Навіны
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь 10 ліпеня 2014 г. прыняў рашэнне «Аб прававым рэгуляванні размеру аплаты часу вымушанага прагулу работніку, адноўленаму на ранейшай рабоце» (суддзя-дакладчык Варановіч Т.В.)

 

Вядзенне па справе было ўзбуджана Канстытуцыйным Судом у адпаведнасці з артыкулам 158 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве» на падставе звароту адкрытага акцыянернага таварыства «Желдорсервис г. Могилев».

У звароце акцыянернага таварыства ўказваецца на супярэчлівую судовую практыку ў частцы заліку кампенсацыі за нявыкарыстаны працоўны водпуск пры вызначэнні размеру аплаты работніку часу вымушанага прагулу.

У рашэнні Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.

Згодна з Канстытуцыяй Рэспубліка Беларусь – сацыяльная прававая дзяржава (частка першая артыкула 1); асобам, якія працуюць па найму, гарантуецца справядлівая доля ўзнагароджання ў эканамічных выніках працы ў адпаведнасці з яе колькасцю, якасцю і грамадскім значэннем, але не ніжэй за ўзровень, які забяспечвае ім і іх сем'ям свабоднае і годнае існаванне (частка першая артыкула 42).

У адпаведнасці з часткай першай артыкула 244 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь у выпадках аднаўлення работніка на ранейшай рабоце, а таксама змянення фармулёўкі прычыны звальнення, якая перашкаджала паступленню работніка на новую работу, яму выплачваецца сярэдні заробак за час вымушанага прагулу.

Заканадаўствам аб працы вызначаны выплаты, якія падлягаюць уліку (або не ўлічваюцца) пры вылічэнні сярэдняга заробку за час вымушанага прагулу. Пры гэтым заканадаўства аб працы ў частцы вызначэння размеру аплаты часу вымушанага прагулу работніку, які падлягае аднаўленню на ранейшай рабоце, не змяшчае палажэнняў аб заліку выплат, уключаных у разлік пры звальненні работніка, гэта значыць аб магчымасці змяншэння вылічанага сярэдняга заробку за час вымушанага прагулу на пэўныя сумы.

У той жа час у пункце 51 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 29 сакавіка 2001 г. № 2 «Аб некаторых пытаннях прымянення судамі заканадаўства аб працы» (далей – пастанова Пленума) растлумачана, што пры спагнанні на карысць работніка сярэдняга заробку падлягаюць заліку выплачаная выхадная дапамога і кампенсацыі, звязаныя са звальненнем; заработная плата, атрыманая за час працы ў іншага наймальніка пасля незаконнага звальнення; дапамога па часовай непрацаздольнасці, выплачаная істцу ў межах тэрміну аплачваемага вымушанага прагулу.

Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што дадзеныя палажэнні пастановы Пленума фактычна змяшчаюць не растлумачэнне па пытанні прымянення заканадаўства аб працы, а новую прававую норму, якая ўстанаўлівае, якія выплаты падлягаюць заліку пры вызначэнні судом размеру аплаты часу вымушанага прагулу, тады як грамадскія адносіны ў сферы працоўных і звязаных з імі адносін павінны рэгулявацца на аснове заканадаўства аб працы.

Такім чынам, адсутнасць у заканадаўстве аб працы норм, якія рэгулююць вызначэнне размеру аплаты часу вымушанага прагулу работніку, адноўленаму на ранейшай рабоце, у частцы заліку выхадной дапамогі і (або) іншых выплат, атрыманых ім пры звальненні, пацягнула прававую нявызначанасць у правапрымяненні.

У мэтах забеспячэння канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, для ўстаранення прававой нявызначанасці Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным унясенне ў Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь змяненняў у частцы ўрэгулявання пытання заліку выплат, атрыманых работнікам пры звальненні, пры вызначэнні размеру аплаты часу вымушанага прагулу. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь прапанавана падрыхтаваць праект закона аб унясенні адпаведных змяненняў у Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь і ўнесці яго ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.