй артыкула 21 Канстытуцыі аб гарантаванасці дзяржавай правоў грамадзян Рэспублікі Беларусь, замацаваных у Канстытуцыі, законах і прадугледжаных міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы, падразумявае прыняцце комплексу мер, якія забяспечваюць умовы і механізмы ажыццяўлення прызначаных правоў, уключаючы і належнае прававое рэгуляванне адпаведных адносін.

 

На рэалізацыю канстытуцыйнага права грамадзян на сацыяльнае забеспячэнне накіраваны Закон Рэспублікі Беларусь «О пенсионном обеспечении» (далей – Закон), што замацоўвае прававыя асновы назначэння і выплаты працоўных і сацыяльных пенсій. Часткай першай артыкула 1 Закона, у прыватнасці, устаноўлена, што грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, маюць права на дзяржаўнае пенсійнае забеспячэнне ў старасці, пры інваліднасці, страце карміцеля і ў іншых выпадках, прадугледжаных гэтым Законам. Артыкулам 5 Закона вызначаны асобы, якія маюць права на пенсію: права на працоўную пенсію нададзена асобам, якія ў перыяд работы або іншых відаў дзейнасці падлягалі дзяржаўнаму сацыяльнаму страхаванню і за іх, а таксама імі самімі ў прадугледжаных заканадаўствам аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні выпадках выплачваліся страхавыя ўзносы ў бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонда сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь, і іх сем’ям пры выкананні іншых умоў, прадугледжаных дадзеным Законам; непрацаздольныя грамадзяне, якія не атрымліваюць працоўную пенсію, маюць права на сацыяльную пенсію на ўмовах, што вызначаюцца гэтым Законам.

 

Пытанні назначэння пенсій рэгламентуюцца нормамі артыкулаў 75–82 раздзела IX, а таксама асобнымі нормамі артыкулаў іншых раздзелаў Закона. Пры гэтым у ліку ўмоў назначэння пенсіі, устаноўленых Законам, прад’яўленне пашпарта ў мэтах засведчання асобы грамадзяніна, які звярнуўся за назначэннем яму пенсіі, не ўказана. Артыкулам 10 Закона вызначана, што, апрача прадугледжаных у дадзеным Законе, іншыя пытанні, у тым ліку звязаныя з парадкам назначэння і выплаты пенсій, адносяцца да кампетэнцыі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

 

Згодна з Палажэннем аб Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 кастрычніка 2001 г. № 1589 «Вопросы Министерства труда и социальной защиты Республики Беларусь», са змяненнямі і дапаўненнямі (далей – Палажэнне аб Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны), дадзенае Міністэрства ў адпаведнасці з устаноўленымі для яго задачамі і ў межах кампетэнцыі вызначае парадак арганізацыі работы па назначэнні і выплаце пенсій і дапамог, афармлення пенсіённых спраў, вядзення справаводства па назначэнні і выплаце пенсій і дапамог, зацвярджае формы дакументаў, неабходных для іх назначэння; указанаму Міністэрству для ажыццяўлення ўскладзеных на яго задач і функцый нададзена права прымаць нарматыўныя прававыя акты па пытаннях сацыяльнай абароны, у тым ліку пералік дакументаў, неабходных для назначэння і выплаты пенсій і дапамог (падпункт 6.37 пункта 6 і падпункт 7.1.14 падпункта 7.1 пункта 7).

 

Загадам Міністэрства сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 23 мая 1997 г. № 44 зацверджана Палажэнне аб парадку прадстаўлення і афармлення дакументаў для назначэння пенсій у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «О пенсионном обеспечении» (далей – Палажэнне ад 23 мая 1997 г.). Згодна з  пунктам 7 дадзенага Палажэння пры звароце за назначэннем пенсіі (незалежна ад віду пенсіі) заяўнік прад’яўляе дакумент, які засведчвае асобу, узрост, месца жыхарства і грамадзянства (частка першая); дакументам, які засведчвае асобу, узрост, прыналежнасць да грамадзянства і пацвярджае месца жыхарства для грамадзян Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь (частка другая).

