Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
5 красавіка 2007 г. № Р-199/2007
Аб праве абскарджання ў суд пісьмовага папярэджання аб парушэнні заканадаўства рэлігійнай арганізацыяй
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намеснiка Старшынi Марыскiна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Данілюка С.Я., Кенiк К.I., Падгрушы В.В., Фiлiпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З. разгледзеў на падставе часткi першай артыкула 116 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь зварот рэлігійнай арганізацыі аб праве абскарджання ў суд дзеянняў Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, які вынес ёй пісьмовае папярэджанне аб парушэнні заканадаўства Рэспублікі Беларусь.
 
У звароце ўказваецца, што суды адмаўляюць у прыняцці заявы аб абскарджанні ў судовым парадку пісьмовага папярэджання, вынесенага Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей (далей – Упаўнаважаны па справах рэлігій), матывуючы адмову адсутнасцю ў заканадаўстве норм, якія рэгулююць парадак абскарджання такіх дзеянняў.
 
Прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі, Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса (далей – ГПК), Працэсуальна-выканаўчага кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях, законаў і іншых нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь, якія датычацца даследуемых пытанняў, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
 
Згодна з часткай першай артыкула 60 Канстытуцыі кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны.
 
У адпаведнасці з часткай першай артыкула 23 Канстытуцыі абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб.
 
У пункце 3 часткі першай артыкула 37 ГПК устаноўлена, што агульным судам падведамныя справы, якія ўзнікаюць з адміністрацыйна-прававых адносін, пералічаныя ў артыкуле 335 ГПК. На падставе пункта 5 артыкула 335 ГПК суд разглядае справы па скаргах на дзеянні (бяздзеянне) дзяржаўных органаў і іншых юрыдычных асоб, а таксама арганізацый, што не з'яўляюцца юрыдычнымі асобамі, і службовых асоб, якія ўшчамляюць правы грамадзян, а ў выпадках, прадугледжаных актамі заканадаўства, – і правы юрыдычных асоб. Згодна з артыкулам 358 ГПК юрыдычныя асобы, якія лічаць, што неправамернымі дзеяннямі (бяздзеяннем) дзяржаўных органаў, юрыдычных асоб, а таксама арганізацый, якія не з'яўляюцца юрыдычнымі асобамі, і службовых асоб ушчэмлены іх правы, маюць права звярнуцца ў суд са скаргай у парадку, прадугледжаным параграфам 6 главы 29 ГПК, і ў выпадках, прама прадугледжаных   заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.
 
Пад заканадаўствам Рэспублікі Беларусь разумеецца сістэма нарматыўных прававых актаў, якія рэгулююць грамадскія адносіны (абзац пяты артыкула 1 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь»), да якіх адносіцца і Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (артыкул 2 указанага Закона). Артыкул 137 Канстытуцыі замацоўвае яе вышэйшую юрыдычную сілу. У выпадку разыходжання закона, дэкрэта або ўказа з Канстытуцыяй дзейнічае Канстытуцыя.
 
У частцы першай артыкула 37 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» (далей – Закон аб свабодзе сумлення) прадугледжана, што ў выпадку парушэння рэлігійнай арганізацыяй заканадаўства Рэспублікі Беларусь або ажыццяўлення дзейнасці, якая супярэчыць статуту рэлігійнай арганізацыі, рэгіструючы орган выносіць пісьмовае папярэджанне, якое ў трохдзённы тэрмін накіроўваецца кіруючаму органу рэлігійнай арганізацыі.
 
Дзяржаўную рэгістрацыю рэлігійных аб'яднанняў у адпаведнасці з абзацам сямнаццатым пункта 6 Палажэння аб Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей і яго апараце, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 ліпеня 2006 г. № 891 (далей – Палажэнне), ажыццяўляе Упаўнаважаны па справах рэлігій.
 
Парадак абскарджання ў агульны суд пісьмовага папярэджання Упаўнаважанага па справах рэлігій Законам аб свабодзе сумлення і Палажэннем не прадугледжаны.
 
