Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
15 чэрвеня 2007 г. № Р-200/2007
15 чэрвеня 2007 г. № Р-200/2007
Аб праве фізічных асоб на юрыдычную дапамогу ў адміністрацыйным працэсе
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Данілюка С.Я., Кенік К.І., Падгрушы В.В., Філіпчык Р.І., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З. разгледзеў зварот, у якім указваецца на недасканаласць норм заканадаўства, што датычацца забеспячэння права фізічных асоб на юрыдычную дапамогу ў адміністрацыйным працэсе.
Вывучыўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (далей – ПВКабАП), Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – КПК), Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, іншых нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
Згодна з часткай першай артыкула 62 Канстытуцыі кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў у судзе, іншых дзяржаўных органах, органах мясцовага кіравання, на прадпрыемствах, ва ўстановах, у арганізацыях, грамадскіх аб’яднаннях і ў адносінах са службовымі асобамі і грамадзянамі.
Артыкулам 1.4 ПВКабАП прадугледжана, што абарона – гэта працэсуальная дзейнасць, што ажыццяўляецца адвакатам у мэтах забеспячэння правоў, свабод і законных інтарэсаў фізічнай асобы, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс. Да асоб, у адносінах да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс, адносяцца фізічныя або юрыдычныя асобы, у адносінах да якіх судом, органам, што вядзе адміністрацыйны працэс, устанаўліваецца вінаватасць ва ўчыненні адміністрацыйнага правапарушэння.
У адпаведнасці з пунктам 1 артыкула 2.8 ПВКабАП фізічная асоба, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, мае права на абарону. Гэта права яна можа ажыццяўляць як асабіста, так і з дапамогай абаронцы ў парадку, устаноўленым дадзеным Кодэксам.
Пунктам 1 артыкула 4.5 ПВКабАП устаноўлена, што аказанне юрыдычнай дапамогі фізічнай асобе, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, можа ажыццяўляць абаронца, а аказанне юрыдычнай дапамогі пацярпеўшаму, а таксама фізічнай асобе – індывідуальнаму прадпрымальніку, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, – прадстаўнік. Пунктам 2 указанага артыкула ў якасці абаронцы ў вядзенні па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні прадугледжаны ўдзел адвакатаў, якія з’яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, і адвакатаў, якія з’яўляюцца грамадзянамі іншых дзяржаў, – у адпаведнасці з міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь. Згодна з пунктам 4 дадзенага артыкула ў якасці прадстаўніка пацярпеўшага ў адміністрацыйным працэсе могуць удзельнічаць адвакаты і іншыя асобы, якім ён даверыў прадстаўляць свае інтарэсы.
Такім чынам, указаныя нормы ПВКабАП прадастаўляюць розны аб’ём правоў па аказанню юрыдычнай дапамогі ўдзельнікам адміністрацыйнага працэсу: фізічная асоба, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, можа самастойна ажыццяўляць абарону або карыстацца юрыдычнай дапамогай абаронцы, якім можа з’яўляцца толькі адвакат; у той жа час пацярпеўшы мае права карыстацца паслугамі прадстаўніка, у якасці якога могуць выступаць не толькі адвакаты, але і іншыя асобы, якім ён даверыў прадстаўляць свае інтарэсы. Згодна з артыкулам 1.4 і пунктам 4 артыкула 4.5 ПВКабАП прадстаўнікамі пацярпеўшага з’яўляюцца яго блізкія сваякі і іншыя члены сям’і. Тым самым парушаецца замацаваны ў пункце 1 артыкула 2.12 ПВКабАП прынцып роўнасці ўсіх асоб, якія ўдзельнічаюць у адміністрацыйным працэсе, перад законам і права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону іх правоў і законных інтарэсаў.
Канстытуцыйны Суд таксама адзначае, што, у сваю чаргу, у КПК, нягледзячы на цяжар магчымых вынікаў (асуджэнне да пазбаўлення волі і прымяненне іншых мер пакарання), заканадавец прадугледзеў больш шырокае кола асоб, якія ажыццяўляюць абарону абвінавачванага, чым гэта ўстаноўлена для асобы, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс. У КПК, як і ў ПВКабАП, замацаваны прынцып роўнасці перад законам усіх асоб, якія ўдзельнічаюць у крымінальным працэсе, і права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону іх правоў і законных інтарэсаў (частка 1 артыкула 20 КПК). У той жа час, згодна з часткай 3 артыкула 44 КПК, па хадайніцтву абвінавачванага вызначэннем (пастановай) суда ў якасці абаронцы ў судзе можа быць дапушчаны не толькі адвакат, але і адзін з блізкіх сваякоў абвінавачванага. Неабходна мець на ўвазе, што, калі ў адносінах да асобы, якая ўчыніла злачынства, судом або пракурорам спыняецца вядзенне па справе і да яе, у адпаведнасці з пунктам 3 часткі 1 артыкула 30 КПК, прымяняюцца меры адміністрацыйнага спагнання, яе права на забеспячэнне абароны звужаецца. Так, у выпадку ўдзелу ў крымінальным працэсе па крымінальнай справе, у далейшым вядзенне па якой спынена ў сувязі з прымяненнем мер адміністрацыйнага спагнання, у якасці абаронцы абвінавачванага яго блізкага сваяка ў адміністрацыйным працэсе блізкі сваяк страчвае права абараняць указаную асобу, хаця ён раней удзельнічаў у абароне ў рамках крымінальнай справы і азнаёміўся з усімі акалічнасцямі па крымінальнай справе. Акрамя таго, гэта можа прывесці да зацягвання разгляду справы, абумоўленага неабходнасцю прыцягнення да ўдзелу ў адміністрацыйным працэсе іншых асоб (у прыватнасці, адваката), азнаямлення іх з матэрыяламі справы і ажыццяўлення іншых мер.
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, нормы ПВКабАП не забяспечваюць роўнасць удзельнікаў адміністрацыйнага працэсу ў частцы адсутнасці магчымасці ўдзелу ў абароне фізічнай асобы, у адносінах да якой вядзецца працэс, разам з абаронцам (адвакатам) і іншых прадстаўнікоў, а таксама пераемную сувязь паміж крымінальна-працэсуальным і адміністрацыйна-працэсуальным заканадаўствам.
На падставе выкладзенага, кіруючыся артыкуламі 40 і 116 Канстытуцыі, артыкулам 22 Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, Канстытуцыйны Суд
ВЫРАШЫЎ:
1. Прапанаваць Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь у мэтах забеспячэння роўнасці правоў на атрыманне юрыдычнай дапамогі як пацярпеўшымі, так і фізічнымі асобамі, у адносінах да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс, унесці адпаведныя змяненні і дапаўненні ў Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.
Пры гэтым неабходна было б узгадніць нормы крымінальна-працэсуальнага заканадаўства і нормы Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.
2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь Р.А.Васілевіч