 

Пры гэтым Палажэннем ад 23 мая 1997 г. прадугледжана магчымасць прадстаўлення асобнымі катэгорыямі грамадзян іншых (акрамя пашпарта) дакументаў, якія засведчваюць асобу. У прыватнасці, у выпадку страты пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь у якасці дакумента, які засведчвае асобу і грамадзянства грамадзяніна, да выдачы пашпарта замест страчанага прымаецца даведка ўстаноўленай формы, што выдаецца органам унутраных спраў па месцы жыхарства; дакументам, які засведчвае асобу, узрост і грамадзянства непаўналетніх асоб, якія не дасягнулі 16 гадоў, з’яўляецца пасведчанне аб нараджэнні або пашпарт; дакументам, які засведчвае асобу і ўзрост салдат, матросаў, сяржантаў і старшын, якія праходзяць ваенную службу па прызыву, з’яўляецца ваенны білет або пашпарт (часткі чацвёртая – шостая пункта 7).

 

Палажэннем ад 23 мая 1997 г. не рэгламентаваны пытанні засведчання асобы грамадзяніна, які не мае пашпарта ў сувязі з адмовай ад яго атрымання па рэлігійных перакананнях з-за наяўнасці ў ім асабістага (ідэнтыфікацыйнага) нумара.

 

3. Дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі па запыце Канстытуцыйнага Суда, накіраваным у адпаведнасці з артыкулам 39 Закона «О конституционном судопроизводстве», выклалі ў пісьмовай форме сваё меркаванне па праблеме, якая аналізуецца.

 

Так, Вярхоўны Суд, грунтуючыся на артыкуле 52 Канстытуцыі аб абавязку кожнага, хто знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, выконваць яе Канстытуцыю, законы і паважаць нацыянальныя традыцыі, падпункце 1.1 пункта 1 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 чэрвеня 2008 г. № 294 «О документировании населения Республики Беларусь» (далей – Указ № 294), пункце 19 зацверджанага гэтым Указам Палажэння аб дакументах, якія засведчваюць асобу (далей – Палажэнне ад 3 чэрвеня 2008 г.), артыкуле 7 Закона Рэспублікі Беларусь «О свободе совести и религиозных организациях», прыйшоў да вываду, што дакументам, які засведчвае асобу грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, у тым ліку для мэт пенсіённага забеспячэння, з’яўляецца пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Выкарыстанне іншых дакументаў для засведчання асобы грамадзяніна магчыма толькі ў выпадках прамога ўказання на тое ў заканадаўчых актах і пастановах Урада.

 

Па меркаванні Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, прадпісанне аб прад’яўленні дакумента, які засведчвае асобу, з’яўляецца стандартным патрабаваннем да фізічных асоб пры звароце іх у дзяржаўныя органы і арганізацыі за рэалізацыяй грамадзянскіх і маёмасных правоў, неразрыўна звязаных з асобай, і ажыццяўленнем адміністрацыйных працэдур. Права на дзяржаўнае пенсіённае забеспячэнне, лічыць дадзенае Міністэрства, з’яўляецца асабістым маёмасным правам грамадзяніна: пенсія назначаецца канкрэтнай асобе. Гэтай акалічнасцю, а таксама неабходнасцю кантролю за мэтавым расходаваннем пенсіённых сродкаў абумоўлена абавязковасць пацвярджэння ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку асобы грамадзяніна, які звярнуўся за назначэннем пенсіі, і прыналежнасці яму дакументаў, неабходных для назначэння пенсіі. У адказе ўказанага Міністэрства адзначаецца таксама, што ў выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі, пастановамі Савета Міністраў, для ўстанаўлення асобы грамадзян, а таксама для пацвярджэння іх спецыяльнага статусу (правоў і абавязкаў) могуць выкарыстоўвацца іншыя дакументы, якія не маюць статусу дакумента, які засведчвае асобу. Разам з тым, па меркаванні Міністэрства, такія дакументы не змяшчаюць дакладных і актуальных даных (аб узросце, поле, прыналежнасці да грамадзянства, месцы жыхарства), неабходных для рэалізацыі маёмасных, у тым ліку пенсіённых, правоў, і выдаюцца, як правіла, грамадзянам, асоба якіх папярэдне засведчана прад’яўленнем пашпарта.

