Вядзенне па справе было ўзбуджана Канстытуцыйным Судом у адпаведнасці з артыкулам 158 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве» на падставе звароту, які паступіў ад грамадзянкі Дубовік Л.Н., якой адмоўлена ў назначэнні пенсіі ў сувязі з тым, што ў ліку дакументаў, пацвярджаючых наяўнасць права на пенсію, ёю не прад'яўлены пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь (далей – пашпарт) як дакумент, які засведчвае асобу, узрост, месца жыхарства і грамадзянства. Заяўніца тлумачыць адсутнасць пашпарта адмовай ад яго атрымання па рэлігійных перакананнях з-за наяўнасці ў ім асабістага (ідэнтыфікацыйнага) нумара.
У рашэнні Канстытуцыйны Суд указаў, што Рэспубліка Беларусь адпаведна Канстытуцыі абвешчана сацыяльнай прававой дзяржавай (частка першая артыкула 1). Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на сацыяльнае забеспячэнне ў старасці, у выпадку хваробы, інваліднасці, страты працаздольнасці, страты карміцеля і ў іншых выпадках, прадугледжаных законам (артыкул 47 Канстытуцыі).
На рэалізацыю канстытуцыйнага права грамадзян на сацыяльнае забеспячэнне накіраваны Закон Рэспублікі Беларусь «Аб пенсійным забеспячэнні», які замацоўвае прававыя асновы назначэння і выплаты працоўных і сацыяльных пенсій. Закон, не прадугледжваючы прад'яўленне пашпарта ў якасці ўмовы назначэння пенсіі, вызначыў, што пытанні, звязаныя з парадкам назначэння і выплаты пенсій, апрача прадугледжаных у дадзеным Законе, адносяцца да кампетэнцыі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Урад, зацвердзіўшы Палажэнне аб Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, аднёс да кампетэнцыі дадзенага Міністэрства ў тым ліку пытанні, звязаныя з вызначэннем пераліку дакументаў, неабходных для назначэння і выплаты пенсій і дапамог.
Палажэннем аб парадку прадстаўлення і афармлення дакументаў для назначэння пенсій у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб пенсіённым забеспячэнні», зацверджаным загадам Міністерства сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь ад 23 мая 1997 г. № 44 (далей – Палажэнне), прадугледжана, што пры звароце за назначэннем пенсій (незалежна ад віду пенсіі) заяўнік прад'яўляе дакумент, які засведчвае асобу, узрост, месца жыхарства і грамадзянства, якім з'яўляецца пашпарт (пункт 7).
Устаноўлены Палажэннем механізм назначэння пенсіі абмяжоўвае рэалізацыю канстытуцыйнага права на сацыяльнае забеспячэнне асобных грамадзян, якія маюць усе законныя падставы для назначэння ім пенсіі, але не могуць прад'явіць пашпарт у сувязі з адмовай ад яго атрымання па рэлігійных перакананнях.
У мэтах належнай рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян на сацыяльнае забеспячэнне, а таксама забеспячэння прынцыпу сацыяльнай справядлівасці Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным устараніць прававую нявызначанасць у прававым рэгуляванні засведчання асобы пры назначэнні пенсіі органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь прапанавана прыняць меры па забеспячэнні рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян на сацыяльнае забеспячэнне, устараніўшы прававую нявызначанасць у прававым рэгуляванні засведчання асобы пры назначэнні пенсіі органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне на ўзроўні пастановы Савета Міністраў.