Разам з тым дзеянні Упаўнаважанага па справах рэлігій (вынясенне пісьмовага папярэджання) цягнуць пэўныя прававыя вынікі. Так, згодна з часткай другой артыкула 37 Закона аб свабодзе сумлення, калі парушэнні, указаныя ў пісьмовым папярэджанні, на працягу шасці месяцаў не будуць устаранёны або будуць мець месца паўторна на працягу года, рэгіструючы орган мае права звярнуцца ў суд з заявай аб ліквідацыі рэлігійнай арганізацыі. Пры гэтым рэгіструючы орган мае права прыняць рашэнне аб прыпыненні дзейнасці рэлігійнай арганізацыі да вынясення судовага рашэння.
 
Законам Рэспублікі Беларусь «Аб палітычных партыях» прадугледжана, што пісьмовае папярэджанне, вынесенае палітычнай партыі рэгіструючым органам, можа быць абскарджана ў Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь у месячны тэрмін пасля яго атрымання (частка трэцяя артыкула 30).
 
Аналагічная норма прадугледжана ў Законе Рэспублiкi Беларусь «Аб грамадскіх аб’яднаннях». Так, часткай чацвёртай артыкула 27 гэтага Закона ўстаноўлена, што пісьмовае папярэджанне, вынесенае міжнароднаму або рэспубліканскаму грамадскаму аб’яднанню, саюзу, у месячны тэрмін пасля яго атрымання можа быць абскарджана ў Вярхоўны Суд Рэспублiкi Беларусь. Пісьмовае папярэджанне, вынесенае мясцоваму грамадскаму аб’яднанню, саюзу, у месячны тэрмін пасля яго атрымання можа быць абскарджана ў абласны, Мінскі гарадскі суд па месцы знаходжання кіруючага органа гэтага грамадскага аб’яднання, саюза.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што хаця ў Законе аб свабодзе сумлення прама не прадугледжана права судовага абскарджання пісьмовага папярэджання, якое выносіцца ў адрас рэлігійнай арганізацыі ў выпадку парушэння ёю заканадаўства Рэспублiкi Беларусь, у ГПК ёсць глава 29, што прадугледжвае, у прыватнасці, парадак абскарджання дзеянняў службовых асоб, якія ўшчамляюць правы юрыдычных асоб.
 
Канстытуцыйны Суд у заключэннях ад 24 чэрвеня 1998 г. «Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублiкi Беларусь артыкула 267 Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, пункта 2 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь ад 20 верасня 1990 г. № 7 «Аб практыцы разгляду судамі Рэспублікі Беларусь скарг на дзеянні органаў і службовых асоб у сувязі з накладаннем адміністрацыйных спагнанняў», ад 13 мая 1999 г. «Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублiкi Беларусь і міжнародна-прававым актам часткі шостай артыкула 209 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь» і штогадовых пасланнях аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспублiцы Беларусь неаднаразова звяртаў увагу на прамое дзеянне часткі першай артыкула 60 Канстытуцыі ў сілу патрабаванняў, замацаваных у артыкуле 137 Асноўнага Закона, указваючы пры гэтым, што права на судовую абарону адносіцца да агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права, прыярытэт якіх Рэспублiка Беларусь, згодна з артыкулам 8 Канстытуцыі, прызнае і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства.
 
Прадугледжанае ў частцы першай артыкула 60 Канстытуцыі палажэнне з’яўляецца важнай гарантыяй абароны правоў і законных інтарэсаў не толькі грамадзян, але і юрыдычных асоб (у тым ліку рэлігійных арганізацый).
 
На падставе выкладзенага і кіруючыся часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 22 і 24 Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь», Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Пацвердзіць выказаную ў заключэннях ад 24 чэрвеня 1998 г., ад 13 мая 1999 г. і штогадовых пасланнях Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь прававую пазіцыю Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь аб прамым дзеянні нормы артыкула 60 Канстытуцыі Рэспублiкi Беларусь, якая гарантуе права на судовую абарону.
 
2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                        Р.А.Васілевіч