 

Міністэрства ўнутраных спраў сваю пазіцыю па разглядаемай праблеме засноўвае на палажэннях артыкула 52 Канстытуцыі, падпункта 1.1 пункта 1 Указа № 294, пункта 19 Палажэння ад 3 чэрвеня 2008 г., артыкула 23.53 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і ў выніку прыходзіць да вываду аб абавязку грамадзян Рэспублікі Беларусь мець пашпарт як дакумент, які засведчвае асобу. Зыходзячы са зместу пункта 5 Палажэння аб Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства ўнутраных спраў мяркуе абгрунтаваным даручыць Міністэрству працы і сацыяльнай абароны даць афіцыйнае тлумачэнне па пытанні прад’яўлення пашпарта пры назначэнні пенсіі.

 

Міністэрства юстыцыі лічыць, што Савет Міністраў мае права пры неабходнасці перадаваць вырашэнне асобных пытанняў рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, за выключэннем пытанняў, якія адносяцца да яго выключнай кампетэнцыі. Дадзенае Міністэрства адзначае, што вызначэнне парадку арганізацыі работы па назначэнні і выплаце пенсій і дапамог, афармлення пенсіённых спраў, вядзення справаводства па назначэнні пенсій і дапамог, зацвярджэнне форм дакументаў, неабходных для іх назначэння, а таксама пераліку дакументаў, неабходных для назначэння пенсій і дапамог адносяцца да кампетэнцыі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны ў сілу падпункта 6.37 пункта 6 і падпункта 7.1.14 падпункта 7.1 пункта 7 Палажэння аб Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны. Міністэрства юстыцыі таксама мяркуе, што ўстанаўленне механізмаў рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян на сацыяльнае забеспячэнне, якія абмяжоўваюць назначэнне пенсіі, неабходна сувымяраць са ступенню абароны грамадскага парадку, нацыянальнай бяспекі, правоў і свабод іншых асоб на аснове роўнасці, справядлівасці і гуманізму.

 

Генеральная пракуратура, спаслаўшыся на артыкулы 2 і 47 Канстытуцыі, падпункт 1.1 пункта 1 Указа № 294 і пункты 3, 19, 21 і 22 Палажэння ад 3 чэрвеня 2008 г., а таксама артыкул 7 Закона «О свободе совести и религиозных организациях», прыйшла да вываду аб тым, што кожны грамадзянін, які дасягнуў 14-гадовага ўзросту, абавязаны мець пашпарт і што пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь з’яўляецца адзіным дакументам, які засведчвае асобу грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Іншыя дакументы не маюць статусу дакумента, які засведчвае асобу. З улікам гэтага, па меркаванні Генеральнай пракуратуры, устаноўленае Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны ў падзаконным акце патрабаванне аб прад’яўленні пэўнай катэгорыяй грамадзян, якія звярнуліся за назначэннем пенсіі, пашпарта як дакумента, які засведчвае асобу грамадзян Рэспублікі Беларусь, не абмяжоўвае іх канстытуцыйнае права на сацыяльнае забеспячэнне. Генеральнай пракуратурай адзначана магчымасць выкарыстання ў асобных выпадках іншых дакументаў, у прыватнасці даведкі ўстаноўленай формы пры страце пашпарта. Зыходзячы з аналогіі прыведзенай нормы Палажэння ад 23 мая 1997 г., Генеральная пракуратура лічыць дастатковым прад’яўленне ў мэтах назначэння пенсіі даведкі, якая засведчвае асобу грамадзяніна і яго грамадзянства. Разам з тым Генеральная пракуратура прыйшла да вываду, што такі падыход можа быць рэалізаваны пасля ўнясення змяненняў і дапаўненняў ва Указ № 294 і загад Міністэрства сацыяльнай абароны ад 23 мая 1997 г. № 44.

 

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі мяркуе, што канстытуцыйнае права грамадзян на сацыяльнае забеспячэнне не павінна абмяжоўвацца такой фармальнасцю, як прад’яўленне пашпарта, і ў любым выпадку павінна быць рэалізавана на практыцы. Федэрацыя прафсаюзаў лічыць, што норма загаду Міністэрства сацыяльнай абароны ад 23 мая 1997 г. № 44 абмяжоўвае права на сацыяльнае забеспячэнне, у сувязі з чым неабходна прадугледзець механізм рэалізацыі такога права ў любых выпадках, нават такіх выключных, як адсутнасць у грамадзяніна пашпарта і нежаданне атрымліваць яго па рэлігійных матывах.

 

Кафедра грамадзянскага працэсу і працоўнага права юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, зыходзячы з палажэнняў артыкула 7 Канстытуцыі, адзначае, што падзаконны акт не павінен супярэчыць Канстытуцыі. Мяркуючы, што падстаў для абмежавання права на пенсійнае забеспячэнне не маецца, паколькі пры вырашэнні пытанняў аб пенсійным забеспячэнні асоба грамадзяніна можа быць устаноўлена сукупнасцю іншых прадстаўленых дакументаў, кафедра прыйшла да вываду, што магчымасць выкарыстання ў выключных выпадках для засведчвання асобы грамадзяніна, які звярнуўся за назначэннем пенсіі, замест пашпарта іншых дакументаў узнікае толькі пры ўмове выканання артыкула 23 Канстытуцыі і такое тлумачэнне ў выглядзе выключэння з агульнага правіла аб засведчванні асобы пры дапамозе пашпарта з’яўляецца правамерным.

 

4. Згодна з часткай першай падпункта 1.1 пункта 1 Указа № 294 дакументамі, якія засведчваюць асобу, з’яўляюцца пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь, пасведчанне бежанца. Разам з тым у частцы другой указнага падпункта вызначана, што ў выпадках, прадугледжаных заканадаўчымі актамі, пастановамі Савета Міністраў, для засведчвання асобы грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якім нададзены статус бежанца ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама для пацвярджэння іх спецыяльнага статусу (правоў і абавязкаў), акрамя дакументаў, прадугледжаных у частцы першай дадзенага падпункта, могуць выкарыстоўвацца іншыя дакументы.

 

Падпунктам 1.3 пункта 1 Указа № 294 устаноўлена, што дакументы, якія засведчваюць асобу, выдадзеныя да ўступлення ў сілу гэтага Указа, захоўваюць сваю юрыдычную сілу на працягу тэрміну іх дзеяння, калі яны аформлены ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства, якое дзейнічала да ўступлення ў сілу дадзенага Указа.

 

Згодна з пунктам 3 Палажэння ад 3 чэрвеня 2008 г. пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь – дакумент, які засведчвае асобу грамадзяніна на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і за яе межамі, які пацвярджае грамадзянства і права яго ўладальніка на выезд з Рэспублікі Беларусь і ўезд у Рэспубліку Беларусь.

 

Аналіз заканадаўства Рэспублікі Беларусь, у прыватнасці Выбарчага, Крымінальна-працэсуальнага, Грамадзянскага працэсуальнага кодэксаў Рэспублікі Беларусь, Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, сведчыць аб тым, што прымяняльна да пэўных сітуацый (абставін) асоба грамадзяніна можа засведчвацца і іншымі дакументамі.

 

Так, у адпаведнасці з часткай другой артыкула 52 Выбарчага кодэкса бюлетэнь для галасавання выдаецца выбаршчыку, удзельніку рэферэндуму членам участковай камісіі на падставе спіса грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах, рэферэндуме, галасаванні аб адкліканні дэпутата, пасля прад’яўлення пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь або іншага дакумента, які вызначаецца Цэнтральнай камісіяй Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў. Пры гэтым пастановай дадзенай Камісіі ад 6 сакавіка 2006 г. № 29 «О разъяснении применения части второй статьи 52 Избирательного кодекса Республики Беларусь при проведении выборов Президента Республики Беларусь в 2006 году» прадугледжана, што бюлетэнь для галасавання выдаецца выбаршчыку членам участковай камісіі на падставе спіса грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, па прад’яўленні пашпарта, у тым ліку старога ўзору. Да дакументаў, акрамя пашпарта, па прад’яўленні якіх выдаецца бюлетэнь, адносяцца: пенсіённае пасведчанне (пры наяўнасці ў ім фатаграфіі), студэнцкі білет, пасведчанне супрацоўніка дзяржаўнага органа, ваенны білет (для ваеннаслужачых тэрміновай службы), даведка органаў унутраных спраў (для грамадзян, якія страцілі пашпарт або якія здалі яго на абмен).

 

Змест пункта 7 Палажэння ад 23 мая 1997 г. дазваляе зрабіць вывад аб тым, што ў ім замацаваны вычарпальны пералік дакументаў, якія прад’яўляюцца пры звароце за назначэннем пенсіі (незалежна ад яе віду) у якасці дакументаў, якія засведчваюць асобу заяўніка.

 

На практыцы такі падыход выключае магчымасць назначэння пенсіі грамадзяніну на той падставе, што ён не прад’явіў пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь як дакумент, які засведчвае асобу. Менавіта ў такой сітуацыі аказваюцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія адмовіліся па рэлігійных перакананнях ад атрымання пашпарта з-за наяўнасці ў ім асабістага (ідэнтыфікацыйнага) нумара.

 

5. Згодна з Канстытуцыяй кожны, хто знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, абавязаны выконваць яе Канстытуцыю, законы і паважаць нацыянальныя традыцыі (артыкул 52).

 

У частцы першай артыкула 59 Канстытуцыі вызначаны абавязак дзяржавы прымаць усе даступныя ёй меры для стварэння ўнутранага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй.

 

У адпаведнасці з Палажэннем ад 3 чэрвеня 2008 г. пашпарт абавязаны мець кожны грамадзянін, які дасягнуў 14-гадовага ўзросту (частка першая пункта 19).

 

Часткай 3 артыкула 23.53 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжана адміністрацыйная адказнасць за пражыванне без дакументаў, якія засведчваюць асобу, або па несапраўдных дакументах, якія засведчваюць асобу.

 

Выкананне грамадзянінам абавязку мець пашпарт абумоўлена не толькі магчымасцю прыцягнення яго да адміністрацыйнай адказнасці за ўказаныя правапарушэнні. Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, гэта абумоўлена і тым, што рэалізацыя грамадзянінам сваіх правоў у сілу знаходжання яго ў соцыуме і неабходнасці ўступлення ў шматлікія грамадскія адносіны ў большасці выпадкаў патрабуе засведчання асобы як суб’екта ўказаных адносін і носьбіта пэўных правоў і абавязкаў, што забяспечваецца прад’яўленнем дакументаў, якія засведчваюць асобу. У сувязі з гэтым грамадзянін у сілу аб’ектыўных абставін павінен мець належным чынам аформлены і сапраўдны пашпарт як дакумент, які засведчвае асобу.

 

У той ж час у правапрымяняльнай сферы складваецца сітуацыя, пры якой грамадзяне, якія адмовіліся па рэлігійных перакананнях ад атрымання пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь з-за наяўнасці ў ім асабістага (ідэнтыфікацыйнага) нумара, не могуць рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права на назначэнне ім пенсіі ў сувязі з немагчымасцю выканання прадпісання Палажэння ад 23 мая 1997 г. аб прад’яўленні пашпарта.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што ў дадзеным выпадку з-за ўстаноўленай у падзаконным акце нормы аб абавязковасці прад’яўлення пашпарта як дакумента, які засведчвае асобу (пры тым, што неабходныя абставіны з дакладнасцю могуць пацвярджацца іншымі дакументамі), не забяспечваецца рэалізацыя канстытуцыйнага права, якое гарантуецца дзяржавай, на сацыяльнае забеспячэнне ў выглядзе назначэння пенсіі, што не адпавядае прынцыпу сацыяльнай справядлівасці.

 

Пры гэтым Канстытуцыйны Суд адзначае таксама нявызначанасць прававой сітуацыі, калі, нягледзячы на палажэнне падпункта 1.1 пункта 1 Указа № 294, якое дакладна ўстанаўлівае віды нарматыўных прававых актаў (заканадаўчыя акты, пастановы Савета Міністраў), у сілу якіх для засведчвання асобы грамадзян, а таксама для пацвярджэння іх спецыяльнага статусу (правоў і абавязкаў), акрамя пашпарта і іншых дакументаў, указаных у частцы першай дадзенага падпункта, могуць выкарыстоўвацца іншыя дакументы, захоўваецца дзеянне пункта 7 Палажэння ад 23 мая 1997 г., якое з’яўляецца падзаконным актам i не адносіцца да ліку нарматыўных прававых актаў, указаных у частцы другой падпункта 1.1 пункта 1 Указа № 294.

 

Канстытуцыйны Суд лічыць, што рэдакцыя прыведзенай нормы Указа № 294, якая вызначыла канкрэтныя віды нарматыўных прававых актаў, якімі могуць быць прадугледжаны выпадкі, што дапускаюць выкарыстанне іншых дакументаў для пасведчання асобы, выключае магчымасць яе расшыральнага тлумачэння, якое дапускае права Савета Міністраў дэлегаваць прыналежнае яму паўнамоцтва па вызначэнні такіх выпадкаў, у сувязі з чым адпаведнае рашэнне можа быць прынята толькі Саветам Міністраў.

 

Устаноўлены ў Палажэнні ад 23 мая 1997 г. механізм назначэння пенсіі ў частцы абавязковасці прад’яўлення пашпарта, які засведчвае асобу і пацвярджае іншыя акалічнасці, абмяжоўвае гарантаванне дзяржавай канстытуцыйнага права на пенсійнае забеспячэнне асобных грамадзян, якія не могуць прад’явіць пашпарт у сувязі з адмовай ад яго атрымання па рэлігійных перакананнях, нягледзячы на тое, што яны набылі дадзенае права сваёй працоўнай дзейнасцю і выкананнем іншых умоў, прадугледжаных Законам «О пенсионном обеспечении». У той жа час адмова ў назначэнні пенсіі па прычыне непрад’яўлення заяўнікам пашпарта выключае магчымасць рэалізацыі грамадзянінам канстытуцыйнага права на сацыяльнае забеспячэнне ў выглядзе пенсіі, што не адпавядае артыкулам 1 і 2 Канстытуцыі, якія маюць прыярытэтнае значэнне.

 

Зыходзячы з палажэнняў артыкулаў 1, 2, 21, 23, 47 Канстытуцыі, Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду аб неабходнасці выключэння прававой нявызначанасці ў прававым рэгуляванні засведчання асобы грамадзяніна пры назначэнні яму пенсіі органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

 

На падставе выкладзенага і кіруючыся часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, абзацам восьмым часткі трэцяй артыкула 22, артыкулам 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, часткай другой артыкула 74, артыкуламі 75, 77, 80, 84, часткай сямнаццатай артыкула 85 і артыкулам 160 Закона Рэспублікі Беларусь «О конституционном судопроизводстве», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. У мэтах належнай рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян на сацыяльнае забеспячэнне, а таксама забеспячэння прынцыпу сацыяльнай справядлівасці прызнаць неабходным выключыць прававую нявызначанасць у прававым рэгуляванні засведчання асобы пры назначэнні пенсіі органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

 

2. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь забяспечыць у прававым рэгуляванні парадку прадстаўлення і афармлення дакументаў для назначэння пенсіi органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне магчымасць засведчання асобы ў выключных выпадках не толькі пашпартам грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, але і іншымі дакументамі шляхам прыняцця адпаведнай пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.

 

2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўчымi актамi.

 

 

Старшынствуючы –

Старшыня Канстытуцыйнага Суда

Рэспублікі Беларусь                                                                                                            П.П.Міклашэвіч